Не ведаеце, што падарыць дзяўчыне на 8 сакавіка? У гэтым артыкуле мы прапануем лепшыя ідэі падарункаў.
Падарункі дзяўчыне
Падарыце эмоцыю
Менавіта гэтакі падарунак яна не забудзе, нават нягледзячы на тое, што яго нельга пакласці ў скрыначку з завушніцамі ці пярсцёнкамі... Ды і ўрэшце пярсцёнак дарыць трэба было на 14 лютага. А цяпер вясна і хочацца палёту: хоць з парашутам, хоць на верталёце, хоць на паветраным шары... Ну, хоць шарыкі падарыце, калі на іншае грошай шкада!
Ноч у замку
Аматарам шляхетнай рамантыкі варта забраніраваць ноч у Мірскім замку – там ёсць гасцініца (так, і ліфт таксама ёсць!).
А паснедаць можна будзе ў кавярні ў самых сутарэннях палаца. Кажуць, галоўнае не заблукаць і не застацца тут новымі прывідамі закаханых (паданні пра іх вам абавязкова раскажуць падчас экскурсіі, якую таксама лепш замовіць загадзя).
Сертыфікат
Дарэчы, вашая дзяўчына ў дзяцінстве марыла пра прынца на белым кані?
Можна падарыць сертыфікат на конную прагулку. Важна: не забыцца на папярэдні інструктаж. І з прычоскай вашай чароўнай амазонцы таксама лепш не пераймацца – пад шаломам усё адно не бачна.
Актыўнай дзяўчыне можна прапанаваць сертыфікат у спартыўны комплекс, фітнес-клуб ці басейн. Але займацца там лепш удвух: па-першае, гэта магчымасць правесці разам час, а па-другое, у гэтых спартыўных установах столькі хлопцаў, а вашая красуня пасля заняткаў стане яшчэ больш прывабнаю…
Картынг-аўтадром
Вострых уражанняў бракуе ў вашых ідэальных стасунках?
Тады пазмагайцеся на картынг-аўтадроме – выбірайце балід і стартуйце! Толькі памятайце: калі раптам вашая сяброўка пераможа, вы яшчэ доўга не зможаце адмовіць ёй у ключах ад свайго аўто. А яна колісь будзе з гонарам расказваць унукам, як абышла вас на трасе…
Фотасесія
Дарэчы, вы ўжо думалі, якія здымкі паказаць будучым унукам (а якія дакладна не варта…)? Самы час іх зрабіць падчас сумеснай фотасесіі, арганізаваць якую можна ў самым розным фармаце: чэлендж, партрэт, шпацыр, фота з сабачкам (калі ў вас яго няма, можна пазычыць у знаёмых). Толькі забудзьцеся пра “пашпартны” выраз твару і дазвольце сабе адчуць сапраўдную асалоду ад баўлення часу разам!
Квіткі ў кіно
А помніце, як вы ўпершыню хадзілі разам у кінатэатр і сарамліва цалаваліся ў апошнім радзе? Можна “ўзгадаць усё” і замовіць квіткі ў “кінапакой”. Там будзеце толькі вы… І яе (а не вашыя!) любімыя кінагероі.
Салон прыгажосці
Вашае “палавінцы” за хатнімі ды працоўнымі клопатамі не хапае часу на сябе?
Тады яе парадуе запрашэнне ў салон прыгажосці, спа-салон ці на масаж.
Ёсць яшчэ такая працэдура як флоацінг – для тых, хто стаміўся ад камунікацый, – плаванне ў цемры і пад музыку… Зрэшты, пра сябе таксама не забывайцеся – пакуль сяброўка расслабляецца ў спа, можна наведаць саўну, а пасля разам адпачыць за кубачкам гарбаты…
Квіток на майстар-клас
А яшчэ вясной так хочацца танчыць… І тут вы смела можаце прэзентаваць квіток на майстар-клас па танга, напрыклад.
Не гатовыя ісці туды разам з дзяўчынай? Ёй пашукаць іншага кавалера? Не? Тады вы шукайце абанемент на танец жывата, напрыклад (толькі глядзіце, каб сяброўка не абразілася на такі падарунак).
Асобе творчай прыйдзецца даспадобы майстар-клас па стварэнні карцін ці ігры на гітары.
Праўда, калі дзяўчына ўцягнецца, ваша кватэра можа неўпрыкмет ператварыцца ў аўдыё-студыю альбо мастацкую майстэрню…
Сустрэчу з парфюмерам можна падарыць той, што ніяк не вызначыцца з улюбёным водарам.
Зрэшты, калі яна вызначылася, сертыфікат у краму парфумы таксама падыдзе!
Што рабіць, калі няма грошай на ўсё вышэй пералічанае?
Тады проста намалюйце на вялікім аркушы паперы – “Сертыфікат на выкананне жаданняў”. І няхай вашая каханая сама напіша тое, чаго ёй хочацца: ці то каб вы посуд памылі, ці то яшчэ штось цікавае… Адчуйце сябе залатой рыбкай (хаця б на дзень 8 сакавіка)…
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by