05.02.2025
05.02.2025

Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя трэцяя

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Лісачка — прынцэса фон  баранеса і вядзьмак

Лісачка абжывалася ў Дзівосным лесе, знаёмілася з яго насельнікамі, гуляла з лясной дзятвой. Раніцай яна любіла заходзіць да цётухны зайчыхі, бо, як толькі Красуня з’яўлялася на парозе, чым бы ні займалася гаспадыня, яна ўсё адкладала і частавала госцю рознымі прысмакамі, абы яна не была галодная. А падсілкаваўшыся, можна было і гуляць ісці. Пухнатка пазнаёмілася з іншымі зверанятамі, далучылася  да  іх  вясёлага хаўрусу і спрабавала ўзначаліць яго. Але звяркі не вельмі хацелі падпарадкоўвацца  нядаўняй  гарадской  жыхарцы.

— Гуляем у хованкі! — не прапанавала, а загадала Красуня.

— А чаму не ў даганялкі? — здзівіўся заяц Шэрык.

— Таму што ў хованкі цікавей! — настойвала лісачка.

— Не, проста ты бегаць не любіш, ад усіх адстаеш, вось і не цікава табе! — хмыкнуў Шэрык.

— Лухта! — задрала нос Красуня. — Бяжы сабе куды вочы глядзяць, і ўсё! Што ў гэтым цікавага? А ў хованкі каб гуляць, трэба ўмець схавацца, затаіцца. Тут кемлівасць павінна быць, а ў цябе яе проста няма! Абы лётаць па лесе!

— Ну, табе, аматарцы піражкоў ды блінцоў, бегаць цяжкавата! — пасміхнуўся заяц.

Лісачка надзьмула шчокі, пакрыўдзілася, але не саступала:

— Не хочаце ў хованкі, тады будзем расказваць жахлівікі!

— А чаму мы павінны цябе слухацца? Чаму гэта ты вырашаеш, у што мы гуляць будзем, і загады раздаеш? — насупіўся барсук Бруня.

Вочы дзятвы запытальна глядзелі на Красуню. Яна на імгненне разгубілася, а потым важна ўзлезла на высокі пень, абвяла прысутных паблажлівым поглядам і напышліва сказала:

— А чаму ж мне не раздаваць загады? Маю права! Бо я — прынцэса!

— Хто? — усміхнуўся янот Ярсік.

— Прын-цэ-са! — паўтарыла лісачка.

— Ну дык і я прынцэса! — сказала вавёрка Ліма і ўскочыла на пень побач з  Красуняй.  —  Мяне  так  бацькі  заўсёды называлі!

Лісачка, так і трымаючы каралеўскую выправу, заплюшчыла вочы. У яе галаве хутка круціліся думкі, пухнатка шукала выйсце, бо хацела быць самай важнай асобай!

— Ты проста прынцэса? Усё? — запыталася яна, зірнуўшы зверху ўніз на вавёрку.

— Так, я проста прынцэса! — адказала Ліма.

— А  я  — прынцэса фон баранеса! — урачыста аб’явіла лісачка.

І, быццам незнарок махнуўшы хвастом, скінула вавёрку з пня і села на яго, як на трон.

— Фон баранеса! — смяяліся звяркі.

Але Красуня не зважала на іх кпіны, яна сапраўды адчувала сябе каралеўскай асобай, самай значнай персонай  ва  ўсім  Дзівосным  лесе.

— Дык ты, прынцэса фон баранеса, жахлівікі прапанавала расказваць? — хітравата прыжмурыўся янот Ярсік.

— Так, гэта цікава! — адказала лісачка.

— А    давай мы    самі   ў       жахлівіку паўдзельнічаем! — працягваў янот.

— Гэта як? — у вачах Красуні заблішчала цікаўнасць.

— Наведаемся на злавесны хутар! Усе хорам завойкалі, зашапталіся.

— Што за хутар? — запыталася лісачка. — Да людзей пойдзем?

— Ну, не зусім да людзей! — загадкава прашаптаў янот. — На ўскрайку лесу ў старой хаціне жыве вядзьмак. Людзей цураецца, з драпежнікамі сяброўства водзіць, травы-зёлкі збірае, сочыва з  паганак гатуе, а  яшчэ ў  ягоным  кветніку  растуць  самыя  рэдкія ў свеце званочкі. Кажуць, яны чароўныя! Калі такі званочак сарваць і жаданне загадаць, яно абавязкова здзейсніцца! Любое!

— А вы тыя званочкі бачылі? — задумліва запыталася лісачка.

— Не, яшчэ не бачылі! — адказаў Ярсік. — Гэта ж трэба прама да ведзьмака ісці! Ніхто з нас пакуль не наважыўся. І ты, баязліўка, вядома, не пойдзеш па званочкі?

— Пайду! — выгукнула Красуня хутчэй, чым паспела падумаць.

Яна  сама  спалохалася  свайго  голасу, спахапілася, што слова выскачыла паперадзе думкі, і паспрабавала выкруціцца:

— Разам з  усімі вамі!

— Чакай, прынцэса фон баранеса, толькі ты адна пры ўсіх нас заявіла, што пойдзеш, астатнія прамаўчалі! — прамовіла вавёрка Ліма. — Сапраўдныя каралеўскія асобы сваё слова трымаюць, а самазванкі — парушаюць!

— Паказвайце, дзе хутар! — рашуча сказала лісачка.

Звераняты пашапталіся і рушылі дружнай кампаніяй у той бок, дзе жыў вядзьмак. Красуня ўздыхнула, саскочыла з ляснога трона і мусіла іх даганяць.

Лес стаў радзець,  хутка паказаўся плецены тын, над якім узвышаліся перакуленыя чыгункі і    збаны. Ста- рая хаціна ледзь не па вокны ўрасла ў зямлю,  страха́ пакрылася зялёным мохам. А вакол будынка буялі кветкі, бачыўся дагледжаны гародчык, паводдаль  раскінуўся  сад.

— Вось тут і жыве вядзьмак! — прашаптаў янот Ярсік. — Ля хацінкі растуць званочкі. Табе трэба проста пайсці і сарваць!

— Гэта неяк няправільна, — засумнявалася Красуня. — Браць чужое без дазволу нельга!

— Чаму — чужое? Гэта лясныя званочкі, а вядзьмак іх за сваім плотам схаваў, не хоча, каб хтосьці, акрамя яго, жаданні загадваў! — растлумачыў Ярсік.

— Ну, калі яны лясныя і іх можна без дазволу сарваць, то я б хацела ўзяць некалькі кветачак у той час, калі ведзьмака дома не будзе, — удакладніла лісачка.

— А яго, пэўна, і няма! — зашапталі звераняты.

— Дакладна нам невядома. Прыйдзем іншым разам! — запярэчыла пухнатка і зрабіла некалькі крокаў з намерам вярнуцца дадому.

— Самазванка! — махнула лапкай Ліма. — Я так і ведала!

Лясная дзятва загаманіла, яны ківалі галовамі і насміхаліся з лісачкі.

— Годзе ўжо кпіць! — сказаў янот Ярсік. — Зусім няпроста пайсці ў логава ведзьмака! Каб падтрымаць нашу фон баранесу, я гатовы адкрыць сакрэтны  спосаб,  пры  дапамозе  якога  можна дабрацца да званочкаў і застацца незаўважаным.

— Які яшчэ спосаб? — зацікавілася Красуня.

— Табе дапаможа… — Ярсік задумаўся, быццам згадваючы нешта, потым дадаў: — Расліна, якая ахоўвае ад ведзьмака! Трэба нацерціся сокам падтынніку, намазацца палыном і трымаць над сабой дамочкам два лісты лопуху. Гэта зробіць цябе нябачнай для ведзьмаковых  вачэй.  І  нават  калі  ён  нечакана вернецца, а ты будзеш у яго двары, ён цябе проста не заўважыць.

— Ну, гэта ўжо занадта лёгка! — хмыкнула Ліма. — Навошта ты расказаў ёй гэты сакрэт?

— Чаму ж не дапамагчы прынцэсе? — Ярсік злёгку пакланіўся лісачцы.

— Ды не пойдзе яна! — запэўнівала вавёрка. — Бо самазванка, а не сапраўдная каралеўская асоба!

— Пайду!  — гучна сказала Красуня і аддала загад: — Нясіце мне супрацьведзьмаковыя травы!

Звераняты  кінуліся  збіраць  неабходнае, а потым дружна намазвалі пухнатую аранжавую поўстку лісачкі жоўтым сокам падтынніку і шчодра націралі горкім палыном.

— Прыгажуня! — ледзь стрымлівала смех Ліма.

— Цяпер вочы ведзьмака дакладна няздольныя цябе разгледзець! — зрабіў выснову Ярсік, аглядаючы выпацканую ў жоўта-зялёны колер лісачку.

Заяц Шэрык сунуў ёй у лапы два вялікія лісты лопуху, барсук Бруня прыпадняў  знізу  плецены  тын,  і  агульнымі намаганнямі яны хуценька падапхнулі пад яго лісачку-невідзімку. Мяжа была пераадолена. Дзіўна, але тут, у царстве ведзьмака, таксама свяціла сонца, спявалі птушкі, цвыркалі конікі. Красуня пастаяла крыху, агледзелася.

— Ідзі! — шапталі ёй звяркі.

Пухнатка зрабіла крок, потым яшчэ адзін і яшчэ. Цішыня, спакой… Нічога страшнага не адбывалася. Яна асцярожна пайшла па сцяжынцы ўбок хаціны. Шлях пралягаў праз грады, над якімі тугімі шарамі ўзвышалася капуста, з-пад  пышных  зялёных  хвастоў  бачыліся аранжавыя верхавінкі морквы, крыху далей з зямлі пазіралі цёмныя буракі, шапацеў сухаваты бульбоўнік. А ля хацінкі буялі кветкі. Лісачка апынулася ў нябачных аблоках іх салодкіх водараў. Рознакаляровыя бутоны злёгку калыхаліся ад ветрыку, і Красуні падавалася, што яны вітаюць яе. Пухнатка таксама ківала ім у адказ. Яна разглядала стракатую прыгажосць і ўслухоўвалася, ці не бомкаюць тыя самыя чароўныя званочкі, па якія яна прыйшла. Лісачка так залюбавалася, што забылася на асцярожнасць і нават не пачула, як рыпнулі дзверы хаціны і на ганак          выйшаў гаспадар. Затое лясная дзятва за тынам знерухомела і ў здранцвенні назірала  за тым, як вядзьмак спускаецца па прыступках ганка.

— Кхе-кхе! — закашляўся стары.

Лісачка азірнулася на гук і застыла, ад страху акругліўшы вочы. Дрыжачымі лапкамі яна падняла ўверх два лісты лопуху, утвараючы абараняльны дамок.

Вядзьмак прайшоў         зусім побач з пухнаткай, сеў на лаву непадалёк ад яе, паставіў сваю кульбу і, нешта нягучна насвістваючы, пачаў павольна абводзіць позіркам двор.

— Ён яе сапраўды не бачыць! — дзівіўся янот Ярсік.

Вядзьмак некаторы час пасядзеў, потым зняў са спінкі лавы палатняны ручнік і пачаў разбіраць зблытаныя ветрам махры, што ўпрыгожвалі аблямоўку.

Лісачка спачатку моцна пералякалася, убачыўшы на ганку гаспадара. Але за той час, што ён сядзеў на лаве, супакоілася, бо яна, шчодра і старанна нацёртая сокам падтынніка і палыном, ды яшчэ з лапуховым дамочкам над галавой, сапраўды была для ведзьмака невідзімкай. Пухнатка наважылася нават падысці да яго, каб лепш разгледзець. Сівыя валасы, вусы і барада, сінія вочы са зморшчынкамі ў кутках, апрануты ў светлую даматканую кашулю і шэрыя льняныя нагавіцы. Нешта ціхенька насвіствае сабе пад нос, абапіраецца на кульбу. Стары яшчэ пасядзеў крыху, а потым падняўся і зноў прайшоў зусім блізенька ад Красуні, яна нават пакрочыла следам за ім, праводзіла да ганка.

Перад прыступкамі гаспадар павярнуўся, зноў агледзеў двор, а потым прысеў і сказаў, звяртаючыся да пухнаткі:

— Лапкі не стаміліся лопух трымаць?

Лісачка ад нечаканасці і жаху нават забылася, як дыхаць. Яна адчула, што вось-вось страціць прытомнасць. Лапкі з лістамі лопуху апусціліся, «невідзімка»» пачала спаўзаць на зямлю.

— Эх… — уздыхнуў вядзьмак, потым нахіліўся, падняў жоўта-зялёную перапэцканую і да здранцвення перапалоханую Красуню, пільна агледзеўся навокал і панёс няшчасную лісачку ў хаціну.

— Усё! Мы яе больш не ўбачым! — выдыхнуў перапалоханы Ярсік. — Зробіць з яе пудзіла і ў двары паставіць!

Звяркі ўсхвалявана завойкалі, Ліма зарумзала.

— Навошта мы яе адправілі? — у роспачы прашаптаў барсук Бруня.

— Ён не павінен быў яе ўбачыць! — чухаў патыліцу янот. — Падтыннік, палын, лопух — надзейная ахова ад ведзьмака!

— Байка гэта! Няпраўда! На нашых вачах ён яе, непрытомную, схапіў і панёс! — лямантаваў Шэрык.

— Трэба ратаваць лісачку! — усхліпнула вавёрка. — Мядзведзю раскажам, ён яе вызваліць!

— А нам вушы адарве! — уздыхнуў заяц.

Устрывожаная лясная дзятва доўга шапталася каля тына, абмяркоўваючы шляхі выратавання Красуні. Іх перапыніў бадзёры галасок:

— Пра што вы тут спрачаецеся? Малыя азірнуліся. Ля самага тына, зусім побач з імі стаяў вядзьмак. На руках ён трымаў лісачку. Красуня спакойна сядзела і нават лапкай трымалася за шыю старога. А на галаве яе была самая сапраўдная карона!

— Дык гэта тыя самыя сябры, што дапамаглі  табе  зрабіцца  невідзімкай і адправілі па чароўныя званочкі? — пацікавіўся вядзьмак.

— Ага! — пацвердзіла пухнатка. — Гэта яны мяне ўсяму навучылі!

Стары ўсміхнуўся, перасадзіў лісачку праз тын і сказаў:

— Жаданне тваё спраўдзілася, прынцэса фон баранеса! Глядзі толькі карону не згубі! Ну, дзеці, бяжыце дадому, а то я магу перадумаць вас адпускаць!

Звераняткі кінуліся наўцёкі, а Красуня памахала старому лапкай і, важна ўзняўшы галаву, пайшла лясной сцежкай у бок леснічоўкі. Сябры чакалі яе за бліжэйшымі кустамі.

— Слухай, а вядзьмак з цябе пудзіла не хацеў зрабіць? — запытаўся Ярсік.

— Ніякі ён не вядзьмак! — гучна сказала лісачка. — Вельмі добры дзядуля-траўнік. Ён мяне частаваў гарбатай з лясных раслін і пернікамі. Спытаўся, чаго я ў яго сядзібу завітала, навошта перапэцкалася і лопухамі прыкрылася. Я яму ўсё распавяла! І пра сяброў сваіх цудоўных, і пра чароўныя званочкі. Паказаў ён мне тыя кветачкі незвычайныя, а я іх уласным носікам панюхала. Духмяныя! Дзядуля спытаўся, якое ў мяне запаветнае жаданне. Ну, я і сказала, што хачу, каб вы паверылі, што я — прынцэса фон баранеса. Тады траўнік мне зрабіў гэту саламяную карону і расказаў, што ў ёй незвычайныя залатыя каласы — каралеўскія. Ну што? Цяпер усім зразумела, што я сапраўдная прынцэса?

— Так, фон баранеса! — хорам адказалі звераняты.

— Мы так рады, што ён з цябе пудзіла не зрабіў! — шчыра прызналася Ліма і выцерла слязінку.

— Ды гэта вы мяне ў сапраўднае пудзіла ператварылі! Падтыннік, палын, лопух… Як цяпер адмыцца? — пакрыўджана бурчала лісачка.

Красуня з залатой каронай на галаве важна крочыла ляснымі сцяжынкамі, трымаючы грацыёзную выправу, а за ёй каралеўскай світай ішла лясная дзятва. Усе, каго         яны   сустракалі па дарозе, здзіўлена разглядалі перапэцканую жоўта-зялёную пухнатку. Першым ад групкі аддзяліўся янот Ярсік:

— Ну, мне дадому час вяртацца. Да заўтра!

Чым бліжэй падыходзілі да леснічоўкі, тым хутчэй разбягаліся сябры. Пэўна, не хацелі сустракацца з мядзведзем, бо ведалі: яму дакладна не спадабаецца, што яны расфарбавалі Красуню ў жоўта-зялёны колер і падбухторылі прагуляцца ў сядзібу ведзьмака па чароўныя званочкі.

У двор леснічоўкі пухнатка ўваходзіла адна. Мядзведзь адпачываў на ганку. Калі ён пабачыў сваю гадаванку, вочы сталі па яблыку:

— Што з табой?! Чаму ты ўся жоўта-зялёная?!

— А ў мяне сёння настрой такога колеру! — махнула лапкай Красуня.

— А што за карона?

— Гэта мая. Я ж прынцэса фон баранеса. Самая сапраўдная!

— Ну, тады, ваша вялікасць, паспяшаюся падрыхтаваць вам ванну! — мядзведзь схіліўся ў жартаўлівым паклоне.

Тым вечарам лісачка доўга сядзела ў мядніцы, напоўненай цёплай вадой, і старанна адмывала сваю шэрстку ад падтынніку і палыну. А побач на паліцы стаяла прыгожая саламяная карона з залатых каласкоў.

Папярэднія часткі казачнай гісторыі чытайце тут:

Прыгоды лісачкі Красуні. Частка 1 (казка) + аудыё
Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя другая (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"