26.04.2023
26.04.2023

Такімі нарадзіліся… Гісторыі незвычайных нараджэнняў

logo
Здароўе дзяцей
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Ва ўсе часы нараджэнне незвычайных немаўлят, хаця і было авеяна рознага кшталту міфічнымі ўяўленнямі, лічылася даволі звычайнай з’явай. Інфармацыя са старонак пецярбургскага выдання пра незвычайныя і выродлівыя нараджэнні — дакладны факт, які можа быць цікавым не толькі з медыцынскага пункту гледжання.

У Пецярбургу з 1829 па 1861 гады на рускай мове выходзіла перыядычнае выданне «Журнал Министерства внутренних дел». Гэта быў друкаваны орган Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі і выходзіў ён адзін раз на месяц. Тут змяшчаліся афіцыйныя дакументы, статыстычныя матэрыялы, апісанні розных рэгіёнаў. У раздзелах «Смесь» і «Летопись» друкавалі інфармацыю пра незвычайныя прыродныя з’явы, выпадкі і анамальныя роды. Найчасцей публікавалі інфармацыю па еўрапейскай частцы царскай Расіі, у тым ліку і па тэрыторыі сёняшняй Беларусі.

На працягу 33 гадоў, калі выходзіў часопіс, можна адзначыць і шэраг незвычайных нараджэнняў. На жаль, інфармацыя вельмі кароткая, але тым не менш цікавая і дакладная, паколькі мясцовыя ўлады па дадзеных павятовых дактароў абавязвалі падаваць падобныя звесткі ў Міністэрства ўнутраных спраў.

Множныя нараджэнні

Блізнецы-дэцыфалы

За гэты перыяд у Беларусі зафіксавана 7 нараджэнняў тройняў. Тры хлопчыкі нарадзіліся ў 1847 годзе ў вёсцы Слабада былога Копыскага павета Магілёўскай губерні — маці 44 гады, яна была замужам 20 гадоў. У 1856 годзе тры хлопчыкі нарадзіліся ў вёсцы Вязы былога Клімавіцкага павета той жа губерні. У 1849 годзе ў Магілёве нарадзіліся тры дзяўчынкі, адна адразу ж памерла.

У тым жа годзе ў адным з маёнткаў Ашмянскага павета Віленскай губерні жанчына ва ўзросце каля 30 гадоў нарадзіла двух хлопчыкаў і дзяўчынку. У 1852 годзе два хлопчыкі і дзяўчынка нарадзіліся ў вёсцы Варанілавічы былога Слонімскага павета Гродзенскай губерні, але ўсе неўзабаве памерлі.

У вёсцы Сукрэмна былога Сенненскага павета ў 1846 годзе жанчына ў 40 год нарадзіла хлопчыка і дзвюх дзяўчынак. Да гэтага ў яе было тры сыны, якія з’яўляліся на свет праз кожныя тры гады. Дзве дзяўчынкі і хлопчык у 1852 годзе нарадзіліся ў Барысаве.

На тэрыторыі Беларусі ў дадзены перыяд зафіксавана тры выпадкі нараджэння чатырох немаўлят. У 1847 годзе ў вёсцы Глебаўка былога Сенненскага павета Магілёўскай губерні жанчына 25 гадоў нарадзіла два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Яны нарадзіліся шасцімесячнымі і ўсе памерлі. У 1852 годзе ў Брэст-Літоўску было тры хлопчыкі і дзяўчынка, усе яны памерлі. Тры дзяўчынкі і хлопчык у 1856 годзе нарадзіліся ў Віцебску.

Выродлівыя паталогіі

Чалавек з дума галавамі

У Міністэрстве ўнутраных спраў захоўваецца інфармацыя і пра шэраг нараджэнняў немаўлят з выродлівымі паталогіямі. У параўнанні з іншымі тэрыторыямі Расійскай імперыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі іх колькасць невялікая.

Нараджэнні двухгаловых адзначаны два разы. Гэта былі дзяўчынкі. У 1847 годзе ў мястэчку Астрыно Лідскага павета нарадзілася мёртвая дзяўчынка з двума галавамі. Левая галава была большая, а правая меншая. Парадзіха мела 30 год і да гэтага нарадзіла чацвярых здаровых дзетак. Другая дзяўчынка нарадзілася ў 1858 годзе ў Суражскім павеце Віцебскай губерні. У яе была адна шыя, якая крыху вышэй раздзялялася на дзве і на кожнай з іх было па правільна ўтворанай галаве. Скура ў немаўляці была чырвоная, зморшчаная і адвіслая.

У 1847 годзе часопіс паведамляў пра нараджэнне ў вёсцы Гразівец Прапойскага павета Магілёўскай губерні хлопчыка з вялізнай, урослай у тулава галавой і расплылым па твару носам. Дзіцёнак меў вялікую грудзіну, кароткі корпус і рукі да локця. На правай руцэ было два доўгія пальцы, на левай – тры. Ногі крывыя да калена, з вывернутымі ступакамі. На правай назе пяць пальцаў, адзін з іх даўжэйшы за іншыя. На левай назе два асобныя пальцы і два зрослыя. Ад спіны праз задні праход ішла “жыла для ачышчэння страўніка”. Хлопчык быў здаровы, але голас меў вельмі грубы.

У 1854 годзе адзначаны выпадак, калі ў горадзе Невелі Віцебскай губерні ў адной жанчыны ў падбедранай частцы жывата лопнуў вялізны нарыў, адкуль выйшаў мёртвы хлопчык. Па заключэнні дактароў, гэтую пазаматачную цяжарнасць жанчына пранасіла 18 месяцаў.

26–27 лістапада 1848 года ў Віцебскім павеце Віцебскай губерні нарадзіліся дзве мёртвыя дзяўчынкі. Адна нармальнага выгляду, а другая без галавы, з рукамі і нагамі, падобнымі да лап.

22 кастрычніка 1851 года ў мястэчку Лоеў Рэчыцкага павета Мінскай губерні нарадзілася дзяўчынка, у якой рукі былі нерухома складзеныя на жываце. Ногі таксама былі нерухомыя і звернутыя да шыі.

Археалогія як доказ

Чэрап інка ў Балівіі

Шэраг эшткаў анамальных шкілетаў знойдзены пры археалагічных раскопках. Гэта сведчыць, што людзі з выродствамі дажывалі і да сталых гадоў. У сярэдзіне 19 стагоддзя археолаг Адам Кіркор у адным з курганных пахаванняў на тэрыторыі паўночна-заходняй Беларусі выявіў вялізны шкілет, але чэрап быў вельмі малога памеру. Акрамя таго ён быў сплюснуты над вачыма так, што ілба нібыта і не існавала.

Каля г.п. Краснаполле на Магілёўшчыне ў канцы 19 стагоддзя археолаг С. Ю. Чалоўскі адкапаў мужчынскі шкілет, у якога “косткі рук і ног значнай таўшчыні. Патылічная частка чэрапа моцна развітая, амаль валовая, рот жа невялікі”.

У тыя ж гады археолаг Г. Х. Татур каля Слуцка выявіў шкілет з анамальнымі рукамі. Даследчык так апісаў знаходку: “...Усе косці кісці і першыя фалангі пальцаў зрасліся паміж сабой і ўяўляюць адно цэлае з патаўшчэннямі на месцы суставаў. Ні кісць, ні пальцы пры жыцці не мелі руху”.

У 1992 годзе ў кургане 11–пачатку 12 стагоддзя каля вёскі Скрабянец Глыбоцкага раёна экспедыцыяй НАН Беларусі быў адкапаны мужчынскі шкілет даўжынёй 1,8 м, добра складзены, але патылічная частка чэрапа была анамальна выцягнутая, даходзіла да плячэй.

Прыведзеныя прыклады – толькі нязначная колькасць з анамальных выпадкаў. Такія нараджэнні здараліся на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Таму ў нашых продкаў невыпадкова ўзнікалі міфы пра двухгаловых і трохгаловых бостваў, а таксама казачных герояў незвычайнай знешнасці.

Дапамагалі камяні, мох і нават перуновыя стрэлы. Як лячылі зубы нашы продкі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0