27.02.2019
27.02.2019

Парады мамолага для здароўя жаночых грудзей

logo
Здароўе дарослых
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адназначнага адказу на пытанне, як пазбегнуць раку малочнай залозы, няма. Як і ўніверсальных парадаў. Разам з тым, упэўнены эксперт Слушна, не толькі рэгулярныя медыцынскія агляды, якія, што ўжо граху таіць, мы часта прапускаем, але і змены стылю жыцця і паводзінаў могуць значна знізіць рызыку развіцця захворвання.

Нашым экспертам у далікатным пытанні здароўя жаночых грудзей стаў Аляксандр Паддубны, загадчык мамалагічнага кабінета Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі

Рэгулярныя абследаванні

УГД-дыягностыка/ захворванні малочнай залозы

Як бы банальна ні гучала, але ўсе захворванні малочнай залозы, у тым ліку і дабраякасныя новаўтварэнні, варта трымаць пад кантролем і пры неабходнасці лячыць. Аляксандр Паддубны прыводзіць такі прыклад: макракісты малочнай залозы (2 і больш см) у жанчын ва ўзросце да 45 гадоў амаль у 6 разоў павялічваюць рызыку развіцця раку грудзей.

Адным з фактараў, які можа справакаваць развіццё раку малочнай залозы, з'яўляецца парушэнне гарманальнага фону жанчыны, у тым ліку захворванні шчытападобнай залозы, гармоны якой наўпрост і апасродкавана ўплываюць на малочную залозу.

Як патлумачыў мамолаг, запаленчыя працэсы палавых органаў у жанчын павялічваюць рызыку развіцця дысгарманальных захворванняў (мастапатыі, гіперплазіі эндаметрыю) і, як следства, – новаўтварэнняў (міёмы маткі, фібраадэномы, у тым ліку і рак малочнай залозы).

Псіхалагічны стан

Негатыўную ролю ў развіцці раку малочнай залозы адыгрывае псіхаэмацыянальны стан жанчыны. З-за працяглых перажыванняў, асабліва негатыўных, пастаянных псіхалагічных перагрузак, стрэсаў паталагічныя працэсы ў малочных залозах абвастраюцца.

 
Аляксандр Паддубны
Загадчык мамалагічнага кабінета РКМЦ Кіравання справамі Прэзідэнта РБ, акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі
Жанчынам трэба імкнуцца, па магчымасці, пазбягаць стрэсавых сітуацый або навучыцца спраўляцца з імі, агароджвацца ад навакольнага негатыву. Многія пацыенткі, у якіх была выяўлена злаякасная паталогія, дзяліліся тым, што на працягу доўгага перыяду часу да захворвання жылі з адмоўнымі думкамі, з крыўдамі на тыя ці іншыя сітуацыі, на блізкіх людзей, на жыццё... Жанчыны увесь час «накручвалі» сябе, а сітуацыя пры гэтым пагаршалася. Змяніць ваш лад жыцця, вашы думкі – толькі ў вашых сілах. Толькі вы здольныя прыбраць гэтую адмоўную дамінанту з галавы.

Пры хранічным стрэсе ў арганізме выпрацоўваецца гармон картызол, які літаральна аслабляе арганізм.

Першае дзіця да 25 гадоў

У групу рызыкі развіцця раку малочнай залозы ўваходзяць жанчыны, якія нарадзілі першае дзіця пасля 30 гадоў або зусім не нараджалі.

 
Аляксандр Паддубны
Загадчык мамалагічнага кабінета РКМЦ Кіравання справамі Прэзідэнта РБ, акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі
Калі параўнаць дзвюх жанчын, адна з якіх нарадзіла да 25 гадоў, а другая пасля 30-ці, дык рызыка развіцця раку грудзей у другой жанчыны ў тры разы вышэйшая.

А вось працягласць кармлення грудзьмі на верагоднасць узнікнення хваробы практычна не ўплывае. Разам з тым, ёсць літаратурныя дадзеныя, паводле якіх пры наяўнасці мутацыі гена BRCA 2 (breast cancer) пры спадчынным раку працягласць груднога гадавання зніжае рызыку ўтварэння злаякаснай пухліны, падкрэсліў Аляксандр Паддубны.

Змяніць лад жыцця

Сярод прычын, якія могуць спрыяць утварэнню злаякасных новаўтварэнняў – гіпадынамія і лішняя вага, асабліва адклад тлушчавай тканкі ў вобласці жывата. Брушны тлушч небяспечны тым, што ў ім адбываецца ператварэнне тэстастэрону ў эстраген, які метабалізуецца ў печані ў розныя фракцыі гідраксіэстронаў. Пры парушэнні іх балансу значна павялічваецца рызыка развіцця злаякаснай пухліны ў малочнай залозе.

Злоўжыванне алкаголем згубна адбіваецца як на самой малочнай залозе, так і на функцыі печані, якая ўдзельнічае ў метабалізме эстрагенаў. Неабходна сачыць за харчаваннем і фізічнай актыўнасцю. Перш за ўсё, варта есці свежую гародніну і садавіну, Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты. А вось высокакаларыйнай, тлустай ежы, а таксама прадуктаў з высокай ступенню перапрацоўкі, якія змяшчаюць транс-тлушчы (фаст-фуд), лепей пазбягаць.

 
Аляксандр Паддубны
Загадчык мамалагічнага кабінета РКМЦ Кіравання справамі Прэзідэнта РБ, акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі
Я не заклікаю бегчы ў трэнажорную залу, можна проста часцей хадзіць пешшу. Не праехаць пару прыпынкаў на транспарце, а прагуляцца. Дома прысядайце кожны дзень столькі разоў, колькі вам гадоў. Скачыце на скакалцы. Хадзіце кожны дзень 5 км хуткім крокам. Шануйце сябе, любіце жыццё, і ў адказ яно вам усміхнецца.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».