26.07.2024
26.07.2024

Спалох, спуд, пярэпалах. Як сімптомы моцнага стрэсу лячылі нашы продкі?

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Такая праблема, як пярэпалах, сучаснай медыцынай у якасці захворвання не разглядаецца. Тым не менш, у даўнія часы ў беларусаў існавала нямала спосабаў лячэння гэтага нервовага разладу.

 Вярнуць душу да цела

Спалох, спуд, пярэпалах, пуд, ляк  — гэта хваравіты стан, вынік моцнага стрэсу ў сітуацыі нечаканай сустрэчы з кімсьці ці чымсьці небяспечным або нечаканым.

Уздрыгванне ад спалоху беларускія сяляне тлумачылі тым, што гэта «душа выскачыць хацела». Калі пярэпалах быў вельмі моцны, лічылі, што душа можа апынуцца «не на месцы» ці зусім выскачыць з цела. У першым выпадку бралі чатыры гарачыя вугольчыкі з печы і апускалі іх адзін за адным у пасудзіну з чыстай крынічнай вадой, а потым гэтай вадой абмывалі хворага. Калі ж разлад больш сур’ёзны, то, каб вярнуць спалоханы дух, стрыглі патроху валасы ў тых, хто мог напалохаць хворага, і тымі валасамі падкурвалі яго, прымушаючы глытаць дым.

Калі прычынай сполаху была нейкая жывёліна, то і яе стрыглі, і поўсцю ці пер’ем падкурвалі. Так рабілі, бо лічылі, што разам з дымам уваходзіць у хворага яго спалоханы дух…

 І яйкам, і хлебам…

 

У лячэнні ад спуду выкарыстоўвалі рытуальныя дзеянні. Па целе чалавека, галоўным чынам па жываце, каталі яйка ды прамаўлялі замовы. Потым у посуд налівалі ваду, разбівалі гэтае яйка і выпускалі туды жаўток. Па тых фігурах, якія набываў разбіты жаўток у вадзе, вызначалі каго і чаго хворы спалохаўся. Падобнае дзеянне рабілі і з расплаўленым волавам. Яго вылівалі ў місу з вадой над галавой спалоханага. Калі пры гэтым чуўся моцны рэзкі гук, гэта азначала, што чалавек паправіцца.

Вадзілі па целе, найчасцей па жываце, кавалачкам хлеба — выкатвалі хваробу, а потым аддавалі хлеб чорнаму ці першаму сустрэтаму сабаку. Або апоўначы выпраўляліся з хлебам у глухое месца ці на скрыжаванне дарог, там кідалі хлеб і, вяртаючыся назад, стараліся не азірацца.

На Случчыне такія шарыкі рабілі з пячнога попелу з кропляй вады і каталі іх па аголеным жываце.

Шырока выкарыстоўвалі разнастайныя адвары з малачайніка (агароднага асоту), піжмы, півоні ды іншых раслін. Таксама рабілі настоі са старой саломы. Калі ў ім купалі хворае дзіця, прамаўлялі замову: «Выходзь, пярэпалах, з ручак, з ножак, з усялякіх костачак, з усялякіх суглобчыкаў! Можа, чаго спалохаўся, можа, ваўка чы мядзведзя, мо ліса, мо ката, мо сабакі, усялякага звера, мо, якога дурнога чалавека».

Пранесці праз штаны

Калі нехта моцна палохаўся, ажно дрыжэў, яго адразу апырсквалі вадою з рота і разрывалі яму каўнер кашулі. Пры гэтым казалі: »Чур цябе, хрышчонага, наражонага!» Яшчэ трэба было тры разы плюнуць, а калі гэта не дапамагала, то давалі ваду з рота таго, хто напалохаў.

Калі дзяўчына палохалася мужчыну і з гэтае прычыны моцна хварэла, яе праносілі праз штаны. Дзеля гэтага бралі штаны поўнага чалавека і распорвалі абедзве нагавіцы. Таксама раілі дзеля перасцярогі ад пярэпалаху насіць сарочку навыварат і заўжды мець з сабою іголку. Тады, верылі нашыя продкі, ніякі пярэпалах не прыстане.

Вска Маяк, слуцкага раёна

У якасці лекаў з сакральных валуноў здзіралі мох, настойвалі яго на вадзе і давалі выпіць. У вёсцы Маяк Слуцкага раёна пра гэта яшчэ не так даўно распавядалі старажылы. Пра камень захавалася паданне. Калісьці ішоў Бог па зямлі і ўбачыў камень на полі, абапёрся локцем, каб адпачыць. Кажуць, пасля гэтага на валуне нават след застаўся, з-за чаго яго і сталі называць Святым. Людзі хадзілі пакланіцца святыні, памаліцца каля яе.

Таксама мохам, узятым на цвінтары з трох магільных камянёў, абкурвалі хворага тройчы — на ўсходзе сонца, апоўдні і на захадзе. Абкурвалі і павуціннем, сабраным пад лавамі з чатырох месцаў накрыж. Шмат дзе старажытныя каменныя сякеркі “пярункі” клалі ў ваду, шапталі над ёй, а потым паілі хворага...

Калі чалавек знянацку трапляў у ваду і моцна палохаўся, то трэба было выціснуць на руку ваду з намоклага адзення і выпіць яе. Лячэбную ролю адыгрывалі і царкоўныя званы. Калі ў іх білі, то спужаных, асабліва дзяцей, стараліся падвесці пад іх.

Вадзіца дапаможа!

І ў наш час 7 ліпеня, на Яна ці Іаана Хрысціцеля, на ўзыходзе сонца ад царквы з вёскі Чарневічы, што на мяжы Глыбоцкага і Мёрскага раёнаў, ідуць хрэснай працэсіяй да крыніцы і па дарозе збіраюць 12 лекавых траў. Іх асвячаюць адначасна з асвячэннем крынічнай вады, а потым гэтымі травамі акурваюць ад спалоху.

У Полацку каля Сафійскага сабора, на схіле гары, пры спуску на Ніжне-Пакроўскую вуліцу знаходзіцца крыніца Іаана Хрысціцеля. Вада з гэтай крыніцы, як многія вераць, акрамя спуду дапамагае ад хвароб сэрца і печані. Але, каб крыніца дапамагла, трэба тройчы папіць вады, а потым пакласці на камень ахвяраванні і загадаць жаданне.

У вёсцы Мушына Верхнядзвінскага раёна Святая крыніца знаходзіцца насупраць касцёла, на левым беразе ракі Сар’янкі. Паводле легенды, калісьці людзі пабачылі, што ікона Божай Маці прыхінулася да бярозкі. Абраз перанеслі ў толькі што пабудаваную царкву ў вёсцы Росіца, але на наступны дзень ён зноў апынуўся на тым жа месцы. Тады зразумелі, што гэта быў Божы знак. Сталі капаць, і на тым месцы прабіўся ключ, які выявіўся лекавым. Над крынічкай зрабілі калодзеж і пабудавалі капліцу з чырвонай цэглы. Запрошаны мастак намаляваў фрэскі з анёламі. З цягам часу капліцу знішчылі, а калодзеж выжыў і сёння добраўпарадкаваны.

Свержань

Спалох, паводле паданняў, лечаць таксама дзве крыніцы каля вёскі Свержань Рагачоўскага раёна. Крыніцы маюць сваіх святых заступнікаў і свае святы. Гэта Дзень Святой Тройцы і Успенне Прасвятой Багародзіцы. У дзень свята ваду набіраюць у запас на цэлы год і апроч пярэпалаху лекуюць ёй хваробы вачэй.

Непадалёк ад вёскі Прасолы Шклоўскага раёна, на рацэ Бярозаўка, знаходзіцца святая крынічка пад назвай Родная. У каменнай сценцы над крыніцай умураваны ў нішу абраз Божай Маці з Дзіцяткам. Яшчэ бабулі расказвалі, каб дзіця было здаровае і нікога не пужалася, яго трэба было выкупаць ў гэтай вадзе немаўлём.

У гэтым жа раёне з падобнай мэтай насілі дзяцей і да крыніцы ў вёсцы Сліжы. Яе вадой спрадвеку асвячалі дамы і лячылі хваробы. Найбольш лекавай сілай вада крынічкі, як меркавалі, валодае 22 красавіка — на свята пакутніка архімандрыта Вадзіма, празванага ў народзе Ключнікам. У дзень свята людзі хадзілі да крыніц (ключоў), чысцілі іх і прыгаворвалі: «Падземная вадзіца, адмыкаем табе шляхі вясновыя». Пасля гэтага з крыніц бралі ваду, мыліся і пілі яе.

Дапамагалі камяні, мох і нават перуновыя стрэлы. Як лячылі зубы нашы продкі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0