Восенню мінулага года ў Беларусі стартаваў рэспубліканскі сацыяльны праект «У адным вымярэнні». Яго мэта – прафілактыка інсультаў і інфарктаў. Праект рэалізуецца вытворцам танометраў «Микролайф», Нацыянальным парталам пра здаровы лад жыцця «Здаровыя людзі» пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя нашай краіны.
На першым этапе рэалізацыі праекта ў СМІ дэманстравалі відэаролікі з удзелам вядомых людзей нашай краіны, якія падзяліліся сваімі гісторыямі жыцця. На партале «Здаровыя людзі» выйшлі першыя публікацыі цыкла «Інсульт ў дэталях». Другі этап «Сардэчны патруль» – арганізацыя сустрэч жыхароў нашай краіны з вядучымі спецыялістамі ў галіне кардыялогіі і неўралогіі. Пройдуць яны не толькі ў буйных гарадах, але і ў абласных і раённых цэнтрах.
Першая такая сустрэча ў фармаце «народнай» прэс-канферэнцыі прайшла 11 студзеня ў 39-ай гарадской паліклініцы Мінска. У фае лячэбнай установы можна было б памераць ціск і ацаніць сваю рызыку развіцця інсульту.
У актавай зале «прыём» вялі ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска і кіраўнік партала «Здаровыя людзі» Вольга Святліцкая, галоўны пазаштатны неўролаг Міністэрства аховы здароўя і загадчык неўралагічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра (РНПЦ) неўралогіі і нейрахірургіі Сяргей Ліхачоў, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі РНПЦ «Кардыялогія» Марыя Лівенцава. Своеасаблівы майстар-клас аб тым, як правільна мераць ціск, для ўдзельнікаў сустрэчы правяла прадстаўнік брэнда танометраў Ганна Акуліч.
Перад пытаннямі грамадзян, спецыялісты выказалі сваё меркаванне аб праблеме інсультаў, распавялі пра рызыкі і фактары, якія правакуюць гэта захворванне. Напрыклад, курэнне ў 4 разы павышае рызыку развіцця інсульту, а адмова ад гэтай звычкі – зніжае верагоднасць сасудзістай катастрофы на 50%.
Інсульт – не проста захворванне. Вельмі часта яно прыводзіць да смерці хворага, або, калі ён выжыў, да цяжкай інваліднасці. Калі прыступ здарыўся, застаецца вельмі мала часу на тое, каб аказаць медыцынскую дапамогу. Дарэчы, вызначыць інсульт у чалавека ці не, можна выкарыстоўваючы просты тэст Face Arm Speech Test («твар-рука-гаворка-тэст»).
Справакаваць развіццё інсульту могуць некалькі прычын. І сярод лідараў – артэрыяльная гіпертэнзія. Таму кантраляваць лічбы свайго ціску важна і трэба. І калі ўжо ёсць такая праблема, нельга яе пускаць на самацёк, абавязкова прымаць прэпараты, якія прызначыў урач і скарэктаваць свой лад жыцця.
Падобныя сустрэчы і майстар-класы ў далейшым будуць праходзіць пастаянна. І наступны прыпынак «сардэчнага патруля» запланаваны ў канцы студзеня ў Гродні.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by