29.05.2017
29.05.2017

Простыя парады для тых, хто кінуў паліць, ці як не набраць вагу пасля адмовы ад гэтай шкоднай звычкі

logo
Здаровы лад жыцця
0 76
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Чаму адмова ад тытунекурэння правакуе набор вагі? Высветлім, якія самыя распаўсюджаныя памылкі ў тых, хто вырашыў кінуць паліць.

Крыху тэорыі

Нікацін, калі трапляе ў арганізм, спрыяе актыўнай выпрацоўцы гармону адрэналіну. Абменныя працэсы дзякуючы гэтаму ўзмацняюцца, павялічваецца патрэба ў пажыўных рэчывах. Акрамя таго, нікацін правакуе ў печані распад глікагену, які ператвараецца ў глюкозу і з’яўляецца крыніцай энергіі для арганізма. У выніку апетыт падаўляецца. Нікацін уплывае і на мозг чалавека.

Падчас курэння ў клетках галаўнога мозгу сінтэзуюцца «гармоны шчасця» – эндарфіны, якія памяншаюць напружанне ў нервовай сістэме, дапамагаюць зняць праявы стрэсу. Дарэчы, таксама супрацьстрэсавае дзеянне мае і ежа.

Праблема набору вагі пасля адмовы ад тытунекурэння сапраўды існуе, аднак чалавек не папраўляецца толькі з-за таго, што развітаўся са звычкай паліць.

Справа ў тым, што падчас адмовы ад шкоднай залежнасці, чалавек сутыкаецца з так званым нікацінавым ці «цыгарэтным» голадам, які лёгка зблытаць са звычайным пачуццём голаду. Гэта і ёсць асноўная прычына спажывання лішніх калорый, што спрыяюць павелічэнню вагі. Разам з тым, вага нармалізуецца ўжо праз паўгода пасля адмовы ад курэння, калі арганізм адновіцца ад доўгага тытунёвага атручвання.

Факты і фактары

Набору вагі спрыяюць некаторыя фактары.

  • Фізіялагічныя прычыны

У прыватнасці, гэта змена абмену рэчываў. Наша цела – складаны і энергаёмісты арганізм. Пры пастаянным атручванні нікацінам і смоламі, якія ёсць у цыгарэце, яму патрабуецца нашмат больш энергіі для аднаўлення і паўнавартаснага функцыянавання. Адпаведна і пажыўных рэчываў трэба больш. Пасля зніжэння таксічнай нагрузкі на арганізм энергіі на нармальнае функцыянаванне расходуецца ўсё яшчэ шмат, адсюль і патрэба ў дадатковай ежы. Таму пры адмове ад цыгарэт, сапраўды можа назірацца некаторае павелічэнне вагі.

  • Псіхалагічны фактар

Цыгарэту трэба нечым замяніць. Як правіла, салодкім і смачным. У ход ідуць семечкі, цукеркі, ледзянцы і іншыя прысмакі. Павялічваецца колькасць перакусаў і часта каларыйных. Чалавек пачынае бескантрольна есці. Выхад толькі адзін – кантраляваць рэжым харчавання і меню. Частае дробнае харчаванне (5-6 разоў у суткі) з перавагай у меню бялкова-расліннай ежы будзе спрыяць захаванню аптымальнай вагі.

Правілы харчавання для тых, хто кінуў паліць

  1. Спецыялісты перакананыя, што адначасова кідаць паліць і садзіцца на строгую дыету не пажадана. Адмова ад курэння з'яўляецца магутным стрэсам і нагрузкай для арганізма, а значныя абмежаванні ў харчаванні дададуць негатыўныя эмоцыі, справакуюць пастаяннае адчуванне голаду і нервовасць.Правілы харчавання для тых, хто кінуў паліць
  2. У сваё меню варта ўключыць больш прадуктаў багатых клятчаткай. Да іх адносіцца капуста любых відаў, салата, морква, зялёная фасоля, спаржа, макароны з цвёрдай пшаніцы, арэхі. Карысныя яблыкі, грушы, клубніцы, чарніцы, слівы, апельсіны, грэйпфруты, лімоны, сухафрукты. Клятчатку ўтрымліваюць таксама пятрушка, кроп, кабачкі, сельдэрэй, агуркі, памідоры, хлеб з цэльным збожжам ці вотруб'ем, кукурузная і грэцкая крупы. Гэтыя прадукты добра прытупляюць адчуванне голаду, сапраўднага і «памылковага», якое ўвесь час не адпускае былога курца. Бо арганізму на засваенне клятчаткі патрабуецца доўгі час. Таму і адчуванне сытасці захоўваецца надоўга.
  3. Паменшыце порцыі. Есці лепш менш, але часцей.
  4. Піце ваду. Рэкамендаваная норма – не менш за два літры вады на дзень.
  5. Адмоўцеся ад «хуткіх» вугляводаў – мучных вырабаў і салодкага.

Хуткія (простыя) вугляводы добра засвойваюцца арганізмам, з'яўляюцца асноўным «ворагам» добрай фігуры. У асноўным імі багатыя любыя салодкія прадукты. Аднак «чэмпіён» па колькасці простых вугляводаў - газаваныя напоі. Другую пазіцыю займаюць кандытарскія вырабы: цукеркі, марожанае, шакалад, торты і розныя віды печыва. Трэцяе месца належыць садавіне. Гэта вінаград, персікі, бананы, абрыкосы, чарэшня, дыні, кавуны, разынкі. Хуткія вугляводы ёсць і ў некаторай гародніне, гэта бульба, рэпа, гарбуз і буракі. Багаты імі і хлеб з дражджавога цеста, шліфаваны белы рыс. Зусім адмаўляцца ад такіх прадуктаў не варта, многія з іх (гародніна і садавіна) усё ж такі карысныя для арганізма. Толькі есці іх варта ў першай палове дня і няшмат.

Некалькі простых парадаў

Трымайцеся! Самае складанае – пражыць тры першыя дні свабодныя ад звычкі паліць.

Каб не спакусіцца зноў зацягнуцца цыгарэтай, старайцеся пазбягаць месцаў, дзе паляць. Навучыцеся кантраляваць свой апетыт. Дарэчы, жанчынам спецыялісты раяць спланаваць адмову ад тытунекурэння на дні, калі ўжо прайшла менструацыя. У крытычныя дні і так «цягне» на салодкае, а адмова ад курэння будзе правакаваць лішні раз пацягнуцца за пірожным.

Станьце больш актыўным: шпацыруйце на свежым паветры, наведвайце выставы. Аднак не варта адразу ж налягаць на спорт. Фізічную нагрузку варта нарошчваць паступова. Усё ж такі арганізму трэба аднавіцца і нагрузкі для яго павінны быць пасільныя.

Знайдзіце сваё хобі, чытайце, арганізуйце вячэрнія прагляды любімых фільмаў. Магчымасцей і спосабаў заняць сябе, каб не думаць пра тое, як бы папаліць, шмат, варта толькі ўключыць сваю фантазію.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 76

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здаровы лад жыцця"