Штогод 31 мая па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) адзначаецца Сусветны дзень без тытуню. Сёлета ён пройдзе пад дэвізам «Тытунь і хваробы сэрца».
Сусветны дзень без тытуню закліканы прыцягнуць увагу грамадскасці да рызыкаў для здароўя, звязаных з курэннем, і да эфектыўных мер па зніжэнні распаўсюджанасці сярод насельніцтва гэтай згубнай звычкі. У 2018 годзе ўвага спецыялістаў сфакусіравана на ўзаемасувязі спажывання тытунёвых вырабаў і развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў.
Спажыванне тытуню – адзін з сур'ёзных фактараў рызыкі развіцця ішэмічнай хваробы сэрца, інсульту, захворванняў перыферычных сасудаў. А сардэчна-сасудзістыя захворванні з'яўляюцца адной з галоўных прычын смяротнасці ў свеце. Прычым 12% з іх выкліканыя менавіта спажываннем тытуню і ўздзеяннем другаснага тытунёвага дыму.
Разам з тым рызыка развіцця ішэмічнай хваробы сэрца ўжо пасля года адмовы ад цыгарэт зніжаецца ў два разы. Верагоднасць развіцця інсульту ў чалавека пасля пяці гадоў без тытуню памяншаецца да ўзроўню чалавека, які не паліць. Прычым чым раней адмовіцеся ад гэтай звычкі, тым лепш. Так, калі кінуць паліць у 30 гадоў, то працягласць жыцця павялічыцца прыкладна на 10 гадоў, калі ў 50 – толькі на 6.
Менавіта таму сёлета мэтамі Сусветнага дня без тытуню сталі:
- прыцягненне ўвагі насельніцтва да прычынна-выніковай сувязі паміж курэннем і развіццём сардэчна-сасудзiстых захворванняў;
- павышэнне дасведчанасці пра ўздзеянне курэння і другаснага тытунёвага дыму на сэрца і сасуды;
- прадастаўленне магчымасцей грамадскасці, урадам розных краін і іншым зацікаўленым бакам прыняцця абавязацельстваў па ўмацаванні здароўя сэрца шляхам абароны людзей ад спажывання тытунёвых вырабаў;
- садзейнічанне больш шырокаму прыняццю ў краінах комплексу мер па барацьбе з тытунём MPOWER, выкладзеных у Рамачнай канвенцыі СААЗ па барацьбе супраць тытуню.
У ходзе рэалізацыі палажэнняў Рамачнай канвенцыі СААЗ па барацьбе супраць тытуню, а таксама дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады з 11 па 31 мая 2018 гадоў у нашай краіне будзе праходзіць рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню».
У гэтыя дні ва ўстановах аховы здароўя будуць арганізаваны канферэнцыі і семінары, пройдуць дні кансультавання па прафілактыцы тытунекурэння. Як кінуць паліць і дзе атрымаць дапамогу спецыялістаў, можна будзе даведацца, патэлефанаваўшы на тэлефон даверу. Акрамя гэтага запланавана правядзенне кірмашоў здароўя, інфармацыйна-адукацыйных, фізкультурна-аздараўленчых і іншых мерапрыемстваў (урокі здароўя, конкурсы і выставы малюнкаў і плакатаў, спартыўныя мерапрыемствы).
У нашай краіне ўведзены шэраг абмежавальных мер на распаўсюджанне, рэкламу і спажыванне тытунёвай прадукцыі. Арганізаваны зоны, свабодныя ад курэння, у тым ліку на тэрыторыі прадпрыемстваў і ўстаноў аховы здароўя, забаранілі рэкламу цыгарэт і вырабаў, якія змяшчаюць тытунь. Акрамя гэтага з 15 лістапада 2017 года на ўпакоўцы размяшчаюцца папераджальны малюнак і надпіс пра шкоду і наступствы курэння (займаюць не менш за 50% плошчы пачка).
Курэнне адымае як мінімум 10 гадоў жыцця, таму 31 мая - выдатная нагода назаўсёды выкінуць цыгарэты і пачаць новае жыццё без тытуню.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by