Для айчыннай сістэмы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення мінулы 2019 год стаўся сапраўды знакавым. Упершыню беларускім санаторыям, здраўніцам, загарадным базам адпачынку і лагерам перавагу аддала рэкордная колькасць людзей, якія жадаюць добра адпачыць і паправіць здароўе, – амаль 1,4 мільёна чалавек. Паводле ацэнак экспертаў, попыт на адпачынак па-беларуску будзе расці і далей. Так што найлепшы час, каб паклапаціцца пра пуцёўку ў санаторый, ужо надышоў.
Пра тое, якія санаторыі ўваходзяць у топ лепшых, якімі эксклюзіўнымі паслугамі гатовыя здзіўляць спрактыкаванага спажыўца нашы здраўніцы, пра кошт пуцёвак ды многае іншае журналіст Слушна даведалася ад дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзя Балбатоўскага.
Лячэнне і адпачынак у Беларусі
Якія санаторыі найбольш запатрабаваныя
Традыцыйна найбольшым попытам карыстаюцца санаторыі вышэйшай і першай катэгорыі. Тут бездакорная матэрыяльна-тэхнічная база і шырокі спектр найноўшых аздараўленчых паслуг. Да іх, напрыклад, адносяцца санаторыі «Юнацтва», «Баравое», «Сосны», «Альфа Радон», «Пліса» ды іншыя.
Існуючая градацыя коштаў дазваляе задаволіць запыты аздараўленчых паслуг, улічваючы фінансавыя магчымасці спажыўца. Так, у 2019 годзе сярэдні кошт пуцёўкі ў вольнай рэалізацыі на аднаго чалавека за стандартны двухмесны нумар склаў 57 рублёў 60 капеек у суткі.
Усе краіны ў госці да нас
На працягу апошніх 5 гадоў прыкладна 40% пуцёвак, якія паступаюць у вольную рэалізацыю, набываюць замежныя грамадзяне. Напрыклад, з 495 тысяч «вольных» пуцёвак у мінулым годзе 242,5 тысячы выкупілі жыхары замежных краінаў (у 2018-м – на 10 тысяч менш). Па словах Генадзя Балбатоўскага, цяперашняя лічба – таксама свайго роду рэкорд з моманту рэформы сістэмы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, якая адбылася ў 2006 годзе. Тады колькасць замежнікаў, якія адпачывалі ў санаторыях Беларусі, за ўвесь год не дацягвала нават да 20 тысяч...
Асаблівым попытам нашы санаторыі карыстаюцца ў расіянаў. Па выніках мінулага года, больш за 80% тых прыезжых, хто адпачыў і аздаравіўся ў нас, былі менавіта з Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым штогод доля гасцей з Расіі памяншаецца, а доля жыхароў іншых краінаў блізкага і далёкага замежжа, наадварот, павялічваецца.
Стаўка на ўнікальнасць аздараўленчых працэдур
Каб заставацца паўнавартасным гульцом на рынку санаторна-курортных і аздараўленчых паслуг, нашы санаторыі пастаянна асвойваюць новыя напрамкі і пашыраюць спектр працэдур, падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. Пры гэтым усё больш стаўка робіцца на выкарыстанне лячэбных фактараў прыроднага патэнцыялу Беларусі: мінеральнай вады і лячэбных гразяў.
На тэрыторыі беларускіх здраўніц функцыянуе больш за 90 лячэбных свідравінаў з мінеральнай вадой. Яны адрозніваюцца па сваім хімічным складзе, адпаведна, у іх розны лячэбны эфект.
Як паказвае вопыт, вельмі запатрабаваны сёння сярод спажыўцоў накірунак нетрадыцыйнай медыцыны: гірудатэрапія, ігларэфлексатэрапія і інш. І нашы санаторыі з поспехам яго асвойваюць, а спецыялісты мэтанакіравана праходзяць навучанне на базе Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Зрэшты, любы беларускі прадукт, няхай гэта будзе ежа, адзенне альбо адпачынак, – заўсёды сінонім высокай якасці. Спажыўца, які галасуе рублём, не падманеш.
У санаторыі «Юнацтва», напрыклад, на летні сезон ужо забраніраваныя ўсе нумары і даты. Каб трапіць улетку ў іншыя санаторыі, варта паспяшацца ўжо зараз.
Фота эксперта – Валянціна Мохар.
https://bel.24health.by/kuda-poexat-v-otpusk-osenyu/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by