Прывітанне, мой юны дружа! Памятаеш, чым закончылася мінулая гісторыя? Андрэй Скрыпка пачаў пазбаўляцца шкодных звычак і адразу гэта заўважылі і Настаўніца, і аднакласнікі.
Пакуль Андрэйка з добрымі адзнакамі скакаў па школьных прыступках, а пасля на крылах радасці ляцеў дахаты, яны з чарадзейнай Кашуляй разгаварыліся:
— Вось бачыш, калі і надалей будзеш старацца можаш дагнаць не толькі Белую Геаргіню, але і яе старэйшага брата Уладзіка Мудрова, таго самага Жалезнага Льва! – натхняла клапатлівая белая Кашуля.
— Таго самага Космапраходца з вялікай сям’і?
— Так. Мала таго, што сам Жалезны Леў – у космасе пабываў, дык ён яшчэ і выдатнік вучобы, і рамантык чуллівы. Меншыя таксама ідуць за братам следам: Самсон, Лука і самая малая першакласніца Радасць …. А чаму б і не імкнуцца!
— Гэта нялёгкая справа, бо ў мяне яшчэ чужых шкодны звычак нямала засталося.
— Нічога страшнага! Галоўнае, што ты ведаеш пра іх, як і тое, што нельга шкодныя звычкі пазычаць, - суцяшала надзьмутая свежым паветрам белая Кашуля.
— Я зразумеў! Згодны з табою, хаця і папрацаваць прыйдзецца.
— А ты што хацеў: быць сярод лепшых і нічога для гэтага не рабіць? -Памятаеш, што табе Настаўніца казала: Здольны, але ленаваты вучань. І што больш заганнае - шкодныя звычкі іншых нейк асабліва налаўчыўся пазычаць, - нагадвала Андрэйку яго белая Кашуля.
— Вядома, памятаю, але пазбавіцца ў адзін момант не атрымаецца, - задуменна адказваў Андрэйка.
— Цябе ніхто ў адзін момант і не прымушае. – А цяпер па-ля-це-лі!
Пацалунак пудзеля Франціка
На самым падлёце да вызначанага курса яны заўважылі, як Ліса-гастралёрка на ўзлессі Зайку ганяла. А той імчаўся наўскапыта, калі як гоцне ўбок на паўсотню метраў, і прытаіцца. Але Лісіца ўнюхала, і зноў пачаліся даганялкі.
— Яна ж яго раздзярэ! На гэты раз трэба правучыць рыжую выхваляку, — заключыў Андрэйка і скіраваў за Лісіцай.
Тая, ад неспадзяванкі не паспела пыску сваю напудрыць, каб слых лепшым быў, разгубілася. Пачала кідацца ў бакі, але гэта не замінала ёй адначасова паляваць і радасна спяваць: нарэшце яе сонечны час на смачны сняданак настаў.
Заскрыгатала, заўсміхалася. Зубы ўжо свае навастрыла. І толькі хвост трубою ўзвеяла, нібыта фея весялілася. Але пачула трэск па лесе і пачала сляды свае шкадлівыя замятаць. Надоечы ледзь ад злога Ваўка ўратавалася. А Зайку таго і трэба, каб неўпрыкмет выслізнуць з яе вачэй ды шмыгнуць пад густы ветравал.
— Ну, касы! Іншым разам такога шансу табе не бачыць. Адным махам праглыну! – выдыхнула раззлаваная Лісіца, — і смела рушыла туды, дзе шырокаю стужкаю блішчыць на сонцы рака.
Толькі нырнула, каб астудзіць гарачую галаву, узнімаючы пырскі, як сонца асляпіла. На шчасце пырскі выратавалі. Яны пераліваліся на сонцы, зіхацелі вясёлкай. Хацела яшчэ пазабаўляцца. А тут на яе радасць, адкуль толькі ўзяўся, пудзель з сінім бантам і залатым званочкам. Увесь ажно свеціцца ва ўборах - у аксамітнай каміцэльцы ды з аксельбантамі, і ў шыкоўных батфортах насустрач бяжыць.
Сабачук убачыў рыжага паляўнічага з вялікім і пушыстым хвастом, і трывога пракралася ў яго душу. Як зашчымела яна, адчуўшы нядобрае, закалаціліся плечы. Яму ў сваім жыцці ніколі не прыходзілася бачыць такога звера. Лісіца нахабна ішла на яго, толькі калі прыстанаўлівалася, і пазірала.
— Чаго яна ўставілася на мяне?! – разважаў белы пудзель.
Сабачук гаўкнуў і раз, і два, намерыўшыся прагнаць нязваную спадарожніцу.
Лісіца нават не ўздрыгнула.
— Ну, вось, не такое ўжо і кепскае жыццё! — Рыжая ўжо загарэлася новай ахвяры, але не менш абрадавалася расквецістаму строю малога франта. «Майму сынку акурат падыдзе!» – разважала і кінулася насустрач.
Але непадалёку ад сабачука ішоў Андрэйка і белы камочак перастаў хвалявацца. Хлопчык нават падбег насустрач, прысеў і працягнуў да сабачука рукі. І малая перапуджаная істота, у якой трэсліся і паджылкі, і ўсё цельца, ускочыла да яго наўколенькі і адразу, як старога сябра, пацалавала свайго выратавальніка ў шчаку.
— Дзякуй табе, хлопчык! Думаў, што сэрца выскачыць ад страху. Як цябе зваць? – чалавечым голасам спытаў сабачук.
— Вой! Гаворачы сабачук. Які ты харошы! Такі прыгожанькі со сваім сінім бантам і залатым званочкам, якраз як франт. Можна цябе так клікаць?
— Францік! Францік! Я згодны! – гаў-гаў, — пагадзіўся белы пудзель.
— У-у-у-у-у!.. – завурчэла-заскавытала Лісіца, устрапянулася, ашчэрыўшы зубы і поўнымі злосці вачыма паглядзела ўслед, нават хацела кінуцца на іх. – Гэта ж мяне, самую разумную і хітрую нейкая белае маланятка вакол пальца абвяло, ашукала! Раптам спынілася і пагрозліва памахала лапаю: “Яшчэ сустрэнемся! – прыпужала рыжая.
— Ага, чакай! Толькі белы бант не забудзься начапіць!
— Гэта яшчэ навошта? – не стрымалася Лісіца.
— Будзе мне за што трымацца, як на твой карак узбяруся! - Францік вышчарыў зубы і заўсміхаўся, як чалавек. Андрэйка пагладзіў яго па галаве, а той яшчэ мацней заўсміхаўся.
Лісіца ад сораму, калі ўжо з яе смяецца маленькі хатні сабачук, разгублена апусціла пушысты хвост, кінулася ў кусты.
— Ату-у!.. наўздагон ёй галёкнуў Францік.
— Лісіца, каб на яе немач! Толькі і ведае, каб адну шкоду рабіць!
Францік яшчэ трохі павурчэў, нібы да канца выказваў Лісіцы, што ён пра яе думае.
Раптам ён саскочыў на зямлю і пачаў танцаваць, кружыцца перад Андрэйкам.
— Во! Во! – малайчынка мой! А ты ўдзячны хлопчык!
Пра незвычайны тэлефон, альбо Хто з нас белая варона: выдатнік, або двоечнік?
Андрэйка пільна ўглядаўся ў сабачука, успамінаў:
— Скажы мне, малыш, хто і з якой нагоды так цябе прыбраў? – спытаў хлопчык. – Няўжо той самы ахоўнік крамы, якому я цябе некалі аддаў, памятаеш?
— Гаў, гаў, гаў… - незадаволена забрахаў, але зараз жа зірнуў у вочы Андрэйку, па-чалавечы вымавіў:
— Не, гэта Белая Геаргіня мяне прылашчыла! – распавёў Францік. - У ахоўніка таго ўсяго адну ноч правёў, - гаў, гаў… Раніцою я ўжо бегаў адзін, пакуль не сустрэўся з дзецьмі. Некаторыя шпурлялі ў мяне камянямі, але дзяўчынка мяне выратавала.
— Ты ў яе жывеш?
— Так. А што па маім строі не бачна? Толькі дзяўчынкі здатныя на такую прыгажосць!
— Гэта праўда.
— Я нават у школу разам з Геаргіняй хадзіў! – горда зазначыў Францік.
— Вельмі цікава! – кіўнуў галавою хлопчык. – Магчыма, першы раз і за партаю сядзеў?
— Дзе там! На дыванку ля вахцёркі чакаў. – заўважыў пудзель. – Але неяк з-за пазухі дзяўчынкі ўсё ж разгледзеў вашу школу. Як цудоўна! Мне б таксама павучыцца!
— Ты і так разумны! Скажы мне, у цябе акрамя Геаргіні хто ў сябрах?
— Усе Мудровы. Харчыла мяне, канешне, часцей ўсіх Белая Геаргіня, а меньшыя больш забаўляліся, - усміхаўся Францік.
— Дык ты ўжо і абжыўся ў іх?
— Так! Белая Геаргіня, малодшая сястрычка Улада амаль на год меншая за яго, але дужа шчырая і няўрымслівая дзяўчынка.
— Ведаю. Я з ёю вучуся ў адным класе! – удакладніў Андрэйка. – Хаця і дзяўчынка, але дужа кемлівая і ў сяброўстве надзейная.
— Вось я і кажу, што яна не толькі ў школе ў ліку лепшых вучняў, дык яшчэ і за малодшымі клапоціцца.
— Аднаго разу Лука з Радасцю прыйшлі на пазакласную гадзіну да старэйшага Уладзіка і паказалі цацку, што і Настаўніца, якая дазволіла прысутнічаць, і ўвесь клас вобземлю бразнуліся.
— Што здарылася?
— Аказваецца, малыя прынеслі разумны тэлефон, далькажык, як яны казалі.
— Што дзіўнага: тэлефон у кожнай сям’і маецца! Я бачыў у вітальні Мудровых.
— Э-э, сябра, ці ж такі тэлефон! Гэты ж, як першы памочнік кожнаму, хто яго мае. Па ім можна з любога месца і ў любы час, як і ў любую краіну свету тэлефанаваць. Трэба толькі ўсяго адну сакрэтную лічбу ведаць, раз-два – і ты ўжо гутарыш з сябрам з Амерыкі ці Афрыкі, - адказваў Андрэйка.
— І што?
— А тое, што па ім можна нават на востраў Таіці патэлефанаваць и паразмаўляць з вялізнымі і далікатнымі Чарапахамі.
— А што, яны таксама размаўляюць?
— Так, але толькі на мове таго тэлефона, - адказаў Андрэйка. – Таму, калі малыя Улада пераблыталі лічбы і пачуўся голас на чужой мове, тыцнулі ў рукі Настаўніцы, а тая падумала, што зараз можа адбыцца страшнае. І … клас бразнуўся вобземлю.
— А што было далей?
— Уляцела ў клас Сарока і растрашчалася на ўсю школу: людзі добрыя, зірніце на гэтае дзіва! Усе школьнікі вучацца, седзячы за партамі, а трэццякласнікі – лежачы на падлозе!
Прыбеглі старшакласнікі і рассакрэцілі тое вынаходніцтва. Аказалася, што канструктарам быў кемлівы і самы старэйшы з Мудровых – Улад. Гэта ён сканструяваў, і хацеў прэзентаваць сваё вынаходніцтва перад усёй школай. Малодшыя Лука з сястрычкай Радасцю без дазволу брата ўзялі ды прынеслі ў школу і... Далей ты ўжо ведаеш.
— І з-за чаго такі пярэпалах узняўся?
— Вось дзівак! Дык той тэлефон быў незвычайным! І не толькі сваімі фантастычна-казачнымі магчымасцямі, а яшчэ і формай: круглы, як шар.
— Во гэта дык дзіва!
— Вось і для Настаўніцы ён аказаўся дужа падазроным, ты разумееш на што яна падумала!
— Здагадваюся. На мяч ад вялікага тэніса! А чаму Улад не адабраў яго ў малых?
— Ён не ўбачыў, як маланяты, якія сядзелеі за першай партай шэптам хвалілі свайго брата Настаўніцы, а пасля і тыцнулі гаворачы невядомы шар ёй у рукі.
Маленькі пудзель Францік уважліва глядзеў на Андрэйку, быццам асэнсоўваў пачутае, утрапёна віляючы тоненькім з аловачак хвосцікам і раптам – гаў, гаў,гаў!
Што на яго мове азначала – шкада, што з загадкавымі Чарапашкамі з Таіці не пагаварылі!
Пасля ўрокаў Юрась Дубінка, вечны падбухторшчык, якому заўсёды патураў Улад, дражніў яго: “Ну, дык хто з нас белая варона – выдатнік, або двоечнік?
— Дык ты жартаўнік, я бачу. Вядома, той, хто сам ні навошта не здатны, толькі і ведае, каб у каго ўрокі спісаць, ды акунёў за партай вудзіць, - упэйнена адказваў Улад і, памяркоўна, зусім не абураючыся на аднакласніка, дадаваў: Юрась, прабач, але ты выдзяляешся ад усіх лянотай, злосцю і сумным характарам, як вы там кажаце - поўны лейм.
— Няхай я лейм, але і ты для мяне ўсяроўна ва ўсім будзеш вінаватым, - накінуўся ён на Улада. І дражніць я цябе буду так: “У Мудрова тра-ра-ра- сілы, як у камара!” А калі той адышоў воддаль, шпурнуў у яго партфелем.
Пра тое, як не трэба абыходзіцца з сябрамі.
Такой нахабнасці ад Юрася апошнім часам Улад не чакаў, як той даў слова сябраваць, але ў тую самую хвіліну за спіной пачуўся крык.
— Дубінка, пара ўжо адрынуць свае шкодныя звычкі! Толькі адныя кпіны ды падколкі ад цябе і чуеш. Хаця б які-небудзь карысны ўчынак ці звычку ў таго ж Улада пазычыў! – супакоіў яго Жэнік Кузнечык. - Адумайся, а пакуль тэпай дадому! Бачу, дужа смелым стаў? Ці ўсё спадзяешся на чарадзейства дапаможнікаў? Урокі вучы! А то я зараз табе сваёй навукі дам.
— А можа ў цябе што-небудзь з карысных звычак пазычыць? – пагардліва казаў Дубінка.
— А чаму б і не! Я ўжо не лянівец і не выхваляка. Зараз з Уладам ў чароўнае падарожжа на Месяц рыхтуюся! Спадзяюся адкрыць мноства таямніц і згадак. Ведаю, што будуць і выпрабаванні і прыгоды, але я ўпэўнены ў сабе і надзейнасці сябра. Так што, пільней прыгледзься, можаш і пазычыць.
— Дарэчы, калі не падабаецца Жэнік, прыгледзься да Андрэя, - нагадаў Улад.
— А калі мне ўсе вы надакучылі, гэта як? І вучоба не даецца, тады што?
— Вось яно што! Не ўхіляйся ад непрыемнай сітуацыі, якую сам жа і стварыў., - павольна, быццам самому сабе прагаворваў Улад. – А наконт вучобы - не турбуйся – і мядзьведзя вучаць. Проста старанна выконвай тое, што задаюць. І не ладзь фокусаў з выбрыкамі да людзей. І ўсё.
— Вось праява! А зусім нядаўна адным кагалам былі, - здзівіўся Юрась, зірнуўшы спадылба на хлопцаў, і плюнуўшы пад ногі..
— Што за натура! - не супакойваўся дастукацца да душы некалі закадычнага сябрука Жэнік, - Хадзіць пустымі сцежкамі не лепей. Ведаеш, Юрась, у мяне таксама раней былі выкрунтасы, але я іх ведаў і прызнаў, таму і пазбавіўся. Мой тата некалі казаў, што сілай і нахабствам сяброў у жыцці не набудзеш! – прагаварыў Кузнечык так, каб той пачуў.
Дубінка пачуў тое пажаданне, але з такім здзіўленнем кінуў калючы погляд на Кузнечыка, што, здавалася, зараз яго душа бушуе і ён ураз усіх паразганяе, як раней. Але што тут адзін супраць усіх паробіш? Бо калі і сапраўды лянівец, ды яшчэ носіш такую ж мянушку, дык хочаш не хочаш, а павінен быць лагодным і трохі ўраўнаважаным.
Нават некалі закадычны сябар Яська Флейта таксама не падтрымаў.
Ён панурыў голаў і яшчэ колькі разоў заазіраўся, моўчкі пайшоў прэч.
Спачатку ён ішоў павольна, як толькі мог цягнуў ногі, потым паскорыў крок і нарэшце амаль памчаўся стрымгалоў. Відаць, сорамна стала, хоць вачэй не паказвай.
— Хай ведае, як быць забіякам ды нахабнікам. І я не супраць весялосці і жартаў, але каб усім было радасна. Нашкодзіць і выхваляцца - справа апошняга дурня. Можа, датумкае, як куецца сяброўства і справядлівасць! – прамовіў Яська.
Нечаканая сустрэча сяброў
Праз колькі хвілін падыйшла Белая Геаргіня.
— Ой! – усклікнула і адразу прысела да сабачука. –Якая нечаканая сустрэча! Дзе ты прапаў, белы пудзель?
— Цяпер у мяне іншае імя - Францік! -І я не прапаў! – адказваў. Я – у надзейных руках! Андрэйка выратаваў мяне ад лісіцы-візіцёркі.
— Гэта добра, што ў цябе з’явіўся новы сябар! Андрэйка зараз надзейны, - кіўнула галавою Геаргіня. – А калі ты размаўляць пачаў?
— Размаўляць? Як перапужаўся Лісіцы, думаў, што больш нікога з вас не ўбачу, - адказваў сабачук.
— А да мяне пойдзеш?
— Так. Давайце я буду па чарзе гасцяваць: колькі дзён у Андрэйкі, затым - у цябе.
— Згода! – першым адказаў Андрэйка.
— Вось і цудоўна! – пагадзілася Белая Геаргіня.
— Гаў-гаў-гаў! – быццам суддзя, Францік замацаваў роднаснае пагадненне.
— Кажаце, вы натрапілі на галодную Лісіцу? – перапытала Белая Геаргіня. - А я дык на нашага быццам бы сябра, які даўно такім не з’яўляецца.
— І на каго ж, акрамя як на Дубінку! – адрэагаваў Кузнечык.
— Так. На яго, усімі паважанага, - са смуткам у голасе прамовіла дзяўчынка.
— Што ён вытварыў?
— Вяртаюся з крамы, - распавяла дзяўчынка, - прадукты нясу, а ён, вышэйшы за мяне на дзве галавы, з-за вугла – адразу да мяне: “ А чаго гэта сёння ты так расхрабрылася? І - тыц рукою ў твар. Я адышла назад і наступіла на шкло, нагу парэзала.
А Дубінка як зарагоча: “Гэта табе за тое, што не даеш спісваць і не падтрымліваеш мяне!”
— Гэта так ён помсціць.
— Нага вельмі баліць? – пашкадаваў Андрэйка.
— Вядома, баліць, але я пацярплю, ды й мне апрацавалі, і Францік ужо залізаў, - шаптала мужна Белая Геаргіня.
— А давайце я яго напужаю злой Бабай Ёжкай! - гаў, гаў! – азваўся Францік. – Я здатны не толькі яе голасам размаўляць, але і перакінуцца ў яе і прылажыць таго крыўдзіцеля дубцом нават са ступы. Я ўжо выпрабоўваў сваё вынаходства. А што? І карысна, і ніякіх траўмаў.
— Дык вось чаму ты на вуліцы аказаўся, хітрун! – раскрыла новага чарадзея дзяўчынка. - Калі ласка, Францік, з такімі сябрамі лепш не звязвацца. Ён здатны на многае - нават малым гразіўся. Думаў, што дамогся свайго, напужаў. Толькі памыліўся, анічуць не напалохаў. Як не давала спісваць, так і не даю. Няхай сам стараецца.
Францік падбег да Белай Геаргіні і пачаў церціся аб яе параненую нагу.
Дзяўчынка ўсміхнулася, узяла сабачука на рукі, прытуліла да сябе. І вось ужо тая маленькая жывая істота цалавала яе ў шчаку.
— Францік, а ты не супраць з Радасцю забаўляцца?
— Ніколечкі не супраць! – гаў, гаў!
— Зразумей, мы ўсе – ў школу, а табе ж патрэбна на паветры пабегаць.
— Ды я згодны, Геаргіня! – чалавечым голасам адказваў сабачук Францік. – Мы знаёмыя, і з ёй мне цікава: яна ха-а-ро-о-шая!
— Вось і цудоўна!
— Мы з ім прабяжымся, калі вы дазволіце, - малая звяртаецца да старэйшых Улада і Геаргіні, - на той самы МараДром, з якога Уладзік на караблі-Зоркалёце стартаваў, - прасілася, а больш даводзіла дзяўчынка.
— Не, Радасць! Гэта небяспечна адной, - першым азваўся Улад.
— Ого, - не згаджаўся сабачук. - Чаму адна? А я- не ў разлік? - гаў, гаў!
— У разлік, Францік! У разлік! Але ж гэта не так і блізка, - тлумачыла Геаргіня.
— Тым больш МараДром – у чыстым полі, - дадаў непахісны Улад. – Наўкола – ні душы! А раптам не толькі Лісіца з’явіцца, а злы Воўк ці нават Баба Яга ў ступе, тады што рабіць будзеце? Хто вас выратуе?
Радасць з Францік маўчалі, толькі прыязна пераглядаліся, аб нечым думалі, але бачна было, як надзімалі шчокі..
— Ну добра! – сумелася Радасць. – Ведаеце, я ніколі не задумвалася!
Нечакана Францік прыгнуўся да самае зямлі і пачаў падскокваць, нібы той заяц, якога спрасоння хтосьці пашчыкатаў. Ён варушыў вушамі, хадзіў на задніх лапах, быццам на паказальным подыуме, беручыся пярэднімі лапкамі за камізэльку.
Раптам зусім недзе побач пачулася: “Бах!”, але нікога навокал са стрэльбаю не было, а можа проста хтосьці моцна крыкнуў. Аднак, Францік разгневаўся, і ад нечаканасці перапужаўся, але калі падняў сваю пярэдняю нагу ўбачыў раструшчага вялікага чорнага жука з вострымі доўгімі вусамі-рагамі. І свой гнеў змяніў на цікаўнасць.
— Ой-ой! – здзівіўся Францік. – Адкуль ты ўзяўся? Вось хто мяне ўшчыкнуў, учапіўшыся ў лапу, - гаў, гаў! – Прабач, дружа, я ж не вінаваты, што пад мае колы патрапіў, - пачаў апраўдвацца сабачук.
— Атрымліваецца, быць сабачуком – лепш, чым жуком…
— Натуральна! – запэўніў Францік. – Значыць, і аднаму можна дзе заўгодна забаўляцца?
— Не! І яшчэ раз не! – нарэшце знайшоўся з адказам і Андрэйка. – Мы ж – сябры! Значыць павінны падтрымліваць адно аднаго. Прабач, Францік, але на прагулкі - толькі з кімсьці з нас. Толькі разам, зразумеў? А іначай – ніяк!
— Зразумеў, - з сумам адказаў пудзель.
Калі разам мы
Як вы думаеце, Юрась Дубінка пасля таго выпадку ці пацішэў? А можа стаў больш пачцівым? Ці сам сабою? А цяпер я вам раскажу, што здарылася.
На ўроку пісьма Юрась напачатку пісаў акуратна, а на другой старонцы знямогся – здарылася прыгода. Неяк міжвольна пачуўся голас Франціка: “Я цябе напужаю, калі не сам, дык Бабай Ягой”.
Ён адклаў сшытак і пачаў маляваць любімчыка Геаргіні белага пудзеля. Умомант накідаў абрысы Франціка. Аднак, калі прыладжваў сабаку галаву, самапіска заўпарцілася, і з яе выцекла цягучая вадкасць. Замест галавы атрымалася сіняя клякса ў форме прадаўгаватай сіняй зоркі.
— Як здорава! – казаў пра сябе Юрась. – Цяпер яе абаронца будзе маўчаць, а то ўсе мне пагражаюць!
У гэты момант клас нібыта сціх, прыслухоўваўся толькі да Юрася: ён разумнейшы за ўсіх, бо робіць тое, што пажадае. Нават вазоны, што стаялі на падаконніках раптам раскрылі свае рознакаляровыя бутоны і здзіўлена прыўзняліся.
— Які непаслушэнец!
Настаўніца хадзіла між партаў, назіраючы за тым, як пішуць вучні. Яна набліжалася ўжо да парты Юрася. Ён жахнуўся і, забыўшыся, што побач ляжаў чысты ліст, які вырваў з натомленага сваёй жа пісанінай сшытка, злізаў кляксу языком. Ад гэтага клякса крыху пасвятлела, але адначасова пабольшала.
— О! Сіні сабака! – вырвалася ў Настаўніцы, але нібы хтосьці тузануў яе за блузку – “маўчы, маўляў”.
— Гэта ён, Францік, торгае вас!
— Які Францік, Юрась?
— Хссс! – Дубінка сыкнуў на Настаўніцу, як дзікая кошка. – Ён хаця і маленькі, але дужа злы. Гэта ён! Ды ён!, - кажу! Той, што паўсюды цікуе за мной!
Настаўніца ажно наструнілася, нават адступіла назад, але раптам падыйшла і схілілася над яго сшыткам. Глядзела, як бы раздумваючы нейкі момант, потым узнёсла, але суръёзна сказала:
— Усе пішуць, а Юрась - на эцюдах. Сёння нарадзіўся новы геній мастацтва, які падараваў нам сіняга сабаку.
— Я умею! Гэта ўсё ён мне нашкодзіў!
У класе пачалася сумятня: адныя хіхікалі, гледзячы на мурзатага Юрася, іншыя размаўлялі.
— Я чытала пра карціны “Чорны квадрат” і “Купанне чырвонага каня”, - азвалася Белая Геаргіня. – А пра сіняга сабаку ўпершыню чую.
Клас павесялеў. Але ахвотных пасмяяцца з Дубінкі Настаўніца супакоіла, зірнула на Юрася і дала параду: “Ніколі не кажы – “умею”, а кажы “навучуся”.
— Скрыпка, - звярнулася Настаўніца да Андрэя, - дапамажы сябру змыць фарбу з твару.
— Добра! – з ахвотай адказаў Андрэй.
Пасля ўрокаў Юрась Дубінка хуценька прыладзіў ранец за плечы і, не ўступаючы ў размовы з сябрамі, выбег са школы. Ён не стаў чакаць сваіх суседзяў, а выправіўся адзін нацянькі дахаты.
“Падумаеш, сіні сабака! - я яшчэ не на такое здатны, - суцяшаў ён сябе па дарозе. – Я першым прабачацца не буду, няхай яны…
Калі Юрась увайшоў у свой двор, белы пудзель затанцаваў, утрапёна матляючы тоненькім з аловачак хвосцікам, звонка забразгаў званочкам на шыі.
— Францік?
— Так, я Францік! А ты Юрась, – прывітанне!
Юрась нават скалануўся ад неспадзяванай ветліваці. І ў яго душы раптам разбурыўся ранейшы свет адзіноцтва і непрыняццця сябрамі, які сам ён і стварыў.
Францік выцягнуў насустрач хлопчыку калматую правую лапу. Юрась зірнуў на сабачука, вінавата апусціў галаву і павольна працягнуў сваю руку.
— Не падвёў мяне, Юрась, - гаў, гаў, гаў! – Важна як сапраўдны вучань і надзейны сябар сказаў Францік, зірнуўшы ў яго вочы.
— Дазволь з табой пазабаўляцца, - нечакана прамовіў хлопчык.
— Я згодны!
— Цудоўна! Тады разам пабеглі сустракаць нашых!
Першай радасную вестку пра новае сяброўства абвясціла ўсюдыісная Сарока:
— Увага! Увага! Францік прымірыў Дубінку з усімі!
Яны паходным крокам замаршыравалі насустач сябрам. Параўняўшыся з гурмою, Яська з Францік прыстроіліся побач каб ісці ў нагу.
Цяпер Юрась ведаў, што ў згодзе і паразуменні заўсёды сяброў багата.
На душы ў яго былі вялікія замілаванасць і лагода, якія будуць потым успамінацца цяплей за шкодныя звычкі, якіх ён нарэшце пазбавіўся.
***
Вось і скончылася казачная гісторыя пра выпрабаванні і прыгоды школьных сяброў.
Паважаныя дзеці, адкажыце на пытанні: якія шкодныя звычкі былі ў герояў гэтай казачнай аповесці? Ці можна ў межах некалькіх класаў вашай школы пазбавіцца шкодных звычак? І як гэта зрабіць, не абражаючы і прыніжаючы непаслухмяных вучняў?
А наперадзе – новая казка – пара новых адкрыццяў і прыгод!
Да сустрэчы, мае юныя сябры!
Папярэднія часткі казкі чытайце тут:
Шкодныя звычкі не пазычаюцца або Калі вучоба не ў радасць (казка) + аўдыё
Шкодныя звычкі не пазычаюцца, або калі вучоба не ў радасць. Частка 2 + аўдыё
Шкодныя звычкі не пазычаюцца, або Калі вучоба не ў радасць. Частка 3 (казка) + аўдыё
Шкодныя звычкі не пазычаюцца, або Калі вучоба не ў радасць. Частка 4 (казка) + аўдыё
Шкодныя звычкі не пазычаюцца, або Калі вучоба не ў радасць. Частка 5 (казка) + аўдыё
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by