18.09.2019
18.09.2019

Ці заўсёды атлусценне = цукровы дыябет? Альбо чаму так важна сачыць за сваёй вагой

logo
Хваробы ад А да Я
0 87
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Залішняя вага і атлусценне – не толькі эстэтычная праблема і прычына таго, што адлюстраванне вас не радуе. Спецыялісты ва ўсім свеце даўно даказалі, што атлусценне ў шмат разоў павышае рызыку развіцця многіх захворванняў, у тым ліку цукровага дыябету 2 тыпу.

Пра тое, чаму залішняя маса цела і атлусценне могуць прывесці да развіцця такога сур'ёзнага захворвання, журналісту Слушна распавяла прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ала Шапялькевіч.

Атлусценне = цукровы дыябет?

Урачы разглядаюць атлусценне ў якасці аднаго з найважнейшых фактараў рызыкі развіцця цукровага дыябету 2 тыпу, асабліва ў спалучэнні са спадчыннай схільнасцю да дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, маларухомым ладам жыцця, нерацыянальным харчаваннем.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
З медыцынскага пункту гледжання атлусценне з'яўляецца сур'ёзным хранічным захворваннем, з магчымымі частымі рэцыдывамі пры адсутнасці адэкватнага лячэння.

Для разумення здаровых суадносінаў свайго росту і вагі важна ведаць індэкс масы цела. Чым ён вышэйшы, тым вышэйшая рызыка развіцця цукровага дыябету 2 тыпу. Разлічыць індэкс масы цела вельмі проста па формуле:

ІМЦ = маса цела (кг)/рост (м)2

Напрыклад, рост чалавека 1,65 м, а вага 78 кг. Значыць:

78 / (1,65*1,65) = 28,8

Гэты паказчык рэкамендаваны экспертамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), дзе значэнні:

  • менш 18,5 кг/м– дэфіцыт масы цела;
  • 18,5 – 25 кг/м2 – нармальная маса цела;
  • 25 – 30 кг/м2 – залішняя маса цела;
  • 30 – 35 кг/м2 – I ступень атлусцення;
  • 35-40 кг/м2 – II ступень атлусцення;
  • больш за 40 кг/м2 – III ступень атлусцення.
 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Індэкс масы цела, большы за 30 кг/м2, цесна звязаны з рызыкай развіцця не толькі цукровага дыябету 2 тыпу, але і іншых неінфекцыйных захворванняў, перш за ўсё сардэчна-сасудзістых і анкалагічных. Адпаведна, чым вышэйшы індэкс масы цела, тым большая верагоднасць іх развіцця. Гэта актуальна для любога ўзросту, але чым чалавек старэйшы, тым гэтыя рызыкі вышэйшыя.

Аднак значэнне мае не толькі сам факт наяўнасці атлусцення, але і характар яго размеркавання. Асабліва высокія рызыкі дыябету для жанчын з акружнасцю таліі больш за 80 см і мужчын – больш за 94 см. У такім выпадку ўрачы кажуць пра тое, што ў чалавека так званае вісцаральнае альбо цэнтральнае атлусценне.

Пры вісцаральным атлусценні вакол унутраных органаў назапашваецца тлушчавая тканка, якая добра забяспечваецца крывёй і вылучае вялікую колькасць біялагічна актыўных рэчываў, так званых «адыпакінаў» (гармонаў тлушчавай тканкі).

Дзеянне гэтых рэчываў прыводзіць да складанага парушэння метабалічных працэсаў: фарміруецца інсулінарэзістэнтнасць (зніжэнне адчувальнасці тканак да інсуліну), парушаецца ліпідны абмен (дысліпідэмія), павышаецца згусальнасць крыві (гіперкаагуляцыя), расце артэрыяльны ціск і г.д. Паступова гэтыя змены ў арганізме прыводзяць да развіцця сардэчна-сасудзістых хвароб, цукровага дыябету 2 тыпу, анкалагічнай паталогіі, захворванняў рэпрадуктыўнай сістэмы.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Вынікі нацыянальнага даследавання STEPS па ацэнцы фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў сведчаць пра тое, што 25,4% беларусаў маюць атлусценне. Прычым вісцаральнае атлусценне сустракаецца ў мужчын у 42% выпадкаў, у жанчын - у 63,5%. Вельмі несуцяшальны той факт, што ва ўзросце 60-70 гадоў гэты паказчык у жанчын складае ўжо 88%!

Тры крокі на шляху да здароўя

Навукоўцамі даказана, што пры зніжэнні масы цела на 10 кг паляпшаюцца ўсе метабалічныя параметры (артэрыяльны ціск, ліпіды, цукар).

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Для таго, каб знізіць рызыку развіцця цукровага дыябету 2 тыпу, досыць пахудзець на 5-10% за 3-6 месяцаў. Звычайна гэта 8-10 кг. «Рэкордаў» ставіць не варта. Без шкоды для здароўя худзець можна не больш, чым на 3-4 кг у месяц.

Першае, што варта зрабіць, – змяніць свой рацыён харчавання. Адмоўцеся ад мяса чырвоных гатункаў, рафінаваных прысмакаў, газаваных і іншых салодкіх напояў. Перавагу лепш аддаваць зялёнай ліставой гародніне (капуста ўсіх відаў, салата, шчаўе, латук), малочным прадуктам (з нізкім утрыманнем тлушчу) і суцэльназерневым кашам. Не пераядайце. Выконвайце прынцып «Сняданак з'еш сам, абед падзялі з сябрам, вячэру аддай ворагу».

Другое. Напоўніце свой дзень прыдатнай для вас фізічнай актыўнасцю. Досыць 30 хвілін у дзень (150 хвілін на тыдзень) звычайнай хады. Для большай эфектыўнасці нагрузку лепей чаргаваць, напрыклад, аэробную (бег, хада) і практыкаванні на расцяжку. Абавязковая ўмова – рэгулярнасць.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Апошнія даследаванні паказалі, што знаходзіцца ў адным становішчы практычна нерухома, напрыклад, седзячы, больш за 30 хвілін шкодна для здароўя. Гэта спрыяе развіццю інсулінарэзістэнтнасці – парушэнню, якое ляжыць у аснове развіцця метабалічнага сіндрому, а пасля і цукровага дыябету 2 тыпу. Калі ў вас праца звязана з доўгім сядзеннем у адным становішчы, памятайце пра гэта!

Трэцяе. Вельмі важным кампанентам прафілактыкі цукровага дыябету 2 тыпу, як і любога іншага неінфекцыйнага захворвання, з'яўляецца ўменне кіраваць стрэсам альбо індывідуальная антыстрэсавая тэрапія. У гэтым плане добрыя любыя віды псіхалагічнай разгрузкі, хобі ці медытацыя.

І, вядома, ж, пры наяўнасці атлусцення і іншых фактараў рызыкі цукровага дыябету 2 тыпу праверце свой узровень цукру: раніцай нашча з пальца ён не павінен перавышаць 5,5 ммоль/л, на працягу дня – 7,8 ммоль/л.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Змяненне ладу жыцця на карысць рацыянальнага харчавання, адэкватнай фізічнай актыўнасці і адмовы ад шкодных звычак, пры ўмове зніжэння масы цела на 8-10 кг, дазваляе на 50% знізіць верагоднасць таго, што чалавеку будзе пастаўлены дыягназ «цукровы дыябет 2 тыпу».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 87

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама