Так сталася, што за апошнія гадоў ...цаць гэта ўсяго толькі другі зборнік п’ес, які я прачытала. Хаця многія не любяць чытаць п’есы ўвогуле, а любяць глядзець іх увасабленне на сцэне.
Я таксама вельмі люблю тэатр, але-але… Пабачыўшы ў сацыяльных сетках допіс, што ў шаноўнай Таццяны Мікалаеўны выйшла кніга п’ес, шчыра парадавалася за яе і адной з першых павіншавала. Займеўшы ж зборнік з вельмі цёплым дарэнчым надпісам, прачытала цягам некалькіх гадзін.
Адразу зазначу: я не літаратурны крытык. Маё меркаванне – яно толькі маё. Але… падмацаванае багатым вопытам чытача з адпаведным чытацкім стажам у 45 гадоў. І цяпер я разумею, чаму пасля прачытання ў свой час п’есаў нашага слыннага драматурга Аляксея Дударава (з якім, да слова, мы нарадзіліся ў адзін дзень) больш нічога асабліва не запала ў душу. Бо жыла чаканнем чагосьці такога ж адмысловага. І дачакалася!
Гэтаму спрыяе нават прадмова:
Існуе меркаванне, што пісьменнікі сваімі творамі мадэлююць будучыню. І гаворка тут не толькі пра Верна, Оруэла ці Бранера – любы таленавіты аўтар стварае ўласны свет, які пэўным чынам уплывае на рэчаіснасць. Як п’есы Таццяны Сівец, напісаныя цягам апошніх пятнаццаці гадоў, паўплывалі на дзень сённяшні? Чытайце – ды самі пабачыце. І будзем спадзявацца, што заўтра сапраўды будзе сонца…»
Калі хтосьці кажа, што п’есы немагчыма чытаць, бо ўвесь час увага адцягваецца на дзейсных асобаў і гэта раздражняе… Нічога такога не заўважыла. Іншыя кажуць, што для лепшага разумення ўяўляюць падчас чытання спектакль на сцэне. І гэтага не адчула. За выключэннем аднаго моманту, пра які напішу крыху пазней.
Кнігу п’ес Таццяны Сівец «Заўтра будзе сонца!» асабіста я чытала як звычайны зборнік аповесцяў ці апавяданняў. Мастацкую літаратуру ў яе звыклым фармаце. І п’есы тут сабраныя для рознага ўзросту: для дарослых, дзяцей, падлеткаў.
Пачынаецца зборнік п’есай «Амазонкі».
Не ведаю аўтарскай ідэі і задумы, але чамусьці ўпэўненая, што сюжэт узяты з нашага жыцця, у якім ужо столькі дзесяцігоддзяў упэўнена валадарыць анкалогія. Хвароба, назву якой мы часцяком сапраўды не можам прымусіць сябе вымавіць услых. Пра якую кажам шэптам. І да апошняга хаваем… Бо стаўленне да хворых на анкалогію ў нашым грамадстве ўсё яшчэ… Не такое, словам, стаўленне, якім быць павінна.
Тое, што адбываецца ў «Амазонках», без перабольшання, адбываецца ў сучасным жыцці з многімі і многімі жанчынамі, у многіх сем’ях. Калі дыягназ – як прысуд. Калі не трэба болей дасягненняў на працы, кар’ернага росту… Толькі падтрымка блізкіх, сяброў, калег, знаёмых…
А блізкія не вытрымліваюць. А каханыя здраджваюць. І адбываецца гэта яшчэ да нябачнай мяжы, якая дзеліць жыццё жанчыны на «да» і «пасля», альбо ўжо за ёю, той мяжой. І добра, калі знаходзіцца хтосьці – сяброўка, знаёмая, каляжанка, якая можа падтрымаць. Пабыць побач. Проста пагаварыць…
І, уласна кажучы, гэта тое, што на дадзены момант патрэбна хворым на анкалогію. Каб супакоіць іх велізарны страх, які засланяе сабою ўсё. Але ці многія з нас здольныя на такую падтрымку??? Чытаем у «Амазонках». І пазнаем у асобных героях сябе…
Настроіўшыся на далейшыя перажыванні, перагортваю старонку і… Быццам сапраўды трапляю ў ласкавыя абдымкі сонейка! Вось гэта кантрасты!
Далей нас чакаюць дзве мілыя п’есы для дзетак «Брык і Шуся шукаюць лета» і «Куды прапала малпа Маня?». Цікавыя, цёплыя, пазнавальныя, кранальныя… Пра сяброўства і справядлівасць, праўдзівасць і падман, пачуццё ўласнай годнасці, учынкі добрыя і не вельмі… Думаецца, дзеткі будуць у захапленні!
Ніякіх суперсучасных монстраў, стралялак ды іншых адзнак нашага шалёнага часу! Якімі, на жаль, цікавяцца ў большасці сваёй сучасныя дзеці. Асабіста ў мяне такое ўражанне, што я вярнулася ў дзяцінства. І са мной зноўку добрыя героі з дзіцячай вечаровай перадачы – Хруша, Філя, Сцяпашка…
Хаця ў п’есах Таццяны Сівец зусім іншыя героі – Брык, Шуся, Чэсь (чарнахвосты лугавы сабачка)… І – цалкам знаёмыя ды зразумелыя Лама, Козачка, Бусел, Воўк, вавёрка Варка… Варона, Сабака, Чорная Котка ды іншыя…
Дабрыня, якой так не стае ўсім, а асабліва – дзецям, здаецца, так і струменіцца з кніжных старонак. І ведаеце што?! Дарослым таксама пачытаць не зашкодзіць. Для сябе.
А далей… Далей нас чакае п’еса з загадкавай назвай КМЧ. Праўда, расшыфроўка знаходзіцца тут жа – Курсы маладых чараўнікоў. Вось дзе чараўніцтва дык чараўніцтва! І ў самой дзеі, і ў імёнах казачных герояў. Вы толькі ўчытайцеся: Жалгіун-Каралюс, Варлівока, Нактыр, Кляскун… Калі Кот, дык Варгін… Калі Заяц, дык Драўляны. А як Воўк, дык Жалезны!
А тэма якая патрэбная! Стасункі паміж падлеткамі і іх бацькамі. Вечная праблема бацькоў і дзяцей у адмысловым прачытанні – праз казачна-фантастычныя дзеянні.
А вось насамрэч… Прапануйце свайму сыну ці дачцэ ўявіць, што б адбылося, калі б вы, тата і мама, раптам не проста ўспомнілі сябе падлеткамі, а імі… сталі! Па праўдзе! Можна нават разыграць такую сцэнку. Ведаеце, даволі цікава можа атрымацца. І вельмі павучальна, але… ненавязліва. А вось калі вашыя дзеці яшчэ і п’есу Таццяны Сівец «КМЧ» самі прачытаюць… Я б яе прапанавала нават для пастаноўкі ў самадзейных школьных тэатрах!
Наступная п’еса – «Не расказвай мне казкі!» – скарыла мяне ўжо нават пасля знаёмства з дзейснымі асобамі. Бо сярод іх – бабуля Малання (вясковая «вядзьмарка», якая ведае травы і дапамагае людзям) і Лазнік (па ўяўленнях нашых продкаў – дух, які жыве ў лазні). Беларуская аснова! Звяртанне да мінулага і паяднанне яго з сучаснасцю!
Таксама карысна прачытаць як падлеткам (ну так ужо добра выпісаныя аўтарам героі!), так і дарослым. Ці здольныя падлеткі на сапраўдныя ўчынкі? У рэальным жыцці, а не ў віртуальным? Кагосьці засланіць сабою ў пагрозлівай сітуацыі, ведаючы, што чалавечае жыццё сапраўды адно. І гэта не гульня ў тэлефоне, калі націскам адной кнопкі можна падараваць герою новае.
І што жыццё часцяком – гэта зусім не гульня. І што мабільны тэлефон, смартфон – не гарантыя дапамогі ў любой сітуацыі. А спадзявацца варта на свае лепшыя чалавечыя якасці, на тыя ж прыстойнасць, годнасць, адказнасць, пачуццё сяброўства, якія цаніліся і цэняцца ва ўсе часы…
І вось у такім задумлівым настроі мы падыходзім да п’есы «Шафа», якую Таццяна Сівец прысвяціла светлай памяці А.В.Вольскага. І гэта – зварот да падзей 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Да часоў сталінскіх рэпрэсій. Калі дарослых забіралі ў лагеры альбо расстрэльвалі, а дзяцей змяшчалі ў дзіцячыя дамы. І на памяць адразу прыйшла кніга Аляксея Рыбакова «Дзеці Арбата»…
Ну што тут сказаць? Праўдзіва. Сумна. Месцамі – страшна. Не зусім фантастычна. Хутчэй – цалкам рэальна, нягледзячы на асобныя казачныя элементы. Так сапраўды было…
І вось тут напрыканцы ўпершыню з пачатку чытання гэтага зборніка я раптам «убачыла» сцэну! І адбылося гэта на прачытанні апісання дзеянняў: «Перад усімі апускаюцца дзверы шафы. Праз іх выходзяць Адам, Зоська, Янка і ўсе Бацькі». Я гэта ўбачыла! І вельмі яскрава! А значыць, п’есе на сцэне сапраўды быць! Хаця я і не празорца… Па напале жарсцяў, відаць, мацней за «Амазонак»… Асабіста для мяне.
І, нарэшце, натуральнае заканчэнне – «Заўтра будзе сонца!» – радыё-п’еса паводле славацкай народнай казкі «У гасцях у сонейка». І зноўку ўспаміны дзяцінства. Ці тое казку я ў перакладзе чытала, ці тое мульцік глядзела… Але памятаю сюжэт, дзе Сонейка, якое заспала, прыбіраюць, умываюць, расчэсваюць…
Кранула не толькі гэта, а зноўку тая неверагодная дабрыня, якая, здаецца, сыходзіць на чытача проста са старонак кнігі. Тут задаволеныя будуць і аматары фантастыкі, бо на пачатку п’есы з’яўляецца машына часу.
Кранае, што дзеці ў будучыні замест «найноўшых дасягненняў у галактыказнаўстве» хочуць паслухаць казку. Звычайную добрую казку! Якую чулі шмат разоў і ўжо самі вывучылі на памяць…
І зноўку для сябе заўважаю своеасаблівую «пераклічку» з Аляксеем Дударавым. Памятаеце, у яго экранізацыі, у «Белых росах», герой Усевалада Санаева звяртаецца з кранальным маналогам да сонца? І чытаем у Таццяны Сівец у заключных радках п’есы: «… Але гэта заўтра. Калі прачнецца сонейка. Бачыш, як нам пашанцавала? Варта толькі расплюшчыць вочы – і яно тут, над нашай зямлёй! Усміхніся яму – яно заблішчыць ярчэй».
Вось такі рознапланавы зборнік п’ес атрымаўся ў Таццяны Сівец. Цікава, а як гэта? Ісці да сваёй мары (выдання кнігі) 15 гадоў? Чаму менавіта п’есы? І што значыць асабіста для Таццяны Мікалаеўны сяброўства, якое абавязкова з’яўляецца, бы асобны (нябачны!) галоўны герой, практычна ў кожнай п’есе? Аб гэтым мы абавязкова пагутарым з аўтарам. Сачыце за публікацыямі!
Фота аўтара, з архіва Таццяны Сівец і адкрытых інтэрнэт-крыніц
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by