04.05.2022
04.05.2022

Шэдэўры крыжыкам. Вышыўка — від мастацтва альбо медытацыя?

logo
Адметнасць беларусаў
0 52
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Больш за  40 незвычайных карцін, выкананых па матывах работ вядомых мастакоў, зараз можна паглядзець у Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва. «Рыбак» Васіля Пярова, «Півоні мадам Рэнью» Ігара Бузіна, «Юны паляўнічы» Чарльза Барбера, «Мадонна з вінаградам» П’ера Міньяра, а таксама аўтарскія партрэты, пейзажы, нацюрморты і жанравыя сцэнкі.

Толькі замест звыклакага халста – канва, замест фарбаў – ніткі, а замест мазка мастака – крыжыкі вышывальшчыц-ўдзельніц клуба «Сузор’е» грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». Выстаўка іх работ  «Настрой вясны» нікога не пакіне абыякавым. Таццяна Папкова, адна з майстрых, правяла на выстаўцы невялікую аўтарскую экскурсію і расказала, як ставараюцца шэдэўры іголкай, і чаму яна больш «не старавер».

Выстаўка вышыўкі

Заходзіш у выставачную залу і не адразу разумееш, што ў дыхтоўных рамах не карціны маслам.  На адлегласці ў паўтара метра крыжыкі не бачны і творы выглядаюць як сапраўдныя, робіш невялікі крок бліжэй, яшчэ паўкрока і вось яна прыгажосць і майстэрства прафесійнага шыўка, неверагодныя адценні колераў. Іх так шмат, што наўрад ці можна падабраць словы, каб апісаць. Вочы спрабуюсь падлічыць шыўкі, але хутка стамляюцца, яны такія дробныя і акуратныя!

Святло, форма, колер і рух. Як выглядае сучасны авангард?

— Я вышываю тое, што мне кладзецца па настрою, - Таццяна Мікалаеўна паказвае свае работы. - Вось мой Бруге. Там мы правялі тры цудоўныя дні з сям’ёй і гэта такія цёплыя ўспаміны. «Ялінку» па матывах карціны Ўладзіміра Анішчанкі вышыла таму, што захацедася зімняга, снежнага. Мару вышыць што-небудзь з Айвазоўскага, хочацца мора.

Аўтарская экскурсія

Вышываць Таццяна Мікалаўна, як і многія дзяўчаты, навучылася яшчэ ў школе. Пасля пачалася вучоба ў інстытуце, сталае самастойнае жыццё, сям’я, дзеці, праца. Было не да вышыўкі, але паступова часу для свайго хобі стала паболей. І вось ужо каля пятнаццаці год амаль штовечар гэта яе асабістая медытацыя і радасць.

— Гэта сапраўды тытанічная праца і яна ўражвае! А колькі трэба гадзін, каб вышыць такую карціну?

 — Гадзін? Калі штовечар вышываць па 4-6, то за год адолееш, можаце падлічыць.

 — А вы яшчэ чым-небудзь можаце займацца падчас такой крапатлівай працы?

 — Муж мой кажа, што я шматстаночніца – магу глядзець серыялы, паспяваю па тэлефоне пагутарыць, насварыцца на ката і ў той жа час вышываць. Вышыўка прынамсі мяне вельмі супакойвае – нервуюся, закіпаю ад злосці – гадзінку пасяджу і ўсё як рукой зняло. Манатонннасць супакойвае.

Ад механіка да ілюстратара. Гісторыя прафесійнага шляху Валерыя Слаука

Сям’я – муж і сыны падтрымліваюць хоббі Таццяны Мікалаеўны. Муж у свой час сам змайстраваў арганайзеры для нітак кшталту прафесійных, якія каштуюць даволі дорага. Сын два гады таму дапамог набыць планшэт, разабраццца з ім і з дадаткам для зручнай работы са схемамі для вышывання «Сага».

Тэхніка Кара

— Ведаеце, камп’ютэрная эра і на вышывальшчыц паўплывала! – смяецца наша экскурсавод. – Зараз мы паміж сабой нават жартуем, ты старавер ці ўжо прыняла новую веру, гэта значыць не па папяровых схемах вышываеш, а з дапамогай «Сагi». Праграма значна спрасціла. Яна лічыць амаль усё – колькі крыжыкаў ва ўсёй карціне, як доўга вы будзеце вышываць, колькі колераў, колькі нітак спатрэбіцца… Можна, напрыклад, у адзін момант пабачыць усе крыжыкі аднаго колеру на творы. Вышыла крыжык – на планшэце пальчыкам закрэсліла і далей.

— На выстаўцы прадстаўлены вашыя поспехі, а бывае так, што вы выбралі работу, усё разлічылі, колеры падабралі, але нешта не ідзе, не атрымліваецца?

— Бывае на жаль. Мая сястра па схеме амерыканскай фірмы «HAED» вышыла сюжэт – анёлы і машына часу, гадзіннікавы механізм там. Прыгожая работа і па колерам, і па кампазіцыі. Усё вышыла, дайшла да твара анёла — рассыпаецца і ўсё, пікселямі здаецца ідзе і не атрымліваецца цэласнага вобраза. Трэба цяпер ці перанабор рабіць, ці замаўляць каму. Гэта хутчэй рэдкасць, але такое бывае. Наборы ад фірмы «Эстэ», напрыклад, – гэта стоадсоткава поспех, калі толькі сама нічога не наблытаеш. Увогуле на этапе выбару самаго набора лепш паглядзець адшывы – то бок работы тых, хто вышыў папярэдне. І ўжо стане зразумела, падабаецца ці не. Пашукаць нешта яшчэ. Паўтаруся  — фірма «Эстэ» гаворыць сама за сябе, на гэтай выстаўцы яе шмат – «Неапалітанка», «Дарагі госць», «Мадонна з вінаградам» ... Шкада працы, часу і грошай таксама.

Выстаўка ў галерэі Шчамялёва

Дарэчы, сабекошт работы ўнушальны. Сама схема, тканіна, ніткі , афармленне могуць каштаваць да 2000 рублёў і болей. Калі дадаць яшчэ працу майстра атрымаецца важкая сума. І з гэтае прычыны пакуль па замове Таццяна Мікалаеўна не вышывала – збольшага яе творы ўпрыгожваюць яе ўласную кватэру, дамы дзяцей і сяброў. Астатнія захоўваюцца ў надзейным месцы – «за канапай». І часам яна змяняе экспазіцыю.

Ёсць у вас настаўнік, скажам чыімі работамі вы захапляліся, з каго бралі прыклад?

—Ёсць, Златая, яна стварыла сайт «Народны вучэбнік па вышыўцы», там настолькі дэтальна апісаны ўсе працэсы, гэта сапраўдная энцыклапедыя.  Якія ніткі, якая тканіна, што рабіць калі працу перакасіла, як сціраць…любое пытанне! Зайдзіце на яе сайт, ён унікальны!

Вышыўка

 

Ці ёсць у вашай асабістай калекцыі карціны з гісторыяй, якія з’явіліся не проста так?

— Адна з маіх улюбёных карцін «Няроўны шлюб» Васіля Пукірэва з’явілася не проста так. Маленькая яе рэпрадукцыя кшталту з часопіса «Агеньчык» вісела ў маёй бабулі.  Бабуля жыла ў прыватным доме ў Вілейцы. Калі яна памерла, дом прадалі, сваякі вядома забіралі рэчы, я чамусьці забрала сабе гэтую невялікую рэпрадуцыю, так любіла яе. З тых часоў загарэлася ідэяй вышыць рэпрадукцыю сама, муж падтрымаў. Дарэчы, муж мой захапляецца рыбалкай, дзякуючы яго асабістаму заказу з’явіўся «Рыбак» Пярова.

А на рыбалку яны часта ездзяць разам, толькі адзін любіць леску і кручкі, а другая – іголку з ніткай.

Выстаўка ў галерэі Шчамялёва

Таццяна Мікалаеўна дастае невялікага памеру фотаальбом – і паказвае здымкі яе работ. «Тут не ўсе, зараз я крыху лянуюся. Вышываю, вядома, не толькі карціны, а сувеніры і падарункі да розных святаў — дні народзін, наваселлі, Новы год, Вялікдзень і  Раство…».

— Што адчуваеце, калі работа скончана?

— Не сумую і не надта радуюся. Атрымліваю задавальненне ад таго, што можна выбраць і пачаць  новы твор.

Вышывальшчыцы

 

Выстаўка працягнецца да 8-га мая і скончыцца чарговай аўтарскай экскурсіяй, спяшайцеся!

Фота аўтара

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 52

Фатограф газеты «Медицинский вестник», журналіст
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"