27.05.2025
27.05.2025

Скачок да сонца. Частка 2 (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Увесь час, што Лакі быў у гасцях у Сонца, дэльфінчык Гук пільна сачыў за кожным рухам сябра. Сачыў і хваляваўся за яго бяспеку.  Але як толькі прачуў, што той не разлічвае затрымлівацца, узрадаваўся.

У небе засвістала, нібы тарпеда з падводнай лодкі набліжалася і вада захвалявалася, запенілася.

І толькі Лакі раскалоў сваёй дзюбкай паверхню вады, Гук не вытрымаў і нырнуў следам. Раскрычаўшыя зводдаль, чайкі прымусілі дэльфінчыкаў насцярожыцца і зірнуць на бераг. А там з расянай гары коўзаюцца чародкі дэльфінаў.

— Нарэшце і мы выбралі час пазабаўляцца! І ласкавае Сонейка акурат паспрыяла, — гаманілі пра сябе.

—Вось і мае гледачы крочаць! — выпусціўшы струю вады, прамовіў Гук.

—А раптам яны праігнаруюць?

—А я ім ніякага антракта не дам! Прадстаўленне пачну адразу ж, як пачнуць набліжацца!

— Хітрая тактыка! – падтрымаў сябра.

— Шкада, што няма тут майго галоўнага суддзі і  сяброўкі — дзяўчынкі Мары, — замаркоціўся Лакі. — Гэта яна дала мне такое вольнае і шчаслівае жыццё.

— Не сумуй, дружа! Мы яе знойдзем і пра ўсё распавядзём! — падтрымаў сябра Гук.

—Такім часам Мара дзесьці ля свайго возера. Там маляўнічае наваколле! Я цябе пазнаёмлю з прыроднаю музыкай яе краявідаў.

 Усведамленне рэальнай сітуацыіДэльфіны ідуць да мора. Ідуць калонай, не штурхаючыся і не выбягаючы наперад. Як толькі першы з іх сустракаецца з гарою – лажыцца на бруха і нясецца да вады.

— Ці бачыш, Лакі, якія яны смелыя! Вунь за другім – трэці найбольш адважны, следам - чацьвёрты і пакаціліся…

— Бачу, канешне! – адказвае Лакі. – Вунь ужо абтрасаюцца ад  травы і лістоты. А першы тым часам выстрайвае ўсіх у ланцужок і, відаць, да нас кіруюцца.

—Вось і хай хто паспрачаецца з намі ў кемлівасці і розуме!

— Гэта так, — пагаджаецца Лакі. – Бачыш, ідуць моўчкі, ідуць у нагу, сур’ёзныя, як салдаты.

Раптам самы малы, замыкаючы калоны, не вытрымлівае, пытаецца:

— Ну, калі ўжо вада?

— Куды спяшаешся, Гой?

— Нейкае адчуванне ў мяне, нібыта сябрука свайго Лакі сустрэну.

— Дык гэта цудоўна!

— Вось і я пра тое ж кажу: трэба шпарчэй крочыць!

— Эй, хлапчына, не спяшайся жыць! — пачуўся ўпэўнены бас старога Важака. – Паспееш! Вунь ужо і бераг.

Ён першым падышоў да крутога абрыву, паглядзеў уніз і павярнуўся да чарады.

Гэта як яго заўсёднае на падыходзе звяртацца, каб супакоіць і падахвоціць моладзь: «зусім не высока, і не страшна», — чуеце?

— Так.

Але ніводзін не зрушыў з месца. І раптам пачулася чарговая хітрыка Важака:

— Няўжо ніхто з вас не жадае за патопленымі скарбамі паныраць? Трэба чалавеку дапамагчы: вунь колькі жыве ў галечы. А тут усё дно ўсеяна незлічонымі багаццямі. Навошта каб марнавалася. Шанец падняць іх вельмі вялікі, бо я дакладна ведаю тыя мясціны.

— Хочам! Хочам! Гэта ўжо новае ў нашу скарбонку прыгодаў! – пачуліся галасы.

— Я верыў, што самыя смелыя — сярод маіх суродзічаў!

Заднія штурхаюцца, напіраюць на пярэдніх, тыя адварочваюцца, спрачаюцца.

Нарэшце наперад з чарады выходзіць пухленькі з імем Смяльчак, растапырвае плаўнікі – і – уніз галавою.

Следам – другі выходзіць наперад, паглядзіць на Важака, удакладніць пра пошукі  клада, звузіўшы хітрыя вочкі і, схіліўшы голаў у бок суродзічаў, робіць крок наперад. Трохі пастаіць, падумае, нібыта галоўны чалавечы прадпрымальніцкі стратэг, і голасна скажа:

— Калі 50 адсоткаў ад кошту знойдзенага кладу - нам, тады згодны! – прамовіў хтосьці.

— Напэўна, так. Але ў мяне толькі ўнукаў сямёра, а дзяцей… Я ўжо й сам лік згубіў. І ўсім нешта патрэбна. Можа б крыху дабавіць! – нясмела азваўся Геркулес.

Чарада пачала пераглядацца.

—  Давай, Вінцер, пагаджайся з Геркулесам! І айда – у ваду! – пачуліся дружныя галасы.

Чарада зноўку пераглянулася, нібы чытала думкі адзін аднаго, разважала, але ніводзін не прамовіў кепскага слова на адрас Геркулеса. Не прамовіў, бо кожны ведаў, што заўсёды патрапіўшаму ў складаную жыццёвую сітуацыю талакою дапамагаюць.

Важак  засвістаў, а пасля ўжо і закрычаў: «Карр… Карр…», што азначала: «Трэба скакаць!»

Прагматычны Вінцер абвясціў калектыўны лозунг: «Я згодны з вамі, сябры, і таксама ўсведамляю рэальную сітуацыю». І ўжо звяртаючыся да Геркулеса сказаў: «Не хвалюйся! Разрулім і тваю сітуацыю! Але ж і сам больш руплівым будзь».

І ўсе амаль навыперадкі пачалі падыходзіць да кручы і па чарзе скакаць.

Ад мары да рэальнасці

Смяльчак – той, што першым кінуўся ў ваду, ужо вынырнуў на паверхню, крыкнуў:

— А я кальмара спаймаў! За мной!, набраў паветра і – зноўку пад ваду.

Тым часам Гук, як і абяцаў, разбягаўся па гладзі вады і, што ёсць моцы, падскокваў у паветра. І са сваім, адметным толькі яму, свістам узнімаўся да аблокаў. А тыя аблокі, як чародкі маладых гусей рассоўваліся, уступаючы шлях дзіўнай і гарэзлівай марской істоце.

— Я – на в-о-облаках! Я – на во-облаках! – даносілася з высі.

І ўсе дэльфіны кіраваліся на яго голас.

— Што гэта за артыст такі!? – пыталіся ў Важака.

— Не ведаю, — адказваў стары дэльфін. – Спытайце ў майго памочніка!

— Гэта маладыя дэльфіны з чарады загінулай Маці-Афаліны, патлумачыў Вінцер. – А зараз усе – на прадстаўленне. Які ўвішны дэльфінчык! Вось вам і не спешчаны матчынай ласкаю!

Дэльфіны скіраваліся да Смяльчака і ўсе разам згуртаваліся колам вакол ценю падвешанага на аблоках Гука. Яны свісталі і шчоўкалі дзюбкамі, куляліся, ныралі і коўзаліся адзін на адным – забаўляліся, але вызначанае самімі ж кола не парушалі.

— Вось дык нумар! Ажно дух захоплівае! – чулася з чарады. – Цікава, я як ён сам успрымае вышыню?

— Як, як! Звычайна! Як і мы з вамі тут, на вадзе! – тлумачыў Важак. – Я ў маленстве яшчэ не тое вытвараў.

— Няўжо? А мы думалі, што вы заўсёды былі такім маўчуном? – дзівіліся малыя.

Гук з нябеснай высі таксама назіраў за сваімі гледачамі і шчыра стараўся ўнесці яшчэ хаця б нейкі адметны элемент у сваё прадстаўленне.

«Што ж яшчэ такое прыдумаць, што прымусіла б гледачоў напоўніцу захапляцца?» І прыдумаў!

Ён пераскокваў з аднаго воблака на другое, а пасля пачаў складваць сваю ад- метную мазаіку, якая паўтарала форму кола сваіх суродзічаў на вадзе.

А як пачуў радасныя галасы знізу, ссучыў са светлых пярэстых, нібы конскія грывы аблокаў вяроўкі і, замацаваўшы іх на вялікіх, толькі ўжо цёмных навальнічных аблоках, пачаў гушкацца. Гук свістаў, шчоўкаў дзюбкаю, калі і кідаў, злепленыя ў снежкі аблокі.

— Зірніце! Зірніце! Ён на арэлях гушкаецца! А яшчэ і марозіва скідвае!

— Лавіце марозіва!

Тады дэльфіны збіваліся з абранага рытму, здзіўляліся:

— Як гэта можна, каб бязважкія аблокі былі падобнымі да марозіва?

— Я ж казаў, што гэты хлопчык яшчэ не на тое здатны!

А з высі зноў пачуўся голас артыста:

— А хочаце я падскочу да самага Сонца?

Лакі ў гэты момант заўсміхаўся, радуючыся за сябрука. Але праз хвіліну і засмуціўся: «А раптам не здолее ці абгарыць, тады што?»

— А паспрабуй! – ужо падахвочвалі адныя.

— Не трэба гэтага рабіць! Небяспечна! – папярэджвалі іншыя. – Падсмажыш лапы!

Але ўпарты Гук нічога з таго не чуў: ужо быў побач з Сонцам.

Ён застыў у паветры. Над вадзяной залай павісла цішыня. Гледачы пазіралі на смелага артыста. Спрабавалі адгадаць, якое ж дзейства будзе наступным.

— Бачыце! Я зрабіў гэта! – на ляту крычаў радасны артыст. – І плюхнуўся акурат пасярод кола сваіх гледачоў.

І тады Лакі засмяяўся напоўніцу.

Гледачы падхапілі вясёлы настрой сябра свістам і апладысментамі. Вада ўсхадзілася.

— Няўжо ніколечкі не пужаўся ні той высі, ні раскаленага Сонца?

— Напачатку сумняваўся, што здолею. Але потым пераадолеў бар’ер боязні, - адказваў Гук.

— Я таксама хваляваўся за цябе, але як убачыў твае складаныя піруэты, зразумеў, што гэта мне пара браць у цябе ўрокі майстэрства, - казаў Лакі. – Мне падалося, што твае новыя піруэты ўладарна электрызуюць тваю фантазію.

— Дзякую, дружа!

— Веру, што  новыя, яшчэ больш захапляльныя трукі ў цябе наперадзе. Так што – з удалым пачаткам!

— Дзяку-ю-ю-ю!

Калі небяспека побач

Нечакана дэльфіны пачалі збягацца ў шчыльны гурт. У колькіх кроках ад іх з вады знянацку паказалася агромністае пятністая жывёла і ўзнікшая з ніадкуль ружовая пашча з радам вострых іклаў.

— Увага! Да нас  —  нязваны госць! – абвясціў выйшаўшы наперад Важак.

Навокал усталявалася такая цішыня, што, здаецца, і чайкі пазаміралі ў палёце.

Небяспечны драпежнік выцягнуў доўгую шыю, зірнуў на чараду дэльфінаў і ад злосці, што паляванне не ўдалося пачаў бушаваць. Ён рыкаў, біў дужымі лапамі па вадзе так, што здавалася  і мора стогне ад болю.

Перапыняўся, а пасля зноў пачынаў пішчаць, нібы паранены, злосна крычаў. Яго вочы наліваліся крывёй, ноздры раздуваліся.

Рвануўся было наперад, відаць, меркаваў агрэсіўны выпад да жывога кола маланят, спадзяючыся, што раптам каторы з цікаўных зазяваецца і яго ўдасца схапіць.

Важак, як вартаўнік спакою і згоды ў сваёй чарадзе ведаў, што яму давяраюць, на яго спадзяюцца. І ён абавязаны абараняць іх. Наструніўся, але  не стрымаўся, свіснуў так, што звер нечакана здрыгануўся, а потым сцішыўся. Тады стары дэльфін ўстаў ва ўвесь рост і поклічна фыркнуў, падкрэсліваючы гэтым - “Я тут гаспадар! Цябе не баюся. І малых я табе ў крыўду  не дам!”

Той прысаромлены маўчаў, злосна зірнуў на суперніка, павольна апусціўся на пустое бруха і, фыркнуўшы на развітанне, схаваўся пад вадой.

— Ну што, маланяты, пазнаёміліся з марскім Лепардам? —  з бацькоўскі клопатам у вачах, задаволена паціраючы шырокія, нібы вёслы плаўнікі, спытаў Важак.

— О, лепш бы яго не бачылі! – радасныя ўсмешкі зноў святкавалі на іх тварах.

— Чаму так? Яго трэба ведаць, бо на сваім жыцці яшчэ не раз сустрэць давядзецца, - зусім па-сур’ёзнаму адказаў стары Дэльфін. —  Няхай сабе ён нас не чапае, але павадкі яго і хітры нораў трэба ведаць.

— Гэта для Пінгвінаў марскі Леапард – смяртэльная пагроза! – пачуўся голас Вінцера. – Нас ён звычайна не чапае.

— Гэта так, але папярэджаны, значыць узброены, - падагуліў Важак.

Сабраліся на агульны сход і пачалі рахавацца з чаго пачынаць.

— Давайце вызначымся з роляю кожнага, - прапанаваў Важак. – Старэйшыя прытрымліваюцца мяне, астатнім пад кіраўніцтвам Вінцера арганізаваць ахову ад нечаканых гасцей, - сказаў, як адрэзаў стары дэльфін.

— А знаёмцаў паклічам? – пачуўся чыйсьці голас.

— Яны прысуседзяцца ў самай крытычнай сітуацыі.

— А Лакі?

Лакі і Гук па аднадушным рашэнні чарады выканалі групавы скачок да Сонца і аднагалосна былі залічаны ў склад экспедыцыі.

Цяпер вы нароўні з усімі маеце права удзельнічаць у пошукавай экспедыцыі старажытнага клада, —  аб’явіў Важак.

— Ура-а! – падтрымаў харызматычны Гой. – Нас многа, а звера якога ў адзін міг грамадою адужаем…

Ружовае ўяўленне ці ява?

Важак плыў першым. Яго магутнае цела ўпэнена разразала непаслухмяныя хвалі. Раз-пораз ён паварочваў голаў улева-управа, услухоўваючыся сваёй эхалакацыяй  у кожны рух пад вадою.

Раптам штосьці ўстрывожыла яго. Ён, шчоўкнуўшы тры разы сківіцамі,знік у вадзяной плыні.

Чым ніжэй ён спускаўся, тым цямнейшым станавіўся шлях, але за высокімі зялёна-карычневымі водараслямі і шылаватымі караламі адкрывалася шырокая нізовіна, адкуль сачылася незвычайных колераў святло. А ўяўленне Важака ўжо малявала затанулы карабель з поўнымі трумамі каштоўнасцяў.

Падаў каманду падначаленым,  зноўку шчоўкнуўшы сківіцамі, але ўжо тры разы запар, што азначала – быць напагатове. Сам паволі спусціўся ў цямніцу, ад якой захапіла дух. Прыпыніўся, зноў прыслухаўся. Загадкавая цішыня прымушала мацней біцца сэрца.

Пацікавіўся глыбей дна марскога, а там, глыбока ў глеі  —  паўсюль скрынкі з золатам і срэбрам, каштоўнымі камянямі і фарфорам...

— Самі не адужаем, —  разважаў.

— Не шкодзіла б і чарадзе Лакі прысуседзіцца? – прапанаваў чуйны Вінцер.

— Такі клопат! – сказаў Важак і знаёмцам таксама даў дазвол далучыцца ў помач. – Усё пойдзе на дапамогу жывучым у нястачы і маламаёмным.

Праца доўжылася да таго часу, пакуль апошняя скрыня са скарбамі не была выцягнута на паверхню.

Як толькі дынамічная праца скончылася, Вінцер узняў трывогу: свіснуў – вораг! -вораг! – засвісталі старэйшыя.

— Няўжо яшчэ адна экспедыцыя цікаўных да падводнай археалогіі? – прамовіў Важак.

— Хаця каб экспедыцыя! Вунь яны з мячамі ды шаблямі! – удакладніў Вінцер.

— Тады мы абавязаны ўсё знойдзенае зберагчы! – упэўнена прамовіў Важак.

І ўсе кінуліся ў атаку. Тут і маланяты пасмялелі, дапамагаць пачалі. На той пошум прыплыла яшчэ адна чарада дэльфінаў.

Перад імі, як здані выплылі з марскога туману дзве вялікія Белыя Акулы. Прыўзняўшы галовы і ашчэрыўшы свае страшэнныя пашчы, яны на нейкае імгненне знямелі і стаялі нерухома. Потым рашуча кінуліся ў чараду дэльфінаў.

Счапіліся пашчамі, здаецца, затрашчалі пярэднія зубы, уздыбілася памутнелая вада, паплылі разварочаныя водарасці – хто каго перасіліць. Але ніводзін бок не здаваўся. Вось яны ўсталі ва ўвесь рост, як маладыя хлопцы-забіякі. Потым расчапіліся, расплыліся на колькі крокаў і зноў кінуліся адзін на аднаго.

Барацьба ішла не на жыццё, а на смерць.

Але Важак Дэльфінаў, які не мог нават уявіць, што здабытае высілкамі і кемлівасцю яго каманды можа апынуцца ў лапах крыважэрлых драпежнікаў,  з усяе моцы ўдарыў суперніка ў міжжабернае акно. І той пахіснуўся, абмяк.

Але калі Лакі падплыў, каб упэўніцца ў перамозе над захопнікамі, той як шкумутнуў яго зубамі, што акрываўлены ён ледзь выслабаніўся з яго абдымкаў. Тады на дапамогу яму падплыў Гой і ўдвух мацней націснулі, прымусіўшы ворага здацца. Гэтага было дастаткова. Другі зламыснік перапужаўся адважных вартаўнікоў і падаўся прэч.

…Як толькі лёгкія прыцемкі ахуталі возера, ажылі ўзбярэжныя нетры. Над буйной густой зелянінай травы і кустоўя выраслі слупкі мошак. Безліч насякомых узнялося ў паветра, каб пачаць вечаровыя песні і танцы.

Дзяўчынка Мара сядзела на беразе возера як зачараваная і не зусім уцяміла, дзе яе пластыкавы Лакі? Няўжо ён быў у гасцях у Сонца? І што перад ёю было – сон ці ява?

Першую частку можна прачытаць і паслухаць тут .

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"