28.10.2020
28.10.2020

Прыйшоў Яўхім – і кікімары з ім… :)

logo
Беларускі код
0 56
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Шмат з таго, у што верылі нашыя продкі, сёння падаецца хіба толькі забаўным. Ці нават дзіўным. Дзівосным… А то і дзівацтвам. Але чытаецца – з цікавасцю. Усё ж такі як мяняе час і тэхнічны прагрэс людскія ўяўленні! Тое, што даўней было невытлумачальным, зараз з лёгкасцю тлумачыцца. Хаця, бывае, і не ўсё. Бо, магчыма, усё ж такі і ў наш час жывуць… кікімары! Яны актыўна праяўляюць сябе сёння, у Яўхімаў дзень.

Кікімары. Яўхімаў дзень 28 кастрычніка.

Беларусы ўяўлялі іх у выглядзе дзяўчынак (а ў некаторых мясцовасцях – бабулек). Звычайна ў хаце, у печы ці падпечку, жыла нават не адна кікімара. І дзесьці яны маглі сваволіць, дзесьці – шкодзіць, а дзесьці… Нават імкнуліся дапамагаць хатнім гаспадыням. Толькі што не атрымлівалася ў іх. А так – ад душы…

Мне таксама хочацца ўяўляць кікімар зусім не злымі. Проста лёс у іх такі… нешчаслівы. Сядзець у падпечку і нават не паказвацца на вочы людзям. Ды яшчэ і зайздросціць той пяшчоце, якую маці аддаюць сваім дзецям. Ім-то, кікімарам, ніхто добрага слова не скажа. А яно, як вядома, і кошцы прыемнае…

Чамусьці нашыя продкі лічылі, што на Яўхіма Восеньскага, 28 кастрычніка, нячыстая сіла (у тым ліку і кікімары) найбольш у хаце шкодзіць. То посуд паб’е, то ніткі для ткацтва ці вязання папераблытае, то проста гаспадыню напужае… Так, прыемнага мала. Таму і звярталіся да Яўхіма з просьбаю абараніць сябе, сваё сямейства і жытло.

Яўхімаў дзень 28 кастрычніка. Звярталіся з простбай абараніць ад кікімар.

А па сутнасці, кікімары – даволі няшчасныя істоты, бо ўвасаблялі ў сабе заўчасна загінулых (памерлых) дзяўчынак… Вось чаму іх так прыцягвае жаночая праца. Ды толькі не атрымлівацца роўна і якасна ткаць, прасці, вязаць…

Бывала, пра кікімар распавядалі з гумарам. Напрыклад, мне спадабалася вось такая гісторыя. У адной хаце кікімара пастаянна выстрыгала ў гаспадара ды сямейнікаў валасы, а ў свойскай жывёлы – поўсць. І ніякія метады змагання з ёй не дзейнічалі. Тады сям’я вырашыла перабрацца ў іншую хату.

І калі гаспадар, на развітанне аглядаючы памяшканне, голасна спытаўся: «А мы нічога не забыліся?!», у адказ яму пачуўся дзіцячы галасок: «Наконт вас – не ведаю, а я свае нажніцы ўзяла!» 🙂

Нам больш звыкла, кажучы пра кікімару, дадаваць «балотная». Але, аказваецца, яны розныя. Ёсць – балотныя, а ёсць – хатнія. І сёння – пра апошніх. Дарэчы, па ўяўленні некаторых беларусаў, Кікімара – гэта жонка Хатніка.

Кікімара хатняя. Жонка Хатніка.

На Яўхіма традыйына назіраем за надвор’ем. Нашыя продкі заўважалі, што калі неба сёння блакітнага колеру, дык надвор’е будзе цёплым. Калі ж згледзіш камароў, значыць, зіма будзе мяккай.

Не ведаю, ці згледжу я камароў сёння, але некалькі дзён запар пры засынанні дакладна чула звон аднаго над вухам! Вось табе і маеш! Камар напрыканцы кастрычніка…

Калі на Яўхіма Восеньскага зоркі на небе цьмяныя, дык яшчэ два тыдні будзе цёпла. А калі вакол сонца, якое заходзіць, бачныя чырвоныя кругі, дык чакайма ўвесь тыдзень марознага надвор’я.

А ўвогуле, нашыя продкі заўважалі: з якога чысла ў кастрычніку зіма, з такога ў красавіку – вясна.

Яўхім Восеньскі 28 кастрычніка. Надвор'е.

Ну, а мы, нягледзячы на ўсе даўнія прыкметы, традыцыйна ўжо мяркуем: ці будзе снег ды мароз гэтай зімой? Альбо прырода зноў закапрызіцца настолькі, што восень будзе трымацца не тры месяцы, а цэлых шэсць?! У чаканні…

Даўней жанчыны ў гэты час усё яшчэ працавалі з ільном, а мужчыны – з вуллямі. І Яўхімаў дзень не быў выключэннем. І ніякіх забаронаў на працу на яго не існавала, а зусім наадварот.

Так што калі запланавалі на сёння чыста жаночую працу альбо рукадзелле, дык лепей не адкладваць. Каб не «дапамаглі»… кікімары! 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 56

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"