14.11.2019
14.11.2019

Разам супраць хваробы. 14 лістапада – Сусветны дзень дыябету

logo
Навiны
0 14
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод 14 лістапада ў свеце адзначаецца Сусветны дзень дыябету. Гэтая дата – дзень нараджэння канадскага вучонага Фрэдэрыка Банцінга, дзякуючы даследаванням якога быў адкрыты гармон інсулін. За сваё адкрыццё вучоны быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй.

Сёлета па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) і Міжнароднай федэрацыі дыябету (IDF) 14 лістапада пройдзе пад дэвізам «Беражы сваю сям'ю».

Згодна з прагнозам Міжнароднай федэрацыі дыябету, да 2025 года ва ўсім свеце колькасць людзей з дыягназам «цукровы дыябет» дасягне 550 мільёнаў чалавек, а да 2040-га іх колькасць перавысіць ужо 640 мільёнаў чалавек. На жаль, па розных дадзеных экспертаў, ад 40 да 80% людзей, хворых на цукровы дыябет, не ведаюць пра сваё захворванне, не атрымліваюць адэкватнага лячэння, што значна павышае рызыку развіцця сур'ёзных ускладненняў. Захворванне з'яўляецца асноўнай прычынай слепаты, ампутацыі канечнасцяў, хваробаў сэрца, нырачнай недастатковасці і ранняй смерці.

А як у Беларусі?

Як адзначыла прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч, тэндэнцыя да росту колькасці хворых на цукровы дыябет адзначаецца і ў нашай краіне. У апошнія пяць гадоў колькасць выпадкаў захворвання павялічваецца на 5-8% у год.

Па дадзеных на 1 студзеня 2019 года, на дыспансерным уліку з дыягназам «цукровы дыябет» знаходзіліся 335 тысяч 898 пацыентаў. З іх больш за 17 тысяч чалавек з ЦД 1-га тыпу і звыш 314 тысяч – з ЦД 2-га тыпу. Сярод усіх выпадкаў захворвання 93% складае цукровы дыябет 2-га тыпу.

Цукровы дыябет 2-га тыпу шмат у чым абумоўлены ладам жыцця (шкодныя звычкі, недахоп фізічнай актыўнасці і няправільнае харчаванне). І нават не прыём медыкаментаў, а змена ладу жыцця – адзін з галоўных фактараў лячэння і карэкцыі гэтага захворвання. Так, на думку экспертаў Міжнароднай федэрацыі дыябету, больш за 50% выпадкаў цукровага дыябету 2-га тыпу можна прадухіліць.

Не быць у хваробе адзінокім

Жыццё з любым хранічным захворваннем накладае адбітак на чалавека. Даводзіцца змяняць звыклае цячэнне жыцця і свае звычкі. Не выключэнне і цукровы дыябет: неабходна сачыць за вагой, ужываць больш здаровую ежу, займацца фізічнымі практыкаваннямі, рэгулярна рабіць ін'екцыі інсуліну або прымаць таблеткі, наведваць урача.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Важнасць сям'і пераацаніць немагчыма ў любой сітуацыі. Менавіта блізкія хворага на цукровы дыябет могуць аказаць тую дапамогу, якая яму так неабходная. Зменшыць пачуццё страху, невядомасці і расчаравання, якія часта суправаджаюць дыягназ, падтрымаць і не пакінуць сам-насам з хваробай.

Дарэчы, даследаванні паказалі, што людзі, якія не адзінокія і адчуваюць падтрымку блізкіх, лепей кіруюць дыябетам. Бо дапамога можа быць рознай. Напрыклад, хтосьці складзе кампанію падчас фізічных практыкаванняў або будзе прытрымлівацца такога ж плана харчавання, а можа проста стане спадарожнікам падчас візіту да ўрача. Менавіта з такіх невялікіх крокаў выбудоўваецца сістэма дапамогі людзям з цукровым дыябетам, дадала субяседніца.

Аб'яднаць намаганні

Цукровы дыябет – гэта не толькі пра лячэнне, гэта яшчэ і пра жыццё, упэўненая Ала Шапялькевіч. Менавіта таму неабходна аб'яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых (пацыентаў, іх блізкіх, медыцынскіх спецыялістаў) у дапамогу хворым на цукровы дыябет. Да гэтага прымеркаваная і акцыя, якая пройдзе 24 лістапада ў Мінску. Узяць удзел у мерапрыемстве могуць усе жадаючыя: тыя, хто сам сутыкнуўся з захворваннем, яго блізкія і родныя, або тыя, хто проста неабыякавы ці ў сілу сваёй прафесійнай дзейнасці аказвае дапамогу такім хворым.

У праграме мерапрыемства – выступленні спікераў, якія распавядуць пра сучасныя падыходы ў лячэнні цукровага дыябету, а таксама пра тое, як захаваць здароўе, нават калі дыягназ ужо пастаўлены. Асаблівая ўвага будзе нададзеная праблемам, якія могуць узнікнуць у выніку гэтага захворвання ў сталым узросце.

Акрамя гэтага, падчас мерапрыемства для іншых удзельнікаў будзе арганізаваная кансультацыя эндакрынолагаў. Спецыялісты таксама падзеляцца рэкамендацыямі па пытаннях планавання цяжарнасці.

Месца і час правядзення сустрэчы: Мінск, вул. Першамайская, 3а. Культурна-забаўляльны цэнтр «Сямейны клуб». Пачатак  24 лістапада ў 10.00. Арганізавалі акцыю ГА «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам» і БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм».

Калі сумняваецеся

Асноўныя сімптомы цукровага дыябету:

  • частае мочаспусканне;
  • парушэнне зроку;
  • страта вагі;
  • пастаянная смага;
  • сухасць у роце;
  • стамляльнасць;
  • высокае значэнне ўзроўню цукру ў крыві і глікіраванага гемаглабіну.

У норме ў здаровага чалавека ўзровень цукру ў крыві (аналіз выконваецца нашча) не павінен перавышаць значэння 5,5 ммоль/л. На працягу дня пасля ежы – 7,8ммоль/л. Норма для глікіраванага гемаглабіну – не вышэй за 5,7%.

Прычыны, якія могуць прывесці да развіцця захворвання:

Дарэчы, самастойна ацаніць сваю рызыку развіцця цукровага дыябету вы можаце тут.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 14

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».