Гісторыкі мяркуюць, што карэнныя народы Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі шырока ўжывалі тытунь ужо на пачатку нашай эры, гэта значыць дзве тысячы гадоў таму. Яго палілі, жавалі, нюхалі, выраблялі з яго настоянку і нават рабілі клізмы. Тытунь быў важнай часткай шаманскіх рытуалаў ды іншых цырымоній, а таксама выкарыстоўваўся як абязбольвальнае.
Пахкае лісце дарылі адзін аднаму, а таксама прыносілі ў ахвяру багам. Важную ролю ў сацыяльным жыцці індзейскіх плямёнаў адыгрывала так званая «трубка міру», якую раскурвалі, каб змацаваць дамову ці клятву.
А Калумб невінаваты!
З'яўленне тытуню ў Еўропе звязваюць з Хрыстафорам Калумбам. Сапраўды, у яго дзённіку ад 15 лістапада 1492 года ёсць запіс пра тое, што тубыльцы згортваюць у трубачку лісце нейкай невядомай расліны, падпальваюць з аднаго канца і ўдыхаюць дым. Аднак сам Калумб лаўраў сапраўднага першаадкрывальніка гэтага зелля не заслугоўвае. Пасля таго, як індзейцы падарылі яму звязку сушанага лісця тытуню, Калумб не зразумеў іх прызначэння і выкінуў за борт. Але некаторыя з яго матросаў прызвычаіліся да палення і ў канцы 15 стагоддзя прывезлі зелле ў Еўропу. Тытунь адразу вызначыўся сваімі наркатычнымі якасцямі, і яго сталі называць святой боскай травой ад усіх немачаў.
Нюханне тытуню стала папулярным, ён лічыўся ці не панацэяй. Для лячэння ад самых розных хвароб яго не толькі нюхалі, але таксама жавалі і палілі. Дарэчы, радавое навуковае імя тытуню Nicotiania было дадзена ў гонар Жана Ніка. Таго самага паважанага дзяржаўнага дзеяча Францыі, які ў 1561 годзе быў паслом у Лісабоне і паслаў адтуль тытунь сваёй каралеве Кацярыне Медычы ў якасці выдатных лекаў ад мігрэні. Ён раіў каралеве класці ў нос здробненае лісце тытуню, і лічыў, што чханне вызваліць каралеўскую галаву “ад кепскага”.
Так з другой паловы 16 стагоддзя тытунь стаў вельмі папулярным у якасці лекаў. У 1571 г. у Іспаніі доктар Нікалас Мандарэс у сваім трактаце паведамляў, што тытунь можа вылечваць чалавека ад трыццаці шасці розных захворванняў, у прыватнасці, ад мігрэні, зубнога болю, прастуд, язвы, скурных і інфекцыйных захворванняў.
Праз стагоддзе пасля адкрыцця Амерыкі тытунь ужо вырошчвалі ў Бельгіі, Іспаніі, Італіі, Швейцарыі і Англіі. У канцы 16 стагоддзя брытанскі арыстакрат, заўзяты курэц, марак і паэт, сэр Вальтар Рэйлі стварыў некалькі тытунёвых плантацый, у тым ліку і на амерыканскіх тэрыторыях. Адну з іх ён назваў Вірджыніяй, што пасля дало назву аднаму з самых распаўсюджаных гатункаў тытуню.
Тытунь стаў вельмі модным лекавым сродкам. Арыстакратыя пераважна нюхала тытунь, а ніжэйшыя саслоўі палілі, жавалі і закладвалі тытунь за губу. Не дзіўна, што вытворчасць тытуню з пачатку 17 стагоддзя была пастаўлена на шырокую нагу.
6 падманлівых міфаў пра курэнне
Тым не менш, да канца 17 стагоддзя ў Еўропе актывізаваўся анты-тытунёвы рух, асабліва актыўна прыхільнікаў тытуню крытыкавала царква, а навукоўцы пачалі даследаваць наступствы палення для здароўя. Так, напрыклад, прыдворны медык Людовіка XIV, урач Фагон, назваў паленне «скрыняй Пандоры», якая тоіць у сабе невядомыя хваробы. На гэта кароль адказваў, што ён не можа забараніць паленне, бо ў гэтым выпадку дзяржава страціць значныя даходы, якія яна атрымлівае ад тытунёвай манаполіі. Любая спроба тагачасных еўрапейскіх манархаў абмежаваць увоз ці культываванне тытуню прыводзіла да росквіту кантрабанды.
Першая тытунёвая фабрыка з’явілася ў 1620 годзе на поўдні Іспаніі ў горадзе Севіллі. Потым такія ж фабрыкі будавалі і ў іншых краінах. Пад канец 19 стагоддзя папулярнасць набылі цыгарэты, пасля таго як амерыканскі інжынер Джэймс Бонсак стварыў машыну, якая аўтаматызавала іх вытворчасць. Гэта значна паспрыяла павелічэнню вытворчасці і вялізнага росту тытунёвай прамысловасці да канца 20 стагоддзя.
Тытунь на землях ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Беларусі
На землі Вялікага Княства Літоўскага тытунь патрапіў у 17 стагоддзі з тэрыторыі Украіны, куды яго, у сваю чаргу, завезлі з Турцыі. Пра тое, што тытунь быў шырока вядомы на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, сведчыць вялізная колькасць курыльных прыстасаванняў 17 стагоддзя, якія захаваліся да нашых дзён. Гэта ў асноўным люлькі, зробленыя з так званай «чырвонай» гліны – «чырвонаглянцавыя». Выраблялі іх масава на тэрыторыі сённяшняй Малдовы, Валахіі. Дакладней, на тых тэрыторыях, якія належалі Турцыі. Мода на паленне перайшла ад шляхты і магнатаў да мяшчан, затым яе падхапілі і сяляне. У другой палове 17 стагоддзя ў Беларусі пачалася масавая вытворчасць люлек.
Цікава, што сярод багатай шляхты і магнатаў былі распаўсюджаны ў асноўным галандскія “белагліняныя” люлюкі. Вырабленыя ў Галандыі, яны мелі свае клеймы. Сяляне, мяшчане, жабракі і тыя, у каго не было магчымасці набыць керамічную люльку, палілі драўляныя. У Мінску падчас археалагічных раскопак знойдзена шмат драўляных люлек, зробленых з абсмоленых пянькоў сасны. У шляхецкім ужытку высокамастацкія ўзоры люлек часта атаясамліваліся са знакавай прэстыжнасцю іх гаспадароў. З канца 19 стагоддзя паленне тытуню сталі лічыць адной з рысаў паводзінаў дарослага мужчыны.
А вось багатыя жанчыны тых часоў не палілі люлькі, а нюхалі тытунь і з асалодаю чхалі. Гэта было для іх своеасаблівымі лекамі ад прастуды. Лічылі, што пасля таго, як панюхаеш тытунь і потым прачхаешся, абавязкова паправішся. Тытунь часам нават жавалі, як жуйку. Такі тытунь захоўвалі ў спецыяльных вытанчанай працы скрыначках – табакерках. Яны дарэчы патрапілі на нашы землі з нямецкім словам табак, якое з часам ператварылася ў мясцовае слова “табака”. Табакеркі рабілі рознай формы і ўпрыгожвалі разьбой, каштоўнымі камянямі.
У 1862 годзе, па іншых дадзеных, у 1859 годзе, акцыянерная кампанія Янкеля Шарашоўскага ды інш. адкрыла тытунёвую фабрыку ў Гродна. Тут выраблялі тытунь, цыгарэры і папіросы. У 1885 годзе на фабрыцы працавала 823 рабочых, а ў 1914 годзе – ужо 1 400! Сыравіну прывозілі з Расіі, Украіны і Амерыкі. Склады гатовай прадукцыі меліся ў Варшаве, Вільні, Любліне, Лодзі, Дзвінску, Ломжы і Сімферопалі. У 1882 годзе на выставе ў Маскве вырабы гродзенскай фабрыкі былі адзначаны сярэбраным медалём. Фабрыка працуе і ў наш час.
Спачатку грамадства да палення тытуню ставілася збольшага адмоўна. Лічылі, што гэта непрыгожа, што гэта д’ябальская справа, але вельмі хутка ў 18 стагоддзі, падчас жахлівых войнаў, паленне стала традыцыяй. У гэты час супраць палення не выступае афіцыйна ні царква, ні касцёл. Больш за тое, у Расіі Пётр Першы сваім загадам уводзіць паленне як абавязковы занятак для любога расійскага двараніна, як, напрыклад, выпіць кавы. Праз 10–15 гадоў былі закладзены першыя плантацыі на поўдні Расіі па вырошчванні тытуню, і вельмі хутка тытунь стаў айчынным прадуктам у Расійскай імперыі. Калі Беларусь увайшла ў яе склад, то тытунь у нас спажывалі ўжо расійскі. Потым у Беларусі яго пачалі масава вырошчваць на Палессі, і вырошчвалі амаль да канца 20 стагоддзя. Асабліва падчас Другой сусветнай вайны, калі тытунь практычна не было магчымасці набыць. Маецца на ўвазе махорка, якую беларускія сяляне спецыяльна вырошчвалі для партызанаў, круцілі з газеты так званыя “казіныя ножкі”.
Тытунь у беларускай народнай медыцыне і фальклоры
У народнай медыцыне беларусаў тытунь таксама выкарыстоўваўся ў якасці лекаў, у прыватнасці ад малярыі. Яго змешвалі з мачой, кіпяцілі і давалі выпіць хвораму. Тытунем прысыпалі раны, дымам ад яго акурвалі месцы на целе, дзе ўджаліла змяя. У народнай медыцыне лісце тытуню выкарыстоўвалі як супрацьзапаленчы, абязбольвальны, супрацьгліставы і мачагонны сродак. Яго ўжывалі пры марской хваробе, галавакружэнні, вострых болях у суставах і шуме ў вушах.
Беларуская праваслаўная царква заўсёды адмоўна ставілася да палення, абвяшчала яго грахом. Верагодна, пад гэтым уплывам у беларускай міфалогіі нарадзіліся шматлікія легенды пра паходжанне тытуню ад чорта — вечнага антаганіста Бога.
Па легендзе, калі Бог угневаўся на чарцей і скінуўіх з неба, адзін чортзваліўсяна вяршыню сухога дуба.Чортвісеўна дрэве, пакульне пачаўгніць. З яго на зямлю сыпалася гнілая пацяруха, і з гэтай пацярухі вырас тытунь.Людзі сталі яго паліцьі нюхаць, а потым і саджаць у сябе на агародах.
Паводле іншай легенды, чэрці надумалі ўвесці ў грэх манаха. Як не спрабавалі яго выцягнуць з келлі, нічога не атрымлівалася. Манах не звяртаў на іх увагі і маліўся. Тады чэрці падпалілі расчэплены дуб каля келлі і думалі, што манах кінецца гасіць яго. Але манах закляў сам дуб і аднаго з чарцей, які сядзеў у рашчэліне. Рашчэліна імгненна зачынілася, і расціснула чорта. Яго кроў змяшалася з дубовым лісцем і вырас тытунь.
Па яшчэ адным паданні, святар са служкамі спаліў цела чорта, але замест попелу ад чорта засталася купка невядомага насення. Адзін чалавек з цікаўнасці ўзяў жменьку гэтага насення і пасеяў у сябе на агародзе. Так вырас тытунь. Некаторыя верылі, быццам чэрці завабліваюць у лес чалавека, які ішоў у царкву, і вучаць яго паліць люльку.
Ёсць легенды пра паходжанне тытуню з цела жанчыны, што грашыла з сабакам, альбо з цела дачкі цара Ірада, якая за свой танец запатрабавала ад бацькі галаву Яна Хрысціцеля. Пасля смерці і той, і другой на іх магілах вырас тытунь. Таксама верылі, што тытунь вырас на месцы, дзе павесіўся Юда, на магіле чараўніка, які прадаў душу чорту, і г.д.
Пасляслоўе
«Хлопчык, які паліць, можа не турбавацца пра сваю будучыню, у яго няма будучыні» — гэта першы антытытунёвы лозунг, які з’явіўся ў 1915 годзе. Сучасны свет хоча быць здаровым…
Штогод курэнне забірае жыцці ў больш чым 7 млн чалавек у свеце
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by