30.04.2022
30.04.2022

Свержанская Прошча

logo
Адметнасць беларусаў
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Цішыню і спакой ляснога кутка паблізу вёскі Свержань, дзе з-пад зямлі б’е Свята-Троіцкая крыніца, час ад часу парушаюць сотні галасоў. Вернікі з усіх куткоў Рагачоўшчыны і нават з іншых мясцін прыязджаюць сюды на праваслаўнае свята Тройцы, каб памаліцца і наталіцца сілай асвечанай вады.

Як дабрацца?

Крыніца размешчана ў 600 м на паўночны ўсход ад вёскі, на правым беразе ручая, 50 м на захад ад ЛЭП, у лесе. Да яе вядзе палявая дарога ад мясцовай шашы, якая злучае трасу Р43 і вёску Свержань.

Свержань 2

Дарэчы, яшчэ адна культавая крыніца пад назвай Свята-Узнясенская размешчана ў 500 м на паўночны ўсход ад вёскі Свержань, на правым беразе ручая Бруснічка, у лесе. Прайсці да яе можна ўздоўж ручая ад Свята-Траецкай крыніцы.

За некалькі кіламетраў ад трасы Р43 паміж Рагачовам і Доўскам, бліжэй да Доўска, на беразе ракі Ракатун знаходзіцца вёска Свержань. Як гандлёвае мястэчка вядомае з ХV стагоддзя. У пачатку ХІХ стагоддзя тут былі драўляныя ўніяцкая царква і каталіцкі касцёл. Крыху пазней пабудавалі драўляную праваслаўную царкву Раства Багародзіцы, а потым у 1864 годзе на яе месцы ўзвялі мураваны храм, рэшткі якога захаваліся да нашага часу пасярод вёскі.

Прошча 1

На рубяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў у мястэчку дзейнічалі народнае вучылішча і яўрэйская школа (хедар), сінагога, пошта, 17 крамак (лавак), тракцір, вадзяны млын, а непадалёк узвышаўся мураваны палац.

На 40 дзень пасля Вялікадня – на свята Узнясення – ад праваслаўнага храма пасля царкоўнай службы хрэсным ходам ішлі каля кіламетра да крыніцы ва ўрочышча Свянцонае месца. Гэтае месца яшчэ называлі Каплічка, Прошча, або Прашчэнская крыніца. Але чаму крыніца называецца «прашчэнскай»?

Такая назва пайшла ад слова «прошча». Вядома, што прошчы ўзнікалі на месцы былых язычніцкіх капішчаў. Там маліліся аб прабачэнні (прашчэнні) за грахі, за дараванне здароўя і рабілі ахвярапрынашэнні: пакідалі манеты, ручнікі, фартушкі і г.д. Часта галоўным аб’ектам на такім месцы была крыніца – прашчэнская.

Прошча 3

Паводле легенды, на крыніцы падчас святкавання Узнясення аб’явіўся цудатворны абраз. У гонар гэтай падзеі святую крынічку ўзялі ў зруб, а каля яе паставілі капліцу. Адсюль і другая назва крыніцы – Каплічка.

У дзень святкавання на крыніцы адбывалася водасвяцце і малебен, а таксама людзі абракаліся – прасілі Бога паслаць здароўе і дабрабыт. Крыніцы ахвяравалі грошы, пацеркі, побач у капліцы складалі халсты ды іншыя падарункі, якія ішлі на карысць царквы. У гэты ж дзень у мястэчку на плошчы ладзіўся кірмаш.

Крыніца Бразгун у Нарках

На крыніцу хадзілі і ў любы іншы час. Пры гэтым, адкуль бы ні кіраваліся, трэба было абавязкова ісці пешшу, а апошні кіламетр – на каленях. Спрадвеку лічылася, што крынічная вада лечыць хваробы вачэй і дзіцячы пярэпалах.

Прошча 4

У 1930-ыя гады царкву ў Свержані зачынілі і зрабілі там зернесховішча. Ваяўнічыя атэісты знішчылі капліцу на крыніцы, разабралі па бярвёнах, перавезлі ў вёску Журавічы і пабудавалі турму. А што з цудатворным абразом? Кажуць, што ён знік яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Але на крыніцу хрэсным ходам людзі працягвалі хадзіць да канца 1940-х гадоў. Каля крыніцы стаяў крыж, і на яго вешалі даматканыя ручнікі, на якіх былі вышытыя чырвонымі ніткамі сакральныя ўзоры. Пазней крыніца стала зарастаць, і памяць пра яе паступова знікала.

Пасля 2010 года мясцовыя энтузіясты ўзяліся аднаўляць святое месца. Крыніцу пачысцілі, узялі ў акоўку і пабудавалі над ёй адкрытую капліцу.

Прошча 4

Пры з’ездзе з гравейкі да святыні ўзвялі браму з надпісам «Свята-Троіцкая крыніца», на сцежку паклалі насціл, а праз ручай Бруснічка зрабілі масток. Асноўная крыніца месціцца па правы бок ад сцежкі, пазней на левым баку прабілася яшчэ і другая, меншая крынічка. З часам яе таксама добраўпарадкавалі. На ўзгорку зрабілі месца для адпачынку паломнікаў –стол, лаўкі, паветка. Над крынічным ручаём узвялі купель.

Святая крыніца каля вёскі Лешна

Апошняе асвячэнне крыніцы адбылося 14 жніўня 2015 года, на свята Макавей. Апякуецца гэтым месцам праваслаўны храм Пакрава Найсвяцейшай Багародзіцы аграгарадка Доўск. У апошняе дзесяцігоддзе сюды найбольш ідуць на свята Тройцы – праз 7 тыдняў пасля Вялікадня. Пачынаецца свята з хрэснага ходу ад доўскага храма і да святой крыніцы.

Прошча 5

З царкоўнымі спевамі і малітвамі паломнікі мінаюць драўляны мост да капліцы, дзе і адбываецца ўрачысты малебен і асвячэнне вады. Па лекавую ваду ўтвараецца чарга. Усе – і дарослыя, і дзеці – жадаюць пачаставацца з «траецкай» крыніцы.

Славутасці Вялікай Кракоткі

Пазней ладзіцца канцэртная праграма творчых калектываў Рагачоўшчыны, дэгустацыя гарбаты, запаранай на гаючых зёлках па старажытным рэцэпце, выстава-продаж, дзіцячыя атракцыёны… А галоўнае – удзельнікі свята атрымліваюць душэўны супакой у гэтым ціхім лясным кутку паблізу вёскі Свержань, дзе б’е з-пад зямлі Свята-Троіцкая крыніца.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"