24.02.2022
24.02.2022

Святая крыніца каля вёскі Лешна

logo
Адметнасць беларусаў
0 60
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Вельмі багатую гісторыю мае папулярная ў жыхароў Лебедзева і Маладзечна крынічка за вёскай Лешна. Тутэйшае насельніцтва шануе крынічку цягам амаль 300 гадоў.

Людзі сцвярджаюць, што вада з яе мае гаючыя ўласцівасці і дапамагае пры хваробе вачэй, лечыць язвы. На карысць і хворай жывёле.

Як дабрацца?

Ехаць да крыніцы лепш за ўсё праз вёску Лешна. Дзеля гэтага трэба праехаць праз усю вёску. Потым па Палявой вуліцы павярнуць направа ў бок ручая, зарослага хмызняком. У канцы вуліцы павярнуць налева і працягваць рух па дарозе ўздоўж таго ж ручая.

Ляшно. Мапа

Накатаная дарога прывядзе наўпрост да крыніцы, якая знаходзіцца ля вытокаў безназоўнага ручая.

У 5-ці км на захад ад Маладзечна і ў паўкіламетры ад вёскі Лешня здаўна бруіць крынічка, якая ператвараецца ў ручай, а той упадае ў раку Нявежа. Месца вакол добра ўпарадкаванае, пастаўлены паклонны крыж. Пры з’ездзе з шашы на палявую дарогу да крыніцы таксама ўсталяваны крыж. Крыніца — на ўліку як помнік прыроды мясцовага значэння.

І па сёння старажылы ў наваколлі сцвярджаюць, што на ўласныя вочы бачылі ў крыніцы абраз Маці Божай. Прычым некаторыя ўдакладняюць, што на дне бачылі менавіта абраз Божай Маці Чанстахоўскай.

Крыніца. Вёска Ляшно

 Расказвае Ірэна Сінько: «Было гэта ў 1954 годзе. Разам з іншымі дзецьмі я гуляла каля крыніцы. Памятаючы словы мамы, якая наказвала заўсёды папіць гэтай вады ды абмыць у ёй рукі і ногі, каб не балелі, мы нахіліліся над студняй і ўбачылі на дне абраз Маці Божай Чанстахоўскай. Залачоны. Я стала адразу гаварыць пацеры (мамуся так вучыла), а адна дзяўчынка кажа: «Гляньце, нехта ікону паклаў у студню», і дубцом спрабавала яе парушыць. Ікона знікла».

Спрадвеку лічылася, што вада цудадзейнай крыніцы дапамагае ад розных хвароб, а ў першую чаргу ад хвароб вачэй.

Святкаванне каля яе праводзілі на дзясятую пятніцу – Дзесятуху – пасля Вялікадня, як праваслаўныя, так і каталікі. Сама традыцыя ўшанавання вельмі старажытная. Пачалася яна з дахрысціянскіх часоў і звязаная з ушанаваннем багіні-апякункі крыніц Мокашы, пазней – з надыходам хрысціянства – Параскевы Пятніцы.

У нашых продкаў існавала павер’е, звязанае з дванаццаццю святочнымі пятніцамі ў годзе і адмысловы апакрыфічны (не зацверджаны царквой) пятнічны каляндар. Таму даўней фэсты ва ўсходніх славян праводзіліся ля крыніц менавіта ў пятніцу.

Святая крыніца каля вёскі Ляшно

Таксама раней у дзень святкавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыстуса (22 чэрвеня) ад драўлянага касцёла, які стаяў у вёсцы Лебедзева, сюды ішла працэсія з крыжамі, харугвамі і перасоўным алтаром. Паводле падання, менавіта ў гэты дзень на крыніцы аб’явіўся абраз.

Ад касцёла з Лебедзева выпраўлялася працэсія і ў 10-ю Пятніцу пасля Вялікадня. Праваслаўныя з Лебедзева ішлі сюды хрэсным ходам у 10-ю Пятніцу пасля Вялікадня ад Крыжаўздзвіжанскай царквы. Калі Вялікдзень супадаў у католікаў і праваслаўных, то ўсе ішлі разам.

У гістарычнай літаратуры згадкі пра крыніцу сустракаюцца з сярэдзіны ХІХ ст. Над крыніцай стаяла драўляная студня, побач крыжы. У 1904 годзе крыніца раптам стала замінаць царскім уладам, і па загадзе чыноўнікаў адзін вясковец спілаваў крыжы. У хуткім часе ён памёр.

Гэты выпадак размежаваў вернікаў. Каталікі сталі сцвярджаць, што крынічка належыць да іх канфесіі. Пасля ўлада змянілася, і ў 1920 годзе над крыніцай пабудавалі капліцу памерам 3х3 метры, паставілі каталіцкі крыж, усталявалі кап­таж з бетоннай цамб­ра­вінай. Пачалі добраўпа­радкаваць і іншыя крынічкі. Усяго ў 1925 годзе ў гэтых мясцінах іх налічвалі ажно тры дзясяткі. З крыніц утваралася рачулка Лешна.

У 1947 годзе ўлады забаранілі людзям хадзіць да крыніцы. Але напярэдадні свята Дзесятухі некаторыя набожныя вернікі з Маладзечна ішлі сюды на каленях, а з Лебедзева ішлі хрэсным ходам з харугвамі.

У 1958 годзе ў 10-ю Пятніцу пасля Вялікадня на Святым месцы сабралася больш за 200 вернікаў. Удалося правесці малебен і абрад асвячэння вады. Людзі набіралі ваду і ахвяравалі ў крыніцу грошы.

Праз нейкі час кіраўніку калгаса было загадана луг каля прыбярэжнай паласы рэчкі ўзараць аж да самай крыніцы і знесці крыж, які быццам бы перашкаджаў апрацоўваць зямлю. Загад мусілі выканаць. Крыж зноў спілавалі і нават раструшчылі яго гусеніцамі трактара. Каптаж і каплічку знес­лі бульдозерам, а саму крынічку засыпалі і зруйнавалі з зямлёй. Адбылося гэта дзесьці напачатку 1960-х гадоў.

Святая крыніца.Вёска Ляшно

Людзі плакалі ад бездапаможнасці. Але праз год крыніца прабілася ў іншым месцы – на двац­цаць метраў вышэй па ручаі. Яна цурчыць тут і сёння, карыстаючыся яшчэ большай папулярнасцю. Людзі  сталі патаемна хадзіць да яе, прыязджалі з суседніх краін, нават у снежныя зімы. Жыхары бліжэйшых вёсак тры гады запар аднаўлялі тут крыж, але ўлады кожны раз яго знішчалі.

Толькі пасля таго як Беларусь атрымала незалежнасць, вернікі з Лебедзева, сабраўшы грошы, зноў добраўпарад­кавалі Святое месца.

Яны зрабілі каптаж, альтанку, паставілі побач крыж. На гэты крыж людзі, якія прыязджаюць па ваду, навязваюць стужкі. Павер’е сцвярджае, што гэта павялічвае лекавыя ўласцівасці вады.

Цяпер у дзень Найсвяцейшага Сэрца Езуса ад касцёла св. Юзэфа з Маладзечна сюды ідуць працэсіяй. Напярэдадні капліцу ўпрыгожваюць кветкамі, галінкамі бярозы ды язміну. Ёсць звесткі, што крынічку ў Лешне гадоў пяць таму асвячаў і праваслаўны святар. Праваслаўныя збіраюцца тут, як і сотні гадоў таму, у 10-ю Пятніцу пасля Вялікадня. А ў звычайныя дні сюды ледзь не кожныя чвэрць га­дзіны пад’­язджаюць аўта­ма­шыны. Людзі набі­раюць ваду ка­ніс­тра­мі, вялікімі і малымі пластыкавымі бу­тэль­камі. Яна не псу­ецца па некалькі меся­цаў…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 60

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"