01.02.2024
01.02.2024

Народны каляндар на люты

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Люты — апошні месяц зімы, багаты на мяцеліцы. Сёлета ў лютым 29 дзён. Сучасная беларуская назва адлюстроўвае яго характэрную асаблівасць — месяц моцных і злосных маразоў. Аб гэтым сведчыць і такая народная прыказка: «Завірухі і мяцелі ў лютым адгудзелі».

Як бы халодна нi было ў гэты месяц, але людзі заўсёды ведалі, што ўжо хутка і вясна: «Ад лютага зіма збягае цёмнымі начамі». Нашы продкі па стану лютага прадказвалі асаблівасці будучага надвор’я. Напрыклад, калі ў гэтым месяцы быў востры мароз, зіма павінна працягвацца нядоўга. Люты меў свой адпаведнік у другім паўгоддзі: калі люты — сухі, то жнівень будзе гарачы.

Выконваць традыцыі ці не асабістая справа кожнага чалавека, але ў тым, што пры вывучэнні народнага календара адбываецца знаёмства з гісторыяй і побытам продкаў, не ўзнікае сумневаў. Кожны дзень маленькая вяха гісторыі. Мы прапануем нашым чытачам народны каляндар на люты, дзе можна знайсці ўсе народныя святы апошняга месяца зімы і пазнаёміцца з іх традыцыямі.

Народны каляндар на люты

да зместу

1 лютага

Нашы продкі верылі, што сны ў гэты дзень прарочыя і абавязкова збудуцца. У адных месцах лічылі, што якое надвор'е сёння, такі і ўвесь люты будзе, у іншых казалі, што такой будзе ўся вясна. Былі такія прыкметы: калі неба яснае, то вясна будзе рана; калі мяцеліца, то і на Масленіцу будзе месці.

2 лютага

Каталікі адзначаюць дзень сустрэчы зімы з летам — Грамніцы, або Стрэчанне. Лічыцца, што ўжо могуць быць грымоты навальніцы і прайшла палова зімы. Аб гэтым сведчаць і прыказкі: «На Грамніцу палавіна зімы» і «Грамніца — хлебу палавіна, а корму траціна».

Існавалі прыкметы: якое надвор’е на Грамніцы, такая i вясна, як на Грамніцы адліга — з ураджаю будзе фіга. У прыродзе адчуваецца пацяпленне, са стрэх бягуць першыя капяжы. «На Грамніцы певень нап’ецца, на Дабравешчанне – вол».

да зместу

3 лютага

У гэты дзень праваслаўная царква ўспамінае Максіма Грэка і Максіма Спавядальніка або, як яго яшчэ называюць, Максіма-суцяшальніка. Вялебнага Максіма лічаць дапаможцай у бедах і суцяшальнікам у крыўдах, таму ў гэты дзень прынята добрым словам успамінаць усіх, хто калі-небудзь дапамог. Таксама святому моляцца пра заступніцтва сірот і ўдоў.

Звычайна на Максіма гаспадыні выпякалі пірагі з начыннем з мяса, яек, грыбоў, рыбы. Гэтай стравай частавалі сямейнікаў, жабракоў і проста добрых людзей. Дзень лічыўся прыдатным для разнастайных абрадаў.

У нашых продкаў былі такія прыкметы: калі Месяц схаваны за аблокамі – чакай добрага ўраджаю; яснае надвор'е – да зацяжных маразоў.

да зместу

4 лютага

Раней гэты дзень называлі «паўзімнікам», бо з гэтага часу пачыналіся лютаўскія мяцеліцы.

Нашы продкі ў гэты дзень прыслухоўваліся: гудуць пчолы ў вуллях ледзь чутна, значыць пераносяць зіму лёгка; неспакойнае гудзенне кажа аб праблемах у пчалінай сям'і. Чым больш у гэты дзень выпадзе снегу, тым большы будзе ўраджай збожжавых.

Люты

да зместу

5 лютага

Агата  каталіцкая. У гэты дзень асвячаюць соль і хлеб. Паводле народных вераванняў, хлеб мог бараніць ад пажару, перуна і раптоўных хвароб. Таму і вядома: «Хлеб святой Агаты не пусціць бяды да хаты». У праваслаўных гэтае свята прыпадае на 18 лютага.

Былі такія прыкметы: шмат снегу ў полі – будзе багаты ўраджай, калі шумяць сініцы – ідуць моцныя маразы, калі вавёрка вылезла з дупла і спусцілася на зямлю – хутка пацяплее.

да зместу

6 лютага

Аксіння. У царкоўным календары гэты дзень прысвечаны прападобнай Ксеніі. Кепскае надвор’е ў гэты дзень сведчыла аб працягласці зімы. Як пераконвалі сялянскія назіранні: «калі на Аксінню дарогу перамяце, то і корм падмяце» — г. зн. зіма затрымаецца і хатняя жывёла паесць усе нарыхтаваныя яе запасы. Калі ў гэты дзень надвор'е добрае, то і вясна такой будзе.

7 лютага

У нашых продкаў у гэты дзень было прынята ўспамінаць пра добрыя справы іншых людзей і самім рабіць добрыя ўчынкі. Яшчэ людзі баяліся, каб нечакана не загрымеў гром, бо лічылася, калі такое здарыцца, дык прападуць пожні.

Былі яшчэ такія прыкметы: якое надвор'е будзе з раніцы да поўдня, такое надвор'е будзе і ў першую палову наступнай зімы; а якое надвор’е пасля абеду, такой будзе другая палова наступная зімы. Яшчэ лічылася: снег у гэты дзень – зіма налета (у наступным годзе) будзе позняя; пяюць сініцы – ідуць маразы.

да зместу

8 лютага

Раней лічылі, што ў гэты дзень нябожчыкі смуткуюць па зямлі. Верылі, што калі моцна загуло ў трубе, то гэта душа памерлага завітала ў госці.

У гэты дзень таксама сачылі за надвор'ем, бо «які дзень – такая і вясна будзе».

9 лютага

Іван Залатавус. Згодна лягендзе, Касьян падпаліў Івану Хрысціцелю вусы. Бог пакараў Касьяна тым, што яго прысвятак адзначалі толькі адзін раз у чатыры гады – 29 лютага па стараму стылю. І Івану Бог падараў залатыя вусы. Яшчэ існуе і такое тлумачэнне, чаму дзень Касьяна святкуецца толькі раз у чатыры гады: «Касьян тры гады запар у свае імяніны быў п’яны і толькі на чацвёрты год суняўся…». У гэты дзень было кепскай прыкметай дарыць і прымаць падарункі.

У нашых продкаў былі такія прыкметы ў гэты дзень: калі аблокі плывуць супраць ветру – будзе снег; шкло ў вокнах «пяе» – хутка пацяплее; верхавіны сумётаў сталі круглыя – будзе добры ўраджай.

Люты

да зместу

10 лютага

У гэты дзень  Нашы продкі верылі, што ноччу дамавік гуляе па дварах. Для яго ставілі кашу, кілішак віна, клалі кусок сала. Калі ў гэты дзень гаспадыня не зробіць так, то дамавік можа пакрыўдзіцца і не будзе больш дапамагаць. Тады ў хаце з'явяцца хваробы, знікне жаданне працаваць, прыйдзе ў заняпад гаспадарка.

У нашых продкаў была такая прыкмета: калі ў гэты дзень дзьме моцны вецер, то лета будзе вільготным.

да зместу

11 лютага

Гэты дзень у народзе лічыўся неспрыяльным. Людзі верылі, што 11 лютага могуць шкодзіць ведзьмы, насылаць хваробы.

Калі 11 лютага ветрана, гэта прадвяшчае дажджлівы год. Лес шуміць да адлігі.

12 лютага

У народзе – дзень Васіля ды Рыгора. Калі мужчыны дазвалялі сабе працаваць «каля двара» і «ўзяць кілішак», то жанчыны адзначалі гэты дзень строга: «Нельга жлукціць, нельга мыць бялізну, нельга прасці».

Існавалі такія прыкметы: калі дрэвы пакрыліся інеем, значыць, быць цяплу; калі зайцы наведваюцца ў сады – зіма будзе доўгай; калі мышы выбягаюць з норак на снег – ідзе цяпло.

13 лютага

У некаторых раёнах Беларусі дзень лічыўся памінальным, называўся «Стрэчаньскія дзяды». У народзе лічылі, што 13 лютага – дрэнны, неспрыяльны дзень. Каб зберагчы сябе і сваю сям'ю ад бед і няшчасцяў, катэгарычна забаранялася разломваць хлеб, секчы дровы, хрысціць дзяцей, займаць і аддаваць грошы, сватацца.

У нашых продкаў былі такія прыкметы: калі ноч ясная, то будзе сонечнае надвор'е, вераб'і ўцяпляюць гнёзды – ідуць маразы; вароны каркаюць гучна – будзе мяцеліца.

да зместу

14 лютага

Трыфан. Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень можна заклінаць грызуноў, якія шкодзяць хатнім запасам. Для гэтага з чатырох бакоў сцірты бралі па невялікім пучку каласоў, неслі ў хату, спальвалі ў печы, а попел рассыпалі па чатырох кутах у пуні.

14 лютага ў нашых продкаў былі такія прыкметы: калі неба зорнае, вясна надыдзе позна; ідзе снег – вясною будуць частыя дажджы; туманы – ідзе добрае надвор'е.

Люты. Зіма

да зместу

15 лютага

У праваслаўных беларусаў – Грамніцы (Стрэчанне). Свята грамнічнай свечкі і «жывога агню», што, паводле паганскіх вераванняў, абараняе чалавека ад злых духаў. У хрысціянскі перыяд свечкі пачалі асвячаць у царкве. Яны захоўваліся цэлы год. На Грамніцы беларусы выпальвалі «крыжы» (дзве палачкі, пакладзеныя адна на адну, пры дапамозе якіх раней здабывалі «жывы агонь») на будынках, каб зберагчы жытло ад дажджу і маланкі.

Лічылася, што ў гэты дзень «зіма з летам сустракаецца». Які гэты дзень, такая і вясна – лічылі нашы продкі. Калі на Стрэчанне выпадзе снег – трэба чакаць ранняга ўраджаю. Калі верабей напіўся з лужы, хутка будзе вясновае надвор'е.

да зместу

16 лютага

Продкі лічылі, што ноччу дамавік хавае коней. Таму да каня прывязвалі пугу, рукавіцы і анучы, каб уціхамірыць дамавіка. Пачыналася пара рамонту і падрыхтоўкі да вясны палявога інвентару: калёс і конскай збруі.

Даўней на 16 лютага была такая прыкмета: снег пайшоў камякамі – лета будзе дажджлівае.

17 лютага

Мікола Сцюдзёны. У даўнейшыя часы рэдкі год у гэты дзень не было маразоў. Таму раней нашы продкі казалі: «На сцюдзёнага Міколу снегу наваліць гору». Людзі верылі, што Мікола апякае жывёл, ведае, дзе яны хаваюцца. Таксама нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень у дзікіх жывёл адбываюцца вяселлі.

18 лютага

Нашы продкі называлі гэты дзень Агата-кароўніца. У многіх рэгіёнах Агату ўшаноўвалі як апякунку хатняй жывёлы. Даўней людзі лічылі, што ў гэты дзень па вуліцах бегае каровіна смерць. Таму ў хляве вывешвалі старыя лапці, змазаныя дзёгцем. Жывёле давалі асвечаныя хлеб з соллю, каб не захварэла.

Былі такія прыкметы на 18 лютага: «карову біць – малака не піць»; калі на Агату цёпла – маразоў ужо зусім не будзе; калі мароз – лета будзе спякотным і засушлівым.

да зместу

19 лютага

Даўней гэты дзень называўся Вукола-цялятнік. Лічылася, што целяцца жуколы (чорныя каровы). Казалі: «Прыйдуць Вуколы – перацеляцца ўсе жуколы». Таксама гэтак называлі кароў і цялят, якія нарадзіліся ў лютым.

Існаваў такі звычай: як карова ацялілася, малодзіва трэба было праліць праз вянчальны пярсцёнак гаспадыні – тады ніякімі чарамі нельга будзе адабраць у гэтай каровы малако.

Былі такія прыкметы пра надвор'е: мышы вылезлі з нораў – дзень будзе пахмурны; калі марозна, то вясной будзе ўсё буяць, а летам будзе спякотным.

Люты

да зместу

20 лютага

У гэты дзень прынята было пячы пірагі з цыбуляй і не з'ядаць усё самім, а раздаваць частку жабракам – на шчасце. У некаторых мясцінах продкі гатавалі гаючае зелле з карэнняў, сабраных летам. Людзі верылі, што ў гэты дзень такім хатнім лекам даецца вялікая сіла.

21 лютага

У гэты дзень нашы продкі ўжо пачыналі рыхтавацца да палявых работ, аглядалі прылады, рамантавалі іх. Асабліва правяралі сярпы.

Існавалі такія прыкметы: калі ў гэты дзень на дрэвах ляжыць іней – будзе шмат мёду; мароз – зіме хутка канец; чым халадней на ў гэты дзень, тым цяплейшым будзе сакавік.

22 лютага

Раней у гэты дзень наш продкі плялі лапці і падлічвалі харчовыя запасы. Да 22 лютага не заўсёды захоўвалася збожжа: «Не ўсякі Панкрат хлебам багаты». У некаторых мясцінах нашы продкі вывешвалі каля хлява, на плоце, на варотах лапці як абярэг ад нячысцікаў. Лічылі, што народжанага ў гэты дзень абыходзіць лянота.

23 лютага

Даўней людзі заўважалі, што ў гэты дзень ласі скідаюць рогі, бліжэй становіцца да вясны, слабеюць маразы.

Таксама назіралі, што часта ў гэты дзень бываюць завеі, але ўсе прадчувалі набліжэння перамен у надвор'і, былі такія прыказкі: «Прыйшоў Прохар ды Улас – скора вясна ў нас», «Прохар прыйшоў – вясну прывёў».

24 лютага

Аўлас. Аўласа лічылі апекуном свойскай жывёлы, а ягоны дзень – святам каровы ці каня. У гэты дзень жывёле трэба было даваць лепшы корм, не працаваць на ёй. А вось маладых коней трэба было аб'язджаць. Каб цяляты былі сытыя і здаровыя, кожная гаспадыня павінна была ў гэты дзень спячы на вячэру для сваёй сям'і аладкі з маслам.

Даўней людзі казалі: «Прыйшоў Аўлас – хутка будзе вясна ў нас». Лічылі, што калі ў гэты дзень растаў снег, то май будзе вельмі зялёным.

Люты. Зіма

да зместу

25 лютага

Пачынаючы ад гэтага дня, тры дні нашы продкі выстаўлялі на ранішні мароз збожжа, прызначанае для пасеву. Лічылі, што кранутае марозам насенне дае лепшы ўраджай. Сяляне выносілі на мароз таксама лён і пражу, каб мець чыстыя, роўныя і белыя ніткі і скруткі.

Былі такія прыкметы: калі 25 лютага халодна, то першы вясенні месяц будзе цёплым; калі надвор'е пахмурнае са снегам ці туманам, лета будзе дажджлівае і халоднае.

да зместу

26 лютага

У даўнейшыя часы апоўдні людзі гукалі памерлых родных і блізкіх. Было прынята доўга глядзець на зорнае неба. Верылі, што ад гэтага вочы будуць зоркія.

Даўней былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень снег не растае, то вясна будзе халоднай; калі яго амаль зусім няма, то вясна будзе ранняй і вельмі цёплай; калі птушкі гучна спяваюць – гэта таксама прыкмета ранняй вясны.

27 лютага

У гэты дзень гаспадары імкнуліся ўтрымаць снег на градах. Вытоптвалі, ідучы па сонцы, вакол свайго агарода і поля ахоўнае кола. Сяляне лічылі, што глеба ў такім выпадку будзе больш урадлівай.

У даўнейшыя часы ў гэты дзень былі такія прыкметы: моцны мароз – да спякотнага лета; сонечны дзень – лета будзе цёплым, але маразы яшчэ будуць; якое надвор'е сёння, такім і жнівень будзе.

28 лютага

Нашы продкі заўважалі, што ў гэты дзень заўсёды бывала адліга.

Існавала такая прыкмета: шмат вады на дарогах – чакай добрага сенакосу. Сяляне чакалі павелічэння статкаў коз і авечак.

29 лютага

Гэта быў «хлебны» дзень, бо пяклі першы каравай з новай мукі. У некаторых мясцінах актыўна збіралі арэхі, бо лічылася, што яны ўжо паспелі. Таксама людзі ўжо паступова рыхтаваліся да зімы, рабілі запасы.

Былі такія прыкметы: калі да гэтага дня жураўлі ўжо адляцелі ў вырай, тады на Пакровы (14 кастрычніка) будзе мароз; добры ўраджай арэхаў, значыцца, будзе добры ўраджай зерня налета (у наступным годзе); ноччу не бачна зор – надвор'е будзе сухім і без аблокаў.

Як прынята праводзіць Масленічны тыдзень? Гісторыя і традыцыі свята

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама