26.05.2025
26.05.2025

Спявачка Святлана Агарвал: «Індыйская мелодыя выбрала мяне сама»

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яркая прыгажуня і таленавітая спявачка Святлана Агарвал здзіўляе сваёй харызмай і тонкім пачуццём стылю. Дзіва беларускай эстрады, адзіная ў Беларусі выканальніца індыйскіх песень распавяла парталу «Слушна» пра свой творчы шлях, любоў да музыкі і прыярытэты ў жыцці.

«Музыка – гэта мая душа»

Любоў да музыкі спявачка адчула з ранняга дзяцінства, дзякуючы творчай сям'і. Дзядуля быў вельмі таленавітым чалавекам, іграў на гармоніку, пісаў карціны і займаўся фатаграфіяй. Маленькая Света назірала за дзядулем і натхнялася.

—Дома заўсёды гучала музыка, а па святах усёй сям'ёй збіраліся і зацягвалі песні пад дзядуляў акампанемент», – распавядае  артыстка. — Мне заўсёды падабаліся песні на розных мовах.

Школьніцай спявачка захапілася індыйскімі кінастужкамі, дзе асобнае месца ў сэрцы дзяўчынкі занялі песні на хіндзі. І

— У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, — тлумачыць вакалістка. — Спачатку скончыла БНТУ, дзе атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці інжынер-педагог, выкладчык тэхнічных дысцыплін. Пазней ажыццявіла сваю мару і атрымала другую  — музычную адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. І стала, у выніку, артыстам эстрады і педагогам па вакале.

Святлана Агарвал іграе на фартэпіяна, умее іграць на гітары, спрабавала ў якасці інстуремнта для сябе бас-гітару і барабаны.

А вось індыйская мелодыя, можна сказаць, выбрала спявачку сама.

Святана успамінае:

— Калі вярталася са школы, садзілася за фартэпіяна, падыгрывала сабе і спявала індыйскія песні. Тады яшчэ не разумела хіндзі, як чула словы, так і паўтарала іх.

«Любоў да хіндзі ўзмацнілася пасля сустрэчы з мужам»

Артыстка пачала спяваць яшчэ ва ўніверсітэце. Таксама была салісткай ВІА «Імпульс» у Палацы культуры. Пасля знаёмства з будучым мужам, які  родам з Індыі, любоў да індыйскіх песень узмацнілася, артыстка стала вывучаць хіндзі, каб выконваць песні асэнсавана і брала ўрокі вакалу ў прафесійных педагогаў. Ужо тады часта ездзіла ў Індыю. Там пазнаёмілася з яе экзатычнай культурай.

Калі Святлана ўпершыню пачула сваю песню па радыё,  была шчаслівая, таму што яе песні пачулі родныя беларусы:

— Хвалюючым было тое, што песня на індыйскай мове, і я не ведала, як успрымуць землякі экзотыку ў маім выкананні, — падкрэслівае Святлана. — Аднак музычныя рэдактары адзначылі цікавасць майго вакалу і бралі песні ў эфір. Я была вельмі шчаслівая, што мая работа знайшла водгук у сэрцы майго народа.

Вакалістка ўпэўнена, што кожны артыст мае права на сваю публіку і можа працаваць менавіта на яе:

— На мой погляд, у кожнага артыста і ў кожнай песні ёсць свая аўдыторыя, – тлумачыць вакалістка. – Песні з лягчэйшымі, немудрагелістымі тэкстамі папулярныя, магчыма, таму, што яны простыя і адлюстроўваюць настрой ці рытм часу. Але я пераканана, што даўгавечнасць і глыбіня песні складаецца ў яе сэнсе. Музыка павінна закранаць душу, выклікаць эмоцыі, прымушаць задумацца. Вядома, месца ёсць усяму, але мне бліжэй песні з гісторыяй, якія будуць актуальныя гадамі, а не проста стануць мімалётным трэндам.

Артыстка лічыць, што ў кожнага спевака ўсе яго песні любімыя. А візітнай карткай Святланы Агарвал з'яўляецца песня «Джымі ааджа», якую напісаў легенда індыйскага дыска Бапі Лахіры, з якім артыстцы пашчасціла пазнаёміцца і пасупрацоўнічаць у Індыі.

У вакалісткі склаліся цёплыя адносіны са многімі артыстамі беларускай эстрады — з заслужанай артысткай Беларусі Надзеяй Мікуліч, экс-вакалісткай ВІА «Верасы», з якой праводзілі сумесныя сольныя канцэрты па Беларусі, заслужаным артыстам Беларусі Аляксандрам Саладухам і з іншымі выдатнымі артыстамі беларускай эстрады.

— У нашай сферы важна падтрымліваць адно аднаго і дзяліцца вопытам, — кажа Святлана. – Мы часта сустракаемся з калегамі на розных мерапрыемствах, абменьваемся думкамі і натхненнем.


«Галоўнае – падтрымка блізкіх»

Святлана знаходзіць час і на і сям’ю, і на кар’еру.

— Гэта, безумоўна, выклік, але для мяне галоўнае – баланс і падтрымка блізкіх, — тлумачыць артыстка. — Сям’я – мая крыніца натхнення і сілы, яна падтрымка і апора, а музыка – мой запал.

Спявачка упэўнена — сакрэт поспеху ў правільна расстаўленых прыярытэтах:

— Калі я з сям’ёй, я цалкам з імі, калі працую над запісам песні ці здымкамі кліпа, то таксама максімальна аддаю сябе працэсу, – распавядае Святлана.

Артыстку часта пазнаюць на вуліцы. Многія нават па голасе.

— Аднойчы зайшла ў аптэку, – успамінае вакалістка, – на мне была маска з-за пандэміі каронавірусу і зімовая шапка. Твару не было відаць зусім. Фармацэўт усміхнулася і кажа: «А я вас нядаўна бачыла па тэлевізары». Я тады вельмі здзівілася. А ў адным кафэ, куды зайшла выпіць кубак кавы, бармэн паставіў мае песні. І тут я зразумела, што «рассакрэчана».

Галоўны пасыл творчасці спявачкі – дзяляцца шчырымі пачуццямі і аб’ядноўваць людзей розных краін дзякуючы музыцы.

— Хачу, каб праз мае песні людзі маглі адчуць свае эмоцыі, задумацца пра важныя моманты ў жыцці, знайсці суцяшэнне ці матывацыю, – кажа Святлана.

 «Усе мае песні пра каханне»

Спявачка заўсёды імкнецца да таго, каб яе кампазіцыі закраналі сэрцы кожнага, хто іх пачуе. Усе яе песні пра каханне. Кампазіцыі выдатныя, і гэта заслуга, як лічыць артыстка, не толькі яе. Святлана супрацоўнічае са шматлікімі таленавітымі кампазітарамі, кожны з якіх па-свойму ўнікальны і прыўносіць штосьці асаблівае ў творчасць эстраднай спявачкі.

— Мне пашанцавала працаваць з тымі, хто адчувае музыку гэтак жа глыбока, як і я, — прызнаецца артыстка, — і дапамагае ўвасобіць ідэі ў жыццё. Сярод іх як кампазітары з вялікім вопытам, так і маладыя таленавітыя аўтары, якія прыносяць свежыя модныя ідэі.

Адзін з апошніх сінглаў Святланы Агарвал — песня «Парфумер». Аўтар песні і рэжысёр кліпа Алеся Баярскіх. Галоўную мужчынскую ролю ў кліпе да песні адыграў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха. А не так даўно каманда спявачкі прэзентавала публіцы песню і кліп на індыйскай мове «Zubi Zubi». Тут ужо ў галоўнай мужчынскай ролі зняўся сапраўдны індыец Навін Колі.


«Мы можам ствараць сапраўдныя цуды
!»

Пра сваю дабрачыннасць Святлана не вельмі любіць гаварыць. Лічыць, добрыя справы не патрабуюць агалоскі. Яна бярэ ўдзел у шматлікіх дабрачынных мерапрыемствах: ездзіць з канцэртнай праграмай у дамы-інтэрнаты для інвалідаў і састарэлых. Штогод удзельнічае ў канцэртах да дня абароны дзяцей, і канцэрты для збору сродкаў на лячэнне цяжкахворых. Нядаўна артыстка наведала Мсціслаўскую спецшколу-інтэрнат у межах рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці».

— Мы ўсе разумеем, як важна быць побач, калі патрэбна дапамога, — тлумачыць ваклістка. — І калі кожны зробіць крок насустрач, разам мы зможам ствараць сапраўдныя цуды. Для мяне важна, каб такія падзеі былі не проста «птушачкай», а сапраўдным святам, дзе гледачы адчуваюць сябе часткай чагосьці вялікага.

Такія выступленні для выканаўцы – заўсёды сумесь радасці і суму.

— Радасна, таму што бачыш, як музыка аб’ядноўвае ўсіх нас, як ва ўсіх загараюцца вочы. І сумна ад усведамлення, што ў многіх з іх, акрамя нас, нікога і няма, ні родных, ні блізкіх, – тлумачыць Святлана. – І такія мерапрыемствы –  магчымасць пабыць у нашай агульнай сям’і і адчуць сябе не адзінокім.

Настасся Малашкевіч «Навагоднюю ноч адзначаю на працы, а Раство — дома»

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0