10.07.2025
10.07.2025

Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя шостая (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Лісачка адкрывае таямніцу

Цэлы дзень ішоў дождж. Выходзіць з леснічоўкі не хацелася. Лісачцы  добра  спалася  пад  манатонны дробат дажджавых кропель. Парабіўшы ўсе справы па гаспадарцы, драмаў і мядзведзь.

Раптам яго разбудзілі ўсхліпы. Гэта пухнатка ў сне бачыла нешта страшнае. Яна дрыгала лапкамі, быццам  уцякала  ці  адбівалася  ад  некага,  шэрстка  стала  дыбарам,  вушы шчыльна прыціснуліся.

— Красунечка! Прачніся! — Буры ласкава пагладзіў яе па галаве.

Малеча адкрыла вочы і падхапілася. Яшчэ некалькі імгненняў яна заставалася там, у сваім жахлівым сне, і не магла ўцяміць, што знаходзіцца ў бяспецы.

— Што табе прыснілася? — клапатліва запытаўся мядзведзь.

Красуня не адказвала, толькі часта дыхала і азіралася. Буры прынёс ёй кубачак малака, сеў побач:

— Усё добра, супакойся!

Лісачка выпіла малако і зноў лягла. Маўчала.  Мядзведзь  паправіў  падушку і выйшаў з леснічоўкі на ганак, не жадаючы турбаваць сваю выхаванку.

Настаў вечар, дождж супыніўся, вецер разагнаў воблачную заслону, на небе запальваліся першыя зоркі. Праз некаторы час Красуня сама выйшла да Бурага, села побач на прыступку.

— Мне снілася, быццам я зноў там, у горадзе, — ціхім сумным голасам сказала пухнатка.

— Там было дрэнна? — мядзведзь здагадаўся, што настаў момант, калі яна раскажа яму пра сваё гарадское жыццё. Значыць, давярае яму.

—  Часам  было  вельмі  дрэнна,  — з  усхліпам  уздыхнула  Красуня.  — Я жыла ў заапарку.

— У клетцы, вакол якой ходзяць людзі і глядзяць на цябе… — сумна сказаў мядзведзь.

— Яшчэ горш! — адказала лісачка. — Гэта быў кантактны заапарк у вялікім гандлёвым цэнтры. Там людзі не проста здалёк глядзяць, там  звяроў можна гладзіць, браць на рукі, карміць, гуляць з імі. Нашыя цесныя клеткі стаялі побач з дзіцячай пляцоўкай. Ад раніцы да позняга вечара дзеці там скакалі, крычалі, капрызілі, бесперапынна бегалі. А потым заходзілі да нас у заапарк. Ім хацелася браць звяркоў на рукі, абдымаць, вывучаць, карміць і фатаграфавацца. Асабліва цяжка было, калі прыходзіла адразу шмат дзяцей. Нас тузалі, цягнулі ў розныя бакі, перадавалі з рук у рукі, часта вырывалі адно ў аднаго! Спакою не было. Памятаю, два хлопчыкі адначасова вырашылі ўзяць мяне на рукі. Не змаглі падзяліць і  пачалі  тузаць.  Востры  боль  працяў мяне,  я  думала, хвост ужо адарвалі…

Мы, звяркі, былі прывучаныя, што кусацца нельга. За гэта нас білі, таму трывалі ўсе здзекі да апошняга. Але ў той раз я не стрымалася і ўкусіла руку, якая цягнула мяне. Хлопчык завішчаў, другі са страху таксама выпусціў мой хвост, і я ўпала на цвёрдую бліскучую падлогу. Пабілася моцна, усё балела, у вачах цёмна зрабілася. Мяне тады пакаралі моцна. Білі, крычалі. Назаўтра мне начапілі жудасны скураны наморднік,  які  рэзаў,  націраў,  ціснуў.  На  ім былі бліскучыя стразікі, заклёпачкі. Усім здавалася, што гэта прыгожы аксесуар. Але ён прыносіў невыносныя пакуты. Цяпер я «фарсіла», да крыві сціраючы нос. Я больш не кусалася, трывала ўсе абдымкі, перацягванні, фатаграфаванні. І так цэлы дзень, кожны дзень. Схавацца — нельга, спаць — нельга, збегчы  —  ніяк…  Палёгка  надыходзіла толькі         познім вечарам, калі гандлёвы цэнтр зачыняўся. Станавілася         ціха і  спакойна. Прыходзіла жанчына, якая мыла          падлогу і прыбірала ў нашых клетках. Яна размаўляла з намі, не імкнулася гладзіць, давала свежай вады. Ад яе сыходзіла нешта надзвычай прыемнае. Мы ўсе яе любілі. А потым наступала раніца і ўсё пачыналася зноўку. Не ўсе вытрымлівалі. Вожыка хацелі сфатаграфаваць, пасадзіўшы на плячо, але ён зваліўся на цвёрдую кафлю і знерухомеў… Гаспадар падняў яго, паклаў у кардонны кораб, а пазней некуды панёс. Ніхто не ведае, куды вожык пасля гэтага знік, ён ужо не вярнуўся назад. Беламу трусіку Сняжку дзеці ўсунулі ў вуха цукерку-гарошынку, якую ёй адмаўляўся есці. Чарапаха хавалася ў свой панцыр, але тады наведвальнікі абавязкова спрабавалі яе адтуль дастаць. Стукалі, вытрасалі, раскручвалі на падлозе, як ваўчок. Яна плакала і шкадавала, што чарапахі жывуць доўга. На козачку ўзлазілі пакатацца. Папугая вымушалі размаўляць, абскубалі яркае пер’е з яго хваста. Ігуану расцягвалі, каб праве- рыць, яна жывая ці штучная… Кармілі нас чым хацелі. Часта чыпсамі, ад якіх звяркі хварэлі. Няўжо дзеці іх ядуць? Сапраўдная атрута!

Лісачка  гаротна  ўздыхнула  і  дадала:

— Я не думаю, што наведвальнікі прыходзілі, каб паздзекавацца з нас. Проста іх  было шмат, кожнаму хацелася нас пакарміць, патрымаць на руках, зрабіць фота на памяць. Яны і не ўяўлялі, як мы сябе адчуваем. Звяркі з заапарка зайздросцілі вожыку, які разбіўся і        знік, бо ён змог пакінуць гэтае жудаснае месца.

А потым нешта адбылося. Людзі хадзілі заклапочаныя, наведвальнікаў стала яшчэ больш, і мы думалі, што паўміраем ад стомленасці. Але раптам адной раніцай ніхто не прыйшоў, гаспадар заапарка з’явіўся толькі  днём,  і  з  ім  былі незнаёмыя людзі. Яны пачалі выносіць клеткі. Прыбегла і наша прыбіральшчыца. Я бачыла, як яна дала гаспадару нейкія каляровыя паперкі, і тады ён дазволіў ёй забраць некалькі звяркоў. Да яе трапілі я, трусік Сняжок, чарапаха і папугай.

Кабета  пасадзіла  нас  у  адну  клетку і панесла доўгімі калідорамі гандлёвага цэнтра. Калі яна выйшла на вуліцу, у мяне, як і ў маіх суседзяў па клетцы, закружыліся галовы. Сонца ярка асляпіла, вакол было так шмат паветра! Нам было страшна ад гарадскога шуму, ад невядомасці. Кабета доўга несла нас люднымі  вуліцамі,  мы  нават  праехалі ў аўтобусе. І зноў з усіх бакоў на нас глядзелі. Маленькае дзіця, што сядзела на каленях у матулі, пацягнула да клеткі ручкі. Нас раздзялялі металічныя пруты, а потым кабета накінула на клетку свой стракаты шалік і схавала нас ад усіх.

Нарэшце мы дабраліся да яе дома. Гэта была маленькая кватэра. Клетка адчынілася, і мы асцярожна выйшлі, агледзеліся. Цішыня, спакой. Здавалася, вось-вось сюды прыйдуць наведвальнікі — і ўсё пачнецца наноў. Але так не адбылося. Новая гаспадыня пакарміла нас, рассяліла. Мне дастаўся балкон высока-высока над зямлёй. А яшчэ яна  зняла  з  мяне  жудасны  наморднік і  выкінула  яго  ў  сметніцу.  З  таго дня пачалося спакойнае жыццё. Як прыемна было! Ніхто не хапаў на рукі, не тузаў, не карміў чым прыдумаецца. Хаця я сумавала па сваіх любімых марожанцы ды шакаладах, якія, бывала, у заапарку мне давалі дзеці. Некаторы час я жыла на балконе, днямі мы з сябрамі гулялі, адпачывалі, разам з гаспадыняй глядзелі тэлевізар. А потым яна зноў пасадзіла нас у клетку і некуды павезла. Страшна было, але верылася, што добрая кабета не пакрыўдзіць. Мы прыехалі ў вёску, да яе на лецішча. Колькі прасторы пасля цеснай клеткі заапарка і невялічкага балкона! Я жыла ў сенцах, спала на канапе, гуляла ў двары. А неяк аднойчы выпадкова падслухала тэлефонную размову гаспадыні. Яна расказвала некаму, што не ведае, што са мной рабіць. Маўляў, ёй час у горад  вяртацца,  і  калі  чарапаха,  трусік і папугай могуць жыць у яе кватэры, то для лісы балкон не лепшае месца, кабета сумна ўздыхала, што проста выпусціць у лес мяне нельга, бо я загіну. Потым прагучала: «Цудоўна! Дзякую!  Забірай  лісачку!»  І я вельмі напалохалася, бо не ведала, хто і куды мяне забярэ. Жудасна баялася зноўку трапіць у заапарк. Днямі да гаспадыні прыехаў госць. Гэта быў ляснік-лесавік, які забраў мяне і прынёс у Дзівосны лес. Такая вось гісторыя майго жыцця. Пра заапарк хочацца забыць, але не атрымаецца. Вось нават у сне ўзнік прывід мінулага, я так рэальна бачыла, як наведвальнікі заапарка хапаюць мяне на рукі і цягнуць у розныя бакі, я адчувала, як балюча цісне наморднік.

— Такое больш не паўторыцца! — запэўніў мядзведзь. — Я добра разумею цябе, сам маленькім да людзей трапіў, а як падрос, яны мяне баяцца сталі і зразумелі, што трэба некуды дзець. Пашанцавала мне, што не прадалі  ў  цырк  ці  заапарк,  а  проста ў лес адпусцілі. Першым часам мне было вельмі цяжка, бо я не ўмеў здабываць сабе ежу, не ведаў, дзе мне жыць, як сябе паводзіць. Таксама напачатку ляснік-лесавік дапамагаў, потым прызвычаіўся.

— Я хачу заўсёды жыць у Дзівосным лесе!  Мне  тут  так  добра,  але  толькі з табой, мядзведзік, бо адна я не выжыву, — ціха прашаптала лісачка.

— Я заўсёды буду клапаціцца пра цябе! — паабяцаў Буры.

Красуня верыла свайму вялікаму дужаму сябру і працягвала:

— А яшчэ я хачу, каб са мной былі мае сябры. Каб настрой быў цудоўны. Каб кожная раніца пачыналася са смачнага сняданку. Каб былі падарункі. Каб я была модная і прыгожая. Заўсёды прынцэса фон баранеса. Каб мы з табой засталіся разам назаўсёды!

 

— Глядзі, знічка! Значыць, жаданні спраўдзяцца! — мядзведзь паказаў лапай уверх.

Сапраўды, па цёмным аксаміце неба імкліва праляцела і знікла залатая зорачка.

— А яшчэ марожанца і шакалады каб былі! — наўздагон ёй выгукнула пухнатка.

Буры ўсміхнуўся такой дзіцячай шчырасці.

— Якое неба прыгожае! — любавалася лісачка.

— Так, хмары сплылі, сузор’і добра бачныя. Вось тыя сем зорак — Вялікая Мядзведзіца, — паказаў Буры.

— А дзе Вялікі Мядзведзь? — пацікавілася малеча.

— Не ведаю, пэўна, няма, а можа, з другога боку, у іншым паўшар’і.

— Як гэта няма? Абавязкова павінен быць! — упэўнена сказала Красуня і запыталася: — А лісачка? Ёсць на небе зорная лісачка?

— Давай пашукаем! — сказаў мядзведзь. — Якое сузор’е нагадвае табе твой сілуэт?

Пухнатка ўважліва глядзела ў неба, шукаючы зорны малюнак.

— Вось! Лісачка з шыкоўным хвастом сядзіць акурат пасярэдзіне неба, а на галаве — карона, бачыш?

Буры ўважліва ўзіраўся ў зорны россып.

— А вунь янот, там — вавёрка, далей — заяц, барсук, сарока, жаба, парсючок… — знаходзіла Красуня новыя фігуры. — Ну, бачыш лісачку?

— Пакуль не, — прызнаўся Буры.

— Вой, а куды ж яна знікла? — Красуня круціла па баках галавой. — А, я зразумела! Яна пайшла на іншае паўшар’е наведаць мядзведзя.

І  малеча  крыкнула  ў  начное  неба:

— Прывітанне зорнаму мядзведзю перадавай!

Яны яшчэ пасядзелі, палічылі знічкі, а потым пайшлі класціся спаць. Лісачку больш не турбавалі страшныя сны.

Папярэднія часкі гісторыі пра лісачку Красуню:

Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя 1 (казка) + аудыё

Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя 2 (казка) + аўдыё

Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя 3 (казка) + аўдыё

Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя 4 (казка) + аўдыё

Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя 5 (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0