Ужо 32 урачэбныя брыгады Гродзенскай абласной станцыі хуткай меддапамогі маюць магчымасць аператыўна ўносіць дадзеныя аб пацыентах з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі і адразу ж абменьвацца імі са стацыянарам. З 2019 года ў вобласці рэалізуецца сацыяльная ініцыятыва Heart team.
Кампанія А1 працягнула падтрымку праекта і перадала гродзенскім медыкам 35 SIM-карт з безлімітным доступам у інтэрнэт. Пастаянная сувязь ад А1 дапамагае медыкам у Гродне паскорыць працу ў экстранных сітуацыях.
З ініцыятывай Heart team летась выступіў Гродзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр, а таксама Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. Для пачатку планшэтамі са спецыяльным дадаткам і падключанымі SIM-картамі А1 абсталявалі 17 медыцынскіх брыгад. Сёлета пры падтрымцы кампаніі працуюць ужо 32 брыгады.
Новаўвядзенне дазволіла забяспечыць аператыўную сувязь з кардыяцэнтрам, куды дастаўляюць большасць пацыентаў у тых выпадках, калі неабходная экстранная шпіталізацыя. Тры планшэты знаходзяцца ў стацыянары: адзін у дзяжурнага кардыёлага ў прыёмным пакоі, другі – у рэаніматолага, трэці – у хірурга.
Як гэта працуе?
Яшчэ пры аглядзе дома брыгада хуткай дапамогі запаўняе на планшэце спецыяльную форму ў мабільным дадатку. Медработнік указвае пол, узрост, стан пацыента і ступень яго цяжару, паказчыкі электракарыяграмы, дату і час паступлення скаргаў. Гэтая інфармацыя адразу ж трапляе ў стацыянар, што дапамагае эканоміць час і аказаць меддапамогу максімальна хутка. Пакуль брыгада знаходзіцца ў дарозе, ужо рыхтуецца прыёмны пакой і аперацыйная.
Аляксандр Чарняк, рэнтгена-эндаваскулярны хірург Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра:
– Наш цэнтр выкарыстоўвае гэтую праграму з 2019 года. Змены ў працы значныя. Для пацыентаў, якія да нас трапляюць, адзін з найбольш крытычных паказчыкаў – час, які яны праводзяць у цяжкім стане. Дзякуючы праекту Heart team нам удаецца яго скарачаць і ў патрэбны момант аднаўляць нармальную работу сэрца. Планшэтамі для абмену дадзенымі аснашчаныя ўжо практычна ўсе брыгады хуткай дапамогі, якія абслугоўваюць Гродна і Гродзенскі раён, і цяпер гэта асабліва важна, бо ў перыяд пандэміі своечасова атрыманая інфармацыя можа не толькі дапамагчы пацыентам, але і абараніць урачоў.
На планшэтах Heart team устаноўлена праграмнае забеспячэнне Salutis, якое працуе на аснове SIM-карт з падключаным пакетам безлімітнай 3G-сувязі ад A1. Неабмежаваны кругласутачны доступ да сеткі дазваляе медыкам абменьвацца любым аб'ёмам дадзеных.
Ініцыятары праекта Heart team спадзяюцца такім чынам паскорыць аказанне дапамогі пацыентам па ўсёй Гродзенскай вобласці, выпрацаваць агульны алгарытм дзеянняў у складаных і надзвычайных сітуацыях для яшчэ больш эфектыўнага лячэння сардэчна-сасудзiстых захворванняў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by