Нават той, хто ні разу не вернік праваслаўны, хоць калі чуў штосьці пра Піліпаў дзень, Піліпаўку, Піліпаўскі (альбо Калядны) пост. Бо дужа гэта адметная з’ява ў народзе. Ды і хто не памятае са школьных гадоў гэтае, з паэмы-балады Янкі Купалы «Курган»: «На Купалле там птушка садзіцца, пяе, У Піліпаўку воўк нема вые; Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя»…
Ну, а пярэдадзень Піліпаўкі, сам Піліпаў дзень, 27 лістапада, таксама поўніцца шматлікімі абрадамі і звычаямі. І фактычна гэта апошні дзень сёлета, калі сапраўды можна разгуляцца, паесці прысмакаў. Бо Піліпаўскі пост доўжыцца ажно 6 тыдняў – з 28 лістапада па 6 студзеня ўключна. І падчас яго вернікі не ядуць скаромнае.
Нашыя продкі спяшаліся да Піліпаўскага посту закалоць кабанчыка, паесці свежаніны і нарабіць розных мясных вырабаў, многія з якіх – вяндліна, каўбасы ды іншае – захоўваліся акурат да Калядаў. А сёння звычайна спраўлялі Запусты, альбо Загавіны (Заговіны).
Прычым не толькі самі частаваліся, але і запрашалі да вячэры… Хатніка (Дамавіка)! Трэба было яму ўлагодзіць, бо ён жа, як лічылася, «хату трымае». А для гэтага звычайна на стале пакідалі ежу, прыкрыўшы яе ручніком ці сурвэткай.
Гэты звычай нездарма ў чымсьці пераклікаецца з традыцыямі святкавання Дзядоў, бо ў некаторых мясцовасцях Хатнікаў атаясамлівалі з душамі памерлых продкаў.
Іншая ж назва гэтага дня – Кудзеліца – нагадвае нам пра тое, што дзяўчаты і жанчыны звычайна рыхтаваліся да попрадак падчас вячорак: «Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш». А зіма наперадзе чакала до-о-о-о-ооўгая… Шмат чаго можна было напрасці, наткаць, навязаць, нашыць… Дзяўчаты найперш гэта рабілі, каб нарыхтаваць сабе да вяселля пасаг. А вяселлі – усё, заканчваліся… Пост жа наперадзе.
Затое колькі весялосці чакала моладзь на тых вячорках! І танцы, і заляцанні… Да Масленіцы можна было пры жаданні знайсці сабе пАру…А самыя спрытныя дзяўчаты паспявалі ўсё! І на заляцанні адказаць, і пачаставацца семкамі ды цукеркамі, і напрасці ды наткаць гару…
А вось каму раздолле ў Піліпаўку з «вяселлямі», дык гэта ваўкам! Нашыя продкі прыкмячалі, што з гэтага часу яны звычайна па лесе ходзяць цэлымі зграямі. Так што сцеражыся, падарожны, і любы, хто захоча ў гэтую цёмную пару прайсціся ўвечары-ўночы па бязлюдных аддаленых мясцінах! І хаця ў наш час ваўкоў добра-такі адстрэльваюць, але не ўсіх і не ўсюды. А хутка ж сапраўды мы адчуем, як «надыходзяць цёмныя ночы»… Бо, як трапна прыкмячалі, «у Піліпаўку дзень паўдня».
Вернікі сёння ўшаноўваюць аднаго з 12-і апосталаў – Піліпа. Звычайна да яго звяртаюцца з просьбамі аб ацаленні ад хваробаў вачэй і ад дэпрэсіі.
А мы, як і нашыя продкі, назіраем за надвор’ем ды сочым надалей, ці спраўдзяцца тагачасныя прыкметы: «Пахмурна ці снежна – да непагадзі ў маі», «Калі добра пагода будзе на Піліпаўку, дык добра будзе і на Пятроўку», «Калі кот скача на прыпек, дык будзе мароз»…
Эх, шкада, што ні ката, ні прыпеку! Я б яго сама туды падсадзіла б! Абы на мароз паказаў… 🙂 Бо гэтыя дажджы, дажджы, дажджы… З аднаго боку, для азімых трэба… Для зямлі вільгаць. А з іншага… Баюся, што наша дача зноў паплыла… Хаця і без шкоды для ўраджаю…
Ды і вельмі няёмка ў транспарт і з транспарту з мокрым парасонам… Асабліва, калі гэта маршрутка, у якой едзеш каля гадзіны па часе. Не люблю… 🙁
«Шэрань на дрэвах – да марозу, туман – да адлігі, а калі шэрань была ўначы, днём будзе снег». А вось шэрань люблю! І вельмі! Тады надвор’е сапраўды казачнае. І мамачка мая вельмі любіла… Яна ўсё любіла… І ўсіх…
І яшчэ варта прыгадаць сёння святога Юстыніяна – апекуна плоднасці і дзяцінства. Калі ў сям’і доўга не было дзяцей, жанкі звярталіся з просьбамі ў сваіх малітвах менавіта да яго.
Ну што ж, як заўсёды, выбіраем са звычаяў, абрадаў ды традыцый гэтага дня і наступных тое, што даспадобы. Здароўя ўсім і душэўнага спакою!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by