Калі вы ніколі асабіста не мелі справу з крапіўніцай, не спяшайцеся радавацца. Верагоднасць адчуць на сабе ўсю «прывабнасць» алергічнай рэакцыі ў выглядзе пухіроў і нясцерпнага свербу роўная 1:3. Спецыялісты сцвярджаюць, што кожны трэці чалавек хоць раз у жыцці перажывае прыступ вострай крапіўніцы. Таму як мінімум не лішне ведаць пра тое, што правакуе рэакцыю і як з ёй справіцца.
Журналіст інфармацыйнага партала 24health.by сустрэлася з экспертам у галіне алергалогіі, загадчыкам алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г. Мінска, галоўным пазаштатным дзіцячым алерголагам Міністэрства аховы здароўя, к.м.н. Дзмітрыем Бузой, каб атрымаць самую важную і неабходную інфармацыю.
Пухір пухіру не роўны
Крапіўніца – гэта вострая алергічная рэакцыя арганізма на раздражняльнік, якую вылучае з'яўленне на целе пухіроў, што свярбяць.
«Не дзіва!», – можаце падумаць вы. Ад камарыных укусаў таксама зуд і пухіры. Такая «крапіўніца» раз 10 за лета здараецца... І не будзеце мець рацыю.
Ні ўкус казуркі, ні апёк ад крапівы (дзякуючы якой, дарэчы, крапіўніца і атрымала сваю назву – за падабенства праявы рэакцыі) да алергічных захворванняў дачынення не маюць. Калі пухір ўзнікае толькі ў месцы ўкусу ці кантакту з раслінай – гэта мясцовая таксічная рэакцыя скуры на раздражняльнік. Яна даволі хутка праходзіць сама па сабе альбо пры дапамозе мясцовай тэрапіі (содавых прымочак або супрацьалергічных мазей).
Вострая крапіўніца, наадварот, адрозніваецца генералізаванай рэакцыяй, г.зн. пасля кантакту з алергенам пухіры з'яўляюцца па ўсім целе.
Такім чынам, ёсць 2 асноўныя прыкметы, якія характарызуюць вострую крапіўніцу:
-
З'яўленне пухіроў.
Часам высыпанні выяўляюцца не генералізавана (г.зн. па ўсім целе), а лакальна. Тыповая лакалізацыя пухіроў – тулава, твар, радзей – рукі, ногі. У некаторых выпадках «дастаецца» і слізістым: вадзяністыя пухіры выступаюць на вуснах, языку, мяккім паднябенні і гартані. Групіруюцца высыпанні кучна і схільныя да зліцця.
У залежнасці ад ступені выяўленасці алергічнай рэакцыі пухіры самі па сабе бясследна знікаюць ужо праз некалькі хвілін, але могуць захоўвацца да сутак. Часам крапіўніца можа даваць рэцыдыў некалькі дзён і нават тыдняў.
-
Наяўнасць свербу.
Нароўні з пухірамі, сверб – ключавая адметная прыкмета крапіўніцы. Ён бывае настолькі нясцерпным, што літаральна пазбаўляе чалавека спакою. Нават калі востры прыступ крапіўніцы хутка праходзіць або паспяхова здымаецца лекамі і ад пухіроў нічога не застаецца, глыбокія драпіны яшчэ доўга нагадваюць пра перажытае. У практыцы Дзмітрыя Бузы такія выпадкі – звычайны.
Абпаліўшыся на малацэ – дзьмі на ваду. Прычыны крапіўніцы
Паколькі крапіўніца – гэта алергічная рэакцыя, справакаваць яе можа што заўгодна. Але ў пераважнай большасці выпадкаў прычынай служаць 3 найбольш распаўсюджаныя раздражняльнікі.
1. Харчовыя алергены.
Самая шырокая група алергічных правакатараў. Найбольш алергізуючае ўздзеянне сярод харчовых прадуктаў маюць:
- малако;
- яйкі;
- арэхі;
- таматы;
- вэнджаніна;
- морапрадукты;
- шакалад;
- бабовыя;
- цытрусавыя.
Калі чалавек пакутуе ад класічнай харчовай алергіі па тыпу крапіўніцы, дыягназ пацверджаны, раздражняльнік вызначаны і не выклікае сумненняў, рэакцыю ў яго можа выклікаць любы кантакт з мінімальнай дозай алергену. Напрыклад, нават кропля малака, якая патрапіла на скуру чалавека, які пакутуе ад алергіі да бялку малака, правакуе з'яўленне пухіроў.
Цікава ведаць: Папулярныя шакаладныя дражэ M&M's, як вядома, вырабляюцца ў некалькіх варыяцыях, у прыватнасці, з арэхамі і без. У свой час дзеці з алергіяй на арахіс (самы моцны алерген сярод арэхаў), сталі выдаваць рэакцыю на любімыя цукеркі, якія не ўтрымлівалі «шкоднага» начыння. Пасля доўгіх разглядаў высветлілася, што абодва варыянты прысмакаў (з арэхамі і без) вырабляліся на адной вытворчай лініі. Адпаведна, мікрачасціцы арахісу, як прынята казаць, – сляды, маглі патрапіць у «чыстыя» цукеркі. З тых часоў на ўпакоўках прадуктаў, вырабленых на адной вытворчай лініі з прадуктамі, у склад якіх уваходзяць інгрэдыенты, якія выклікаюць рэакцыю, сталі пазначаць папераджальны надпіс: «Можа ўтрымліваць сляды арахісу/малочных прадуктаў/глютэну...».
Тут варта зрабіць акцэнт. Калі вострай крапіўніцай скончыўся, напрыклад, перакус «штучным» памідорам, але ён паспяхова купіраваўся антыгістаміннымі прэпаратамі і больш не паўтараўся, гэта не падстава лічыць, што ўсе таматы – зло. Як і не падстава здаваць разнастайныя і шматлікія аналізы ў пошуках галоўнага «злачынцы» – канкрэтнага хімічнага дадатку.
Хімічныя кампаненты як такія не з'яўляюцца алергенамі. Гэта толькі фактары, якія запускаюць рэакцыю. Алергалагічныя тэсты робяць на харчовыя прадукты, а не на хімічныя дадаткі, якія выкарыстоўваюцца для іх вытворчасці.
2. Лекавыя прэпараты.
Прыкладна кожная 5-я ахвяра вострай крапіўніцы пакутуе ад гэтай групы правакацыйных фактараў. Сярод іх таксама ёсць свой рэйтынг лідараў:
- Антыбіётыкі.
- Несцероідныя супрацьзапаленчыя сродкі (тыпу ібупрафену).
- Ёдкантрасныя рэчывы (г. зн. прэпараты, якія ўтрымліваюць ёд).
- Вітаміны (асабліва групы В).
Медыкаментозная алергія па тыпу крапіўніцы – той самы выпадак, калі не лішне паўтарыць: лекі прымаць трэба выключна па рэкамендацыі ўрача, строга выконваючы прапісаную ім схему лячэння і дазіроўку прэпарата.
Дзмітрый Буза заўсёды раіць пацыентам з сыпам рабіць фота на тэлефон, каб потым можна было паказаць карцінку ўрачу для ацэнкі выяўленасці рэакцыі і яе характару.
3. Укусы насякомых.
Найбольшую пагрозу ў развіцці алергічнай рэакцыі ўяўляе атрута пчол, вос і шэршняў. На іх фоне камары – бяскрыўдныя казуркі. Камарыны ўкус у выключна рэдкіх выпадках прыводзіць да крапіўніцы.
Запомніце: якім бы вялікім і запалёным ні быў адзінкавы пухір ад укусу казуркі – гэта не крапіўніца! Казаць пра вострую алергічную рэакцыю можна ў тым выпадку, калі пухіры пасля ўкусу выяўляюцца ў вялікай колькасці і па ўсім целе.
Першая дапамога пры вострай крапіўніцы
Калі прыступ вострай крапіўніцы вас не мінуў, самае галоўнае правіла: не панікаваць! У пераважнай большасці выпадкаў час ёсць, каб дачакацца прыезду брыгады «хуткай дапамогі» альбо самому даехаць да бліжэйшай паліклінікі ці бальніцы і атрымаць адэкватную дапамогу.
Каб знізіць дыскамфорт, да візіту да ўрача можна і трэба скарыстацца правіламі першай дапамогі:
- прыняць антыгістамінны прэпарат. У прынцыпе, лекі такой групы ніколі не лішняе мець у хатняй аптэчцы;
- калі патрэбнай таблеткі пад рукой не аказалася, то:
- пры харчовай алергіі: прыняць актываваны вугаль з разліку 1 таблетка на 10 кг вагі, піць як мага больш вадкасці (перавага чыстай пітной вадзе);
- пры ўкусе казуркі: астудзіць месца ўкусу (прыкласці лёд), каб знізіць усмоктвальнасць алергену, накласці жгут вышэй месца ўкусу, саслабляючы яго патроху кожныя 5 хвілін;
- пры алергічнай рэакцыі пасля прынятых пераральна (праз рот) лекаў: неадкладна выклікаць хуткую дапамогу. Паспрабаваць справакаваць ірвоту.
Не варта марудзіць, калі крапіўніца выявілася ў вобласці твару, пачынаюць з'яўляцца сімптомы з боку дыхальнай сістэмы: кашаль, аддышка, асіпласць голасу. Гэтыя сімптомы – нагода для тэрміновага выкліку брыгады хуткай дапамогі.
Але якім бы ні было цячэнне алергіі, па медыцынскую дапамогу трэба звярнуцца абавязкова! Пры гэтым прызначыць антыгістамінную тэрапію можа і ўчастковы доктар. Пры разавым эпізодзе вострай крапіўніцы бегчы адразу да алерголага няма неабходнасці. Калі вострая алергічная рэакцыя паспяхова ліквідаваная і больш не паўтараецца, алергалагічныя абследаванні і тэсты таксама немэтазгодныя. Дапамога кваліфікаванага ўрача-алерголага патрабуецца, калі вострая крапіўніца носіць рэцыдывавальны або зацяжны характар і цяжка паддаецца лячэнню.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by