Для многіх падлеткавы ўзрост і першыя дарослыя гады – вельмі цікавы час. Але, разам з тым, гэта час хваляванняў і стрэсаў. А перажыванні могуць прывесці да развіцця псіхічных расстройстваў, якія без належнага лячэння могуць зрабіцца прычынай дэпрэсій і нават суіцыдальных думак. Па дадзеных СААЗ, палова ўсіх псіхічных хваробаў пачынаецца ва ўзросце каля 14 гадоў.
Так, па словах кіраўніка Краінавага офіса СААЗ у Беларусі Батыра Бердыклычава, кожныя 40 секунд у свеце адбываецца адзін выпадак самагубства (сярод усіх узростаў). Разам з тым, суіцыды – другая вядучая прычына смяротнасці для ўзроставай катэгорыі ад 15 да 29 гадоў. А падобныя выпадкі можна прадухіліць, упэўнены прадстаўнік СААЗ.
Даследаванне сярод беларускіх падлеткаў
У 2018-2019 гадах Міністэрства аховы здароўя пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у нашай краіне правялі даследаванне, мэтай якога стаў аналіз сітуацыі па пытаннях псіхічнага здароўя і суіцыдальных паводзінаў сярод падлеткаў і моладзі. Былі апытаныя 3 тысячы 600 чалавек ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў. Анкетаванне прайшло ў больш чым 156 установах адукацыі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
Як распавяла старэйшы каардынатар праграмы па здароўю і развіццю дзяцей, падлеткаў і моладзі прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі Вікторыя Лазюк, дадзенае даследаванне ў нашай краіне было праведзенае ўпершыню.
Вынікі анкетавання такія:
У 26,15 апытаных былі думкі пра суіцыд, прычым у 18% рэспандэнтаў такія думкі ўзнікалі неаднаразова. Сярод прычынаў, якія правакавалі падобнае жаданне, – напружаныя адносіны з татам, асабліва сярод юнакоў, фізічны і псіхалагічны гвалт, ужыванне алкаголю, пачуццё адзіноты, канфлікты з бацькамі, адсутнасць сэнсу жыцця, няшчаснае каханне, непрыемнасці з вучобай і канфлікты з аднагодкамі, страта блізкага чалавека.
Адным з самых моцных фактараў суіцыдальных думак стала дэпрэсія. Пры гэтым вынікі даследавання паказалі, што 18,2% падлеткаў і маладых людзей мелі дэпрэсіўную сімптаматыку ад лёгкай да цяжкай ступені выяўленасці. Сярод фактараў яе развіцця – схільнасць да трывожнасці, ужыванне наркатычных рэчываў, напружаныя адносіны з бацькамі, адсутнасць жыццёвых мэтаў.
Дарэчы, ведамі пра тое, куды трэба звяртацца ў цяжкай сітуацыі, не валодалі якраз такі тыя, у каго былі выяўленыя дэпрэсіўныя станы і суіцыдальныя думкі.
Даследаванне пацвердзіла, што да гэтага часу існуе пэўны ўзровень стыгмы ў дачыненні да атрымання псіхалагічнай дапамогі. Так, бацькі падлеткаў адзначалі высокі ўзровень недаверу, а таксама наяўнасць стэрэатыпаў, звязаных з псіхалагічнай і псіхатэрапеўтычнай дапамогай. Яны не звярталіся па прафесійную дапамогу ў сувязі з дэпрэсіўнымі ці крызіснымі станамі ў сваіх дзяцей, бо не давяралі спецыялістам ці не лічылі неабходным, адзначыла эксперт.
Даступнасць і віды псіхалагічнай дапамогі
Псіхалагічная дапамога ў вырашэнні цяжкіх сітуацый, упэўненая галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Міністэрства аховы здароўя, намеснік галоўнага ўрача Гарадскога дзіцячага клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Вольга Літвінава, павінна быць своечасовай. І адзін з такіх хуткіх і даступных экстраных варыянтаў дапамогі – дапамога па тэлефоне. Так, з 1 снежня 2017 года ў Беларусі функцыянуе агульнанацыянальная дзіцячая лінія экстранай дапамогі, спецыялісты якой кансультуюць 24 гадзіны ў суткі 7 дзён у тыдзень.
Нумар тэлефоннай лініі экстранай дапамогі: 8 (801) 100 16 11.
На працягу першага года функцыянавання агульнанацыянальнай лініі па дапамогу звярнуліся 1 тысяча 077 чалавек, за 9 месяцаў гэтага года – ужо 1 тысяча 300.
Акрамя экстранай дапамогі, распавяла Вольга Літвінава, падлеткам і маладым людзям аказваецца вочная дапамога. У вялікіх гарадах даступная кансультацыя псіхіятраў, псіхатэрапеўтаў і псіхолагаў, у малых гарадах, там, дзе гэта магчыма, уводзяцца асобныя пасады для псіхіятраў, нарколагаў, псіхатэрапеўтаў. Дзе няма такой магчымасці, даросламу і дзіцячаму насельніцтву дапамога аказваецца адным урачом (прыём арганізаваны ў розны час). У рэспубліцы таксама дзейнічаюць 345 стацыянарных ложкаў для аказання псіхіятрычнай дапамогі, 30 з іх – рэабілітацыйныя для сумеснага знаходжання дзяцей з бацькамі.
Што тычыцца праблемы суіцыдаў сярод падлеткаў і маладых людзей, спецыяліст адзначыла, што сітуацыя носіць хвалепадобны характар: у 2015 годзе было зарэгістравана 18 выпадкаў гібелі непаўналетніх, у 2016 – 29, у 2017 – 18, у 2018 – 28 выпадкаў.
Акрамя гэтага, распавяла Вольга Літвінава, актыўна праводзіцца работа з падлеткамі і моладдзю ў навучальных установах. Дзяцей, а таксама іх бацькоў і педагогаў навучаюць методыкам, як правільна выходзіць з тых ці іншых крызісных сітуацый, спраўляцца са стрэсам і г.д.
У сваю чаргу, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алеся Бераснева распавяла, што на пачатку кожнага навучальнага года навучэнцы праходзяць анкетаванне і дыягностыку на выяўленне суіцыдальных рызык. У выпадку дыягнаставання тых ці іншых паказчыкаў, напрыклад, трывожнасці, псіхолагі сацыяльна-педагагічнай службы арганізоўваюць для такіх падлеткаў індывідуальныя і групавыя заняткі.
З красавіка 2019 года функцыянуе Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Ён з'яўляецца ўстановай, якое каардынуе дзейнасць педагогаў і псіхолагаў, аказвае дапамогу непаўналетнім. Асноўная мэта – работа з крызіснымі сітуацыямі. З моманту адкрыцця цэнтра па дапамогу звярнуліся больш за 300 непаўналетніх з бацькамі.
Погляд знутры
Сваё меркаванне наконт таго, чаму пачынаюцца тыя ці іншыя праблемы ў падлеткаў і моладзі, у тым ліку з алкаголем ці ўжываннем наркотыкаў, выказала валанцёр Цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў «Давер», які размешчаны на базе 8 гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска, студэнтка БДМУ Аляксандра Туроўская. На яе думку, многія праблемы бяруць свой пачатак з-за нудоты.
Аляксандра адзначыла, што валанцёры актыўна працуюць у школах, распавядаюць пра тое, што ёсць цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў, арганізаваныя ананімныя тэлефонныя лініі. І гэта працуе. Непаўналетнія прыходзяць, не адразу, але паступова адкрываюцца, дзеляцца сваімі праблемамі, вучацца выказваць уласныя эмоцыі і думкі.
Аб'яднаўшы намаганні
Праблемы псіхічнага здароўя ў падлеткаў не могуць быць вырашаныя намаганнямі толькі адной сістэмы аховы здароўя, упэўнены прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. Толькі аб'яднаўшы магчымасці розных міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый, іншых зацікаўленых, атрымаецца змяніць сітуацыю.
Не менш важная роля бацькоў у псіхалагічным камфорце дзяцей, падкрэсліў Рашэд Мустафа Сарвар. Менавіта атмасфера ў сям'і, адказнае бацькоўства – асноўнае ў вырашэнні праблемы. Гэта пацвердзіла і даследаванне. Большасць рэспандэнтаў адзначылі праблему адзіноты як прычыну дэпрэсіўных станаў і суіцыдальных думак.
Кіраўнік праграмаў псіхічнага здароўя Аддзела неінфекцыйных захворванняў і ўмацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця Еўрапейскага Бюро (ЕРБ) СААЗ Даніэль Чысхольм паведаміў, што даследаванне дазволіла выявіць важныя фактары і рызыкі, якія могуць прыводзіць да дэпрэсій і схільнасці да суіцыду ў падлеткаў і моладзі. Сярод іх – залежнасць псіхалагічнага здароўя непаўналетніх ад сацыяльна-эканамічнага становішча сям'і, узаемаадносінаў паміж сямейнікамі, гвалт (фізічны, сэксуальны і на словах), ужыванне алкаголю і наркатычных рэчываў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by