22.04.2019
22.04.2019

Чарка болю на стале. Алкагольная хвароба печані

logo
Хваробы ад А да Я
0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Любая доза алкаголю аказвае на арганізм чалавека адмоўнае ўздзеянне. Зусім нядаўна ў гэтым пытанні была пастаўлена канчатковая кропка. Этанол уплывае на работу мозга, сэрца, нырак, страўніка... Але асноўны ўдар прымае на сябе печань.

Менавіта тут метабалізуецца 90% (а па некаторых дадзеных да 98%) выпітага алкаголю. Чым большая доза, тым вышэйшая нагрузка на орган. Дэструктыўныя змены, якія ў ім адбываюцца, на фоне частага і працяглага піцця ў канчатковым выніку прыводзяць да алкагольнай хваробы печані (АХП). Па дадзеных спецыялістаў, кожны другі чалавек, які злоўжывае алкаголем, мае ў анамнэзе гэтае захворванне на розных стадыях развіцця: стэатоз, гепатыт або цыроз.

Пра прычыны і следствы алкагольнай хваробы печані наша гутарка з экспертамі: дацэнтамі кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аленай Адаменка і Вольгай Жарскай, а таксама аспірантам кафедры Таццянай Сталяровай.

Стадыі алкагольнай хваробы печані

алкагольная хвароба печані

Ніводны вядомы чалавецтву харчовы прадукт не наносіць такой шкоды печані, як алкаголь.

Нароўні з вірусамі ён з'яўляецца адной з асноўных прычын захворванняў жыццёва важнага органа. Нездарма АХП выдзелена ў асобную назалагічную форму.

Вылучаюць тры асноўныя стадыі развіцця хваробы: стэатоз (ранейшая назва – тлушчавы гепатоз або тлушчавая печань), гепатыт і цыроз.

Спачатку ў чалавека, які шмат, часта і на працягу доўгага часу ўжывае алкаголь, развіваецца стэатоз (адбываецца перараджэнне клетак печані ў тлушчавыя – адсюль і назва «тлушчавая печань»). Калі чалавек не кідае піць, паступова развіваецца алкагольны гепатыт – хранічны запаленчы працэс пад уздзеяннем таксічнага паражэння печані этанолам. Наступны этап пры ўмове далейшага ўжывання – цыроз. Г.зн. поўнае змяненне структуры печані, якое характарызуецца выяўленым фіброзам (разрастаннем злучальнай тканкі, рубцамі), некроз клетак печані.

Сярод тых, хто злоўжывае спіртным, стэатоз сустракаецца больш чым у 90% выпадкаў, гепатыт  – ад 10% да 35%, цыроз – ад 10% да 20%. Такія дадзеныя Амерыканскай калегіі гастраэнтэролагаў па лячэнні алкагольнай хваробы печані.

Прычыны і фактары рызыкі

Прычына алкагольнай хваробы печані ўсяго адна, і яна відавочная – алкаголь. У тых, хто ніколі і ні ў якім разе не ўжывае спіртное, гарантаваны «імунітэт» ад хваробы.

 
Вольга Жарская
Дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА
Па дадзеных СААЗ, ужыванне алкаголю ацэньваецца ў дозах з малой, сярэдняй і высокай рызыкай шкоды для здароўя. Чым большая доза, тым вышэйшая рызыка мець неспрыяльныя наступствы. Небяспечным лічыцца штодзённае ўжыванне алкаголю больш за 2 стандартныя дозы для жанчын, больш за 4 – для мужчын.

Падрабязней пра тое, што лічыць менш і больш небяспечным ужываннем, вы можаце прачытаць тут.

Акрамя доз, асноўнае значэнне ў фарміраванні хваробы маюць таксама наступныя фактары:

  • частата і бесперапыннасць ужывання;
  • працягласць ужывання;
  • генетычная схільнасць;
  • індывідуальныя асаблівасці (пол, узрост, стан здароўя і г.д.).
 
Таццяна Сталярова
Аспірант кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА
Усе мы розныя. І на алкаголь арганізм кожнага з нас рэагуе таксама па-рознаму. Але ў любым выпадку алкагольная хвароба печані не развіваецца за адзін дзень. Каб давесці сябе да хваравітага стану, спатрэбяцца гады – у сярэднім, гадоў 7 пастаяннага і частага ўжывання алкаголю. Але гэта не значыць, што ўвесь гэты час можна піць спакойна, не баючыся за сваё здароўе.
 
Вольга Жарская
Дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА
Этанол пашкоджвае не толькі печань. Алкагольная кардыяміяпатыя – біч большасці пітушчых людзей. Рак печані, глоткі, стрававода часцей бывае пры злоўжыванні алкаголем. Не кажучы ўжо пра парушэнні сэксуальнай функцыі, страту здольнасці да дзетанараджэння. Асабліва згубна адбіваецца спіртное на здароўі жанчын. Негатыўныя наступствы злоўжывання ў іх выяўляюцца ў разы хутчэй.
Алена Адаменка
Дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА
Існуе памылковае меркаванне, што алкагольная хвароба печані – дыягназ людзей, залежных ад алкаголю. Гэта не зусім так. Не абавязкова адчуваць хваравітую псіхалагічную і фізічную цягу да ўжывання спіртнога (што характарызуе алкагольную залежнасць), каб мець алкагольную хваробу печані. Хранічныя саматычныя захворванні, і тым больш любая іншая паталогія печані (напрыклад, вірусны гепатыт), парушэнні метабалізму, прыём некаторых лекавых прэпаратаў на фоне злоўжывання спіртным – гэта ўсё паскарае і пагаршае развіццё паталагічных працэсаў печані. Чым больш абцяжарвальных фактараў, тым імклівей надыходзіць хвароба.

Сімптомы алкагольнай хваробы печані

Алкагольная хвароба печані каварная тым, што ў большасці выпадкаў яна працякае бессімптомна, кажуць эксперты. Нават цыроз печані на пачатковай стадыі (а гэта, нагадаем, крайняя ступень паражэння органа) ў 80% выпадкаў ніяк сябе не выдае і не прыцягвае ўвагу ні пацыента, ні ўрача. Як правіла, усе сімптомы відавочныя, калі хвароба пераходзіць у дэкампенсаваную форму (незваротны працэс): павелічэнне печані, жаўтуха, млоснасць і ваніты, выяўлены боль у правым падрабрынні.

Звярніцеся да ўрача, калі на фоне частага ўжывання алкаголю вы пачалі заўважаць у сябе:

  • прыступы млоснасці;
  • слабасць і хуткую стамляльнасць;
  • павышэнне тэмпературы;
  • пачашчанае сэрцабіцце;
  • страту вагі;
  • дыскамфорт у правым падрабрынні.

Страціць крышачку свайго гонару, калі высветліцца, што гэта ўсяго толькі цяжкае пахмелле, нішто ў параўнанні з тым, каб страціць печань. Не варта чакаць, калі ў адну далёка не цудоўную раніцу замест звыклага адлюстравання ў люстэрку вы ўбачыце нязвыкла жоўты твар.

Лячэнне хваробы

Асноўны метад лячэння алкагольнай хваробы печані – ухіленне пашкоджвальнага фактару. Прасцей кажучы, поўная адмова ад ужывання алкаголю. Ні гепатапратэктары, ні падтрымліваючая тэрапія, ні нават трансплантацыя органа не гарантуюць акрыяння, калі цалкам не выключыць спіртное са свайго жыцця.

Алена Адаменка
Дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА
Печань – дзівосны орган. У яе ёсць унікальная здольнасць да рэгенерацыі, самааднаўлення. Калі цалкам спыніць ужыванне алкаголю на стадыі стэатозу, пячоначныя клеткі адновяцца самі. Нават на пачатковай стадыі фіброзу (цырозу) яна яшчэ можа рэгенераваць і аднавіць ранейшыя функцыі. Колькі часу для гэтага спатрэбіцца, сказаць складана. Шмат што залежыць ад стану печані да хваробы і ад стану здароўя чалавека ў цэлым. Адно можна сказаць напэўна: «падлячыць» печань, каб зноў піць гадамі, дакладна не атрымаецца.

Падымаючы чарговы тост «за здароўе», ёсць нагода падумаць пра тое, што знутры і цішком гэты самы «аздараўленчы» глыток адначасова б'е па ўсіх органах. Бо калі яны абвесцяць пра сваю капітуляцыю, думаць, магчыма, будзе занадта позна.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 40

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хваробы ад А да Я"