Лісачка прачнулася ад апетытнага водару. З пакуль заплюшчанымі вачыма яна паспрабавала адгадаць, што гатуе на сняданак мядзведзь. Пахла блінамі і нечым салодкім. Красуня аблізнулася, выбралася з-пад коўдры і, міргаючы соннымі вачыма, пайшла на кухню. Буры завіхаўся ля стала. У цэнтры стаяла талерка са стосам бліноў, побач — міска з мёдам і сподачак з малінавым сочывам.
— Як смачна ты мяне сёння разбудзіў! — пацягвалася лісачка. — Люблю так уставаць!
— Сядай снедаць, а ў мяне справы ёсць, я пайшоў!
Мядзведзь падсунуў зэдлік да стала, паклаў на яго пульхную падушку, пасадзіў наверх сваю выхаванку і паспяшаўся ў лес. Красуня ў замілаванні глядзела на залацістую гару апетытных бліноў і, напяваючы сабе пад нос песеньку, палівала верхні блін танюткім струменьчыкам духмянага ляснога мёду. Раптам з двара пачуліся галасы і ў дзверы пастукалі. Гэта сябры лісачкі вырашылі наведаць яе з самага ранку.
— Мы да цябе пагуляць! — пачуўся голас янота Ярсіка.
Лісачка замёрла з лыжкай мёду ў лапе.
— Трэба ж так своечасова! — прабубніла сабе пад нос пухнатка.
Красуня вярнула лыжку ў міску з мёдам, саскочыла з зэдліка і з усёй магчымай хуткасцю кінулася ў вітальню. На парозе стаяла знаёмая кампанія.
— Добрай раніцы! — паздароўкалася гаспадыня. — Пагуляць прыйшлі? Цудоўна! Пачнём з хованак! Я лічу да дзесяці, а вы ў маім двары хаваецеся! Пухнатка выправадзіла сяброў на ганак і пачала гучна лічыць:
— Адзін, два, тры…
Звераняты пабеглі хавацца. А лісачка хуценька вярнулася на кухню, ускочыла на зэдлік і працягнула сняданак. Тры блінцы, палітыя мёдам і намазаныя малінавым сочывам, зніклі вельмі хутка. Потым гаспадыня ўздыхнула і стала лічыць астатнія прысмакі:
— Ярсіку, Шэрыку, Бруню, Ліме… ну, і мне застанецца!
— Ды яна нас і не думала шукаць! — пачуўся голас Шэрыка, які зазірнуў у акно.
Лясная дзятва выйшла са сваіх схованак.
— Адшукала б! — адказала Красуня. — Але ў мяне лепшая ідэя з’явілася. Заходзьце, я вас сняданкам накармлю!
Праз хвіліну звераняткі сядзелі за сталом.
— Частуйцеся! — запрасіла гаспадыня і раздала сябрам па бліну.
Астатнія два з талеркі яна ўзяла ў дзве лапы і, шчодра абмакнуўшы ў мёд і сочыва, з’ела.
— Смаката! — ухваліла Ліма.
— Добра мы на сняданак трапілі! — задаволена аблізнуўся Бруня.
— Дабаўкі няма? — запытаўся Ярсік.
— Скончыліся бліны! — развяла лапамі пухнатка.
— Ага, пакуль мы ў хованкі гулялі! — падміргнуў Шэрык.
Лісачка, не зважаючы на словы зайца, пацікавілася:
— Чым займацца будзем?
— Мо на рэчку сходзім? — прапанаваў Ярсік.
Ідэю падтрымалі, бо дзень абяцаў спякоту, пасядзець ля вады будзе прыемна. Дый на рэчку лісачка яшчэ не хадзіла, таму ёй было вельмі цікава туды трапіць.
Столькі вады пухнатка ніколі не бачыла. Яна вялікімі вачыма глядзела, як па сіняй стужцы ракі плывуць адбіткі белых пульхных аблокаў, як скачуць па хвалістай паверхні вясёлыя сонечныя зайчыкі. Убачыўшы лісачку, ад берага з шумам адплылі ўстрывожаныя качкі.
— Як тут хораша! — дзівілася Красуня. — Я і не ведала, што бываюць такія мясціны!
— Так-так! У нас прыгожа! — пачуўся важны голас, і з вады вылез пакуль невядомы лісачцы звер.
Першае, што заўважыла пухнатка, — вялікія зубы, якія пагрозліва тырчалі з рота. У невядомага была карычневая з рудаватым адценнем поўсць, густая і бліскучая. Пярэднія лапы — з кіпцюрыкамі, а на задніх між пальцамі бачыліся перапонкі. А хвост які незвычайны! Шырокі, пляскаты і пакрыты не поўсцю, а лускавінкамі. Красуня зацікаўлена разглядала мясцовага жыхара.
— Гэта бабраня, наш прыяцель Бруш, — сказаў Шэрык.
— Знаёмся, Бруш, навасёлка Дзівоснага лесу лісачка Красуня, — прадставіў Ярсік.
— Прыгожа тут у вас! — шчыра захаплялася пухнатка.
— Канешне! Самая лепшая мясціна ў свеце! — важна сказаў бабёр. — Таму і жывём мы тут.
— А ты добра плаваеш? — запыталася лісачка.
Бруш рассмяяўся:
— А то! І ныраю, і пад вадой імчу так, што ніхто не дагоніць!
— Так ужо і ніхто! — недаверліва прыжмурылася Красуня.
— Вядома! Бо ў каго ж яшчэ ёсць такі цудоўны хвост? Гэта мой падводны руль, дзякуючы яму я магу хутка мяняць глыбіню.
— Аёечкі! Знайшоў адметны хвост! — засмяялася лісачка. — Пляскатая рыдлёўка! Вось у мяне — шыкоўны хвост! Пухнаты, ярка-аранжавы, з белым кончыкам.
— Ты свой пухнаты валік з маім падводным рулём не параўноўвай! — крыўдліва сказаў бабёр.
Такога нахабства Красуня не вытрымала.
— Калі ўжо твая пляскатая рыдлёўка руліць умее, то мой шыкоўны хвост мяне як тарпеда панясе! Вось глядзі! — крыкнула лісачка і імгненна нырнула ў раку з абрывістага берага.
Ніхто не чакаў ад пухнаткі такога спрыту і смеласці. Усе позіркі скіраваліся на водную паверхню, якая разляцелася пырскамі, праглынула лісачку і драпежна закалыхалася над тым месцам, дзе знікла Красуня. Усхваляваныя позіркі звяркоў засяродзіліся на рачной вадзе. Цягнуліся імгненні, а лісачка ўсё не выплывала.
— Ратуйце! Хутчэй ратуйце яе! — закрычала Ліма.
Ярсік, Бруня і Бруш кінуліся ў ваду. І Шэрык ужо набраў як мага болей паветра з намерам нырнуць, але вавёрка спыніла яго:
— Чакай, выратавальнікаў зашмат, толькі перашкаджаць будзеце адзін аднаму! Ты хіба плаваць умееш?
— Не, — прызнаўся заяц.
— Дык куды ты сабраўся? — акругліла вочы Ліма.
— Лісачку ратаваць! — адказаў Шэрык.
На гэтым іх гутарка скончылася, бо высветлілася, што не толькі заяц не ўмеў плаваць. Бабёр Бруш выцягнуў з вады Бруню, следам за ім Ярсіка, якія адчайна кашлялі, наглытаўшыся вады. Шэрык і Ліма кінуліся дапамагаць ім, а бабёр зноў нырнуў у раку. Час цягнуўся невыносна доўга. Секунды здаваліся гадзінамі. Нарэшце над паверхняй з’явіўся Бруш, следам паказалася аранжавая галава лісачкі. Бабёр выцягнуў Красуню на бераг. Але яна не кашляла, як Бруня і Ярсік. Пухнатка ляжала на траве з заплюшчанымі вачыма, не рухалася і нават не дыхала.
— Што тут здарылася? — застракатала сарока Ксюпа, якая толькі што падляцела.
— Трэба паклікаць дарослых! Хутчэй ляці па мядзведзя! — загадала Ліма.
Устрывожаная сарока чорна-белай стралой паімчала да леснічоўкі, па дарозе паспяваючы на ўвесь лес сакатаць:
— Бяда! Бяда! Лісачка ўтапілася!
Звяры вылазілі са сваіх нор, кідалі ўсе справы і накіроўваліся да ракі. Калі гэта пачуў мядзведзь, Дзівосны лес скалануўся ад яго моцнага рыку, зямля затрэслася пад цяжкімі лапамі. Не памятаючы сябе паімчаў Буры да рэчкі. Праз пякучую дрыжачую заслону на вачах бачыў мядзведзь бераг, на якім купкай сабраліся звяры. Пачуўшы ягоны тупат, завохкалі, расступіліся.
Здаля заўважыў ён маленькі аранжавы камячок, які ляжаў нерухома на зялёнай траве. Бабры круцілі цельца лісачкі, пастуквалі па спіне — намагаліся прымусіць яе дыхаць.
Мядзведжы роспачны рык напалохаў іх, звяры разбегліся. Магутныя лапы паднялі крохкую фігурку. Абмяклае цельца заставалася нерухомым. Пухнатая шэрстка збілася, хвост стаў тонкім. Буры моцна прытуліў малечу да сябе і застыў. Пачуліся ўсхліпы — гэта звяры шкадавалі няшчасную лісачку.
І раптам мядзведзь адчуў, як пад яго лапамі Красуня здрыганулася і закашляла. З рота яе выплюхнулася вада. Буры яшчэ раз прыціснуў небараку да грудзей — зноў маленькі фантанчык выйшаў з яе лёгкіх. Яна дыхала!
Радасна залапаталі звяры, а мядзведзь адчуў, як дрыжачая заслона, што пакрывала яго вочы, раптам лопнула і пацякла слязамі. І гэта былі слёзы радасці. Буры асцярожна панёс сваю выхаванку дадому.
Лісачка ачуняла толькі пад вечар. Яна расплюшчыла вочы, убачыла мядзведзя і пацікавілася:
— А дзе бабёр?
— У рэчцы, — адказаў Буры і пагладзіў яе па галоўцы.
— Я перамагла? Я абагнала яго? Мой хвост прыгажэйшы! — слабым галаском шаптала пухнатка.
— Ты ледзь не загінула! — мовіў мядзведзь і заўважыў, што заслона зноў збіраецца наплыць на вочы. — Я б памёр ад гора!
Лісачка заўважыла няшчасны выгляд і разгублены позірк мядзведзя.
— Прабач мяне, я больш так не буду! Абяцаю…
Небарака стомлена заплюшчыла вочкі і заснула. А мядзведзь застаўся сядзець побач і вартаваць яе сон. Пухнатка напалохана ўздрыгвала, часам адчайна біла лапкамі, нібы плыла, хвост кідаўся з боку ў бок. Потым яна сцішылася, супакоілася і нават пачала ўсміхацца, лізгала ў сне язычком, нібы нешта смачнае ела, і штосьці неразборліва шаптала. Але Буры здолеў зразумець словы.
Раніцай, калі Красуня прачнулася, мядзведзь дапамог ёй сесці і прынёс сняданак прама ў ложак.
— Марожанца? Шакалады? — не верыла лісачка сваім вачам. — Адкуль з’явіліся мае любімыя ласункі?
— Ты ў сне іх каштавала і шаптала, як табе смачна! — усміхнуўся Буры.
— А ты здабыў іх для мяне! Дзякую! Я ж вельмі люблю марожанца і шакалады!
З вялікім задавальненнем пухнатка з’ела пачастункі. А мядзведзь глядзеў на сваю выхаванку і радаваўся, што страшная небяспека мінула.
Хутка наведалі Красуню сябры, і Ксюпа прыляцела, і Бруш прыйшоў.
— Пра хвост спрачацца больш ніколі не будзем! У цябе самы прыгожы! — сказаў бабёр.
— Ну а твой, канешне, не такі шыкоўны, але для плавання і нырання на глыбіню лепш падыходзіць! — адзначыла лісачка.
— Хвост прынцэсы фон баранесы і павінен быць найпрыгажэйшым і найпухнацейшым! — падтрымаў Бруня.
— А пляскатая рыдлёўка бабру падводным рулём няхай служыць! — удакладніў Ярсік.
— Хвост лісачкі прызнаны самым шыкоўным! Красуня — прынцэса фон баранеса! — гэта Ксюпа выпырхнула з акна і абвясціла лесу апошнія на- віны.
— Хлебам сароку не кармі, толькі дай навіну разнесці! — усміхнулася Ліма.
— А я вас не хлебам, а нечым больш незвычайным пачастую! — сказаў мядзведзь і запрасіў лясную дзятву за стол, дзе мясціліся прысмакі, якіх яны ніколі не бачылі, а лісачка падчас свайго жыцця ў горадзе любіла імі ласавацца.
Цукеркі, пячэнне, мармелад. І, як называла іх пухнатка, марожанца і шакалады. Толькі селі госці за стол — на падваконне вярнулася Ксюпа.
— Не спазнілася! Усё паспела! — задаволена прасакатала яна.
— Далучайся! Пакаштуеш гарадскія прысмакі, пра якія я табе расказвала, — запрасіла Красуня.
Папярэднія часткі казкі пра Лісачку Красуню чытайце тут:
Прыгоды лісачкі Красуні. Частка 1 (казка) + аудыё
Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя другая (казка) + аўдыё
Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя трэцяя + аўдыё
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by