20.05.2025
20.05.2025

Скачок да сонца (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Як толькі пачулася журчанне вады, маленькі дэльфінчык, што быў у патайной кішэньцы адной дзяўчынкі, пачаў штурхаць яе ў бок і пішчаць:

—  Мара, выпусці мяне! Досыць мне ў кішэні сядзець! Хачу на волю!

—  Лакі, харошы мой, пацярпі яшчэ трошкі! Хутка пойдзем да вады! – ціхім галаском прамовіла дзяўчынка сваёй чароўнай цаццы ў кішэні.

—  Ага, пацярпі, калі я ў кішэні задыхаюся, а навокал усе весяліляцца і радуюцца Сонейку.

—  Яшчэ трошкі, калі ласка! – умольна прасіла дэльфінчыка Мара.

—  Дарэчы, адкуль ведаеш маё імя? Я сам назваў сябе і ніхто не ведаў!

—  Я такога ж маленькага і цікаўнага дэльфінчыка бачыла ў сталічным дэльфінарыі, Дык вось, яго падзывалі кароткім посвістам. І я цябе такім жа! Той быў актыўным і вясёлым, і я палічыла, што менавіта гэтае імя табе пасуе, - адказала дзяўчынка.

І раптам каля самае Мары раздаліся дзіцячыя галасы:

—  Ура-а! А вунь пчолка з матыльком спаборнічаюць на кветцы! – крычалі маланяты.

— Гэта яны за нектар змагаюцца! – тлумачылі большыя.

— Няўжо мала кветак? Ляці сабе на іншую! – казалі малыя.

— Аднаму ляцець ці дужа цікава? – дадавалі трэція. – А ўдвух, а лепей утрох пазмагацца – самае то!

— Не каб уступіць слабейшаму, дык мкнецца навыперадкі!

— А чаму я павінна ўступаць? – азвалася пчала на спрэчку дзяцей. —  Я ж больш   карысная для чалавека, чым матылёк!

Дэльфінчык Лакі не толькі прыслухоўваўся да размоў, але і разумеў, што дзяўчынка такім чынам адцягвае яго ўвагу, і яшчэ больш пачынаў штурхацца. А каб пачулі іншыя, ўжо пачынаў насвістваць сваю мелодыю.

Ужо колькі дзён надвор'е нечакана палепшылася настолькі, што ў пачатку мая было лепей, як летам. Усё весялілася і танцавала ад сонечнай шчодрасці. Дзеці асабліва ажно заходзіліся ад радасці. Толькі Мара хадзіла з вельмі таямнічым і змоўніцкім выглядам. З самае раніцы зачынялася адна ў пакоі і нікому не адчыняла.

— Я, можа, з Сонцам размаўляю пра яго прыгоды! А калі штосьці патаемнае раблю, і не твая гэта справа сунуць свой нос, - пішчала яна, калі брацік хацеў хоць адным вочкам зазірнуць.

«Вось яшчэ навіна: жаночыя таямніцы», - падумаў сам сабе Пятрок, але больш у дзверы не грукаў, каб не перашкаджаць гэтым таямніцам.

Тым часам дзяўчынка ўпэўнена набліжалася да сваёй даўняй мары. Нездарма ж насіла такое загадкавае імя!

Усё, здаецца, было напагатове. Заставалася, толькі перамовіцца з татам: ці не забыўся пра свае абяцанкі ўзяць і яе разам «на матросікаў».

Неверагодная прыгода

Мара з дамскай сумачкай першай стаяла на дварэ, чакала, калі тата збярэ свой рыбацкі рыштунак і пасадзіць яе «у карзіну». Пра тое, што ў яе сумачцы ніхто не ведае. І няма чаго ўсім ведаць: у любой дамы павінны быць свае маленькія сакрэцікі. Хто будзе спрачацца з гэтым?! Маўчыце? І гэта правільна!

«Але дзе тата? - думала пра сябе дзяўчынка. - Добра, каб Пятрок праспаў: болей рыбы ёй дасталося б!»

Зборы для рыбака гэта адзін з самых адказных момантаў. Ад'язджаючы да якога паўдня на раку, не кажучы ўжо пра возера, трэба ўзяць з сабою ўсё неабходнае для нармальнай рыбалкі. Дзеці за такімі зборамі свайго бацькі неаднойчы назіралі, таму ведалі, што зарана паўскоквалі з ложкаў. Але зараз, калі ласкавыя сонечныя прамені казыталі іх тварыкі, разгаварыліся:

— Тата, цябе выпадкова сом не ўшчыкнуў, што выбрацца ніяк не можаш?

— Ды й ужо іду! – адказваў бацька і цягнуў веласіпед, абвешаны вудамі, патфелем, вядром і крэслам-карзінай для самай малой рыбачкі.

— Ну што, рыбакі, гатовыя?

— Ды гатовыя, гатовыя! – амаль хорам адказалі дзеці.

— Тады – па машынах!

Дзеці рассмяяліся: «Па машынах!» — А дзе ж тыя машыны?

— Гэта і ёсць самая надзейная машына – веласіпед!

— Тата, а маю вуду не забыўся?

— Не забыўся! – адказваў задуменны бацька, і ўладкоўваў аматараў рыбалкі кожнага ў сваё крэсла.

— Напера-а-д! – закамандавалі дзеці.

І яны панесліся ў свежы сінявата-малочны ранак, які на ўзгорках ужо захоплівалі ў свае абдымкі гарэзлівыя і асляпляльныя сонечныя прамені. І тады юныя рыбакі моршчыліся, бо румяніліся іх тварыкі.

— Тата, а сонца ўсё чырванее і так казычыць, што я не паспяваю адбівацца ад яе дагучлівых і зыркіх промняў! – паварачваючыся да бацькі крычала Мара.

— А ты не адганяй іх, а прылашчы яе праменьчыкі. І табе будзе нашмат весеялей, - параіў тата.

— Хітранькі! А раптам яны зусім загарацца і прыклеяцца да мяне! Як я рыбу лавіць буду? – стракатала малая.

Тым часам наперадзе было вялікае возера з абрывамі і нізовінамі, перакатамі і затокамі.

— Выгружаемся!

Пачуўшы тую каманду, пінгвінчык што меў сілы штурхнуў дзяўчынку ў бок і свіснуў.

— Што гэта? – нарэшце пачуў Пятрок.

— Качкі, напэўна, - адказала малая. Сама ж прыціснула руку да кішэні, каб не выскачыў яе неўтаймоўны сябар. Але, каб яе не рассакрэцілі, раптам звярнулася да бацькі:

— Тата, давай мне вуду, а ты пакуль выгружайся!

Спрытна разматала вуду, адвярнулася ў бок і раскрыла сваю «дамскую» сумачку.

— Што гэта за паплавок? Гусінае пяро!  – незадаволена прамовіла юная рыбачка. – І, пацалаваўшы, прычапіла нейкую незвычайную блакітнага колеру цацку, што выскачыла з таемнае кішэні дамскае сумачкі.

«Пакуль яны там варожаць, мы паспытаем рыбацкае шчасця», - весела прамовіў   павесялеўшы паплавок.

Дзяўчынка паазіралася па баках, але нікога не ўбачыўшы, закінула вуду.

Мужчыны яшчэ корпаліся са сваімі прыладамі, а паплавок Мары ўжо танцаваў ля чаратоў.

— Ну яшчэ разок пацягні, вось так! – прасіла дзяўчынка таго, хто назойліва дражніў яе незвычайны паплавок. – І раз – вось і даскакаўся, мой дарагі! – казала Мара і адчапляла з кручка ладнага акунька. Тата, тата, я «матросіка» спаймала.

«Мы спаймалі!» - чуўся ўжо знаёмы голас.

— Канешне ж мы! – адказвала дзяўчынка, - і папраўляла чарвяка.

Раптам пачуўся незвычайны ці то посвіст, ці то брэх, быццам хтосьці ўзяў на іх пеленг, і ўжо ведаў, што ў зоне знаходзіцца суродзіч.

І як толькі Мара ў чарговы раз закінула вуду, паплавок адразу пайшоў на дно. Дзяўчынка разгубілася, пачала падсякаць чарговую ўдачу. Ёй падумалася, што вялікае штосьці заглынула кручок і зараз цягне на дно, каб вызваліцца з палону. Але, калі выцягнула вуду паплаўка на лёсцы не было.

— Вось дык прыгода! Неверагодна! Гэта ж трэба: рассакрэціў мяне, здраднік! – прамовіла Мара. – Абяцаў маўчаць. Яна ўзяла ды злосна выкінула ў ваду спайманага матросіка. Забірай!

І толькі яна прамовіла, як Лакі, пераўтварыўшыся ўжо ў вялікага дэльфіна, аказаўся ля яе ног.

— Прабач, Мара! – Я не мог сябе стрымаць, калі пачуў голас суродзіча. – Ну не скардзіся, калі ласка! Я бачу на тваім твары незадавальненне, нават злосць. Не трэба! Ты – самая лепшая!

— Ты ж абяцаў мне, што не будзеш збягаць!  – выказалася Мара. – Я так аберагала цябе, што зараз зусім расхвалявалася. Дзяўчынка ледзь стрымлівалася, каб не расплакацца.

— Мы з табой яшчэ не тое пакажам! – прасвістаў Лакі. – І падскочыў вышэй за сваю сяброўку.

— Я не думала, што ты на такое здатны! Ты такі мілы!

— Гэта яшчэ што! Усё ў нас наперадзе, Мара! – Дэльфінчык выскачыў на паверхню, перакуліўся ў паветры і, здаецца, нават заспяваў на сваёй мове. Пасля шчоўкнуў зубамі, паазіраўся.

Вакол была ціша, ад якой дэльфінчык чакаў новага ухвалення, але не пачуўшы адабрэння сваіх дзеянняў, ён свіснуў на развітанне, хапянуў порцыю кіслароду, вокамгненна знік у вадзяной сінечы.

— Вяртайся, Лакі! Я цябе буду чакаць! – наўздагон крычала дзяўчынка.

Яму, зусім маладзенькаму, хто так і не адчуў матчынай ласкі, хацелася самастойнасці: хутчэй ірвануць удалеч па вадзяных сцежках-дарожках сваіх суродзічаў. Жыццё яму здавалася вельмі простым. Вось так бесклапотна плыць па ўмоўных сцежках, якія здаваліся прамымі і абароненымі ад драпежнікаў. Проста падарожнічаць і атрымліваць задавальненне.

Але ён яшчэ з лякарні запомніў словы доктара: «Жыццё – дзіўная рэч. Яно заўсёды падкажа разумнаму: калі не сустрэнеш роўнага сабе ці лепшага на шляху – кроч адзін». Яны, тыя словы наказам сядзелі ў яго галаве.

— Я – на волі!

Лакі, які меў слых нібы ў эхалакатара, пачуў гэта і зноў паказаўся на паверхні, трымаючы ў зубах ладную рыбіну, якую тут жа і праглынуў.

– І зараз магу па-да-а-а-рожнічаць!

Выскачыў з вады, падняўшы фантанчык пырскаў, перакуліўся ў паветры колькі разоў і, нібыта не дыльфін зусім, а нейкі марскі прывід, які хутка знікне, знікне нечакана, як і з'явіўся.

— Па-да-а-а-рожнічаць па марах і акіянах! – пачуўся глухі голас Вады. – Па сцежках без межаў?

Але ён ужо гэтага не чуў. Відаць, шукаў сваю сцежку.

А тыя сцежкі і насамрэч без межаў. Як і небяспечныя. Па іх не варта было б толькі бяздумна рухацца бязважкім маладым целам. Няхай сабе і да таго светлага сонечнага імгнення. Рухацца пакуль наперадзе, як Лакі верылася і спадзявалася, не замаячыць штосьці агромністае і добрае, па чым так замаркоціўся. Не толькі замаячыць, а падплыве і прылашчыць, а затым і падсілкуе яго. І гэтае агромністае і добрае павінна быць яго Маці-Афаліна.

У памяці малога тады яшчэ зусім цялятка засталіся толькі рэзкія штуршкі ды раздражнёныя галасы сталых суродзічаў, а яшчэ злосны піск крыўдзіцелькі. У той момант ён мала што кумекаў, бо быў у жываце Маці. Калі ж надышоў час з'явіцца яму на белы свет, Маці адыходзіла. Малы чуў гутарку доктара пра вялікую тыгровую Акулу, якая магла загубіць і малое, але абышлося. Вось толькі Маці, на жаль, моцнымі і вострымі зубамі смяртэльна параніла.

Чуў ён, і нават усведамляў страту, але што ён, малы, мог змяніць у сваім гаркотным лёсе?! Зблытаць той драпежніцы ўсе яе шкадлівыя планы? Але як? І што ад таго змянілася б?

Скачок да Сонца

Жыў сам па сабе дэльфінчык, падрастаў, нікому нічым не шкодзіў, не ўмешваўся ў кругаварот адладжанай у падводным царстве гармоніі жыцця. Даходных акул абыходзіў вакольнымі шляхамі, а часцей за ўсё зашываўся ў густыя водарасці ці нават у глей.

Хіба цяпер, калі ён падужэе і набярэцца жыццёвага вопыту, «усё сярод яго суродзічаў будзе па-іншаму», - трымаў гэтую думку.

— І да Сонца я зраблю свой скачок! Я не дазволю, каб крыўдзілі маіх добразычлівых суродзічаў! – перапыніў маўчанне Лакі і, ўсміхнуўшыся ў вусны, тым самым паказаў цікаўным свой сямейны «лагатып» дабрадушша, мацней запрацаваў сваім хвастом, як гнуткім рулём.

На вялікай хуткасці ледзь не прамінуў ладнага кальмара, але не паспеў праглынуць, як ўбачыў такога ж малога суродзіча. Той імкліва знікаў у водарасцях.

— Трэба даведацца, а раптам патрэбна дапамога? – падумаў Лакі, - і кінуўся наўздагон.

— Прывітанне, брат! -  Я – Лакі, а цябе як зваць?

— Гук! – нясмела прамовіў дыльфінчык.

— Ад каго хаваешся, Гук?

— Тут такая справа здарылася, што адзін дайвер патрапіў у поле зроку зыркай тыгровай акулы, якая, увайшоўшы ў запал, апантана ганялася за ім. Той нават спрабаваў страляць па ёй, але стрэлы толькі раздражнялі акулу. Бачыў, як яе пашча, нібы самалётны ангар зеўрала мноствам белых клыкоў.  Але мне ўдалося адвесці ад яго страшную небяспеку.

— Як?

— Пачаў яе дражніць сваімі гукамі, - распавёў Гук. - Тыгр і пераключыўся на мяне, пагнаўся следам.  Я калі ўбачыў налітыя ад злосці яе крывавыя вочы, што падсвечвалі зубы, нібы раскаленыя вуглі, гатовыя былі ўпіцца ў маё маладое цельца, перапужаўся. Але не разгубіўся, бо аднекуль узяліся і сілы і смеласць. Павадзіў яе за нос, а як умарылася драпежніца, толькі тады і даў драла.

— Малайчына! -  адобрыў яго смеласць Лакі. – І не напужалі ні страшэнная зяпа з моцнымі сківіцамі і сотнямі выпрабаваных і вострых зубоў?

— Калі патрапляеш у падобнае становішча няма калі разважаць пра страх ці пра яшчэ што, - па-даросламу разважаў Гук. – У галаве толькі адно, з чаго пачынаў: выратаваць чалавека.

— Які ты герой! Не разгубіўся. А давай сябраваць!

— Кінь ты, герой! А вось сябраваць я згодны! Тады адразу распавяду табе, дружа, пра нашых самых страшных драпежнікаў. Хутчэй пра нашую з табой будучыню.

— Калі ласка!

— Акулы апошнім часам пашырылі сваё асяроддзе пражывання з трапічных і субтрапічных мораў да ўсёй Паўночнай Атлантыкі.

— А чаму так? Ім што, месца мала было? Раптоўныя наплывы іх стай у новае месца пагражае тым, што знішчаюць усё, што трапляецца на шляху.

— Так! Іх міграцыя парушае натуральныя экасістэмы і ўзаемадзеянні марскіх жывёл.

— Дык усё ж што іх прымусіла да гэтага, не ведаеш?

— Чаму, ведаю! – адказваў Гук. – Уся справа ў пацяпленні Сусветнага акіяна.

— І што нас чакае?

— А чакае тое, што Акулы будуць заплываць усё далей і далей на поўнач.

— І што гэта азначае? – яшчэ больш здзівіўся Лакі.

— А тое, мой дружа, што нам, дэльфінам, усё цяжэй будзе разам з ворагамі суіснаваць.

— Не абрадаваў, канешне, але ўзброіў мяне інфармацыяй. Дзякуй! – кіўнуў галавою Лакі. – Значыць будзем прыладкоўвацца да новага ладу жыцця.

І даў такога нырца, што паказаўся на паверхні ля самага далягляду.

— Ну ты й даеш, Гук! Я ўжо падумаў, што зноў нейкая невядомая сіла стала на тваім шляху! – Я, напэўна так не змагу, - выказаўся Лакі.

— Усё нармальна! Хутка і ты зможаш! Бывала, што я мог затрымліваць дыханне на паўгадзіны. Бацькі, якія мяне добра ведаюць, і тое нават непакоіліся. Але пасля таго, як папярэдзіў пра зубастую госцю, уміг зрушыліся з месца і ўсёй чарадой яе пакаралі, - свіснуў і шчоўкнуў сківіцамі так, што вада вакол яго зрабілася незвычайнай, быццам графічныя іерогліфы загадкавай формы: высокія хвалі вакол рабізны. Гэта азначала, што ён данёс важную інфармацыю.

— Заслужана пакаралі! – падцвердзіў Лакі – І, як карыстальнік набірае на клавіятуры тэкст, таксама нашаптаў вадзе сваю формулу і падскочыў увысь. Ды так, што рассунуў аблокі і прывітаўся з Яго Вялікасцю Сонцам.

— Скачок да Сонца! – ажно разявіў рот здзіўлены Гук. – Вось гэта крэатыўны фінцік, дык крэатыўны! Нумар сапраўднага марскога артыста! Вось гледачы пакуль спазняюцца, бачу пакуль спускаюцца да вады. Іх ужо я буду сваім спектаклем забаўляць. А пакуль паназіраю за сябрам.

Ён перавярнуўся на спіну і пільна ўзіраўся ўвысь. Узрадаваўся, а яшчэ больш здзівіўся, калі пачуў:

— Ну прывітанне, Лакі! – па-мацярынску аблашчыла словам Сонца. – Якая патрэба прывяла да мяне?

— Прабачце, Ваша Вялікасць! Я проста радуюся жыццю!

— Ты не саромейся, малыш, звяртайся да мяне ў цяжкую хвіліну! Ведаю твой незайздросны лёс і заўжды гатовая на дапамамогу.

— Дзякуй, ласкавае Сонейка! Абавязкова звярнуся! Пакуль!  Там мяне сябра чакае!  – свіснуў на развітанне ўвішны дэльфінчык.

— Сябры – гэта цудоўна! – прамовіла зычлівае Сонца. Да сустрэчы!

А што адбывалася далей з забаўным дэльфінчыкам, мой дружа, даведаешся іншым разам.

Прыгоды маленькай Машынкі. Частка першая + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"