Мы ўспрымаем чалавечае маўленне, як штосьці цалкам натуральнае, ва ўсіх сэнсах простае і зразумелае. Між тым, маўленне з'яўляецца інтэгральнай функцыяй для ўсёй псіхічнай дзейнасці чалавека, а яго станаўленне ўяўляе сабой складаны паэтапны працэс.
Развіццё маўлення ў дзіцяці пачынаецца фактычна з моманту яго з'яўлення на свет. Тое, наколькі гарманічна, эфектыўна і своечасова яно праходзіць, шмат у чым вызначае развіццё іншых, вербальна апасродкаваных псіхічных функцый: логікі, мыслення, увагі, памяці...
У чым яшчэ заключаецца важнасць маўлення для развіцця дзіцяці? Ці ёсць часавыя рамкі, калі малыш павінен вымавіць сваё першае слова? Якія моманты ў развіцці маўлення дзіцяці выклікаюць насцярожанасць і хто можа дапамагчы наладзіць працэс? Пра гэта і многае іншае запыталіся ў асістэнта кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА Алісы Кудлач.
Чаму правільнае развіццё маўлення – гэта важна?
Паводле тэорыі вядомага савецкага псіхолага Льва Выгоцкага, усе псіхічныя функцыі чалавека ўмоўна дзеляцца на элементарныя (ніжэйшыя) і вышэйшыя. Элементарныя псіхічныя функцыі – гэта базіс, з якім нараджаецца чалавек. Немаўля, якое толькі што нарадзілася, ужо здольнае да пэўнага прымітыўнага мыслення, элементарнай увагі, міжвольнага запамінання. Элементарныя псіхічныя функцыі захоўваюцца на працягу ўсяго жыцця і могуць выявіцца ў экстрэмальных жыццёвых сітуацыях, калі ўсё набытае адключаецца і пачынае працаваць прыроджанае.
А вышэйшыя псіхічныя функцыі – гэта якраз тое, што фарміруецца ў працэсе жыцця і з'яўляецца апасродкаваным. Да вышэйшых псіхічных функцый адносяцца:
- гнозіс (здольнасць да пазнавання і распазнавання);
- праксіс (здольнасць да складаных мэтанакіраваных дзеянняў);
- увага;
- памяць;
- мысленне;
- інтэлект.
І, безумоўна, маўленне – вуснае і пісьмовае.
— Аднак ужо з моманту першага кантакту з навакольным светам запускаецца працэс выбудоўвання і развіцця другой сігнальнай сістэмы, якая грунтуецца менавіта на маўленні. Немаўля на аснове элементарных псіхічных функцый пачынае ўспрымаць маўленне, развіваць, узнаўляць. Паступовае маўленчае развіццё ў дзіцяці ў сваю чаргу ўплывае на станаўленне іншых вышэйшых псіхічных функцый: логікі, мыслення, увагі, памяці. Яны з'яўляюцца вербальна апасродкаванымі. Некаторыя вучоныя кажуць, што назіраць за ростам і развіццём дзіцяці – усё роўна што назіраць за развіццём цэнтральнай нервовай сістэмы. І асабліва вышэйшай нервовай дзейнасці.
Нормы маўленчага развіцця дзяцей
Нагадаем, што развіццё маўлення дзіцяці пачынаецца з моманту яго нараджэння. Першая гукавая прадукцыя, якую выдае немаўля: плач, незадавальненне, крактанне, нават гукі пры смактанні, глытанні, кашлі, пазяханні – гэта і ёсць зародкі маўлення, трэніроўка маўленчага апарата.
Існуюць пэўныя этапы развіцця маўлення ў дзяцей першых гадоў жыцця: гуканне (гартанныя гукі ў адказ на маўленне дарослага), гуленне (спантанныя працяжныя галосныя), лепет (складовае спалучэнне галосных і зычных). Па меры таго, як расце дзіця, «расце» і яго маўленне, узбагачаючыся рознымі інтанацыямі, радамі складоў, разуменнем звернутага да яго маўлення, з'яўленнем асэнсаваных слоў, а затым і сказаў.
Што маецца на ўвазе пад першымі словамі? Не толькі самі словы, што і так зразумела. Гэта могуць быць пэўныя склада- альбо гукаспалучэнні, якімі дзіця пазначае канкрэтны прадмет, з'яву, чалавека, тлумачыць Аліса Кудлач. Калі дзіця кажа «ма» толькі на маму альбо «бі», але толькі на транспарт і ні на што больш – гэта словы. Калі да ўзросту ў паўтара года такіх гука- і складазлучэнняў няма, гэта падстава для пэўнага непакою. Для непакою, але не для панікі, падкрэслівае эксперт.
Калі і да якога ўрача звяртацца, калі дзіця маўчыць?
Калі трэба бацькам біць трывогу з нагоды маўленчага развіцця дзіцяці і да якога спецыяліста звяртацца?
Паколькі не існуе канкрэтных нормаў і тэрмінаў, калі і як дзіця павінна загаварыць, дык ісці на кансультацыю да спецыяліста можна і трэба, калі ў бацькоў ёсць хаця б нейкія сумневы адносна развіцця маўлення малыша альбо ім здаецца, што нешта пайшло не так, перакананая Аліса Кудлач.
Ёсць і іншы аспект праблемы. Развіццё вышэйшых псіхічных функцый, асабліва ў дзяцей малодшага ўзросту – гэта сфера інтарэсаў сумежных урачэбных спецыяльнасцяў. Па-добраму, парушэннямі развіцця маўлення дзяцей павінны займацца псіханеўралагі, паколькі размова ідзе пра нервова-псіхічнае развіццё дзіцяці, а псіхіка – частка цэнтральнай нервовай сістэмы. На жаль, такіх спецыялістаў у Беларусі не існуе. Ёсць псіхіятр і ёсць неўролаг. Адпаведна, калі перад бацькамі з'яўляецца падобны выбар, дык перш за ўсё яны ідуць да неўролага.
У мультыдысцыплінарную каманду могуць (і нават павінны!) уваходзіць наступныя ўрачы і спецыялісты:
- псіхіятр;
- неўролаг;
- рэабілітолаг;
- атарыналарынголаг. Успрыманне – першы этап маўленчага развіцця. Слыхавое ўспрыманне можа быць парушанае пры наяўнасці паталогій лор-органаў, што ў сваю чаргу будзе тармазіць развіццё маўлення;
- акуліст. Парушэнне зрокавага ўспрымання таксама негатыўна адбіваецца на псіхамаўленчым развіцці;
- педыятр. Калі ў дзіцяці ёсць цяжкія парушэнні страўнікава-кішэчнага тракта, паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы альбо іншае цяжкае саматычнае захворванне, гэта абавязкова акажа ўплыў на псіхамаўленчае развіццё дзіцяці нават пры цалкам захаваным галаўным і спінным мозгу;
- спецыялісты псіхолага-педагагічнага профілю: педагогі, псіхолагі, лагапеды, дэфектолагі, паводніцкія тэрапеўты.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by