Не прайшло і года з моманту ўступлення ў сілу дэкрэта, які абмяжоўвае магчымасці курцоў дыміць, дзе ўздумаецца, як нацыянальнае антытытунёвае заканадаўства ўзмацнілася больш жорсткім прынцыпова новым і важным дакументам. Так, з сёння, 18 ліпеня, уступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №232, накіраваная на ўвядзенне асобных забаронаў і абмежаванняў пры рэалізацыі нетытунёвых вырабаў, якія ўтрымліваюць нікацін.
Паколькі дадзеная прадукцыя не ўтрымлівае тытунь і не трапляе пад паняцце тытунёвых вырабаў, да гэтага часу яе продаж у Беларусі ніяк не рэгуляваўся заканадаўствам. Цяпер прадаўцам жавальных гумак, мармеладак і ледзянцоў, якія змяшчаюць нікацін, давядзецца прытрымлівацца пэўных правілаў. Якіх менавіта, журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі даведалася ад начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Міхаіла Жыгала.
На рынку такія вырабы прадстаўленыя даволі разнастайна: у выглядзе мармеладу, жавальных гумак, цукерак, ледзянцоў, павучаў (падушачкі з расліннай сумессю для рассмоктвання пад губой, не маюць тытуню ў складзе, але ўтрымліваюць нікацін). За кошт смакавых якасцяў і араматычных дадаткаў нетытунёвыя вырабы з'яўляюцца вельмі прывабнай формай для спажывання нікаціну, асабліва сярод непаўналетніх і моладзі. Акрамя таго, іх часта пазіцыянуюць як альтэрнатыву класічнаму тытуню з «патэнцыяльна зніжанай рызыкай для здароўя».
Разам з тым, негатыўнае ўздзеянне нікаціну на арганізм чалавека неаднаразова даказана шматлікімі навуковымі даследаваннямі. Гэта і абумовіла неабходнасць увядзення абмежаванняў продажу прадукцыі, якая ўтрымлівае нікацін, і адпаведнага рэгулявання.
З гэтага часу нетытунёвыя вырабы, якія ўтрымліваюць нікацін, нельга:
- прадаваць непаўналетнім асобам, якія не дасягнулі 18 гадоў;
- рэалізоўваць пры дапамозе разноснага гандлю, напрыклад, з выкарыстаннем калясак, латкоў, iншых прыстасаванняў ці без, а таксама праз гандлёвыя аўтаматы;
- прадаваць метадам самаабслугоўвання, пры якім пакупнік мае непасрэдны доступ да прадукцыі;
- не дапускаецца іх продаж па ўзорах;
- рэалізацыя такой прадукцыі забароненая праз інтэрнэт-крамы і з выкарыстаннем іншых метадаў дыстанцыйнага продажу;
- забароненыя да продажу на рынках;
- адкрыта выкладваць дадзеныя вырабы і іх узоры ў вітрынах ды іншым гандлёвым абсталяванні (за выключэннем крамаў бяспошліннага гандлю з улікам іх спецыфікі). Інфармацыя аб рэалізацыі нетытунёвага тавару, які ўтрымлівае нікацін, павінна размяшчацца ў выглядзе пераліку з указаннем найменняў вырабаў, размешчаных у алфавітным парадку.
Акрамя таго, нетытунёвыя вырабы, якія ўтрымліваюць нікацін, уключаныя ў пералік нехарчовых тавараў належнай якасці, што не падлягаюць абмену і вяртанню. Такім чынам, спажыўцы не маюць права іх вярнуць прадаўцу альбо абмяняць на аналагічны тавар. Таксама па-за законам камісійны гандаль падобным таварам.
За парушэнне правілаў гандлю прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф.
На думку Міхаіла Жыгала, улічваючы негатыўны ўплыў нікаціну на арганізм чалавека, пастанова, якая ўступіла ў сілу, будзе садзейнічаць павышэнню дэмаграфічнай бяспекі грамадства, абароне здароўя насельніцтва.
Разам з тым, эксперт адзначыў, што дакумент нельга лічыць дастатковай мерай для ўстанаўлення належнага і комплекснага рэгулявання абароту і рэалізацыі нетытунёвых вырабаў, якія ўтрымліваюць нікацін. Неабходна ўступленне ў сілу адпаведнага абавязковага тэхнічнага рэгулявання, якое зараз і на нацыянальным узроўні, і ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза адсутнічае. Тэхнічнае рэгуляванне дазволіла б, напрыклад, вызначыць максімальна дапушчальны ўзровень утрымання нікаціну ў прадукцыі. Гэта асноўны фактар для забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя насельніцтва.
Фота эксперта – Валянціна Мохар.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by