Прычыны дыярэі могуць быць розныя: ад харчовага атручвання або хранічных захворванняў кішэчніка да сур'ёзнай кішэчнай інфекцыі. Дыярэя можа суправаджацца болямі ў страўніку, павышэннем тэмпературы і абязводжваннем арганізма. Прычым апошняе можа справакаваць развіццё цяжкіх ускладненняў.
Журналіст Слушна параілася са спецыялістам і даведалася, як лячыць дыярэю, да якіх ускладненняў яна можа прывесці і ў якіх выпадках неабходна медыцынская дапамога. Наш эксперт – дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, к.м.н. Юрый Горбіч.
Што такое дыярэя?
Дыярэяй лічыцца вадкі стул частатой звыш за тры разы ў суткі. Калі вы наведваеце прыбіральню радзей, гэта часцей за ўсё звязана з харчовымі пытаннямі.
Дыярэя можа быць інфекцыйнай і неінфекцыйнай. Неінфекцыйная часцей звязана з хранічнымі захворваннямі кішэчніка (неспецыфічнымі язвавымі калітамі, хваробай Крона, сіндромам раздражнёнага кішэчніка). Падобныя станы суправаджаюцца частым стулам, пры гэтым ён пераважна не вадкі, а кашападобны. У большасці выпадкаў высокай тэмпературы ці моцных боляў у жываце няма.
Атручванне ці кішэчная інфекцыя?
Першыя сімптомы харчовага атручвання могуць з'явіцца практычна адразу пасля ўжывання ежы: ад 30 хвілін да 4 гадзін. Пры кішэчнай інфекцыі гэты перыяд доўжыцца больш – ад 12 гадзін да 3 сутак.
Юрый Горбіч:
Розніца паміж харчовым атручваннем і кішэчнай інфекцыяй ў тым, што пры інфекцыі ў арганізм трапляюць бактэрыі, размножваюцца і гінуць. Пры гэтым яны вылучаюць таксіны, што прыводзяць да развіцця захворвання. Пры харчовым атручванні бактэрыі назапашваюцца непасрэдна ў прадуктах харчавання. Там і праходзіць іх цыкл жыццядзейнасці. Таму ў арганізм чалавека трапляюць ужо гатовыя таксіны, якія правакуюць хуткае развіццё харчовага атручвання.
Інфекцыйныя дыярэі суправаджаюцца высокай тэмпературай, болем у жываце рознай лакалізацыі: у каляпупочнай вобласці або ў ніжніх бакавых аддзелах жывата.
Пры атручванні, як правіла, першымі ўзнікаюць ваніты, часам даволі моцныя. Боль лакалізуецца ўверсе жывата – у вобласці страўніка і тонкага кішэчніка. Дыярэя далучаецца пазней, яна не так выяўлена, як пры кішэчных інфекцыях. Тэмпература пры харчовым атручванні адразу падымаецца да высокіх значэнняў, але потым зніжаецца. Інфекцыйныя дыярэі ў большасці выпадкаў суправаджаюцца тэмпературай ад 37 да 40° C.
Сімптомы трывогі
Да сімптомаў трывогі адносяцца дыярэя, што доўжыцца больш як тры дні, высокая тэмпература, якая працягваецца не адзін дзень, а таксама наяўнасць паталагічных прымешкаў у стуле: крыві і слізі. Нагодай звярнуцца да ўрача з'яўляецца таксама моцны боль у жываце, пры якім чалавеку цяжка рухацца.
Пры дыярэі можа развіцца абязводжванне. Разам з вадой з арганізма вымываюцца жыццёва неабходныя макра- і мікраэлементы: іёны калію, хлору, натрыю і г. д. У групе рызыкі дзеці да 2 гадоў і пажылыя людзі старэйшыя за 65.
Юрый Горбіч:
Маленькія дзеці проста не ў стане распавесці, дзе баліць і як. У пажылых людзей, як правіла, ёсць спадарожныя хранічныя захворванні. З-за парушэнняў электралітнага балансу пры абязводжванні пакутуе міякард, павышаецца рызыка інфаркту і арытмій, часам лятальных.
Акрамя гэтага лячыць дыярэю ў хатніх умовах не варта:
- пацыентам, якія прымаюць глюкакартыкастэроіды (напрыклад, пры рэўматоідным артрыце) і цытастатыкі;
- людзям пасля хімія-і прамянёвай тэрапіі;
- людзям са злаякаснымі новаўтварэннямі;
- пацыентам пасля перасадкі органаў.
Юрый Горбіч:
У гэтых катэгорый асоб без медыцынскага назірання як мінімум участковага тэрапеўта нават лёгкія дыярэйныя захворванні самастойна лячыць не варта.
Як лячыць дыярэю?
Класічнае неправільнае меркаванне – быццам пры дыярэі нельга есці. Прымаць ежу трэба абавязкова, але часта і маленькімі порцыямі (пажадана 5-6 раз у дзень). Ежа не павінна ўтрымліваць рэчывы, што раздражняюць кішэчнік, а таксама клятчаткі. Так што садавіна і гародніна, нават вараныя і прыгатаваныя на пару, не рэкамендуюцца.
Юрый Горбіч:
Рысавая каша, якую часта раяць пры дыярэі, – цяжкая ежа для арганізма і дрэнна пераварваецца. Таму ў прыярытэце павінна быць пярловая, аўсяная ці грэцкая каша.
Неабходна папаўняць страту вады і мікраэлементаў. Лепш за ўсё з гэтым спраўляюцца спецыяльныя солевыя прэпараты, якія можна набыць у аптэцы. Іх склад збалансаваны ў патрэбнай прапорцыі. Піць трэба патроху, але часта. За дзень даросламу чалавеку варта выпіваць каля 2-3 літраў дадатковай вадкасці. Пра сокі лепш на час хваробы забыцца. Непажадана таксама піць газіраваныя напоі, у тым ліку мінеральную ваду.
Калі турбуюць болі ў жываце, можна прыняць прэпараты з групы спазмалітыкаў. Абязбольвальныя ў дадзенай сітуацыі не прынясуць палёгкі. Разам з тым, калі пасля прыёму спазмалітыкаў боль не прайшоў, ці праз нейкі час вярнуўся, ці стаў узмацняцца, неабходна звярнуцца да ўрача. Гэта можа быць сімптомам больш сур'ёзнага захворвання!
Акрамя гэтага спецыялісты рэкамендуюць прыняць прэпараты, што маюць адсарбіруючае дзеянне, за дзве гадзіны да любых іншых лекавых сродкаў або праз дзве гадзіны пасля.
Ніякіх фізічных нагрузак! Нельга таксама прымаць прэпараты, якія спыняюць дыярэю.
Юрый Горбіч:
Такія лекавыя сродкі прыгнечваюць маторыку страўнікава-кішачнага тракта і тым самым спыняюць дыярэю. З-за гэтага ўсе таксіны і мікраарганізмы застаюцца ў кішэчніку. Яны пачынаюць усмоктвацца ў кроў – і інтаксікацыя арганізма павышаецца ў разы. Могуць развіцца сур'ёзныя ўскладненні аж да інфекцыйна-таксічнага шоку, што патэнцыйна пагражае жыццю.
Выкарыстоўваць прэпараты, якія з'яўляюцца кішэчнымі антысептыкамі, можна – яны не прыбіраюць дыярэю, але забіваюць бактэрыі. Разам з тым перад прыёмам такіх лекаў лепш пракансультавацца з урачом. Гэтае правіла дзейнічае і ў дачыненні да кішэчных антыбіётыкаў.
Дзецям нялішнім будзе даваць прэпараты, што ўтрымліваюць прабіётыкі і прэбіётыкі. Першыя маюць карысныя для кішэніка мікраарганізмы, другія ствараюць умовы для іх адэкватнага росту.
Што ж тычыцца народных сродкаў, напрыклад адвару рамонка ці кары дуба, яны добрыя пры харчовых атручваннях. Пры кішэчных інфекцыях малаэфектыўныя.
Калі няма ўскладненняў, дыярэя звычайна праходзіць праз тры дні.
Да ўвагі
Тыя, хто любіць адпачываць у іншых краінах, могуць сутыкнуцца з так званай дыярэяй вандроўніка.
Умоўна дыярэю можна падзяліць на два віды:
1. Дыярэя з прычыны змены рацыёну і спажывання мясцовых прадуктаў, што прыводзіць да змены мікрафлоры кішэчніка.1. Арганізму проста трэба адаптавацца да новых прадуктаў. Як правіла, такая дыярэя не суправаджаецца тэмпературай, стул не мае паталагічных прымешак, болі ў страўніку слабавыяўленыя. Позывы ў прыбіральню могуць быць да 10 разоў на суткі. Дыярэя праходзіць праз 3-5 дзён;;
2. Дыярэя з прычыны інфіцыравання кішэчнымі інфекцыямі. Узнікае рэзка, суправаджаецца моцнымі болямі, высокай тэмпературай, стул змяшчае прымешкі. У цяжкіх выпадках неабходна дапамога ўрача.
Збіраем аптэчку
Для аказання дапамогі пры дыярэі ў вашай аптэчцы павінны быць:
- спецыяльныя солевыя растворы – для аднаўлення электралітнага балансу;
- спазмалітыкі – для пазбаўлення ад болю:
- прэпараты, якія маюць адсарбіруючае дзеянне, – для зніжэння інтаксікацыі.
https://bel.24health.by/bolezn-krona-prichiny-i-simptomy/?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by