Зноўку паядналіся народнае і хрысціянскае святы, але з адной мэтай – ушанаваць святога Мікалая Цудатворцу, альбо Міколу Зімовага. І прыпадае гэты адмысловы дзень на 19 снежня.
Цікава, а ў каго якія асацыяцыі з гэтым святам?! Асабіста ў мяне – з песняй Віктара Шалкевіча, з якой мой брат пазнаёміў нас некалькі гадоў таму:
З таго часу не-не ды напяваем…
Ведаю, што звычайна шырока адзначаюць гэты дзень ва Украіне. Калісьці інтэрнэт-сяброўка адтуль распавядала пра важнасць свята. І што, бывае, напярэдадні адпрошваецца з працы дахаты, каб падрыхтавацца да святочнага дня. Рыхтуе стол, бо раніцай (!) суседзі-мужчыны прыйдуць «засяваць» – сыпаць зернем, спяваць традыцыйныя песні, жадаць гаспадарам усяго-ўсяго-ўсяго…
Памятаю, як даволі моцна здзівілася, пачуўшы пра такі звычай, які захаваўся яшчэ і да гэтага часу. І не ў старога, заўважце, пакалення. І не ў вёсцы, а ў горадзе! Ну, а я магла ў адказ распавесці толькі пра калядоўшчыкаў…
Лічыцца, што ў гэты дзень святы Мікалай прыносіць дзецям падарункі, якія апускае ноччу ў падрыхтаваныя панчохі альбо кладзе пад падушкі. Але толькі тым, хто добра сябе паводзіў! А дрэнным (па павер’і) прыносіць… розгі!
Існуе таксама меркаванне, што з гэтым святам можна і трэба віншаваць таксама людзей усіх узростаў. І паколькі з дзіцячага я даўно вырасла, вось такая звычка мне даспадобы! 🙂 А вам?!
Часцей за ўсё гэта цукеркі, пернікі, шакалад. А самае цікавае – сюрпрызны момант таксама павінен прысутнічаць! Чалавек прачынаецца раніцай – і знаходзіць пад падушкай падаруначак ад Мікалая. Ну-у-у-у-у… Не хацела б я праспаць ноч на шакаладзе ці перніку! 🙂 А яшчэ мне гэта нагадвае анекдот з кавай «у ложак». У прамым сэнсе – выліць. 🙂
Так што, як падаецца, лепей усё ж пакінуць падарунак дзе-небудзь так. Сюрпрызна. Альбо ўручыць асабіста. Думаю, таксама шкоды ніякай. Галоўнае – мець жаданне яго зрабіць!
А яно плаўна выцякае з традыцый святкавання дня святога Мікалая. Лічыцца, што 19 снежня трэба клапаціцца найперш не пра сябе, а пра іншых, рабіць добрыя справы. І тады сам будзеш жыць шчасліва. Во як!
Менавіта з гэтага дня пачыналася актыўная падрыхтоўка да Новага года, Ражства і Калядаў. А яшчэ лічылася, што можна і трэба памірыцца з тымі, з кім пасварыўся. Маўляў, на святога Мікалая і вораг сябрам стане.
У сем’ях нашых продкаў 19 снежня забаранялася займацца цяжкай фізічнай працай, а таксама прыбіраць у хаце, мыць бялізну, шыць.
Ну, і пра зусім нерэальныя ва ўмовах цяперашніх зімаў народныя прыкметы і назіранні за надвор’ем. Падобна, што мы хутка зусім забудземся, што такое снег і маразы ўзімку. І будзе ў нас 6 месяцаў… восені. 🙁
А раней жа было-было!!! Ды спыло з вадою… Нашы продкі прыкмячалі: калі 19 снежня ідзе снег, дык гэта да ўраджаю пшаніцы, а калі дождж – да ўраджаю капусты і агуркоў. Атрымліваецца, што калі не будзе ападкаў, дык мы застанемся без усяго?!
А вось гэта мне зноў падабаецца! Калі загадаць 19 снежня жаданне, дык святы Мікалай пасадзейнічае, каб яно спраўдзілася. Эх, усё ж такі многія з нас у душы – як дзеці. Ці не так?!
Мікола Цудатворца лічыцца заступнікам і абаронцам бедных, дзяцей, несправядліва асуджаных, апекуном шлюбаў. Яму моляцца дзяўчаты аб шчаслівым замужжы. Даўней да 19 снежня стараліся раздаць усе пазыкі, бо інакш бедаваць увесь наступны год.
«Да Міколы няма зімы ніколі» – казалі ў даўніну. І яшчэ: «Шэрань на Міколу – да ўраджаю», «Колькі Мікола Зімовы дасць снегу, столькі Мікола Вясновы дасць травы».
… У ноч на 19 снежня святы Мікалай спускаецца на Зямлю. Ён кладзе ў панчохі падарункі дзецям, дапамагае ўсім, хто мае ў тым патрэбу, і проста асвятляе ўсё вакол сваёй прысутнасцю. Святы Мікалай, і да нас завітай! Мы ж былі ўвесь гэты час добрымі… Ну, пераважна… Пагаджуся: калі-нікалі… З надыходзячым святам, сябры! Здароўя, дабрыні і цудаў!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by