20.08.2018
20.08.2018

Застацца ў жывых. Анафілактычны шок: як прадухіліць смяротную пагрозу

logo
Хваробы ад А да Я
0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Анафілактычны шок – крайняя ступень выяўленасці алергічнай рэакцыі. Яго раптоўны пачатак і імклівае развіццё не пакідаюць часу на роздум. Кожная секунда прамаруджання можа каштаваць чалавеку жыцця.

Пасля рэзанансных выпадкаў развіцця анафілактічнага шоку, якія былі ў пачатку мінулага года (тады адзін з іх, на жаль, скончыўся трагічна), людзі літаральна атакавалі медыцынскія лабараторыі. Даведацца, ці ёсць схільнасць да алергіі на лекавыя прэпараты, без перабольшвання, было для іх пытаннем жыцця і смерці.

Дык ці можна прадугледзець магчымасць развіцця анафілактычнага шоку? Што рабіць, каб дапамагчы чалавеку застацца ў жывых? Пра гэта і не толькі наша размова з загадчыкам алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска, галоўным пазаштатным дзіцячым алерголагам Міністэрства аховы здароўя, к.м.н. Дзмітрыем Бузой.

Што такое анафілактычны шок?

Анафілактычны шок – гэта цяжкая сістэмная алергічная рэакцыя неадкладнага тыпу, што пагражае жыццю і развіваецца пры паўторным кантакце з алергенам любога паходжання. Лічыцца, што пры не аказанай своечасова дапамозе трагічны канец пры анафілактычным шоку верагодны ў 50-75% выпадкаў.

Асаблівасцю такой рэакцыі з'яўляецца тое, што яна ніколі не ўзнікае на рэчыва, якое ўпершыню трапляе ў арганізм чалавека. Анафілактычны шок правакуе паўторнае ўвядзенне алергена, нават калі да гэтага ніякай рэакцыі на яго не назіралася. І гэта адна з прычын, чаму спрагназаваць узнікненне жыццяпагражальнай сітуацыі практычна немагчыма.

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Пры анафілактычным шоку ідзе масіраваны выкід у кроў біялагічна актыўных рэчываў, у выніку чаго развіваюцца шматлікія сістэмныя праявы збоку сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, страўнікава-кішачнага тракта, скурных пакроваў. У выніку вызвалення медыятараў рэзка зніжаецца сасудзісты тонус, развіваецца адносная гіпавалямія (неадпаведнасць аб'ёму цыркулюючай крыві аб'ёму пашыранага сасудзістага рэчышча), што і правакуе шокавы стан. Асноўнай праявай анафілактычнага шоку з'яўляецца вострая сардэчна-сасудзістая недастатковасць, якая ў выпадку адсутнасці або спозненнага аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі можа скончыцца смерцю чалавека. Таму пры анафілактычным шоку дзейнічаць трэба неадкладна.

Прычыны анафілактычнага шоку

Ёсць тры вядучыя фактары, якія правакуюць узнікненне анафілактычнага шоку:

  1. Лекі і медпрэпараты. Можна тут асобна вылучыць тры групы:
  • антыбіётыкі пеніцылінавага і цэфаласпарынавага шэрагу;
  • супрацьзапаленчыя і супрацьбалявыя сродкі тыпу ібупрафену, аспірыну, дыклафенаку;
  • рэнтгенакантрастныя рэчывы для медыцынскіх маніпуляцый, што ўтрымліваюць ёд.
  1. Укусы насякомых (пчала, аса), чый яд таксама можа справакаваць анафілактычны шок.
  2. Харчовыя прадукты. Вельмі рэдка, але ўсё ж здараецца, што небяспечную рэакцыю могуць выклікаць прадукты, якія аказваюць высокае алергізуючае дзеянне: курыны бялок і бялок каровінага малака, яйкі, арэхі, харчовыя дадаткі і г.д.

Як распазнаць анафілактычны шок?

Жыццяпагражальная рэакцыя развіваецца вокамгненна: на працягу некалькіх хвілін ці нават секунд пасля паўторнага кантакту з алергенам. У выключных выпадках можа быць адтэрмінаваная на некалькі гадзін. Але, як правіла, гаворка ідзе ўсё ж пра імклівы пачатак.

Таксама для анафілактычнага шоку характэрныя:

  1. Падзенне артэрыяльнага ціску.
 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Гэта, бадай, галоўная адметная прыкмета анафілактычнага шоку. Сасуды пашыраюцца, развіваецца тахікардыя (з-за таго, што сэрца спрабуе папоўніць прыток крыві, а сасуды пустыя), затым ідзе калапс (вострая сардэчна-сасудзістая недастатковасць), страта свядомасці і спыненне сэрца.
  1. Паражэнне дыхальнай сістэмы. Пры анафілактычным шоку дыхальныя шляхі звужаюцца, узнікаюць хрыпы, дыханне парушаецца: як правіла, чалавек не можа ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць.
  2. Паражэнне скуры. З-за недахопу кіслароду скура набывае сінюшнае адценне. Акрамя таго, анафілактычны шок часта суправаджаецца крапіўніцай, ацёкам языка і мяккага нёба, нясцерпным свербам.

Часам могуць назірацца праявы збоку страўнікава-кішачнага тракта: спазмы, рэзкія болі, ваніты, панос.

Першая дапамога пры анафілактычным шоку

  1. Выклікаць брыгаду хуткай дапамогі. Гэта першае і галоўнае, што трэба зрабіць.
  2. Пакласці чалавека. Прыпадняць ногі, каб яны былі вышэй за ўзровень галавы для таго, каб павялічыць прыток крыві да сэрца і, адпаведна, паменшыць тахікардыю). Калі ёсць ваніты, чалавек павінен ляжаць не на спіне, а на баку.
  3. Забяспечыць доступ свежага паветра: расшпіліць кашулю, адкрыць вокны.
  4. У выпадку, калі сэрца спынілася, аказаць базавую сардэчна-лёгачную рэанімацыю: непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне.
 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
І гэта, бадай што, усё. Лячэнне анафілактычнага шоку павінен праводзіць толькі кваліфікаваны медыцынскі работнік. Так званая тэрапія першай лініі: ўвядзенне унутрымышачна ці унутрывенна адрэналіну (эпінефрыну) і інфузійная тэрапія (кропельніцы з фізрастворам) для таго, каб напоўніць крывяносныя сасуды i аднавіць артэрыяльны ціск. І толькі потым уводзяцца гарманальныя і антыгістамінныя прэпараты.

Жыццё пасля шоку

Калі адэкватная медыцынская дапамога была аказана своечасова, стан перажытага анафілактычнага шоку не прынясе арганізму асаблівых наступстваў. Але ў далейшым кантакт з рэчывам, што выклікала такую рэакцыю, неабходна катэгарычна выключыць.

І ўсё ж такі адкрытым застаецца галоўнае пытанне: ці можна «прафілактычнымі» абследаваннямі папярэдзіць развіццё анафілактычнага шоку?

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Не. Як паказвае практыка, папярэдзіць рэакцыю дадатковым абследаваннем нельга. Гэта як з кіраваннем аўтамабілем: немагчыма ведаць загадзя, здарыцца аварыя ці не. Нават пройдзеная напярэдадні дыягностыка аўтамабіля, якая пакажа, што ўсё ідэальна, не дасць такой гарантыі. Анафілактычны шок - вельмі рэдкая рэакцыя. Калі мы гаворым пра ін'екцыйнае ўвядзенне лекавых прэпаратаў – 1 выпадак на мільён. І гэта свайго роду адплата за тое, што ў сучасным свеце ёсць магчымасць ратаваць жыццё антыбіётыкамі, пазбаўляць болю. Лекі ратуюць мільёны людзей, на жаль, часам выклікаюць анафілактычныя рэакцыі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 58

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама