І зноўку... Хочаш-не хочаш, а прымай той факт, што каляндарная восень ужо кіруецца на самым хуткасным электрасамакаце да нас. І застаецца толькі падпяваць Юрыю Шаўчуку і гурту «ДДТ»: «Што такое восень?..» І ў чарговы раз пераконвацца, што і Новы год ужо блізка... І што гэта зусім не жарт. Дакладней, не зусім жарт.
А што ж наша лета-2019? Тое, што «маленькае жыццё»? Было яно ці не было? Месяц засухі, месяц залеваў плюс месяц холаду з залевамі і засухамі...Э-э-эх!
Але я спадзяюся, што ў вас, шаноўныя сябры, усё ж ёсць што прыгадаць пра гэтае лета. І што ўспамінаў пра падзеі з разраду прыемных усё ж больш. Альбо яны больш важкія. Таму рыхтуемся прыгадваць іх падчас каляндарнай восені і... Пражываем яшчэ два дні лета ярка, выразна і запамінальна!
Тым больш, што апошні з іх прыпадае на выхадны.
Планы ёсць?! У мяне асабіста іх багата. Але ж памятаем: «Хочаш пасмяшыць Бога – распавядзі яму пра свае планы». Так што – цс-с-с-с-с-с!!! Кожны сам сабе. А вось пасля – можна і нават трэба.
А хто з якім настроем сустракае гэтую восень? Якая напачатку, будзем спадзявацца, сапраўды толькі каляндарная. Бо хочацца і далей, з разбегу, прама ў лета! Няхай сабе і бабіна... Галоўнае, каб было цёпла, камфортна... Асабліва для тых, у каго ў верасні – адпачынак. Я і сябе зараз маю на ўвазе!:)
Верасень-2019... Якім ён будзе?! Хочацца спадзявацца – грыбным і ягадным. Бо павінны ж выспець журавіны і нарасці баравікоў, чырвонагаловікаў, падасінавікаў, лісічак... Ды каб чыстых! Ну што, заказваем верасню, аматары ціхага палявання?!:)
І няхай бы яшчэ лістота на дрэвах не фарбавалася ў рознакаляровасць. Яно, вядома ж, прыгожа, але зарана. Мы ж лета збіраемся працягнуць, памятаеце?! Так што не спяшайся, Восень, даставаць свае фарбы і апранаць балахон мастачкі. Мы яшчэ палюбуемся зелянінай.
Палюбуемся крамянымі ранкамі і загадкавымі захадамі з чырванню. Гульнёй сонца ў кропельках расы. Пушыстымі астрамі, гладыёлусамі, аксаміткамі. Гульнёй гарэзлівых рыбак у сажалцы. Галоўнае – знайсці на ўсё гэта час.
Як і на тое, каб заняцца нарэшце сваім здароўем. Хаця пляжны сезон, здаецца, прайшоў, але падтрыманне фігуры на ўзроўні не пашкодзіць і ў іншыя поры года. Хаця б ранішняя гімнастыка! Не кажучы ўжо пра спажыванне садавіны ды гародніны. Назапашваем жывыя вітаміны ў арганізме!
Эх, якія ж зараз салодкія дыні! Такая смаката! А яшчэ ж і карысць...
У верасні ўжо не надта хочацца пакупнога чаю. Куды прыемней заварыць духмянай гарбаты і нетаропка піць яе, прыгадваючы пра прыемныя падзеі лета. Асабліва, калі насушылі свайго святаянніку, мяты, мелісы... І яшчэ не ўвесь выпіты ферментаваны, уласнаручна прыгатаваны пару гадоў таму па ўсіх правілах скрыпень (іван-чай).
Калі няма ўжо такога актыўнага шчыравання на летніку, дык вельмі прыемна прагуляцца па лесе, удыхаючы гаючы хваёвы водар. Асабліва, калі непадалёк, як у нас, знаходзіцца не проста лес, а лесапарк са сцежкай здароўя ў ім.
Праўда, апошнім часам гуляць там трэба, перыядычна азіраючыся, каб не трапіць пад колы аматараў ровараў, якія таксама ўпадабалі менавіта гэтыя мясціны. І нічога ж не скажаш і не зробіш, лесапарк – для ўсіх. Толькі вось выхаванне ў кожнага – сваё. Але нічога! Для прагулак можна выбіраць і тую частку мікрараёна, дзе няшмат ездзіць машын, асабліва ўвечары.
Так што, калі разабрацца, нічога асабліва крыўднага няма ў тым, што на парозе ўжо – восень. А хтосьці ж любіць яе яшчэ больш за лета. Па розных прычынах. Таму сустракайма паслязаўтра верасень з добрым настроем і спадзяёмся на розныя прыемнасці!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by