Ведаеце, а Машынцы ў школе спадабалася. Праўда, у клас яна не трапіла. У будынак, на шыльдзе якога вялікімі літарамі было напісана «Аўташкола», заходзілі вадзіцелі, а машыны чакалі іх на вуліцы. Толік паставіў Машынку пад самым акном, таму яна ўсё добра чула і старанна запамінала правілы.
Некалькі тыдняў Машынка разам з Толікам вучыліся, потым здавалі іспыты і нарэшце атрымалі вадзіцельскае пасведчанне. А Машынцы яшчэ і нумар прысвоілі. Гэта было сапраўднае свята! Яны каталіся па вуліцах горада, сігналілі прахожым, падміргвалі ім фарамі, а самым прыгожым дзяўчатам Толік нават рукой махаў. А пасля яны падкацілі да невялічкай утульнай кавярні. Машынка ўжо ведала, што людзям падсілкоўвацца трэба куды часцей, чым машынам. Нават такім маладым і зухаватым, як яе вадзіцель.
Пакуль Толік перакусваў торцікам з гарбатай, побач з Машынкай прыпаркаваўся гарадскі аўтобус, што таксама прывёз вадзіцеля паабедаць. Аўтобус быў у цудоўным настроі і весела ўсміхаўся. Было відаць, што яму хочацца з кім-небудзь пагаманіць.
— Ведаеш, малеча, я ж не першы год па сваім маршруце катаюся. Шмат чаго пабачыў, шмат каго перавазіў, але сённяшні выпадак асаблівы…
Вось што ён расказаў:
— Еду сёння на вакзал. Ужо не першы рэйс зрабіў, народу паменела. На прыпынку каля дзіцячай паліклінікі зайшло ўсяго чалавекі тры-чатыры. А за імі, толькі ўяві сабе, верабей уляцеў. Я стаю, дзвярэй не зачыняю. Можа, думаю, выпадкова трапіў. А той агледзеўся, да карты падляцеў. Што ён на той карце зразумеў, не ведаю, але так задаволена ціўкнуў, што адразу стала ясна: гэта тое, што яму патрэбна. Паехалі мы. Я ў люстэрка задняга бачання паглядаю. Пасажыры мае пасміхаюцца, за вераб’ём цікуюць. А ён усім выглядам сваім нібы даводзіць: “Я нікога не чапаю, і вы мяне не чапайце”. Праехаў два прыпынкі, а пасля спакойненька так — пырх да дзвярэй. Дык ці паверыш? З салона нават не вылецеў, а выйшаў. Як быццам катацца на аўтобусе для яго — справа звыклая. Такі ўжо гультай трапіўся, што паленаваўся два прыпынкі праляцець. Атрымліваецца, што я сёння вераб’я “зайцам” вёз. Вось пацеха! Ну, але лавіць “зайцоў” — гэта ўжо не мая справа.
Машынцы было цікава слухаць пра гэта незвычайнае здарэнне. А яшчэ хацелася даведацца, ці праўда, што зайцы таксама на аўтобусах раз’язджаюць. А навошта іх лавіць? І хто гэта робіць?
Але спытацца пра ўсё гэта яна не паспела, бо з кавярні выйшаў Толік разам з вадзіцелем аўтобуса. Яны аб нечым весела гаманілі. Магчыма, Толік таксама пачуў гісторыю пра смелага вераб’я. Яны развіталіся, і аўтобус паехаў па сваіх справах.
А Толік паклаў на сядзенне Машынкі пакуначак і сказаў:
— Вось і для цябе пачастунак.
Ах, што гэта была за смаката — найлепшае машыннае масла! Самыя цудоўныя ласункі ў свеце — бензін і масла. Для машын, канечне ж.
Цікавае даручэнне
У тую памятную раніцу Машынцы з Толікам даверылі першае адказнае даручэнне. Трэба было адвезці ў дзіцячы садок цацкі. Машынка са здзіўленнем назірала, як грузчыкі выносілі са склада лялек, сабачак, мядзведзікаў, мячыкі, розныя прыгожыя скрыначкі. А яшчэ — машынкі. Вялікія і маленькія, грузавыя і легкавушачкі, інерцыйныя і на пульце кіравання. Ёй было незразумела: каму патрэбныя чалавечкі, зробленыя з пластмасы, набітыя ватай звяры і машынкі, на якіх хіба толькі камарыка пракаціць можна?
Калі Машынка прытармазіла каля дзіцячага садка, дзеці якраз гулялі на вуліцы. З якой радасцю яны кінуліся да новых цацак! Смех, піск! Дзяўчаткі адразу ж паразбіралі лялек і тут жа пачалі іх выхоўваць: “Не бегай. Не крычы. Слухайся старэйшых.”А хлопчыкаў больш зацікавілі канструктары і машыны. Ім знайшліся важныя справы: падвозіць пясок у пясочніцу, капаць кар’еры, перавозіць пасажыраў. Дарэчы, пасажырамі сталі тыя самыя сабачкі і мядзведзікі, якіх таксама прывезла Машынка.
Вось дык справа… Аказваецца, машыны — гэта не проста вельмі патрэбныя людзям істоты. З імі яшчэ і гуляць можна! Ад такога адкрыцця ў Машынкі аж дыханне перахапіла. І так адчайна захацелася цацачную машынку! Каб можна было зачапіць яе на вяровачку, як вунь у таго кірпатага хлопчыка, і гуляць па горадзе.
Праколатая шына
Усю зваротную дарогу Машынка марыла пра сваю ўласную цацку і, напэўна, была недастаткова ўважлівай. Вось і трапіўся ёй пад колца цвік. Бах! — стрэліла шына, і Машынка закульгала на правае пярэдняе кола. Ёй было так балюча, што ехаць далей не хапіла сіл, і яна спынілася проста на дарозе. Паветра вырывалася з шыны з такім свістам, што Толік адразу зразумеў, у чым справа. На шчасце Машынкі, запасное кола для кожнай прадугледжана і абавязковае. Хлопец даволі хутка замяніў пашкоджанае. А прабітае паклаў у багажнік — адрамантаваць.
Сеўшы за руль, Толік разважліва сказаў:
— Вось табе і прыгода. Як гэта я той цвік не заўважыў?
Прыехалі ў гараж. Хоць там і было цемнавата, Мама адразу заўважыла збянтэжанасць малой. Выслухаўшы яе гісторыю, занепакоена сказала:
— Што ж, цяпер ты дакладна ведаеш: ніякія мары, думкі, трывогі не павінны перашкаджаць у час руху. Ты ж у адказе не толькі за сябе і свайго вадзіцеля, але і за ўсіх, хто знаходзіцца на дарозе.
— Але ж навошта там цвікі раскідваць? А яшчэ я бачыла разбітую бутэльку…
— Людзі розныя ёсць. На жаль, не кожны думае пра вынікі сваіх дзеянняў. І таму лепш не лавіць варон.
— Мамачка, я ж іх не лавіла, — запярэчыла Машынка. — Яны ў небе лётаюць, як жа я магла…
— Ха-ха-ха, — засмяяўся, пад’ехаўшы, Тата. — Каб лавіць варон, не- абавязкова ўмець лётаць. Так кажуць пра тых, хто засяроджаны толькі на сваіх думках і не заўважае нічога навокал.
Машынка на ўсё жыццё запомніла гэты важны ўрок: на дарозе трэба быць пільнай.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by