02.06.2017
02.06.2017

Непрыемна пазнаёміцца: эйджызм

logo
Здароўе дарослых
0 80
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У экзатычнага паняцця "эйджызм” (ад англ. Ageism, age — узрост), якому ўпершыню даў дакладнае вызначэнне дырэктар нацыянальнага інстытута старэння ЗША Роберт Н. Батлер у 1969 годзе, глыбокія карані. Куды больш глыбокія, чым філасофскі канфлікт бацькоў і дзяцей з аднайменнага Тургенеўскага рамана, у якім поўна і ярка апісана з'ява эйджызму як непрымання і дыскрымінацыі аднаго пакалення іншым.

У рэальным жыцці прыніжэнне асобасных якасцей і здольнасцей чалавека толькі з прычыны яго ўзросту выяўляецца даволі прымітыўна і ў той жа час вычарпальна: маладыя яшчэ не здольныя, старыя — ужо не здольныя.

Узрост як перашкода. Дыскрымінацыя тых, каму за...

Першапачаткова галоўным аб'ектам эйджызму былі людзі сталага ўзросту. Стэрэатыпы і прадузятыя меркаванні ў дачыненні да старасці, як перыяду, пазбаўленага радасці і фарбаў жыцця, напоўненага хваробамі і немаччу, аўтаматычна клаліся на тых, хто ўжо пераступіў «рысу незвароту». Успомніце гераіню Веры Алентавай у «Масква слязам не верыць» з яе безапеляцыйным: «Нууу, пасля 40-ка я буду зусім бабулькай...» Не аўтарытэт кіношны вобраз? Тады вазьміце старую-працэнтшчыцу са «Злачынства і пакарання» Дастаеўскага. «Старой», між іншым, было толькі 42 гады! Ды і мужу Ганны Карэнінай у пачатку рамана ўсяго 46, але яго вобраз з лёгкай рукі класіка нязменна асацыіруецца са старасцю...

Стэрэатыпы не складаюцца ў адзін момант. Можа, Аляксей Карэнін і быў «старым» па ўзросце, улічваючы, што сярэдняя працягласць жыцця яго сучаснікаў балансавала на мяжы 40 гадоў. Але за апошняе стагоддзе мужчыны і жанчыны сталі жыць ці не ўдвая даўжэй за сваіх прадзедаў, а перадузятасць засталася ранейшай. І асабліва ярка праяўляюцца ў дачыненні да тых, каму за 50, 60, 70...

У Беларусі чвэрць насельніцтва — 24,8% — гэта людзі старэйшыя за працаздольны ўзрост. Звесткі прадстаўленыя на пачатак 2016 года, адпаведна статыстыка вялася ў дачыненні да мужчын ва ўзросце 60+ і жанчын 55+.

Два кіты эйджызму

Прынята лічыць, што эйджызм грунтуецца на двух асноўных фактарах.

Фактар 1. Сацыяльны

Сучасны свет дынамічны і манетызаваны. Маральныя каштоўнасці адчайна супраціўляюцца, але часта прайграюць матэрыяльнаму дабрабыту. Прадуктыўнасць і вынік — вось, што мае значэнне для дасягнення поспеху і дабрабыту. У такім кантэксце людзі старэйшыя за 50 стэрэатыпна ўспрымаюцца як адпрацаваны рэсурс, яны апрыёры не ідуць у нагу з часам, не схільныя да далейшага развіцця і ўдасканалення. У сацыяльным фактары эйджызму кіруе прынцып: маладыя    — лепш, старыя — горш.

Асабліва ярка гэта праяўляецца ў адборы кадраў на вакантнае месца. Пераважная большасць працадаўцаў зніжаюць узроставую планку для кандыдатаў на месца да 35 гадоў. У разлік не бяруцца ні досвед, ні ранейшыя заслугі. Выключна пашпартны ўзрост. Як быццам у 36 спецыяліст ужо ні на што не прыдатны ...

Становішча жанчын яшчэ слабейшае і акрамя ўзроставага цэнзу пагаршаецца наяўнасцю дзяцей. Перадузятасць працадаўцы з нагоды частых бальнічных, немагчымасці цалкам аддавацца прафесійнай дзейнасці з прычыны «размытасці» інтарэсаў робіць жанчын ледзь не аўтсайдэрамі на сучасным рынку працы.

Фактар 2. Псіхалагічны

Беспадстаўны страх уласнай старасці і, як вынік, поўнае дыстанцыяванне і непрыязнасць да пажылых людзей — адна з асноўных перадумоў узнікнення эйджызму. У псіхіятрыі існуе такое паняцце як герантафобія (або гераскафобія), у перакладзе са старажытна-грэчаскай гэта азначае літаральна «страх старых». Засмучэнне псіхікі выяўляецца ў беспадстаўным страху перад старасцю і смерцю, жаданні пазбегнуць натуральнага фізіялагічнага старэння любымі спосабамі, нават за кошт пластычных аперацый. А таксама ў вельмі негатыўным стаўленні да старых, як увасаблення немачы, хваробаў...

З пункту гледжаньня маладых, жыццё заканчваецца там, дзе на іх думку, заканчваецца маладосць. Пасля 40, 50, 60 ... У тым жыцці няма кар'ернага росту і прафесійнай рэалізацыі, пачуццяў і сэксу, цікавых сустрэч і інтэлектуальнага развіцця.

У 2013 годзе ў спецыялізаваным выданні «Герантолог» было апублікавана даследаванне, праведзенае на падставе дадзеных сацыяльнай сеткі Facebook. Прадметам вывучэння спецыялістаў сталі 84 тэматычныя групы, што так ці іначай датычаць пажылых людзей. Аказалася, пераважная большасць суполак ствараліся карыстальнікамі не старэйшымі за 30 гадоў, 75% былі нацэлены на крытыку пажылых, удзельнікі амаль 40% груп выступалі за адхіленне людзей старэйшага ўзросту ад занятасці ў розных сферах: як прафесійных, так і сацыяльных (напрыклад, кіраванне аўтамабіля).

Маладосць vs Сталасць. Хто каго?

У сучасным свеце і без таго пачварны па сваёй сутнасці эйджызм паступова прымае яшчэ больш вычварныя формы. Усё больш на слыху ўзроставая дыскрымінацыя не толькі людзей старэйшага ўзросту, але і моладзі. Шпількі ляцяць у абодвух напрамках. Маладыя крытычна настроены супраць пажылых, пажылыя скептычна ставяцца да маладых.

Я, на шчасце ці на жаль, знаходжуся ў тым узросце, калі яшчэ не дасягнула мэтавай аўдыторыі для герантафобаў, але ўжо перасягнула ўзроставую рысу, за якой можна менш баяцца абвінавачванняў у маральнай і сацыяльнай няспеласці. Мне за 30, але няма 40. Дзеля цікавасці папрасіла сваіх знаёмых аднагодкаў выбудаваць асацыятыўны шэраг, які характарызаваў бы стаўленне моладзі да старых і наадварот. І вось, што атрымала адпаведна. «Салага» — «Стары пень». «Яшчэ не дарос» — «Сваё ўжо аджыў». «Малако на вуснах не абсохла» — «Ды колькі тым старым трэба...» Варта працягваць?

Не, гэта не азначае, што вакол мяне адны прыхільнікі эйджызму (больш за тое, шмат каго гэты тэрмін паставіў у тупік). Гэта сведчыць пра тое, што эйджызм сам па сабе ў рознай ступені жыве ў кожным. І гэта не тое, чым варта ганарыцца. Мы самі праводзім межы і ўзводзім сцены, пагаршаем ўзаемную ўзроставую дыскрымінацыю, дэманстратыўна акрэсліваючы тэрыторыю, куды «іншым» уваход забаронены. Глядзіце: «Вечар танцаў для тых, каму за 50...»; «У нас малады, дынамічны калектыў!»; «Сябар пенсіянера»... Спецыяльна абсталяваныя месцы для пажылых людзей у грамадскім транспарце — гэта таксама зернейка ў глебу эйджызма. Ці даўно было, калі месца старэйшым саступалі з ветлівасці і павагі? Зараз — усё больш па патрабаванні з сатысфакцыяй.

Ці трэба змагацца з узростам?

Эйджызм, па сутнасці, асуджаны. Пацвярджэннем таму — працягласць жыцця насельніцтва, якая расце дзякуючы пастаяннаму павышэнню якасці жыцця і высокаэфектыўнаму медыцынскаму абслугоўванню. Толькі ў Беларусі, напрыклад, сярэдняя працягласць жыцця на працягу апошняга 10-годдзя штогод павялічваецца на 6 месяцаў.

У сувязі са значным павелічэннем працягласці жыцця СААЗ нават перагледзела ўзроставыя нормы. Сучасная класіфікацыя цяпер выглядае наступным чынам:

  • ад 25 гадоў да 44-х — малады ўзрост;
  • ад 44 да 60 — сярэдні ўзрост;
  • ад 60 да 75 — пажылы ўзрост;
  • і толькі пасля 75 гадоў умоўна пачынаецца старасць;
  • пасля 90 — доўгажыхары.

Кардынальныя змены апошніх 20 гадоў адбыліся і ў сацыяльных устаноўках. Цяпер не актуальна, як гэта было раней, выходзіць замуж ледзь не з-за школьнай парты. Нашы сучаснікі скіраваныя на тое, каб атрымліваць адукацыю да 30, а толькі потым ствараць сем'і, нараджаць і выхоўваць дзяцей, будаваць кар'еру і дамагацца поспехаў у сваёй сферы. Рамкі перыяду сацыяльнай і грамадскай актыўнасці расцягваюцца не тое што на гады — на дзесяцігоддзі. Такім чынам, падсвядома мы гатовыя да паспяховага, актыўнага і насычанага жыцця далёка за межамі 50–60-гадовага ўзросту. Гэтыя змены характэрныя для большасці краін свету.

Адным з ключавых момантаў у ліквідацыі праяў узроставай дыскрымінацыі з'яўляецца дзяржаўная палітыка. Занадта павярхоўна і недальнабачна было б расцэньваць павелічэнне працаздольнага ўзросту толькі як спосаб вырашэння эканамічных пытанняў. Гэта, калі хочаце, адзін з базавых фактараў, якія спрыяюць доўгатэрміновай запатрабаванасці, а значыць, актыўнасці насельніцтва, маральнай і матэрыяльнай незалежнасці.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя, прааналізаваўшы шэраг даследаванняў, прыйшла да высновы, што людзі, якія перадузята і з негатывам ставяцца да старасці, самі ў сярэднім жывуць на 7,5 гады менш за тых, хто мае станоўчыя ўстаноўкі.

«Нам столькі гадоў, на колькі мы сябе адчуваем». Гэтая вядомая фраза, мабыць, адзіная эфектыўная зброя супраць узроставай дыскрымінацыі. Калі чалавек не ў сілах супрацьстаяць біялагічнаму старэнню, то псіхалагічнае і сацыяльнае залежаць у большай ступені толькі ад яго.

Лічбы ў пашпарце — гэта толькі лічбы, калі чалавек гэткі ж актыўны, працягвае працаваць, імкнецца вучыцца і спазнаваць новае, не хваліцца ўзростам і здольны прыняць параду і дапамогу нават ад таго, хто значна маладзейшы, ці, наадварот, старэйшы за яго самога.

Узаемапавага і пазітыўны настрой, як бы банальна гэта ні гучала, — верны шлях да таго, каб як мага даўжэй заставацца ў страі і на кані.

Зацыкленасць на эйджызме не толькі негатыўна адбіваецца на ўласнай самаацэнцы, але і зніжае прадуктыўнасць дзейнасці чалавека, спрыяе назапашванню стрэсаў, што ў канчатковым выніку ўплывае на працу сардэчна-сасудзістай сістэмы.

«Маст хэв» для ліквідацыі ўзроставай дыскрымінацыі:

  • як мага даўжэй працуйце, калі занятасць прыносіць вам асалоду і задавальненне ад выніку сваёй працы;
  • не пераставайце вучыцца. Ёсць мноства навучальных курсаў, дзе не абмяжоўваюць узрост вучняў: кампьютарная грамата, урокі кройкі і шыцця, цырульная справа, мастацтва макіяжу і інш. Гэта дазволіць вам не толькі не выпасці з абоймы, але і ў выпадку чаго можа стаць добрай крыніцай прыбытку;
  • знайдзіце занятак па душы, хобі: танцы, вышыўка, бісерапляценне. Ды што заўгодна — абы ў радасць;
  • заставайцеся фізічна актыўнымі: ранішняя прабежка, плаванне ў басейне, язда на ровары і нават кароткая гімнастыка прывядуць мышцы у тонус, а вас — у бадзёры стан;
  • даглядайце сябе. Сталасць — не падстава адмаўляцца ад касметыкі, прыгожай і моднай вопраткі. Памятайце, дзеці і ўнукі глядзяць на вас, нават калі не падаюць выгляду. Будзьце для іх увасабленнем прыгожай і высакароднай сталасці;
  • закахаецеся і ўсміхайцеся. Нішто не робіць нас такімі маладымі, як шчасце, выпраменьванае знутры.

Яны гэта зрабілі!

На самай справе пераступіць час і зламаць стэрэатыпы атрымалася ў велізарнай колькасці людзей. Яны — сапраўднае пацверджанне таму, што не ўзрост вызначае чалавека. Вось толькі нешматлікія з тых, чые імёны прагрымелі на ўвесь свет:

  • Рэй Крок, заснавальнік сеткі рэстаранаў хуткага харчавання McDonald,s. Да 52 гадоў цярпеў няўдачы ў бізнэсе, пакутаваў на дыябет і артрозы. Каб развіць сетку сваіх рэстаранаў, ён заклаў дом і... перамог.
  • Генры Форд заснаваў сваю аўтамабільную кампанію ў 40-гадовым узросце, а праз 5 гадоў заняў лідзіруючыя пазіцыі ў аўтамабільнай індустрыі.
  • Роберт Кійосакі, аўтар бэстсэлера «Бедны тата, Багаты тата», дамогся поспеху ў 47 гадоў, пасля таго, як апублікаваў сваю знакамітую кнігу.
  • Уладзімір Зельдзін, таленавіты расійскі акцёр, заставаўся ў прафесіі і выходзіў на тэатральную сцэну нават пасля таго, як адсвяткаваў 100-гадовы юбілей.
  • Расіянка Яўгенія Сцяпанава прафесійна занялася скачкамі ў ваду з вышкі ў 60-гадовым узросце і на працягу 15 гадоў атрымала мноства перамог на міжнародных спаборніцтвах.

Ёсць прарокі ў сваёй Айчыне

  • Алег Навіцкі, трэці касманаўт беларускага паходжання, які здзейсніў палёт у космас. 23 кастрычніка 2012 года стартаваў касмічны карабель «Саюз ТМА-06М», экіпаж якога ўзначаліў наш зямляк. На той момант Навіцкаму споўніўся 41 год і гэта быў яго першы палёт у космас.
  • У вялікае кіно ва ўзросце 40 гадоў прыйшла Галіна Макарава, драматычная актрыса выключнай глыбіні. Па-сапраўднаму вядомай яна стала пасля фільма Сяргея Мікаэляна «Удовы», які выйшаў на вялікія экраны ў 1976 годзе. Макаравай тады было 57 гадоў. Усе самыя яркія і запамінальныя ролі актрыса сыграла ў даволі сталым узросце.
  • Надзея Радзівановіч, з палескага горада Лунінец, былая загадчыца раённай бібліятэкі, стварае дзівосныя і ўнікальныя вырабы з... макароны. Яна праславілася на ўсю краіну, калі вырабіла з незвычайнага матэрыялу макет Нацыянальнай бібліятэкі і атрымала дыплом 1 ступені на Рэспубліканскім творчым конкурсе “Сам сабе мастак".

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 80

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».