21.10.2020
21.10.2020

Прывітанне, людзі без масак, альбо Адна вандроўная раніца

logo
Думкі ўслых
0 60
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Напісаць, па шчырасці, збіралася зусім пра іншае. Запланаваная тэма дня – прысвятак «Трыфан і Пелагея», падчас якога 21-га кастрычніка трэба агледзець сваю зімовую вопратку, пры неабходнасці памыць, пачысціць, адрамантаваць альбо набыць новую. Але… Уразіла мяне вандроўная раніца аўторка, калі, як заўсёды, на працягу дзвюх гадзін на трох відах транспарту дабіралася да працы з Чэрвеня ў Мінск. І ў чарговы раз уразілі людзі без масак…

Вандроўка. Маршрутка. Па дарозе на працу. Людзей у масках вельмі мала.

А яшчэ пазаўчора, у панядзелак, праязджаючы ў кабіне маршруткі (самае зручнае месца, толькі не заўсёды вольнае і не заўсёды пускаюць) побач з вадзіцелем і яго жонкай, звярнула ўвагу на людзей, якія чакалі гарадскі аўтобус на прыпынку ў вёсцы Астравы.

Некалькі жанчын ва ўзросце, з іх чатыры – у масках (што парадавала). І амаль усе – з флікерамі. Мінчане і жыхары іншых вялікіх гарадоў не разумеюць, навошта яны?! А ў нас, ведаеце, у цёмны час сутак за адсутнасць флікераў штрафуюць. Сур’ёзна. І ўжо не першы год. Хаця да распаўсюджвання каранавіруса гэта адносінаў не мае… 🙂 Але да захавання жыцця і здароўя – яшчэ як!

Хаця, вядома ж, могуць і флікеры не ўратаваць на дарозе. Як, зрэшты, і прышпільванне ў транспарце. Усё вельмі індывідуальна. Але ж лепей падстрахавацца…

Вандроўка. Маршрутка. Флікеры.

Таму, як у законапаслухмянага грамадзяніна, у маёй сумцы – маскі, пальчаткі, антысептык, сурвэткі… І флікер-палоска.

А цяпер – пра раніцу ўчарашняга дня. На мяне ў масцы на прыпынку ў Чэрвені ўсё яшчэ глядзяць падазрона. А я падазрона гляджу на тых, хто кашляе ці чхае, і пры гэтым без маскі. Вось гэта, паверце мне, нашмат больш падазрона, чым чалавек, які, так бы мовіць, фільтруе… паветра. 🙂

… Пад’язджае маршрутка. Казырнае месца, на жаль, занятае. Больш за тое! На першы погляд, вольных месцаў у салоне няма. Але давядзецца ехаць стоячы, бо час падціскае.

Вандроўка. Маршрутка. Бяспечная язда ў масках.

Спыніўшыся ў сярэдзіне салона, азіраюся. І бачу, што на заднім сядзенні, разлічаным на чатырох чалавек, усяго трое. І двое з іх рассунуліся, каб вызваліць мне месца. Уціскаюся паміж імі. І нават магу спіной абаперціся на сядзенне.

Ну, як кажуць, лепей дрэнна ехаць, чым добра ісці! 🙂 Да таго ж, цёпла… Але… Сусед справа пачынае кашляць! 🙁 Так, я ў масцы, але ж адлегласць у некалькі дзясяткаў сантыметраў. Ціха злуючыся ў душы, еду…

Трое чалавек едуць стоячы. Але калі на палове шляху, у Смілавічах, тры чалавекі выходзяць, у тым ліку адзін – з адзіночнага сядзення… Я імгненна пераскокваю туды! Яно-то нязручнае, бо палову месца для ног займае кола… Затое я адна! А адзін з трох сядае на маё месца… Ну, як сядае… Напалову, як высветлілася…

Прыжмурыўшы вочы, спрабую прыснуць. Але што гэта?! Цяпер хтосьці кашляе мне ўжо ў левае вуха. Нічога не разумею… Сусед праз праход?! Але там жанчына, і яна далекавата. А кашаль мужчынскі…

Вандроўка. Маршрутка. Кашаль без маскі.

Скасавурыўшыся, знаходжу крыніцу кашлю! Той таварыш, што ўладкаваўся на маім месцы… Гэта я з не дужа мажнай камплекцыяй уціснулася і спіной прыхінулася да сядзення. А плячысты таварыш пасадзіў толькі сваю пятую кропку! А сам літарай «зю», фактычна верхняй часткай тулава, – паралельна падлозе. І дастае практычна да майго вуха. Наколькі можна, адхінаюся і адварочваюся да акна. Едзем.

У Прывольным выходзіць два чалавекі, паміж якімі я сядзела спачатку. Кашлюн (вядома ж, без маскі!) перамяшчаецца за маю спіну. А ў хуткім часе і сам выходзіць – на прыпынку «14-ы кіламетр». Далей едзем ужо ў цішыні. Ні масак, ні кашлю… 🙂

Метро. Традыцыйна ў вагоне людзей у масках няшмат. На адной са станцый заходзіць мама з дзяўчынкай 8-і ці 9-і гадоў. Дзяўчынка становіцца побач са мною, трымаецца за поручань. Яе твар фактычна на ўзроўні майго.

І яшчэ не праехаўшы і адной станцыі, яна… пачынае кашляць!!! 🙁 І мама, і дачка – без масак. Наколькі магчыма, адварочваюся ў іншы бок. Ды што гэта сёння за «шанцаванне» такое, а?! І з кожным днём будзе ўсё горш і горш… 🙁 Прасі людзей, не прасі… Вось не паклапоцяцца ні пра сябе, ні – тым больш! – пра іншых…

Маршрутка. Вандроўка. Дзіцячы кашаль.

Нарэшце – аўтобус. Як заўсёды, досыць вольны. Ужо можна было б і маску зняць, але традыцыйна свой адзін прыпынак праязджаю ў ёй. А затым ужо на вуліцы здымаю акуратна і хаваю ў пакецік. Уф… Свежае паветра.

А вось жа недарэмна Міністэрства аховы здароўя днямі зацвердзіла метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы COVID-19… Сярод якіх – і падаленая праца. Там, дзе ёсць магчымасць яе арганізаваць…

Зусім нядаўна знаёмыя здзіўляліся, чаму каранавірус распаўсюджваецца і ў невялікіх населеных пунктах. Маўляў, разам не збіраюцца… У масавых мерапрыемствах не ўдзельнічаюць.

Дазвольце адну маленькую ілюстрацыю. Таксама назіранне з маршруткі, але ўжо чацвярговай вечаровай.

… Як параненая рысь вылятаю з метро і бачу, што на светлафоры стаіць не мая, а яшчэ папярэдняя па часе маршрутка. Лячу на аўтобусны прыпынак, на якім на здзіўленне вольна, і галасую. Вадзіцель паказвае жэст «месцаў няма», але спыняецца. Уціскваюся ў перапоўненую машыну, услед за мной мажная жанчына, якая перадае грошы да вёскі Валевачы, што знаходзіцца за Смілавічамі.

Павярнуцца асабліва няма як. Жанчына за маёй спіной і плячом пачынае падкашліваць і смаркацца. А цяпер – увага! Смарканецца, вытрэ нос пальцамі (!) і бярэцца за поручань. І так некалькі разоў на працягу 20 хвілін язды да Смілавічаў, дзе вызваляюцца месцы і мы садзімся.

Жыхарка Валевачоў – без маскі. Без антысептыку. Без элементарнай насоўкі, папяровай сурвэткі і г.д. Нармалёва ў наш час?! І думаеце, гэта адзіны падобны выпадак?!

Калі, ну калі многія пачалі вось так чхаць-кашляць-смаркацца на навакольных, як пры звычайным грыпе, зусім не адчуваючы асаблівай небяспекі?! Няўжо вялікія лічбы захварэлых на каранавірус і памерлых падчас першай хвалі пандэміі нічаму не навучылі?! Альбо хтосьці думае, што ў яго – дзевяць жыццяў?!

Але так можа быць хіба ў камп’ютарнай гульні. А жыццё ў кожнага – адно. І здароўе, якое пахіснулася, аднавіць не так ужо і проста. Альбо зусім немагчыма.

І што мы свядома робім са сваім жыццём?! І чаму хтосьці вырашыў, што з-за ўласнай абыякавасці ён мае права заражаць іншых?! Паўтару вядомае з сеціва, вельмі актуальнае: а можна, я сама буду вырашаць, захварэць мне на каранавірус ці не?!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 60

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".