26.06.2023
26.06.2023

Каўтун – хвароба ці лячэнне? Як выкарыстоўвалі валасы ў сярэднявечнай Беларусі?

logo
Здароўе
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

У старажытнасці валасам прыпісвалі магічную сілу, з імі праводзілі незразумелыя сучасным людзям маніпуляцыі. Сёння пагаворым пра такую загадкавую з’яву як каўтун. Што гэта – хвароба, выкліканая нервовымі акалічнасцямі самога чалавека, вынік злога чараўніцтва ці наступствы негігіенічнага абыходжання з валасамі?

Каўтуном называюць збітыя і злепленыя ў адну суцэльную масу валасы на галаве. Гэты камяк часам нагадвае лямец ці лямцавыя космачкі. Такая з’ява ў часы сярэднявечча была адзначана шмат дзе ў еўрапейскіх краінах – у немцаў, венграў, на тэрыторыі Бельгіі, а пазней пераважна на тэрыторыі Польшчы, Валынскага і Беларускага Палесся.

У пісьмовых крыніцах каўтун называюць «сармацкай заразай». З 17 стагоддзя медыкі сталі вызначаць каўтун лацінскім тэрмінам Plica Polonica. Plica — як пазначэнне камяка валасоў, а polonica – як указанне на найбольшае тэрытарыяльнае распаўсюджанне немачы. На тэрыторыі сучаснай Беларусі звесткі пра каўтун сустракаюцца па ўсіх раёнах.

Шмат стагоддзяў сярод навукоўцаў ішлі спрэчкі, што гэта за з’ява – хвароба ці вынік негігіенічных варункаў жыцця. Некаторыя лічылі, што яго занеслі ў Еўропу яшчэ ў 13 стагоддзя мангола-татары. Іншыя бачылі ў ім форму сіфілісу ці праказы.

Каўтын 1

Да сярэдзіны 19 стагоддзя ўжо было надрукавана каля тысячы прац, прысвечаных каўтуну. Ім цікавіліся як лекары, так і этнакультуролагі. Польскі лекар Т. Трыпплін выказаў думку адносна выключна культурнай этыялогіі гэтай хваробы. Таварыствы дактароў сталі надаваць каўтуну вялікую ўвагу. Дактарам рэкамендавалася выведваць у знахараў сакрэты лячэння, апісваць і тым самым прыносіць карысць медыцыне. Пытанні пра каўтун пастаянна абмяркоўвалі на з’ездах урачоў. Назіранні прыводзілі да высновы, што каўтун гэта не хвароба, а вынік неахайнасці і прымхлівасці.

У 19-м – пачатку 20 стагоддзя каўтун сталі вывучаць беларускія этнографы, якія цікавіліся народнай медыцынай. Гэта Я. Тышкевіч, І. Эрэміч, Ф. Вярэнька, А. Сержпутоўскі ды інш.

Высветлілася, што каўтун утвараюць наўмысна як лекавы сродак ад шэрагу захворванняў.

Паводле архаічных вераванняў, калі ўнутраная хвароба (у сярэдзіне цісне, ломіць, круціць, моцнае сэрцабіццё, галаўныя болі, язвы, бясплоддзе і г.д.) не паддаецца лячэнню, то значыць яе наслаў чорт або гэта вынік пракляцця ці грахоў. Тады на галаве трэба збіць валасы і хвароба перанясецца ў іх. Валасы ў народных вераваннях лічылі жыццядайным асяродкам, у якім злучаны фізічныя і духоўныя сілы чалавека. Іх уяўлялі самым актыўным каналам энергетычнага сілкавання ад космасу.

Каўтун

Калі чалавек дрэнна сябе пачуваў, то не павінен быў расчэсваць і стрыгчы валасы. Бо лічылі, што яны з’яўляюцца ў пэўным сэнсе громаадводам. Продкі верылі, што, «пабудаваўшы каўтунчык», можна пазбавіцца ад хваробы. Пры гэтым не можна было есці гарох і бабы. Жанчыны хавалі каўтун пад хусткамі, і часта іх можна было бачыць з вялізнымі галовамі. У мужчын каўтуны прыкрывалі шапкамі, але яны звісалі космамі па плячах, ці часам клаліся на плечы агромністай клейкай масай. Дзеці не хавалі такіх завіткоў.

Часам каўтуны дасягалі велізарных памераў. Этнограф А. Сержпутоўскі ў 1908 годзе ў расійскім навуковым часопісе «Живая старина» (вып. 1) надрукаваў артыкул «Очерки Белоруссии», дзе ёсць раздзел «Каўтун». Даследаванні ён праводзіў ў вёсках па берагах Князь-Возера – цяпер Чырвонае возера на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У адной з вёсак даследчык зафіксаваў каўтун у жонкі святара. Ён быў такі вялізны, што жанчына 30 гадоў была прыкавана да ложку, а побач на крэсле ляжаў яе каўтун.

Ужо ў савецкія часы, у 1926 годзе,  Інстытут беларускай культуры арганізаваў экспедыцыю на Палессе з мэтай вывучэння каўтуна. Вынікі працы этнограф М. Я. Грынблат надрукаваў у 1928 годзе ў навуковым часопісе «Запіскі аддзелу гуманітарных навук» (Кн. 4. Т. 1).

Даследаванні вяліся ў асноўным на тэрыторыі цяперашніх Жыткавіцкага, Мазырскага, Петрыкаўскага і Лельчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці. Паўсюдна выяўлялася, што ў глухіх вёсках, калі чалавек пачынаў хварэць, то яму адразу ж раілі прыступаць да ўтварэння знешняга каўтуна. Існавала шмат розных рэцэптаў завівання каўтуноў.

Дзеля гэтага пераставалі мыць, стрыгчы і расчэсваць валасы, гатавалі адмысловыя сродкі. Так, на Тураўшчыне рабілі адвар з зелля баравінку. Паводле вераванняў і забабонаў, яго трэба было ўкрасці пад чужой хатай, дзе не было ўдоў і ўдаўцоў. Зелле доўга прапарвалі, потым адварам мылі валасы, прымалі ўнутр і націралі цела.

У вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна гатавалі для гэтай мэты хлебны квас. З дзевяці хат, дзе няма ўдоў і ўдаўцаў, збіралі па кавалку хлеба. Квасам мачылі валасы, грудзі, рукі і ногі. У гэтай жа вёсцы рабілі і квас з зярнят яравых, прычым, менавіта ў гаршчку, які прастаяў пад парогам 12 дзён. Квас пілі і змочвалі ім валасы.

Самы доўгі каўтун

У вёсцы Радзілавічы, цяпер Дзяржынск Лельчыцкага раёна, удзельнікам экспедыцыі мясцовыя мужчыны расказвалі, як ў Першую Сусветную вайну іх, яшчэ хлопцамі, прызвалі ў царскую армію і павезлі ў Петраград. У большасці прызыўнікоў былі каўтунчыкі. У сталіцы іх адразу ж павялі ў лазню і пастрыглі пад машынку. Хлопцы вельмі баяліся, што памруць. Але, пабываўшы на фронце, яны здаровымі вярнуліся ў родную вёску.

На Палессі верылі, што нават калі ўжо нічога і не баліць, усё адно трэба пранасіць каўтун пэўны час. Здымаць яго можна не раней, чым праз паўтары-два гады.

Гэта самы мінімальны тэрмін, але некаторыя так баяліся, каб хвароба не вярнулася, што насілі каўтун дзясяткі гадоў. Трэба было толькі сачыць, каб у каўтуне не заводзілася розная жамяра. Таму яго змазвалі газай і рознымі мікстурамі.

Здымаць каўтун можна было самому, ці таму, хто ніколі не меў каўтуна. Ішлі да знахароў і чараўнікоў, ніхто не звяртаўся да дактароў. Таму дактары доўгія часы і не маглі разгадаць прычыны з’яўлення каўтуна.

Здымалі каўтун спераду назад простымі нажніцамі, адбівалі каменем, апальвалі жалезам, адрубалі сякерай ці распаленым нажом. Стараліся адразу не здымаць увесь каўтун. Рабіць гэта трэба было ў пэўны час: у Красную суботу, на Усяночную, у Чысты Чацвер да ўзыходу сонца, у Асеннія Дзяды, у апошнюю ноч перад маладзіком, але толькі не ў пятніцу. Прычым, трэба было стаяць пасярэдзіне хаты ці на парозе, або седзячы на засланцы ад печы.

Жыхар Пінскага павету з каўтуном

Зняты каўтун закручвалі ў тканіну (шмоцінку) і ўначы кідалі ў «бягучую ваду». А потым адыходзілі не аглядваючыся, і пільнавалі, каб ніхто не ўбачыў. У тканіну з каўтуном клалі кавалак хлеба, грошы і акраплялі ўсё гарэлкай. Затыкалі каўтун таксама ў вугал хаты, але так, каб птушкі не дзяўблі, заворвалі плугам ці сахой, палілі ў печы, закопвалі перад хатай.

Экспедыцыя 1926 года таксама зафіксавала, што каўтуновыя забабоны пачыналі знікаць, і хворыя ўсё часцей і часцей звярталіся да дактароў.

Тым не менш, сёння ў палескіх вёсках таксама можна сустрэць людзей, якія лічаць каўтун лекавым сродкам ад унутраных захворванняў.

https://bel.24health.by/dapamagali-kamyani-mox-navat-perunovyya-strely-yak-lyachyli-zuby-nashy-prodki/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама