Чым небяспечная пнеўманія пры COVID-19? Якія сімптомы нельга пакідаць без увагі? Як аднавіць здароўе лёгкіх пасля COVID-19 пнеўманіі? Ці можна рабіць інгаляцыі, калі захварэў на COVID-19? На гэтыя ды іншыя пытанні адказы журналіст інфармацыйнага партала Слушна даведалася ў к.м.н. Алены Давідоўскай.
Кансультацыя пульманолага
Чым пнеўманія, выкліканая каранавірусам, адрозніваецца ад звычайнай?
Пнеўманія, асацыяваная з каранавіруснай інфекцыяй (COVID-19 пнеўманія) – асаблівы від пашкоджання лёгкіх, які больш дакладна адлюстроўвае тэрмін «пнеўманіт». Гэта мае на ўвазе ўцягванне ў паталагічны працэс інтэрстыцыяльнай тканкі лёгкіх, альвеялярных сценак і сасудаў. Гэта значыць, запаленне развіваецца ва ўсіх структурах лёгкіх, якія ўдзельнічаюць у газаабмене, што перашкаджае звычайнаму насычэнню крыві кіслародам.
Ці магчымае пры кавідзе бессімптомнае запаленне лёгачнай тканкі, калі, нягледзячы на змены ў лёгкіх, у пацыентаў няма ні кашлю, ні задышкі, ні ліхаманкі?
Бессімптомнае альбо маласімптомнае цячэнне больш характэрнае для формаў захворвання без пашкоджання лёгкіх. Сапраўды, пры правядзенні камп'ютарнай тамаграфіі (КТ) органаў грудной клеткі ў пацыентаў з лёгкім цячэннем COVID-19 могуць выяўляцца КТ-прыкметы віруснай пнеўманіі няцяжкага цячэння. Пры гэтым газаабменная функцыя лёгкіх не пакутуе, колькасць кіслароду, які дастаўляецца ў кроў, застаецца нармальнай, і не патрабуецца змены тэрапеўтычнай тактыкі.
Калі, як правіла, з'яўляюцца такія сімптомы пры каранавірусе, як дыхальны дыскамфорт, задышка?
Інкубацыйны перыяд інфекцыі, выкліканай вірусам SARS-CoV-2, складае ў сярэднім 5-7 сутак (ад 2 да 14), а значыць, і сімптомы могуць з'яўляцца ў гэтыя тэрміны. Цячэнне хваробы можа быць розным – ад лёгкіх праяў звычайнай ВРВІ (павышэнне тэмпературы цела, кашаль, слабасць, галаўны боль) да цяжкай пнеўманіі з дыхальнай недастатковасцю. Заўсёды варта ўважліва ставіцца да такіх праяў хваробы, як задышка (нарастанне частаты дыхання), пачуццё недахопу паветра, болю альбо пачуццё цяжкасці ў грудзях у любы перыяд хваробы.
А змены ў лёгкіх з'яўляюцца ў большасці пацыентаў, якія перанеслі COVID-19?
У большасці выпадкаў – да 80% – каранавірусная інфекцыя працякае няцяжка, без уцягвання лёгкіх. COVID-19 пнеўманіі развіваюцца прыкладна ў 20% выпадкаў захворвання, з іх ад 2 да 10% могуць працякаць цяжка. Працягласць цячэння і наступствы хваробы залежаць ад шматлікіх фактараў: аб'ём пашкоджання лёгкіх, спадарожныя захворванні, своечасовасць звароту па медыцынскую дапамогу, захаванне рэкамендацый па лячэнні, магчымасць развіцця ўскладненняў ды інш.
Калі варта выконваць КТ пры цяжкай кавіднай пнеўманіі? Ці ёсць неабходнасць у паўторным?
Сапраўды, у сілу высокай адчувальнасці метад КТ з'яўляецца асноўным для выяўлення характэрных для COVID-19 змяненняў у лёгкіх. У комплекснай ацэнцы разам з гісторыяй развіцця хваробы, эпідэміялагічнымі дадзенымі і клінічнай карцінай КТ дазваляе з высокай ступенню верагоднасці пацвердзіць выпадак каранавіруснай інфекцыі. Аднак, варта адзначыць некалькі важных момантаў:
- Прымяненне КТ для скрынінгу (г.зн. выяўлення паталогіі пры адсутнасці сімптомаў) як пнеўманій у цэлым, так і пры COVID-19 (у тым ліку пры станоўчых лабараторных тэстах), немэтазгоднае.
- У дачыненні да каранавіруснай інфекцыі выяўленыя на КТ змены ў пацыентаў з бессімптомнай альбо лёгкай формамі захворвання без фактараў рызыкі не ўплываюць на тактыку лячэння.
- Пры лёгкім цячэнні COVID-19 КТ дыягностыка праводзіцца па клінічных паказаннях пры наяўнасці фактараў рызыкі альбо з мэтай дыферэнцыяльнай дыягностыкі з іншымі паталагічнымі станамі.
- Правядзенне КТ даследавання мэтазгодна выконваць у тэрміны не раней за 3-5 дзён з моманту з'яўлення сімптомаў.
- Ацэнка дынамікі цячэння і зыходу выяўленай раней COVID-19 пнеўманіі праводзіцца па клінічных паказчыках, тэрмiны вызначаюцца індывідуальна.
Ці адрозніваецца здымак камп'ютарнай тамаграфіі ў пацыента з каранавіруснай пнеўманіяй і звычайнай пнеўманіяй?
Прамянёвыя метады дыягностыкі, да якіх у тым ліку адносіцца КТ, не замяняюць комплексную клінічную дыягностыку. Наяўнасць характэрных КТ-прыкметаў дазваляе вызначыць верагоднасць (з градацыяй «высокая-сярэдняя-нізкая-нехарактэрныя прыкметы») COVID-19 пнеўманіі і ўстанавіць аб'ём пашкоджання.
Якія існуюць метады лячэння каранавіруснай пнеўманіі?
Падыходы да лячэння COVID-19 фарміраваліся і мяняліся па меры з'яўлення інфармацыі пра цячэнне інфекцыі, разумення механізмаў яе развіцця і магчымых наступстваў, на падставе аналізу вялікай колькасці міжнародных публікацый і вынікаў даследаванняў, клінічнага вопыту, які назапашваецца. Праз год ад пачатку пандэміі ў арсенале лекавых сродкаў этыятропнай тэрапіі з даказанай эфектыўнасцю па-ранейшаму няма.
Пры COVID-19 пнеўманіі важнае месца займаюць немедыкаментозныя метады – прон-пазіцыя (становішча лежачы на жываце) як самастойная лячэбная мера, кіслародатэрапія, варыянты апаратнай рэспіраторнай падтрымкі. Ва ўсіх выпадках каранавіруснай інфекцыі неабходна сачыць за аб'ёмам вадкасці, якая спажываецца.
Улічваючы механізмы развіцця захворвання, у алгарытм фармакатэрапіі COVID-19 пнеўманій уключаныя супрацьвірусныя прэпараты, лекавыя сродкі для прафілактыкі тромбаўтварэння, гарманальная супрацьзапаленчая тэрапія, пры наяўнасці прыкметаў далучэння бактэрыяльнай інфекцыі – антыбіётыкі.
Нягледзячы на алгарытмізацыю тэрапеўтычных падыходаў, што, несумненна, важна ў эпідэмічных умовах, аб'ём фармакатэрапіі і выбар канкрэтных прэпаратаў з кожнай групы вызначае ўрач, зыходзячы з канкрэтнай клінічнай сітуацыі і індывідуальных асаблівасцяў пацыента.
Ці заўсёды трэба пацыентаў з пнеўманіямі, выкліканымі каранавіруснай інфекцыяй, лячыць у бальніцы?
У хатніх умовах магчымае лячэнне няцяжкай пнеўманіі ў чалавека без фактараў рызыкі – пры наяўнасцi ўмоў, якія забяспечваюць ізаляцыю і выкананне рэкамендацый па лячэнні, а таксама ўрачэбны (у тым ліку дыстанцыйны) кантроль.
Ці можна пры каранавіруснай пнеўманіі рабіць інгаляцыі?
Пры каранавіруснай інфекцыі ад інгаляцый (паравыя інгаляцыі, небулайзерная тэрапія) як аэразольутваральных працэдураў варта адмовіцца. Выключэнні складаюць дазуемыя інгаляцыйныя прылады – аэразольныя і парашковыя, якія выкарыстоўваюцца для пастаяннай базіснай тэрапіі і неадкладнай дапамогі пры хранічных захворваннях: бранхіяльнай астме і хранічнай абструктыўнай хваробе лёгкіх.
Небулайзерная тэрапія павінна прымяняцца толькі па жыццёвых паказаннях з выкананнем мераў засцярогі распаўсюджвання інфекцыі праз аэразоль (ізаляцыя пацыента падчас інгаляцыі, праветрыванне пасля інгаляцыі, апрацоўка паверхняў антысептыкамі).
Як аднавіць лёгкія пасля каранавіруснай пнеўманіі? Напрыклад, дыхальная гімнастыка. Калі можна пачынаць? Адразу пасля акрыяння альбо варта пачакаць?
Перыяд аднаўлення пасля COVID-19 пнеўманіі, як і набор аднаўленчых працэдураў, залежыць ад цяжару перанесенай пнеўманіі і тых зменаў, што засталіся ў лёгкіх пасля захворвання. Акрамя таго, для вызначэння праграмы аднаўлення маюць значэнне спадарожныя захворванні, вага, узровень фізічнай трэніраванасці да хваробы і інш.
Пачынаць рэабілітацыйныя мерапрыемствы можна пасля купіравання вострага запаленчага працэсу – нармалізацыі тэмпературы цела, паляпшэння альбо нармалізацыі лабараторных паказчыкаў (патрабуецца ацэнка ўрача!) і пры адсутнасці прыкметаў дэкампенсацыі спадарожных захворванняў.
Рэабілітацыйныя праграмы ўключаюць дыхальную гімнастыку, лячэбную фізкультуру, лячэбны масаж, збалансаванае харчаванне, пітны рэжым, фізіятэрапеўтычныя працэдуры.
У выпадках, калі пасля перанесенай цяжкай пнеўманіі ў лёгкіх захоўваюцца шырокія ўчасткі постзапаленчых зменаў, задышка, узровень насычэння крыві кіслародам (сатурацыя – SpO2) па дадзеных пульсаксіметрыі ніжэйшы за 95% і патрэба ў кіслароднай падтрымцы, на рэабілітацыю можа спатрэбіцца некалькі месяцаў.
Праграма павінна распрацоўвацца індывідуальна і ўключаць некалькі этапаў паступовага адлучэння ад кіслароду з паралельным павелічэннем фізічнай актыўнасці пад кантролем SpO2, частаты дыхання і пульса.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by