Site icon Слушна

Топ-5 рэцэптаў зімовага варэння

Варэнне

5 лістапада ў свеце адзначаюць Дзень варэння, якое мы з дзяцінства лічым смачным ласункам. Успомніць толькі аладкі, якія гатавала бабуля і падавала да стала менавіта з варэннем. Альбо маміны сырнікі, якія таксама прыемна пачаставаць з насычаным ягадным джэмам.

А што можа быць лепш, чым слоік любімага варэння з кубкам гарачай гарбаты? Да таго ж, хатнія нарыхтоўкі толькі на першы погляд здаюцца складаным працэсам. Насамрэч, усё неверагодна проста, варта толькі пачаць!

Хутка прыйдзе зіма. І гаспадыні ў нашай краіне ніколі не сядзяць без справы: вараць варэнне і ў халодны час. З якіх інгрэдыентаў можна зварыць зімовае варэнне? «Слушна» прапануе нашым чытачам некалькі варыянтаў рэцэптаў.

«Зімовае варэнне» гучыць як ласунак, які прыгатавала сама Снежная Каралева ці, у крайнім выпадку, Снягурка. Яно адрозніваецца ад летняга своеасаблівымі рэцэптамі і спосабамі прыгатавання. Ды і смак, кажуць, у зімовага варэння проста казачны і ласавацца ім можна не толькі ў навагоднюю ноч, але і на працягу ўсёй зімы. Праверым.

да зместу

Варэнне з курагі

Варэнне з курагі

Найсмачнейшае духмянае варэнне можна прыгатаваць зімой з курагі. Спецыялісты сцвярджаюць, што варэнне з курагі мае нават больш яркі і насычаны смак, чым варэнне з абрыкосаў.

Для варэння з курагі нам спатрэбіцца: 0,5 кг курагі, 300 г цукровага пяску, адзін лімон.

Спосаб прыгатавання: курагу трэба старанна прамыць да крышталёвай чыстай вады, заліць халоднай вадой і пакінуць на ноч у халадзільніку. Вада павінна крыху закрываць усю курагу. Раніцай дастаем курагу, ваду не выліваем. Сухафрукты наразаем невялікімі, акуратнымі кавалачкамі, кладзем зноў ў ваду, усыпаем цукар. Варым 10 хвілін на сярэднім агні, увесь час памешваючы. Далей даем варэнню астыць, дадаем цэдру лімона і зноў ставім на агонь. Варым варэнне да гатоўнасці, яшчэ 15-20 хвілін, астуджаем.

Сухафрукты у розныя часы года. Як выбіраць, захоўваць, сушыць

да зместу

Варэнне «Навагодняе», варыянт першы

Адзін з самых смачных, па-сапраўднаму «навагодніх» рэцэптаў унікальнага зімовага варэння. Гэта ласунак, прыгатаваны з цытрусавых.

Для «навагодняга» варэння нам спатрэбіцца: лімоны буйныя — 1шт., апельсіны буйныя — 3 шт., цукровы пясок — 1 кг., чайная лыжка карыцы, ваніль на кончыку нажа.

Спосаб прыгатавання: лімоны і апельсіны старанна прамыць, затым ачысціць і лупіну пакласці асобна, засыпаўшы яе цукрам. З апельсінаў і лімонаў выняць костачкі, нарэзаць мякаць цытрусавых кавалачкамі, выкласці ў посуд і засыпаць невялікай колькасцю цукру. Дачакацца, пакуль цытрусавыя дадуць сок, дадаць карыцу, ваніль, паставіць у халадзільнік на дзве гадзіны. Затым дастаць і змяшаць блэндэрам да стану кашыцы, дадаючы ўвесь пакінуты цукар, паставіць на агонь і варыць на павольным агні, увесь час памешваючы, не меней паўгадзіны.

У асобным посудзе змяшаць блэндэрам лупіну цытрусавых з цукрам, атрыманую сумесь дадаць да варэння, паставіць на агонь, давесці да кіпення і выключыць. Пасля астуджэння «навагодняе» варэнне будзе мець унікальны, «жывы» цытрусавы смак і наверагодны водар апельсінаў.

да зместу

Варэнне «Навагодняе», варыянт другі

Варэнне з мандарынаў, гэта настолькі «навагодняе», зімовае, варэнне, што больш пазітыўнага і ўнікальнага спалучэння смаку і карысці для арганізма, знайсці будзе складана. Акрамя ўсіх вышэйпералічаных добрых якасцяў, мандарынавае варэнне мае зусім казачны аранжавы колер і пах мандарын, які асацыюецца ў большасці людзей з навагодняй казкай і чараўніцтвам.

Для падрыхтоўкі мандарынавага варэння нам спатрэбіцца: мандарыны — 1 кг., цукровы пясок — 800 гр., сок свежавыціснутага лімона — 50 мл, вада — 250 мл.

Спосаб прыгатавання: мандарыны старанна вымыць у гарачай вадзе, абліць кіпенем, затым астудзіць і ачысціць ад лупіны. Надзерці мандарынавую лупіну на дробнай тарцы. Каля сталовай лыжкі мандарынавай цэдры развесці ў халоднай вадзе. Тым часам усе мандарыны ачысціць ад белых «жылак» (яны гарчаць), прыбраць костачкі, засыпаць цукрам, даць настаяцца на працягу гадзіны. Ваду з цэдрай паставіць на агонь, давесці да кіпення, затым асцярожна выкласці ў рондаль мандарыны з цукрам, варыць на сярэднім агні стала памешваючы каля паўгадзіны. Даць варэнню астыць, затым дадаць лімонны сок і варыць яшчэ 20 хвілін да гатоўнасці.

да зместу

Варэнне з хурмы

Варэнне з хурмы мае настолькі ўнікальны і своеасаблівы смак, што па праве з'яўляецца адным з самых смачных варыянтаў «зімовага» варэння.

Для прыгатавання варэння з хурмы нам спатрэбіцца: саспелая адборная хурма — 1 кг, цукровы пясок — 600 гр.,  ванілін і 50 мл. каньяку або рому.

Спосаб прыгатавання: вельмі асцярожна вымыць трэба хурму ў халоднай вадзе, разрэзаць напалову, выдаліць костачкі і выняць чайнай лыжкай мякаць. Мякаці павінна атрымацца з аднаго кілаграма хурмы — прыкладна  600 гр. Далей мякаць хурмы працерці скрозь сіта, дадаць увесь цукар, ванілін, варыць на павольным агні 20 хвілін, пастаянна памешваючы. Даць астыць, уліць каньяк, давесці да кіпення (алкаголь выпарыцца, а водар застанецца), зняць рондаль з агню. Добра змяшаць і астудзіць.

да зместу

Лімон, імбір і мёд

Сапраўды зімовае варэнне, сагравальнае, яно падвышае імунітэт і нават спрыяе выздараўленню на ранніх стадыях прастудных захворванняў, гэта варэнне з лімона, імбіра і мёда. Гэта настолькі вітамінавае варэнне, што нават яго цудоўны смак крыху цьмянее перад яго карысцю для арганізма.

Для прыгатавання такога варэння нам спатрэбіцца:  ллімон буйны — 3 шт., корань імбіра — 100 гр., мёд — 200 гр.(светлы).

Спосаб прыгатавання: лімоны і імбір старанна прамыць гарачай вадой, корань імбіра ачысціць. Лімоны нарэзаць буйнымі кавалачкамі разам з лупінай, прыбраць костачкі. Корань імбіра нарэзаць невялікімі кавалкамі, дадаць да лімонаў. Змяшаць імбір і лімоны блэндэрам да утварэння аднастайнай масы. Затым дадаць мёд і змяшаць яшчэ раз. Варэнне гатова! Унікальнасць гэтага варэння ў тым, што яго нават не трэба варыць. Такое варэнне неабходна астудзіць і можна атрымліваць асалоду ад яго своеасаблівага, незабыўнага смаку.

Варэнне з шышак, адвар з іголак. Другое жыццё навагодняй ёлкі

Exit mobile version