Сярэдні ўзровень спажывання алкаголю ў Беларусі з 2010 па 2016 гады знізіўся на 6,3 л. Так, калі ў 2010 годзе гэты паказчык склаў 17,5 л, то ў 2016 годзе – 11,2 л. І прычыны, якія спрыялі гэтаму, – рэалізацыя мер дзяржаўнай палітыкі, а таксама паступовае змяненне стаўлення насельніцтва да пытання ўжывання алкаголю, свайго здароўя і змяненне звычак у бок здаровага ладу жыцця. Пра гэта прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў паведаміў на прэс-канферэнцыі 5 ліпеня.
Прадстаўнік СААЗ дадаў, што ў гэтым плане вельмі важныя меры як папуляцыйнага кантролю, так і першаснай прафілактыкі спажывання алкаголю. Напрыклад, своечасовае выяўленне сімптомаў, якія сведчаць пра тое, што чалавек злоўжывае спіртнымі напоямі і, магчыма, не ўсведамляе гэтага.
Сярод папуляцыйных мер прафілактыкі алкагалізму (многія з іх паспяхова выкарыстоўваюцца ў іншых краінах свету) Батыр Бердыклычаў адзначыў забарону рэкламы алкаголю, зніжэнне даступнасці алкагольнай прадукцыі па месцы, узросце і часе.
У сваю чаргу намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Осіпчык распавёў, што цяпер на ўліку ў нарколагаў з сіндромам залежнасці ад алкаголю знаходзяцца каля 163 тысяч чалавек. Прыкладна 90 тысяч беларусаў ходзяць да спецыялістаў з-за ўжывання алкаголю. Разам з тым яшчэ некалькі гадоў таму на дыспансерным уліку знаходзілася прыкладна 180 тысяч чалавек з сіндромам залежнасці ад алкаголю і ад 100 да 120 тысяч – з ужываннем алкаголю са шкоднымі наступствамі, паведаміў намеснік дырэктара РНПЦ.
Новае ў лячэнні алкагалізму
Расказаў спецыяліст і пра новыя метады лячэння алкагалізму, якія распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў РНПЦ. Гаворка ідзе пра гіпербарычную аксігенацыю. Прасцей кажучы, лячэнне праводзіцца з дапамогай апарата, дзе ствараецца павышаная канцэнтрацыя і ціск кіслароду, якім дыхае чалавек.
Падобны метад раней выкарыстоўваўся для лячэння пацыентаў у іншых сферах медыцыны, але для купіравання сіндрому адмены і аднаўлення кагнітыўных функцый гіпербарычнай аксігенацыі выкарыстоўваецца ўпершыню, дадаў намеснік дырэктара РНПЦ.
У кожным раённым цэнтры існуюць аддзяленні для аказання меддапамогі людзям, якія пакутуюць ад залежнасці, у тым ліку алкагольнай. На першым этапе лячэння пацыенту праводзіцца дзетаксікацыя, што доўжыцца каля 14 дзён. На гэтым этапе праходзіць вывядзенне пацыента са стану, абумоўленага празмерным ужываннем алкаголю на працягу доўгага часу. Пры гэтым можа выкарыстоўвацца і вітамінавая, і стымулюючая тэрапія. Магчыма прымяненне розных псіхатропных медыкаментаў, бо пры рэзкай адмове ад алкаголю ў пацыента могуць назірацца даволі сур'ёзныя псіхічныя расстройствы, растлумачыў Сяргей Осіпчык.
Другі этап – медыцынская рэабілітацыя ва ўмовах стацыянара, працягласць якой вар'іруецца ад 28 да 60 дзён.
Трэці этап лячэння ад алкагалізму – рэабілітацыя ў амбулаторных умовах на базе абласных ці гарадскіх цэнтраў аказання медыцынскай дапамогі.
Што пачым?
Так званая «падшыўка» лекавага сродку, якая ажыццяўляецца ананімна, але на платнай аснове, у РНПЦ псіхічнага здароўя каштуе ад 11 да 32 рублёў. Кошт вар'іруецца ў залежнасці ад лекавага сродку, які выкарыстоўваецца пры гэтай працэдуры. У амбулаторных умовах дадзеная методыка не ўжываецца, таму на некаторы час прыйдзецца легчы ў стацыянар.
Знаходжанне ў стацыянары для грамадзяніна Беларусі каштуе 30-40 рублёў у суткі. У гэтую суму не ўваходзіць кошт харчавання, лекаў і лекавага сродку для «падшыўкі». Калі спатрэбіцца выкарыстоўваць псіхатропныя медыкаменты, кошт можа павялічыцца. У сярэднім 5 дзён знаходжання ў стацыянары і працэдура «падшыўкі» каштуюць прыкладна 150 рублёў, паведаміў Сяргей Осіпчык.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by