16.10.2020
16.10.2020

Райскі яблык. Уласцівасці, карысць і шкода садавіны

logo
Карысныя прадукты
0 96
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Англійская мудрасць кажа: «З'ядай яблык у дзень – і доктар не спатрэбіцца». У ёй істотная доля праўды. Яблыкі – адзін з самых здаровых прадуктаў рацыёну. У іх утрымліваюцца неабходныя вітаміны і мінералы, вялікая колькасць клятчаткі. Пры гэтым у іх няма тлушчу, дзякуючы чаму яны маюць нізкую каларыйнасць. Да таго ж, гэта садавіна на ўсе сезоны за невысокі кошт.

Уласцівасці яблыкаў цяжка пераацаніць: дапамагаюць кантраляваць вагу, добра ўплываюць на працу страўнікава-кішэчнага тракта, спрыяюць умацаванню касцявой тканкі і змякчаюць наступствы хваробы Альцгеймера. Нездарма яблыкі называюць цуда-ежай і «пажыўнай электрастанцыяй». Але пра ўсё па парадку.

Пажыўная каштоўнасць яблыка

Яблыкі. Карысць яблыкаў.

Адзін сярэдні яблык (каля 200 г) змяшчае 95-130 ккал і каля 4,5 г дыетычных харчовых валокнаў (прыкладна 20% сутачнага запатрабавання), якія спрыяюць нармальнай працы стрававальнай сістэмы, дапамагаюць прадухіліць запор і гемарой.

Таксама ў сярэднім яблыку змяшчаецца 8,4 мг вітаміну С, што адпавядае 11% сутачнай патрэбы ў аскарбінавай кіслаце. Як вядома, вітамін С мае здольнасць павышаць імунітэт і прадухіляць інфекцыі.

Акрамя таго, з'ядаючы адзін яблык, чалавек забяспечвае паступленне ў арганізм:

  • кальцыю, неабходнага для моцных костак і здаровых зубоў (2% сутачнай нормы);
  • жалеза для ўтварэння гемаглабіну (2% сутачнай нормы);
  • вітаміну А для добрага зроку (2% сутачнай нормы);
  • вітамінаў групы В для здароўя нервовай сістэмы і добрага настрою;
  • калію (7% сутачнай нормы);
  • магнію;
  • прыроднага цукру (фруктозы, цукрозы) – 25 г;
  • фалійнай кіслаты і інш.

Карысць яблыкаў для здароўя

Здаўна ва ўсходняй медыцыне лічылася, што яблыкі «надаюць сілу сэрцу і страўніку», «дзяцей ад чэзласці ратуюць». І ў сучаснай медыцыне яблыкі шырока выкарыстоўваюць у лячэбным харчаванні.

Дабратворны ўплыў яблыкаў на сардэчна-сасудзістую сістэму ў першую чаргу звязаны з вялікім утрыманнем у іх складзе харчовых валокнаў, паліфенолаў і антыаксідантаў. Паводле паведамлення ў «Часопісе Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі» за 2011 год, рэгулярнае ўжыванне аднаго яблыка ў дзень зніжае рызыку развіцця інсульту.

Акрамя нерастваральных харчовых валокнаў, якія ўзмацняюць перыстальтыку, нармалізуюць страваванне і забяспечваюць адчуванне сытасці, у яблыку змяшчаецца пекцін. Гэта растваральнае валакно, якое мае здольнасць звязваць шэраг шкодных рэчываў, у тым ліку радыеактыўных, і бяспечна выводзіць іх з арганізма.

Пекцін прадухіляе адкладанне халестэрыну на сценках крывяносных сасудаў і, як вынік, перашкаджае развіццю атэрасклерозу і сардэчна-сасудзiстых захворванняў.

Спецыялісты кафедры харчавання Універсітэта штата Фларыда ў 2011 годзе правялі даследаванне, удзельнікі якога на працягу паўгода штодня з'ядалі 75 г сушаных яблыкаў. У выніку ў кожнага падвопытнага ўзровень «дрэннага» халестэрыну знізіўся на 23%, а «добрага» вырас прыкладна на 4%.

Яшчэ адна навукова пацверджаная ўласцівасць яблыкаў – іх здольнасць мінімізаваць рызыку развіцця бранхіяльнай астмы.

Даследаванне вучоных Каліфарнійскага ўніверсітэта, у якім узялі ўдзел 2,5 тысячы мужчын сярэдняга ўзросту, паказала значнае паляпшэнне працы лёгкіх сярод падвопытных, якія рэгулярна з'ядалі не менш за адзін яблык у дзень.

Вынікі яшчэ аднаго даследавання павінны парадаваць усіх, хто імкнецца трымаць пад кантролем стрэлку вагаў. Даданне трох яблыкаў у штодзённы рацыён спрыяе зніжэнню вагі, сцвярджаюць бразільскія вучоныя. Аднак гэта справядліва толькі пры ўмове захавання прынцыпаў здаровага харчавання.

Яблыкі. Карысць трох яблыкаў у дзень.

Бясспрэчная карысць яблыкаў для здароўя абумоўленая таксама высокім утрыманнем антыаксідантаў.

Фітахімічныя рэчывы, выяўленыя ў яблыках, прадухіляюць рост ракавых клетак і, адпаведна, перашкаджаюць развіццю пэўных тыпаў злаякасных новаўтварэнняў. Напрыклад, даказана, што людзі, якія ўключаюць у свой штодзённы рацыён яблыкі, хварэюць на рак лёгкіх удвая радзей, чым тыя, хто не настолькі паслядоўны ў харчаванні.

Найбольшая канцэнтрацыя антыаксідантаў, а таксама вітамінаў С (прыроднага імунастымулятара) змяшчаецца ў скурачцы плоду.

Меры засцярогі

З рызыкай для здароўя

Нягледзячы на відавочныя перавагі яблыкаў для здароўя, ужываць іх трэба ў меру.

Калі ў невялікай колькасці яблыкі спрыяюць зніжэнню масы цела, дык бескантрольнае іх паглынанне можа прывесці да адваротнага эфекту. Яблыкі «разбіваюць» страўнік, павышаюць апетыт, а салодкія гатункі маюць шмат цукру.

Акрамя таго, яблычны сок можа пашкодзіць зубную эмаль. Паводле меркаванняў некаторых вучоных, спажыванне яблыкаў у 4 разы больш разбуральнае для зубоў, чым газаваных напояў!

Але варта зрабіць заўвагу: справа не ў самой садавіне, а ў тым, як яе есці. Стаматолагі раяць рэзаць яблыкі на долькі і не занадта расцягваць задавальненне ад іх паглынання: доўгае ўздзеянне соку (як і  кіслаты) на зубную эмаль павялічвае верагоднасць яе пашкоджання.

І ўсё ж такі гэта не падстава адмаўляцца ад яблыкаў. Наадварот! Пры перажоўванні гэтай садавіны знікаюць амаль 97% бактэрый, якія знаходзяцца ў роце! Чым не сродак для чысткі зубоў, калі пад рукой няма зубной шчоткі! Гэтая выснова пасля шматгадовых назіранняў была зробленая амерыканскімі стаматолагамі яшчэ ў 1960 годзе! Каб атрымаць ад яблыкаў карысць для зубоў і звесці да нуля шкоднае ўздзеянне кіслаты, варта старанна прапаласкаць рот пасля ежы.

 Атрутныя яблыкі?

Насенне яблыкаў мае амігдалін. У выпадку кантакту з харчовымі ферментамі з яго ўтворыцца атрутны цыянід. Цэлае насенне праходзіць праз стрававальную сістэму практычна некранутым і натуральным чынам выводзіцца з арганізма. А вось аматары жаваць яблычнае насенне рызыкуюць адчуць на сабе ўздзеянне таксінаў.

Няма нічога страшнага, калі разжаваць 1-2 штукі насення, бо арганізм здольны без наступстваў нейтралізаваць нязначныя дозы цыяніду. Але ў вялікай колькасці яго ўздзеянне можа быць фатальным для чалавека.

Цікавыя факты пра яблыкі

Яблыкі. Карысць аднаго яблыка.

  • У яблыках прадстаўленыя ўсе адценні чырвонага, зялёнага і жоўтага колераў;
  • ва ўсім свеце вырошчваецца 7500 гатункаў яблыкаў;
  • археолагі знайшлі доказы таго, што людзі атрымлівалі асалоду ад яблыкаў як мінімум з 6500 г. да н. э.;
  • яблыкі былі ўлюбёным плодам старажытных грэкаў і рымлянаў;
  • у XVI стагоддзі ў некаторых краінах людзям, абвінавачаным у высечцы пладовых дрэў, у тым ліку яблынь, адсякалі правую руку;
  • навука пра вырошчванне яблынь называецца памалогіяй;
  • яблык-рэкардсмен важыў 1,4 кг.

Яблык – прадукт ва ўсіх сэнсах удзячны. Ён нясе бясспрэчную карысць для здароўя, выдатна спаталяе голад і смагу, ідэальны ў якасці карыснага перакусу і крыніцы неабходных вітамінаў і мінеральных рэчываў. Адзін яблык у дзень – mast have для чалавека, для якога здароўе, маладосць і прыгажосць маюць значэнне.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 96

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Карысныя прадукты"