25.12.2017
25.12.2017

Лайфхакі па правільным пошуку медыцынскай інфармацыі ў Інтэрнэце

logo
Здароўе
0 61
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Слушна» схадзілі на публічную лекцыю Марыяны Мірзаян, медыцынскага журналіста Meduza, Афіша Daily, сузаснавальніка і рэдактара Telegram-канала «Намачы манту» і запісалі лайфхакі па правільным пошуку медыцынскай інфармацыі ў Інтэрнэце.

Дзе шукаць інфармацыю пра здароўе?

Свой шлях, як пацыенты, мы часта пачынаем з таго, што шукаем інфармацыю ў Інтэрнэце. Але рабіць гэта трэба правільна, каб не нашкодзіць свайму здароўю.

Раней існаваў тэрмін opinion-based medicine – медыцына, заснаваная на ўрачэбных меркаваннях. Цяпер медыцына стала доказнай – evidence-based medicine. На форумах альбо ў Facebook нават можна сустрэць пытанне «А ў цябе ёсць ЕВМ-ны ўрач?»

Зараз пераходны перыяд. Адны ўрачы лічаць, што калі сродак дапамог 30 пацыентам з 100, то яго можна прызначаць астатнім. Іншыя ўрачы кажуць: «У мяне быў цудоўны настаўнік, і ён лепш за ўсіх разбіраўся ў гэтай праблеме, таму я раблю так, як і ён». У выніку меркаванняў шмат, і незразумела, якое з іх правільнае.

Каб даведацца, ці сапраўды лекі працуюць, і ці падыходзіць той ці іншы метад у дадзенай сітуацыі, праводзяцца розныя даследаванні. Медыцына ўсё менш мастацтва і ўсё больш навука. Аднак даследаванні бываюць розныя. І далёка не ўсім медыцынскім пошукам варта верыць. Хоць ужо з'явіліся правілы, выкананне якіх гарантуе чысціню метадалогіі і якасць даследаванняў.

Сучасныя ўрачы паводзяць сябе гэтак жа, як і журналісты, – усё часцей шукаюць медыцынскую інфармацыю ў Інтэрнэце, а не на канферэнцыях і форумах.

Абапірацца толькі на даследаванні ўрача складана хоць бы таму, што іх вельмі шмат і яны пастаянна абнаўляюцца. Таму ўрач у сваіх рашэннях часцей за ўсё абапіраецца на профільныя, нацыянальныя, міжнародныя кіраўніцтвы – guidelines (гайдлайны). Яны заснаваныя на даследаваннях, але не на ўсіх запар, а толькі на тых, якія праверылі, ацанілі, прааналізавалі.

А дзе ж вопыт урача? Няўжо ён зараз просты выканаўца, у якога ёсць інструкцыя, і ён выдае лекі строга па ёй?

Не! Вопыт урача вельмі важны. Таму што далёка не ўсе выпадкі даследаваны, кожны пацыент унікальны і адрозніваецца толькі яму ўласцівай індывідуальнасцю. Так што ўрачы нікуды не знікаюць у гэтай сістэме.

Калі ўрачы арыентуюцца выключна на ўласны вопыт, то гэта шкодзіць пацыенту, таму што асабісты вопыт суб'ектыўны. Часцей запамінаюцца выпадкі, калі атрымалася вылечыць пацыента. Аднак часам пацыент па якіх-небудзь прычынах знікае з поля зроку ўрача, і той ужо не ведае, ачуняў ён ці не. Калі ўрач будзе абапірацца толькі на сваё меркаванне, то ён можа зрабіць няправільныя высновы.

Наша здароўе – гэта наша з вамі адказнасць і яна куды большая, чым можа падацца. Калі ў нас тэмпература, мы можам проста выбраць гарачкапаніжальны прэпарат, які нам па кішэні. Але, бывае, нам трэба прыняць складанае рашэнне, напрыклад, пры выбары лячэння анкалагічнага захворвання, дзе магчымыя варыянты. Абіраючы лячэнне, мы выбіраем, як правядзем сваё жыццё. І выдатна, калі побач ёсць урач, які дапамагае ўсвядоміць сітуацыю, але не падштурхоўвае нас да пэўнага рашэння.

Пісьменны ўрач любіць адукаваных пацыентаў. Каб наладзіць з доктарам партнёрскія адносіны, трэба стаць прасунутым пацыентам. Карысна чытаць пра сваю праблему перад прыёмам ва ўрача. Вы, вядома, не зможаце паставіць дыягназ ці прапісаць лекі, але зможаце падрыхтаваць пытанні.

Пра што можна спытаць урача:

  • Чаму неабходна гэта даследаванне? Што стане вядома, калі вынікі будуць гатовыя?
  • Чаму неабходна прымаць гэтыя лекі?
  • Калі лекі пачнуць працаваць?
  • Якія станоўчыя і непажаданыя эфекты можна чакаць?

Нармальны падыход – пераправяраць прызначэнне ўрача. Гэта не значыць, што вам трэба адмовіцца ад усіх лекаў, якія ўрач прызначыў, і заняцца самалячэннем.

Вы можаце прачытаць пра дыягназ, які вам паставілі, паглядзець інфармацыю, чым лечаць гэтую хваробу. І калі вы ўбачыце драматычнае разыходжанне паміж тым, што прызначыў урач і што напісана ў аўтарытэтнай крыніцы, вы зможаце задаць яму пытанне. Калі дыялогу не атрымалася, то вы можаце звярнуцца да іншага ўрача.

Самы правільны шлях – шукаць інфармацыю пра здароўе на англійскай мове, якая стала мовай сучаснай медыцыны.

Медыцынскія сайты

  • UpToDate.com/patiens – платная база ведаў для ўрачоў на англійскай мове, ёсць раздзел для пацыентаў з рэкамендацыямі без рэкламы.
  • MedlinePlus.gov – амерыканскі сайт для пацыентаў, частка тэкстаў перакладзеная на рускую і іспанскую мовы.
  • NHS.uk – брытанскі сайт пра здароўе і прафілактыку захворванняў, там часта абвяргаюць журналісцкія навіны пра «новыя лекі ад раку» і іншыя медыцынскія качкі.
  • Medscape.com – бясплатны сайт, але тэксты на ім доўгія і складаныя для чытання.
  • Who.int/ru – сайт СААЗ, там шмат інфармацыі на рускай мове, але ў асноўным гэта базавыя рэкамендацыі для краін, якія развіваюцца.

Сайты пра медыцынскія даследаванні

  • Cochrane.org – некамерцыйная медыцынская супольнасць, удзельнікі якой аналізуюць вынікі найбольш якасных даследаванняў і робяць па іх высновы. Частка кантэнту бясплатная.
  • Pubmed.com – бібліятэка навуковых прац, амаль увесь кантэнт платны.
  • UnderstandingHealthResearch.org – сэрвіс, які дазваляе ацаніць, наколькі добра вы зразумелі прачытаны медыцынскі артыкул праз пытанні ў форме тэсту.
  • ClinicalTrials.gov – сайт, дзе можна адсочваць, якія даследаванні зараз праводзяцца.

Яшчэ адзін важны момант – інструкцыі да лекаў.

Любыя лекі пасля таго, як трапяць у аптэкі, працягваюць свой навуковы шлях – праходзяць постмаркетынгавае даследаванне. У заходніх краінах ёсць такая практыка. Калі пэўная колькасць пацыентаў сутыкаецца з новымі пабочнымі эфектамі пасля прыёму прэпарата, то гэтыя дадзеныя даюць у фармкампаніі, якія паступова абнаўляюць інструкцыі. У іх дадаюць важную інфармацыю. Напрыклад, як лепш прымаць лекі.

Інструкцыі на англійскай не заўсёды супадаюць з рускамоўнымі. Гэта можа быць звязана нават з памылкай перакладчыка. Таму добра пераправяраць, як правільна прымаць прызначаны прэпарат.

Дзе шукаць інфармацыю аб леках?

  • DailyMed.nlm.nih.gov;
  • Epocrates – праверка ўзаемадзеяння адных лекаў з іншымі, а таксама з ежай і напоямі, вітамінамі, БАДамі.

Будзьце ўважлівыя і здаровыя!

Где пройти специализированное обследование и получить консультацию специалистов?

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 61

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"