Думаю, многія прыгадваюць гэты знакаміты верш Уладзіміра Дубоўкі – са школьнай праграмы?! А цытаваць яго хочацца штораз, калі назіраю, як прыгожа цвітуць кусты шыпшыны. Вось і днямі, пабачыўшы ў сяброўкі фота шыпшыны, пракаментавала адпаведна. 🙂 І адразу ж задумалася: а ці ёсць ад гэтых прыгожых кветачак яшчэ і карысць?! Ад пладоў – вядомая. А ад пялёсткаў?! Як аказалася, ёсць! 🙂
Што нагадваюць нам кветкі шыпшыны пры першым поглядзе на іх? Так, ружу. Асабліва, калі кветкі шматпялёсткавыя, а не ў адзін рад. Зрэшты, шыпшыну сапраўды называюць «дзікай ружай». І, калі верыць напісанаму ў сеціве, менавіта яна сталася асновай для стварэння селекцыянерамі ружаў.
Праўда, калі ў ружаў сустракаюцца адзіночныя шыпы, якія размешчаныя на адлегласці адзін ад другога, і можна, узяўшыся за сцябліну, ухітрыцца і не ўкалоцца… Дык нікому не пажадаю трапіць у зараснікі шыпшыны! Альбо проста ўзяцца за галінку голай рукой. Ой-ёй! Калісьці ў нас расла шыпшына на дачы. І колькі з-за яе даводзілася плакаць, асабліва калі выдаляла пустазелле і рыхліла глебу пад кустамі…
Затое калі назіраць здалёк і рукамі не хапаць… Хаця, бывае, і хочацца сарваць тую кветачку, каб паставіць дома ў ваду… Ды вось лепей гэтага не рабіць. Беражыце пальцы! А вось нарваць пялёсткаў і не пакалоцца – цалкам рэальна…
У народнай медыцыне пялёсткі шыпшыны выкарыстоўваюць для лекавання запаленчых працэсаў унутраных органаў, скуры і слізістай абалонкі. Яны маюць імунастымулюючыя, мачагонныя, спазмалітычныя, змякчальныя, антысклератычныя, антысептычныя ды іншыя ўласцівасці. Хм, пералічэнне неблагое, праўда?!
Адвары і настоі на аснове кветак шыпшыны ўмацоўваюць сценкі капіляраў, павялічваюць іх эластычнасць і нават садзейнічаюць нармалізацыі сардэчна-сасудзістай дзейнасці.
Але, вядома ж, трэба прымяняць з асцярогай альбо не прымяняць зусім такую тэрапію пры парушэннях згусальнасці крыві, хворым на трамбоз, язву страўніка, тым, хто мае гастрыт з павышанай кіслотнасцю…
Паколькі ніводны рэцэпт на сабе не правераны яшчэ, прыводзіць канкрэтныя прыклады не буду. Усё можна знайсці ў сеціве! Пасля кансультацыі з урачом…
Больш бясшкодным падаецца вонкавае прымяненне. Прэпараты на аснове пялёсткаў шыпшыны любяць касметолагі. Напрыклад, можна рабіць кампрэсы на аснове адвару для скуры твару (практычна вершаваным радком!). Гэта абяцае пазбаўленне ад ацёчнасці, павелічэнне пругкасці і гладкасці скуры, памяншэнне пігментных плямаў і сасудзістых «зорачак».
А мне вось спадабаліся рэцэпты ружовай вады і ружовага лёду. Апошні з’яўляецца прыродным тонікам. Ну што, гатуем?! 🙂
Для ружовай вады возьмем пару сталовых лыжак пялёсткаў шыпшыны, папярэдне іх здрабніўшы. Заліваем шклянкай кіпню, настойваем хвілін 30 і пераліваем у зручную для карыстання ёмістасць. Пры яе выбары ўлічыце, што ружовая вада павінна захоўвацца ў халадзільніку не больш за тыдзень.
А калі хочаце больш, значыць, астуджаны адвар разліваеце ў формачкі для лёду і замарожваеце. І гэта будзе ўжо ружовы лёд! А каб ён зрабіўся яшчэ больш карысным, заліваем пялёсткі не кіпнем, а… мінеральнай вадой! Ну вы ж замарожваеце мінеральную ваду, каб праціраць твар кубікамі?! 🙂
Толькі неабходную колькасць мінералкі трэба спачатку патрымаць дзесьці ў шклянцы, адкрытай. А тады ўжо заліваць пялёсткі шыпшыны. Настойваць суткі, а пасля разліваць па формачках і ставіць у лядоўню.
А калі хочаце сябе не замарозіць, а сагрэць і папесціць… Тады – як у кіно! Робім ванну з пялёсткамі шыпшыны! Ад пялёсткаў ружаў іх будзе не адрозніць. Рамантыка, рэлакс, фоткі ў сацсеткі… 🙂 Плюс – змякчэнне скуры цела, зняцце раздражнення і запаленчых працэсаў, калі яны ёсць. Ну, і крышачку – удар па цэлюліту! 🙂
Хм… І дзе б гэта мне цяпер знайсці тыя бясхозныя дзікія зараснікі шыпшыны?! Ужо дужа ружовай вады хочацца. І ласьёну, і тоніку… І ванны… Ружовай. А вам?! 🙂
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by