17.01.2021
17.01.2021

«Што паролася – распарыся, што рабілася – адрабіся». 18-га студзеня – Трэцяя куцця

logo
Беларускі код
0 21
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гэтымі надзвычай марознымі днямі-вечарамі мы плаўна набліжаемся да заканчэння Калядаў, якія традыцыйна доўжацца 12 дзён – па колькасці месяцаў у годзе. І заўтра, 18-га студзеня, у нас – Трэцяя куцця. Як і першая – Галодная. Яна ж – Вадапосная, Хрышчэнская, Вадзянуха. І павінна змадэляваць… час жніва.

Трэцяя куцця. Назіраем за надвор'ем.

Таму не проста так нашыя продкі збіраліся за сямейным сталом з абавязковай куццёй напярэдадні важных і значных зімовых святаў, а з сэнсам. Усё было звязанае з сельскагаспадарчымі цыкламі сялянскай працы, згодна з якімі даўней, уласна кажучы, беларусы і жылі.

Так, першай куцці адпавядала праца веснавая (сяўба), другой – вырошчванне ўражаю, а трэцяй – яго збор (жніво). І ў кожнай сям’і марылі пра тое, каб падчас гэтых этапаў надвор’е людзям спрыяла, каб ставала сіл і здароўя на ўсё. А для гэтага пра апошняе, зразумела ж, трэба было патурбавацца…

А вы ведаеце, што даўней існавала забарона на пэўныя віды працы падчас Калядаў і асабліва – падчас першай, другой і трэцяй куцці?! Сачылі за гэтым пільна. Але ж, бывала, то без таго не абыдзешся, то без іншага. І вось была адна асаблівасць падчас Вадапоснай куцці.

Трэцяя куцця. Забароны на пэўныя віды працы.

Варта было толькі прамовіць чароўныя словы: «Што завязалася – развяжыся, што шылася – расшыйся, што паролася – распарыся, што рабілася – адрабіся». І ўсё! Тое, што было зроблена з забароненага падчас першай і другой куцці, ужо быццам… і не было. Мне вось толькі цікава… А што, калі і насамрэч тое, напрыклад, сшытае 6-га ці 13-га студзеня, 18-га – раз! – і… расшывалася?!

А вось да заўтрашняга дня, прачытаўшы пра пэўныя перасцярогі сёння, ужо і мы можам падрыхтавацца. Каб не нарабіць таго, чаго не варта… 🙂

Так, напярэдадні Трэцяй куцці нашыя продкі імкнуліся чыста прыбраць у хаце. Паводле прыкметаў, калі гэта зрабіць, дык лён у гаспадарцы ўродзіцца чыстым і высокім. І нават калі гэтая культура вас не цікавіць… Няхай проста на пачатку тыдня будзе чыста! Ну, а калі вы, паводле іншых прыкметаў, у нядзелю нічога не робіце (як зазначае знаёмы фалькларыст: «нядзеля – не дзелай»), значыць, вы прыбраліся ўжо ў суботу! І гэта выдатна!

Трэцяя куцця. Наводзім парадак.

Я, напрыклад, у суботу абудзілася ад гучнага ляскату выбівалкі па дыванах за сценамі нашай кватэры! Адной з суседак з іншага пад’езду нават мароз за мінус 20 не стаўся перашкодай! І так яна ўжо старанна лупіла па дыванах! А пасля – на снег іх, на снег! І там лупіць. А тады зноў на перакладзіну, каб ад таго снегу вытрасці…

Не, я сёлета на такі «подзвіг» аказалася няздольная. 🙂 Хаця некалькі гадоў таму таксама любіла – дываны на снег. Асабліва, калі ён у гэты час быў. Звычайна старалася перад Новым годам. Цяпер жа – усё спадзяванне на пыласос «Кёрхер», у якога такое ўсмоктванне, што спальванне калорый забяспечанае! А гэта таксама бонус!

Паводле іншых прыкметаў, 18-га студзеня таксама імкнуліся нічога не рабіць. Нават палогу падмяталі рана, а смецце ў печцы спальвалі. Мыцца можна было толькі да заходу сонца. Бо звычайна ўвечары ўжо адбывалася асвячэнне вады. 19-га ж, у аўторак, у нас – Вадохрышча.

Трэцяя куцця. Пярэдадзень Вадохрышча.

І вось мне цікава… Хаця апошнім часам усё часцей і гучней кажуць пра тое, што акунанне ў ваду на Вадохрышча да царквы і веры адносінаў не мае… Колькі жадаючых знойдзецца сёлета, каб 18-19-га студзеня даць нырца ў палонку альбо купель?! Пры такім марозе!!! Сапраўдным хрышчэнскім…

Тут страшна нават нос з цёплай кватэры высунуць. А распрануцца ды ў ледзяную ваду… Як кажуць, барані Божа ад такога экстрыму! І нават калі чалавек маральна падрыхтаваны, калі асабіста для яго гэтае дзейства штосьці значыць… Ці варта рызыкаваць сваім здароўем, калі ты… не морж?! Калі не загартоўваешся так пастаянна?! І вось пры такім надвор’і, як мне падаецца, гэта ўжо не ўласная справа кожнага… Але пажывём – пабачым… Што атрымаецца…

А пакуль жа вяртаемся да Трэцяй куцці. Перад тым, як усе сядалі за стол, гаспадар браў уласна куццю ў гаршку, хлеб, крыж, крапіла з жыта і свянцонай вадой пырскаў на гаспадарчыя пабудовы. А крэйдай маляваў на ўсіх дзвярах крыжы, каб нячыстая сіла на працягу года не шкодзіла ні людзям, ні жывёле, ні ўсёй гаспадарцы.

Трэцяя куцця. Традыцыя маляваць крыжы на гаспадарчых пабудовах.

Сама ж вячэра была нядоўгай. Усе спяшаліся паесці хутка, каб у сезон гэтак жа хутка справіцца са зборам ураджаю.

А цяпер – увага! Качарга ў вас ёсць?! А яна патрэбная для пэўнага абраду напрыканцы вячэры. Гатовыя?! Звычайна гаспадыня злёгку стукала качаргой па гаспадару (не перастарайцеся!). Той імгненна падаў (таксама акуратна!). А гаспадыня казала: « Каб падчас жніва так хутка снапы падалі!». 🙂 Жарты жартамі, але ж нашыя продкі так і рабілі. І верылі ў магічнасць дзеянняў!

А вось наступнае можна палічыць забабонам, але… Звычайна 18-19-га студзеня ваду з хаты не выносілі і нікому, зразумела, не адлівалі. Ніякую – і нікому! Хочаце – верце, хочаце – не… Але на ўсялякі выпадак запомніце. Раптам спатрэбіцца…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 21

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".