Горад Бяроза ў Брэсцкай вобласці да 1940 года называўся Бяроза-Картузская. А ўпершыню згадваецца гэтае месца ў 1477 годзе. У гэтым матэрыяле паглядзім, якія гістарычныя помнікі ёсць у горадзе Бяроза, дзе можна зрабіць унікальныя фота і атрымаць асаблівы настрой падрожніка.
Разгледзім, якія гістарычныя помнікі і славутасці ёсць у горадзе Бяроза. Дарэчы, 15 ліпеня тут адсвяткавалі Дзень горада.
да зместуРуіны манастыра картузаў XVII стагоддзя
На Бярозаўшчыне ён больш вядомы пад назвай «кляштар» – у славянскія мовы гэтае слова прыйшло з нямецкага Kloster «манастыр, мясціна» (ад лац. claustrum «закрытае месца»).
Каталіцкі ордэн картузаў паходзіць з Францыі і адрозніваецца адным з самых суровых манастырскіх статутаў. Будаўніцтва яго ў Бярозе пачалося ў 1648 г. ва ўладаннях і па запрашэнні канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Будаўніцтва скончылася ў 1689 г.
XVII стагоддзе было часам бясконцых ваенных баталій, таму архітэктура кляштара мела абарончыя рысы: масіўныя сцены, знешняя сістэма равоў-валаў у форме «зоркі», вежы феадальнага замка.
Дзякуючы добрай спонсарскай дапамозе і ўмелай гаспадарчай дзейнасці Бярозаўская картузія стала адным з найбагацейшых манастыроў на тэрыторыі ВКЛ. Дарэчы, у Рэчы Паспалітай было ўсяго тры картузскія манастыры. Два іншыя знаходзіліся ў Парадзіжы і Гідле (сёння тэрыторыя Польшчы). У кляштары былі свая вялікая бібліятэка, аптэка, сад і агарод, манастыр утрымліваў школу для мясцовых дзяцей.
У красавіку 1706 года падчас Паўночнай вайны ў манастыры два дні знаходзіўся Карл XII — заехаў пагасціць і адпачыць ва ўладанні сваіх саюзнікаў Сапегаў. Пасля паўстання 1830-31 гг. манастыр быў зачынены, а ў другой палове 1860-х гг. значная частка пабудоў састарэлай картузіі была разабрана.
Пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыю кляштара займала савецкая воінская часць. У 1990-я гады руіны манастыра ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як помнік архітэктуры барока.
У двутысячныя гады тут была адрэстаўравана ўязная брама ў кляштар, яна ж намалявана на сучасным гербе Бярозы. З часткова захаваных аб'ектаў засталася ніжняя частка званіцы манастырскага касцёла Святога Крыжа, манастырскія сцены, гаспадарчыя пабудовы, палац Сапегаў, дзве кутнія вежы.
да зместуПомнік на захаванні Сапегаў
Сапежынская стэла над адзіным у Беларусі пахаваннем членаў гэтага прозвішча, знаходзіцца яна на старых каталіцкіх могілках Бярозы ля руін кляштара картузаў.
У 1869 годзе пры разборцы кляштарнага касцёла астанкі Сапегаў былі перанесены з крыптаў на могілкі побач. Род Сапегаў быў адным з самых уплывовых у Вялікім княстве Літоўскім. Яго прадстаўнікі займалі вышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады, з'яўляліся мецэнатамі культуры, мастацтва, адукацыі, рэлігійнага жыцця.
Над месцам пахавання была ўзведзена трохкутная стэла. За сваю доўгую гісторыю яна сур'ёзна разбураная ад часу. Але ў 2018 годзе намаганнямі мясцовых краязнаўцаў пры дапамозе партнёраў з Польшчы была адноўлена. На месцы згубленых металічных памятных таблічак рэстаўратарамі былі выраблены гранітныя дошкі з указаннямі ўсіх 17 пахаваных тут Сапегаў на беларускай і польскай мовах.
да зместуЧырвоныя казармы
Пабудаваны яны былі ў 1894 – 1898 гадах для размяшчэння частак Расійскай імператарскай арміі.
У 1915 - 1918 гадах у іх знаходзіўся нямецкі ваенны шпіталь. Затым у часы другой Рэчы Паспалітай казармы зноў выкарыстоўваліся па прамым прызначэнні — для польскага войска.
Але з чэрвеня 1934 г. па 17 верасня 1939 года ў іх дзейнічаў сумна вядомы канцэнтрацыйны лагер «Картуз-Бяроза».
Канцлагер адрозніваўся жорсткасцю рэжыму ў разліку на фізічнае і псіхалагічнае прыгнечанне вязняў. Дакладная колькасць зняволеных, якія прайшлі праз лагер за час яго існавання, невядома. Але гісторыкамі ацэньваецца ў некалькі тысяч чалавек.
Цяпер адзін будынак Чырвоных казармаў працуе ў якасці гандлёвага цэнтра, у іншым знаходзяцца Дзіцяча-юнацкі спартыўна-эстэтычны цэнтр, філіял Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея «Галерэя мастацтваў», Раённы цэнтр рамёстваў і іншыя ўстановы.
У пасляваенны час непадалёк ад Чырвоных казармаў быў усталяваны невялікі абеліск у памяць аб вязнях канцлагера. У 2021 г. яго рэканструявалі і стварылі мемарыял. А ў «Галерэі мастацтваў» адкрылі тэматычную музейную экспазіцыю.
да зместуСвята-Петра-Паўлаўская праваслаўная царква
Царква была ўзведзена ў 1775 годзе як уніяцкая, першапачаткова была драўляная і з адным купалам. У другой палове 1860-х перабудавана ў каменную «мураўёўку». У такім выглядзе царква праіснавала да 1995 года. У 1996 годзе была радыкальна перабудавана. Колькасць купалоў павялічана з двух да 13-і (сімвалізуюць Хрыста і 12 апосталаў). А вышыня званіцы з 21 метраў «вырасла» да 37-мі
Сёння ў храме праводзіцца поўнае гадавое кола богаслужэнняў. Пры царкве дзейнічаюць праваслаўнае маладзёжнае брацтва, гурток царкоўнай творчасці, праходзяць рэпетыцыі хору.
У царквы ёсць маленькія могілкі з цікавымі помнікамі канца XIX - першай паловы XX стагоддзяў
да зместуЦэнтр рамёстваў
Тут можна пазнаёміцца з традыцыйнымі для Беларусі тэхналогіямі ткацтва — ёсць некалькі арыгінальных станкоў у працоўным стане. Таксама тут нараджаюцца вырабы з дрэва. «Шчэпавая птушка» з асіны ўжо стала сімвалам Бярозы і ўключана ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Нашы продкі яшчэ ў 19 стагоддзі выкарыстоўвалі такіх птушачак як цацкі для немаўлят і як абярэгі ў доме.
да зместуКраязнаўчы музей
Музей размешчаны ў гістарычным будынку 1920-х гадоў. Гэта першая пабудова ў стылі канструктывізму ў Бярозе. Мясцовыя жыхары, здзіўленыя незвычайнай для таго часу канструкцыяй будынка, назвалі яго «дом без даху». Да вайны дом належаў яўрэйскаму гандляру. Цяпер тут знаходзіцца гісторыка-краязнаўчы музей.
Асноўныя экспазіцыі музея расказваюць пра гісторыю Бярозы, пачынаючы з першабытна-абшчыннага ладу да 17-га стагоддзя і з 17-га па сённяшні дзень. У музеі 21 калекцыя, у якіх захоўваюцца рэдкія экспанаты, напрыклад, такія як скарб манет Вялікага Літоўскага Княства, Георгіеўскія крыжы і медалі, кій з рэйхстага.
Музей праводзіць як аглядныя, так і тэматычныя экскурсіі.
да зместуПомнік вяртлявай чарацянцы
Гэтая мініятурная птушачка-чырвонакніжніца з'яўляецца сімвалам заказніка Спораўскі. У Еўропе засталося зусім няшмат месцаў, дзе яна жыве, і пойма ракі Ясельда на Бярозаўшчыне — адно з такіх. Некалькі гадоў таму вандалы выламалі з помніка постаць птушкі, што толькі пацвярджае яе папулярнасць у насельніцтва. Але мясцовы каваль выкаваў новую чарацянку і аднавіў цэласнасць помніка.
да зместуДухоўна-патрыятычны комплекс
У 1990-я ў Старадаўнім парку горада быў усталяваны помнік у памяць дзесяці хлопцаў Бярозаўскага раёна, якія загінулі на вайне ў Афганістане. На 15-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Аўганістана ў лютым 2004 года на гэтым месцы пачалося будаўніцтва цэлага комплексу. Сёння ён складаецца з храма Міхала Арханёла, помніка-капліцы, фантана «Чаша слёз».
Дамінантай комплексу з'яўляецца пяцікупальны храм вышынёй 38 метраў у гонар Арханёла Міхаіла ў памяць аб воінах, якія загінулі ў Афганістане. На яго ніжнім узроўні знаходзіцца крыптавы храм у гонар святога пакутніка Сергія Фларынскага. Сергій Фларынскі быў палкавым святаром 151-га Пяцігорскага пяхотнага палка, які на пачатку ХХ стагоддзя размяшчаўся ў Бярозе ў Чырвоных казармах. У храме Міхала Арханёла ёсць абраз святога пакутніка Сергія Фларынскага, напісаны ў 2009 годзе, з часцінкай яго мошчаў.
Фантан «Чаша слёз» зверху падобны на кветку: у яго цэнтры вялікая чара і па баках чатыры малыя. Вышыня фантана — больш за пяць метраў, дыяметр — каля 20-ці. З яго б'юць 47 бруй, якія ў залежнасці ад налады могуць падымацца на вышыню ад 0,5 да 3 метраў. Асабліва прыгожы фантан у вячэрні час, калі ўключаецца падсвятленне.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by