06.02.2019
06.02.2019

Сіндром дыябетычнай ступні. Частка 3. Выбіраем правільны абутак

logo
Хваробы ад А да Я
0 25
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прыкладна 80% траўмаў у людзей з рызыкай сіндрому дыябетычнай ступні адбываецца з-за няправільна падабранага абутку. Вырашальным фактарам у гэтым выпадку можа быць што заўгодна: каменьчык, які трапіў у абутак, падшэўка, якая завярнулася, або збітая вусцілка, занадта мяккая падэшва або вузкая мадэль туфляў.

Асноўнымі правіламі выбару абутку для людзей з рызыкай сіндрому дыябетычнай ступні з журналістам Слушна падзялілася загадчыца кабінета «Дыябетычная ступня» гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі Інэса Пукіта.

Абутак для людзей з рызыкай сіндрому дыябетычнай ступні/

Парада № 1. Цвёрдая падэшва

Падэшва павінна быць досыць тоўстай, цвёрдай, максімальна незгінальнай. Нага павінна быць добра абаронена падэшвай ад траўміравання ступняў пры хадзе, валодаць амартызуючымі ўласцівасцямі. Вышыня ўстойлівага абцаса – не больш за 4-5 см.

 
Інэса Пукіта
Загадчык кабінета «Дыябетычная ступня» гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі
Нос абутку павінен быць мяккім, шырокім і высокім, умяшчаць пальцы ног, а не сціскаць іх, каб пазбегнуць утварэння мазалёў паміж пальцамі і на паверхнях суставаў. Вузкі мадэльны абутак адназначна не падыдзе. Пажадана наяўнасць злёгку задранага носіка абутку, а пад пальцамі – перакату. Калі пацыент ідзе ў такім абутку, яго нага быццам перакочваецца з пяткі на насок, пазбягаючы пры гэтым цэнтральнага ўдару.

Абутак для людзей з рызыкай сіндрому дыябетычнай ступні/ Цвёрдая падэшва

Парада № 2. Зафіксаваная пятка

Нават калі гэты абутак летні (напрыклад, басаножкі), ён павінен быць з закрытай пяткай альбо з заднім фіксуючым рамянём. Катэгарычна забаронена насіць шлёпанцы, в'етнамкі і г.д. Яны разбіваюць пятку і ствараюць вельмі моцную нагрузку на пярэдні аддзел ступні.

Парада № 3. Толькі па памеры

Пры сіндроме дыябетычнай ступні не варта купляць абутак на памер большы. Ён павінен быць зручным, а нага – добра зафіксавана і не боўтацца. Інакш значна павышаецца рызыка націрання скуры і ўтварэння мазалёў.

Разам з тым, калі ў вас ацякаюць ногі, увагу варта звярнуць на тую мадэль абутку, дэталі якой дазваляюць павялічыць аб'ём за кошт фіксуючых ліпучак, рызінак або спецыяльных засцёжак.

Набываць абутак лепш у другой палове дня, калі ногі стаміліся і трохі ацяклі. Гэта дазволіць выбраць зручную пару туфляў, у якіх будзе камфортна на працягу ўсяго дня.

Парада № 4. Мяккія і тоўстыя вусцілкі

Вусцілкі – неад'емная частка абутку, але для людзей з сіндромам дыябетычнай ступні яшчэ і траўманебяспечная зона. Таму вусцілкі не павінны быць загорнутыя, не павінны мець зморшчыны, якія-небудзь выпукласці і не павінны скрадваць аб'ём абутку. Перавагу варта аддаваць мяккім і тоўстым вусцілкам, якія добра прымаюць форму ступні.

Не варта набываць стандартныя артапедычныя вусцілкі (напрыклад, для папярочнай і падоўжнай плоскаступнёвасці). Яны выпускаюцца з цвёрдым каркасам, які закліканы захаваць форму ступні. У пацыентаў з сіндромам дыябетычнай ступні яна рэгідная і не можа «падбудавацца» пад форму вусцілкі, а значыць, высокая верагоднасць развіцця гематомы з-за ўдару па жорсткім корпусе вусцілкі з фарміраваннем пузыра і ранавай паверхні, якая лёгка ператвараецца ў язву.

— Нашым пацыентам добра падыходзяць вусцілкі з функцыяй «Memory soft» або «Мemory form», інакш «запамінаючая форма» ці «вусцілкі з эфектам памяці». Яны мяккія і прымаюць форму ступні. Таму большасці пацыентаў я прапаную купляць абутак, у які ўжо ўстаўленая фабрычная вусцілка з падобнай функцыяй.

Парада № 5. Без швоў і выпукласцяў

Перш чым надзець абутак, неабходна старанна праверыць яго знутры. Там не павінна быць нічога, што можа стаць прычынай траўмы: грубых і тоўстых швоў або выпуклых элементаў, іншародных цел.

Гэтае правіла дзейнічае і ў дачыненні да старога абутку. Заўсёды, перш чым надзець туфлі або чаравікі, іх трэба ўважліва даследаваць на наяўнасць лішніх прадметаў унутры.

— Вельмі часта загорнутая старая вусцілка, надарваная падшэўка, іншароднае цела могуць траўмаваць нагу пры хадзе. Нават некалькі гадзін хады ў абутку з лішнімі дэталямі ўнутры могуць пагражаць сур'ёзнымі наступствамі.

Парада № 6. Кардонныя вусцілкі

Вельмі часта чалавек з сіндромам дыябетычнай ступні і яго рызыкай з-за нейрапатыі не можа паўнавартасна вызначыць, ці цісне абутак. У такім выпадку пры набыцці абутку можна выкарыстоўваць кардонныя вусцілкі. Для гэтага неабходна на двух аркушах кардону абвесці свае ступні, выразаць іх і ўзяць на прымерку ў краму. Перад тым, як надзець абутак, такія кардонныя вусцілкі варта ўкласці ўнутр. Прымерыць абутак і пахадзіць пару хвілін.

 
Інэса Пукіта
Загадчык кабінета «Дыябетычная ступня» гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі
Потым вы дастаяце гэтыя кардонкі і ўважліва іх аглядаеце на прадмет таго, наколькі моцна разбураныя іх краі. Калі злёгку прымятыя, дык у прынцыпе гэты абутак падыходзіць вам па аб'ёме. Калі кардонкі будуць моцна пашкоджаныя, надарваныя альбо скручаныя, ад такога абутку варта адмовіцца.

6 важкіх прычын для змены абутку

Сіндром дыябетычнай ступні. Правільны абутак

  1. Калі абутак парваўся ці знасіўся.
  2. Калі пасля таго, як вы знялі абутак, на скуры ступні застаюцца адбіткі, пацёртасці або пачырваненні.
  3. У выпадку, калі абутак дэфармуецца з-за асаблівасцяў вашай нагі: дэфармаваныя пальцы або суставы ступні выціскаюць верх і бакі абутку.
  4. Падчас праверкі з дапамогай кардоннай вусцілкі аказваецца, што аб'ём абутку менш, чым ваша ступня.
  5. На пальцах сталі ўтварацца мазалі.
  6. Урач падчас чарговай кансультацыі параіў змяніць абутак.

Дарэчы, пра асноўныя правілы догляду ног пры сіндроме дыябетычнай ступні і яго рызыках можна даведацца падчас заняткаў у «Школе дыябету». У Гарадскім эндакрыналагічным дыспансеры Мінска (вул. Кісялёва, 7) яны праходзяць кожны чацвёрты чацвер месяца (акрамя летняга перыяду) у 17.00. Там навучаць правілам догляду ног пры цукровым дыябеце і прафілактыцы яго ўскладненняў, у тым ліку сіндрому дыябетычнай ступні.

Сіндром дыябетычнай ступні. Частка 2. Догляд ног дома і аптэчка пацыента

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 25

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».