Атрымаць прыгожы і роўны загар — лёгка. Што можа быць прасцей, запытаецеся. Ляжы сабе на сонейку і загарай. Але і ў гэтым, здавалася б, простым на першы погляд занятку ёсць шмат «падводных камянёў». Бо сонца не даруе бестурботнасці.
Ці ўсім можна загараць? Каму варта берагчы скуру ад уздзеяння сонечных прамянёў? Які час самы спрыяльны для загару? І ці так бяспечна сонца?
Адказы на гэтыя пытанні Слушна знайшлі ў загадчыка кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандра Жукаўца.
Правіла 1. Загар і фотатып скуры
Чаму некаторым дастаткова правесці на сонцы зусім крыху — і калі ласка прыгожы загар? Іншыя ж толькі патрапяць пад гарачыя сонечныя прамяні — скура чырванее, на целе практычна апёк.
Шмат чаго залежыць ад прыроджанага фотатыпу скуры. І гэта трэба ўлічваць. Калі ў вас белая скура, якая хутка чырванее на сонцы, і светлыя вочы — загар не для вас. Лепш засцерагчыся ад ўздзеяння ўльтрафіялетавых прамянёў.
Абавязкова выкарыстоўвайце спецыяльныя сонцаахоўныя сродківопратку і пазбягайце пякучага сонца.
Фотатып скуры | Як вызначыць | Рэакцыя на апрамяненне ўльтрафіялетам |
Першы | Скура — белая, рудыя ці светлыя валасы, вяснушкі. | Не загарае, высокая рызыка апёкаў. |
Другі | Скура — белая, вочы шэрыя, зялёныя ці блакітныя, вяснушкі не яркія . | Загарае дрэнна, высокая рызыка апёкаў. |
Трэцці | Скура – белая ці колеру слановай косці, валасы – ад светла-карычневага адцення да цёмнага. Вочы – светла-карыя. | Загарае паступова і раўнамерна, магчыма ўтварэнне апёкаў. |
Чацвёрты | Скура — аліўкавага колеру, валасы — цёмна-карычневыя і чорныя. Колер вачэй — кары ці чорны. | Загарае добра, схільнасць да апёкаў мінімальная. |
Пяты | Скура — карычневага, жоўтага ці жоўта-карычневага адцення, колер валасоў — чорный. | Цёмны загар, рэдка абгарае. |
Шосты | Скура — цёмная (чорная), цёмныя вочы і чорны колер валасоў. | Загар цёмны, ніколі не абгарае. |
Правіла 2. Сонечным апёкам — НЕ
Літаральна «смажыцца» на сонцы — небяспечна для здароўя. І гэта тычыцца ўсіх людзей незалежна ад колеру скуры. Атрымаць апёк можна ў лічаныя хвіліны.
Фактары рызыкі развіцця раку скуры — колькасць апёкаў з пухірамі ў дзяцінстве (асабліва больш як 2-3) і агульная доза ўльтрафіялетавага апрамянення, атрыманая на працягу жыцця. Калі пасля адпачынку вы заўважылі, што радзімка павялічылася ў памерах (стала прыпадымацца над скурай), контуры яе нібы «расплываюцца», сталі перарывістымі ці з'явілася некалькі адценняў колеру (чорны, ружовы, карычневы, белы) — абавязкова парайцеся з урачом.
Правіла 3. Каму загараць не варта
Устрымлівацца ад загару трэба тым, у каго на целе шмат вялікіх пігментных невусаў (радзімак), асабліва прыроджаных.
Лічыцца, што уладальнікам больш як 70-100, працяглыя сонечныя «ванны» супрацьпаказаныя.
Таксама загараць не рэкамендуюць падчас ужывання некаторых лекаў.
Напрыклад, сульфаніламідаў, тэтрацыкліну, супрацьзачаткавых таблетак і інш. Гэтыя сродкі аказваюць фотасенсібілізуючае дзеянне (павышаюць адчувальнасць да сонечных прамянёў) і могуць выклікаць апёк. Загар непажаданы таксама для людзей з першым і другім фотатыпам скуры.
Аляксандр Жукавец:
– Што тычыцца беларусаў, сярод іх пераважаюць людзі з другім і трэцім фотатыпам скуры. Таму не варта забывацца і аб правілах знаходжання на сонцы.
Катэгарычна нельга загараць тым, у каго ўжо былі анкалагічныя захворванні або пухліны скуры.
Супрацьпаказана доўга знаходзіцца на адкрытым сонцы малышам да года.
Яны павінны быць у цяньку. Адзенне варта выбіраць з натуральных тканін, лёгкае і светлае, што прыкрывае не толькі тулава, але і рукі, ногі. А для аховы твару, на які на працягу жыцця ўздзейнічае УФ-выпраменьванне, лепей выкарыстоўваць галаўныя ўборы з палямі ці казырком.
Правіла 4. Загараем правільна
Залатое правіла загару — умеранасць. Пачынаць варта з 15 хвілін. Паступова час можна павялічваць. Разам з тым не трэба бесперапынна ляжаць на сонцы больш за 2 гадзіны (нават калі ўжо ёсць загар). Без ахоўных сродкаў — адзення, крэму — знаходжанне на сонцы варта абмежаваць 30-40 хвілінам
Аляксандр Жукавец:
– Сонца найбольш актыўнае ў перыяд з 10 да 15-16 гадзін. У гэты час лепш схавацца ў цяньку ці ў памяшканні. Самы бяспечны загар — да 10 гадзін і пасля 16-ці. Пасля купання трэба выцірацца ручніком. Кропелькі вады, што застаюцца на скуры, могуць «спрацаваць» як лінзы павелічальнага шкла і выклікаць апёк».
Ультрафіялетавае выпраменьванне дасягае паверхні зямлі і ў ясны дзень, і ў воблачнае надвор'е. Таму знаходзіцца на сонцы, нават у бяспечныя гадзіны, варта асцярожна. А калі вы адпачываеце ля вады, то сонечныя прамяні адлюстроўваюцца ад паверхні і ад пяску, таму іх уздзеянне ўзмацняецца шматкроць.
Дарэчы, ультрафіялетавыя прамяні спектра B, што выклікаюць апёкі скуры, больш актыўныя ў цёплы час года з 10 да 16 гадзін. А вось ультрафіялетавыя прамяні спектра А круглы год на працягу дня пранікаюць у глыбокія слаі скуры.
Летам, калі ўздзеянне ўльтрафіялетавых прамянёў як А, так і У спектра найбольш актыўнае, ахова ад сонца павінна быць максімальнай.
Магчыма, вам будзе цікава:
Сонцаахоўны крэм для дзяцей: правілы выкарыстання
Бяспечны ўльтрафіялет. Як правільна карыстацца сонцаахоўнымі крэмамі
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by