Калі б тэма не мела на ўвазе крайняй ступені сур'ёзнасці размовы, рак прадсталёвай залозы можна было б назваць катом у мяшку. На працягу доўгага часу, які вымяраецца гадамі, хвароба можа развівацца абсалютна бессімптомна. Без болю, дыскамфорту, якіх-небудзь іншых праяў нездароўя. А потым за адзін раз «стрэліць» усімі залпамі адразу. І, на жаль, нярэдка – на паражэнне.
Няма сэнсу пачынаць баяцца загадзя. Але яшчэ менш яго ў тым, каб нічога не рабіць у сітуацыі, калі знайсці і абясшкодзіць хваробу можна перш, чым яна пяройдзе ў атаку.
Будзь мужчынам – схадзі да ўрача
Навошта гэта трэба?
Статыстыка анколагаў не прадугледжвае розначытанняў: рак прадсталёвай залозы – захворванне, якое дыягнастуецца часцей за іншыя онкапаталогіі. Месца лідара яму саступаюць нават такія распаўсюджаныя анкалагічныя хваробы, як рак лёгкага, каларэктальны рак і рак малочнай залозы. Толькі каля паловы выпадкаў злаякасных пухлін прастаты, якія выяўляюцца, маюць раннія стадыі захворвання, што, безумоўна, уплывае на складанасць лячэння хваробы і яе станоўчы зыход. У той жа час, калі хвароба выяўлена на ранняй стадыі, верагоднасць поўнага выздараўлення дасягае 100%! Таму рэгулярнае прафілактычнае абследаванне апраўдана павінна стаць справай №1 у спісе прыярытэтаў сучаснага і адказнага мужчыны.
У чым сэнс скрынінгу?
Да гэтага часу найбольш распаўсюджаным спосабам дыягностыкі паталогій прадсталёвай залозы быў і застаецца метад пальпацыі пры вочным аглядзе ва ўролага (пальцавае рэктальнае даследаванне – ПРД). Аднак традыцыйнасць метаду ў гэтым выпадку не раўназначная яго эфектыўнасці. Як правіла, выяўленыя такім чынам злаякасныя новаўтварэнні ўжо маюць дастаткова вялікія памеры. А дадатковае абследаванне можа выявіць распаўсюджванне ракавых клетак на суседнія і аддаленыя органы.
Важным элементам для дыягностыкі анкалагічных захворванняў прастаты служыць таксама трансрэктальнае ўльтрагукавое даследаванне. Але і гэты метад нельга назваць адназначна надзейным і вырашальным для пастаноўкі дыягназу. Улічваючы асаблівасці пухліны прадсталёвай залозы, практычна кожны другі выпадак раку прастаты застаецца для УГД «нябачным».
Найбольш інфарматыўным зараз з'яўляецца аналіз крыві на ПСА.
ПСА – прастат-спецыфічны антыген – бялок, які выпрацоўваецца выключна прадсталёвай залозай. У норме яго прысутнасць у крыві дапушчальная ў нізкіх канцэнтрацыях. Перавышэнне парогавага значэння ПСА можа сведчыць аб паталагічных зменах у структуры залозы і працэсах, што ў ёй адбываюцца.
Такім чынам, скрынінг раку прадсталёвай залозы ў першую чаргу мае на ўвазе менавіта аналіз крыві на ПСА ва ўсіх мужчын ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў.
Не выпадкова скрынінгавыя абследаванні паказаны менавіта гэтай узроставай групе. Па шматгадовых пацверджаных дадзеных, злаякасныя пухліны прастаты ў мужчын да 40 гадоў – з'ява вельмі рэдкая. Яшчэ на працягу 10 гадоў рызыка ўзнікнення паталогіі застаецца нізкай (выключэнне складаюць мужчыны са спадчыннай схільнасцю да раку прастаты). Але пасля 50 гадоў верагоднасць развіцця злаякасных новаўтварэнняў рэзка ўзрастае ва ўсіх мужчын, што наўпрост звязана з узроставымі зменамі, якія адбываюцца ў арганізме. Пры гэтым пухліны часцей за ўсё агрэсіўныя і пры адсутнасці своечасовага і эфектыўнага лячэння нясуць прамую пагрозу жыццю пацыента. У мужчын, старэйшых за 70 гадоў, калі рак не быў знойдзены да гэтага часу, няма сэнсу шукаць яго мэтанакіравана: як правіла, пухліна настолькі нязначная, што ніяк не ўплывае на агульнае самаадчуванне і якасць жыцця. Альбо лячэнне ў гэтым узросце, тым больш радыкальнае, не будзе мець прынцыповага значэння для якасці і працягласці жыцця пацыента.
Улічваючы гэтыя абставіны, аналіз крыві на ПСА з перыядычнасцю 1 раз у 2 гады ў мужчын, старэйшых за 50 гадоў, як першы этап прафілактычнага скрынінгу на прадмет ранняй дыягностыкі раку прастаты, большасць вучоных-анколагаў прызнаюць больш чым апраўданым.
Калі ўзровень прастат-спецыфічнага антыгену перавышае дапушчальныя межы, прадугледжаны другі этап абследаванняў. А менавіта: сістэматычная біяпсія прадсталёвай залозы пад кантролем трансрэктальнага УГД.
Верхняй мяжой нормы лічыцца ўтрыманне ПСА ў крыві ў канцэнтрацыі 4 нг/мл. Аднак, у апошні час спецыялісты схіляюцца да таго, каб у мужчын ва ўзросце да 55 гадоў знізіць парогавае значэнне ўзроўню ПСА да 2,5-3 нг/мл, мяркуючы, што гэта можа істотна павялічыць шанцы на дыягностыку злаякасных пухлін у пачатковай стадыі развіцця.
Біяпсія з'яўляецца адзіным верным спосабам пацвердзіць або абвергнуць наяўнасць ракавых клетак. Сістэматычная біяпсія мае на ўвазе правядзенне не менш за 6 пункцый за адзін раз, каб выключыць захворванне. У некаторых выпадках іх колькасць можа быць значна павялічана. Працэдура малапрыемная, але для яе правядзення выкарыстоўваюцца самыя сучасныя і эфектыўныя абязбольвальныя сродкі, каб звесці да мінімуму хваравітасць і дыскамфортныя адчуванні для пацыента.
Праверыцца нельга прапусціць
Уласна, коску кожны чытач можа паставіць там, дзе сам палічыць патрэбным.
Бо няма сэнсу хітраваць: у навуковай супольнасці анколагаў да гэтага часу не прыйшлі да адзінай думкі пра безумоўную карысць скрынінгу раку прадсталёвай залозы. Той жа ўзровень ПСА ў крыві, напрыклад, можа быць павышаны ў шэрагу выпадкаў, далёкіх ад анкалогіі. Выявіць перавышэнне дапушчальнай канцэнтрацыі антыгену з аднолькавым поспехам можна як пры сапраўдным раку прастаты, так і пры дабраякаснай гіперплазіі прадсталёвай залозы і нават пасля гарачай інтымнай блізкасці напярэдадні забору аналізу. Менавіта з гэтай прычыны наяўнасць злаякаснай пухліны пацвярджаецца толькі ў 30-50% мужчын з павышаным узроўнем ПСА ў крыві.
Але тут, бадай, самым важкім аргументам для мужчын павіны паслужыць напамін: калі ёсць хаця б мінімальны шанц папярэдзіць хваробу, неразумна ім не скарыстацца. Хаця б дзеля таго, каб коска не ператварылася ў кропку.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by